Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра [95] ; тут апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска; царква Барыса і Глеба [96] , нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія — маёнтак паноў Беліковічаў [97] ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць у Рыгу; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае гэтая мясцовасць у народных апавяданнях.
95
Не
96
Пабудаваная ў сярэдзіне ХІІ ст. у Бельчыцах, рэзідэнцыі полацкіх князёў. Не захавалася.
97
Людвік Беліковіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю ў 30–40-я гг. ХІХ ст. Я. Баршчэўскі няраз наведваў яго ў Экіманіі.
Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці! Толькі старажытныя валы, як і раней, зелянеліся травою, і дзве ракі, якія тут зліваюцца, плылі ў тых самых берагах; сям-там на асобных вуліцах закураныя мураванкі і папялішчы нагадвалі пра пажары, што няраз спусташалі гэты горад. Аддаўшыся думкам, я хадзіў па вуліцах, нібыта нікому не знаёмы іншаземец; прабіў гадзіннік на вежы — колісь езуіцкага — касцёла [98] , і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: калісьці адлічваў час вучобы і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы, але цяпер, здаецца, паўтараў сваім гучаннем: fugіt іrreparabіle tempus [99] .
98
Касцёл св. Стафана.
99
Час незваротны (лац.).
Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.
Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час — вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.
Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі [100] , падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень — якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові да бліжняга!
У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.
100
Пост, гавенне.
У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны — на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы [101] ; другія — каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя — каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.
Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:
101
Лаёла Ігнацы (1491–1556), дробны іспанскі шляхціц, заснаваў у 1534 г. для барацьбы з Рэфармацыяй ордэн езуітаў. У 1541 г. быў выбраны пажыццёва генералам ордэна.
— Domіnі emule a quo іncіpіemus?
— A sіgno Sanctі Crucіs?
— Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?
— Est munіmentum corporіs et anіmae.
— Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:
— Facіamus [102] .
Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў [103] .
Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы
102
— Божа, з чаго ж мы пачнём?
— Са знаку святога крыжа.
— Што ёсць знак святога крыжа?
— Ёсць абарона цела і душы.
— Дык зробім знак святога крыжа!
— Дык зробім! (лац.)
103
У гэты самы час у канвікце выхаванцы таксама ставiлi камедыi па-французску, а сяды-тады i на лацiне — з твораў ксяндза Порэ. (Заўвага выдаўца).
Канвікт — пансіён пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе выхоўваліся дзеці заможных бацькоў. Плата складала 600 рублёў срэбрам у год. Высокі ўзровень адукацыі, якую давалі езуіты, заахвоціў і расійскіх саноўнікаў аддаваць сваіх дзяцей у гэты канвікт.
Выдаўцом першых трох томікаў «Шляхціца Завальні» быў Ян (Іван Фёдаравіч) Эйнерлінг — літаратар, педагог, выдавец. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай акадэміі ў канвікце. У 30-я гг. ХІХ ст. напісаў і выдаў шэраг падручнікаў па францускай мове і геаграфіі. У 1842–1843 гг. «по высочайшему повелению» выдаў у трох кнігах дванаццацітомную «Историю государства Российского» М. М. Карамзіна, ахвяруючы свой уласны капітал (больш за 100 тыс. руб.). Пэўна, за свой кошт выдаваў і «Шляхціца Завальню».
104
Строфы з верша Я. Баршчэўскага «Да Юлі», цалкам змешчанага ў альманаху «Niezabudka» на 1840 г.
«Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!» [105]
105
Заўвага выдаўца.
Рыбак Родзька
У ціхым балоце чэрці родзюцца.
Прыказка беларускага люду
Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
— Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
— Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
— О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю хвалі, а ён, нібы нырок [106] , то з’явіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі [107] ; і ў такую буру ён няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.
106
Нырок — вадаплаўная птушка з сямейства качыных.
107
Крачкі — сямейства птушак атрада сеўцападобных.