Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
А Дзядок, забыты ў пякарні на печы, праз некалькі тыдняў пачарнеў ад дыму, які там штодня стаяў пад столлю цэлаю хмарай. Праз нейкі час купцовы парабчанкі і яшчэ некалькі дзяўчат з тае вёскі знялі Дзядка з печы, каб напалохаць парабкаў, якія пасля вячэры ў цемры павінны былі ісці спаць на сена. Апярэджваючы іх, дзяўчаты паспяшалі да аборы, абкруціўшы прасцінаю куль саломы, з якога наверсе тырчала галава Дзядка, і хацелі яго паставіць, нібы пудзіла, ля сцяны, але тут нечакана каля іх пачаўся незвычайны шум, і вочы Дзядка засвяціліся агнём; дзяўчаты з крыкам разбегліся, некаторыя пападалі непрытомныя на дарозе, іншыя ўскочылі ў дом, бледныя, быццам нежывыя: даведаўшыся пра гэтае здарэнне, пабеглі ратаваць самлелых, ледзь вярнулі
Разнеслася вестка пра такую праяву па ўсёй ваколіцы. Карчмар Усвойскі, што жыў за пяць вёрст ад купца, чуючы такія апавяданні пра Драўлянага Дзядка, не даваў ім веры. Праслужыўшы гадоў пятнаццаць лёкаем у двары пана Н., ён прачытаў некалькі раманаў, перакладзеных з французскае мовы, і ўжо ўсе незвычайныя здарэнні былі яму зразумелыя, цуды і чары ён называў глупствам. Аднак жа, захацеўшы ўбачыць Драўлянага Дзядка, прыехаў да купца, пайшлі яны ў адрыну, знайшлі тую галаву, што валялася ў цёмным куце; паверхня яе пачала ўжо плеснець ад вільгаці, гаспадар даводзіў яму, што гэта галава Сакрата, які гаварыў свету праўду і якога ненавідзела жонка. Усвойскі даў веры, бо і сам няраз чуў, як расказвалі пра гэтага славутага грэцкага філосафа; і прасіў купца, каб аддаў яму Дзядка, абяцаючы аддзячыць гарэлкаю або чым іншым; купец на гэта згадзіўся, бо ведаў, што яго жонка ніколі з галавою нешчаслівага мудраца не змірыцца.
Усвойскі прывёз яго ў сваю карчму, паставіў у куце на лаве за доўгім сталом і кожнаму, хто прыходзіў да яго выпіць кілішак гарэлкі, з гордасцю паказваў Драўлянага Дзядка, даводзячы, што з твару ён зусім падобны да даўнейшага мысляра Сакрата, які пакутаваў і памёр за праўду.
Мінула некалькі тыдняў. У святы дзень сабралася ў карчме шмат земляробаў і лёкаяў з маёнтка пана Н. Пасля захаду сонца, ужо ў змроку, п’яным парабкам заманулася пасваволіць і пажартаваць з Усвойскага. Дык калі карчмар на нейкі час выйшаў з хаты, яны ўзялі таго Дзядка, прасвідравалі зверху ў дзвюх мясцінах галаву, налілі туды вады і пракалолі вочы шылам; вадзяныя кроплі, не раўнуючы, як слёзы, беглі па твары, і заплаканага Дзядка зноў паставілі ў куце за сталом. Ледзь Усвойскі зайшоў у карчму, яны паказваюць на Дзядка:
— Глядзі, твой Сакрат плача, відаць, не даеш яму гарэлкі або пакрыўдзіў чым іншым.
Калі карчмар, дзівуючыся, пазіраў на Дзядка, на панадворку сабакі, падняўшы морды, пачалі выць, рыкала жывёла ў аборы, куры, злятаючы з курасадні, неспакойна, з крыкам бегалі па зямлі, вецер шумеў ля карчмы, усіх апанавала вялікая трывога, працверазелі ўсе і маліліся, аж пакуль гэта не супакоілася. Я чуў таксама, што, калі гэтыя свавольнікі вярнуліся ў двор, пан невядома з якое прычыны быў раз’юшаны і загадаў за тое, што доўга бавіліся ў карчме, пакараць іх розгамі.
Усвойскі агледзеў Дзядка і расказваў усім пра гэтае здарэнне, просячы кожнага, каб не чыніў яму ніякай знявагі; прайшло некалькі месяцаў, усё забылася, і сам карчмар, прымаючы ў сябе суседзяў і стрыечнікаў і добра падвесяліўшыся, забыў пра ўсё і кажа да Драўлянага Дзядка:
— Ты гарэлкі з намі не п’еш, выкуры хоць цыгару, мне падараваў некалькі прыезджы пан, табе не пашкадую.
І ўсунуў запаленую цыгару Дзядку ў губы; тут забягаюць суседзі і крычаць, што страха ў карчме гарыць; працверазеў карчмар, выбеглі госці, сабраўся люд, разабралі дах і ледзь уратавалі будынак.
Трымаў гэта ў сакрэце Ўсвойскі, думаў, як бы пазбавіцца ад Дзядка, але баяўся з ім абысціся недалікатна — кінуць у агонь або ў ваду, бо ўжо зазнаў, як ён карае за крыўду. Чакаў толькі выпадку, калі будзе хто мець ахвоту яго набыць, але тым часам трымаў яго ўжо не ў куце за сталом, а заўсёды
Аднаго разу, едучы на лёгкай брычцы, ён наведаў карчмара, з якім здавён меў агульны камерцыйны інтэрас, бо праз яго збываў і набываў коней, да якіх быў вялікі аматар. Усвойскі, хочучы збыць з рук Драўлянага Дзядка, дастаў яго з шафы і, ставячы на стале, кажа:
— Глядзі, пане суддзя, які я маю рарытэт. Няхай пан здагадаецца: да каго гэты твар падобны?
Хапацкі, паглядзеўшы, кажа:
— Нейкі мужык лысы ды барадаты.
— Не, пане суддзя, гэта не мужык, гэта бюст вялікага некалі мысляра Сакрата, я гэта ведаю лепш. Вялікія сакрэты і цяпер яшчэ хаваюцца ў гэтай галаве, ведаю пана даўно і толькі на знак мае павагі і прыхільнасці магу гэты рарытэт уступіць яму, — і падрабязна расказаў пра ўсё, што здарылася ў купца і ў яго карчме.
Хапацкі смяяўся да слёз, слухаючы гэтыя авантуры, і дзівіўся з людское прастаты і дурасці. Пасля дастаў з кішэні табакерку.
— Ну, Дзядок, — кажа, — гневаўся за цыгару, а я цябе пачастую добрым тытунём.
Гэтак кажучы, засыпаў у нос Дзядку шчопці табакі.
— Што робіш, пане суддзя, далібог, каб з гэтага не было кепскага!
— Не палохайся, ён за гэта не разгневаецца: гэта ж галава, як кажаш, славутага мысляра Сакрата, а мудрыя галовы любяць тытунь, бо гэта дапамагае ім мысліць.
Усвойскі перажагнаўся і таемна маліўся, баючыся, каб не прычынілася чаго-небудзь у яго карчме.
— Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволіць, бо я і сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развітайся з ім, пане Ўсвойскі.
Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на калені, сцебануў каня і знік за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў і глядзеў яму ўслед.
Гэта было гадзіны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але — дзіўная рэч! — конь бег і бег, мінаў пагоркі і лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявіды, праязджаў паўз вёскі, маёнткі і палеткі, аднак нідзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у іх даведацца, у які край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовіцца ні з кім хоць словам.
Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, ішоў ужо ціхай ступою. Хапацкі думаў пра тое, каб трапіць у вёску, пераначаваць там і дапытацца дарогі. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабілася такая цёмная, што на крок перад сабою нічога не ўгледзіш, да таго ж і дождж лінуў; нешчаслівы вандроўнік не ведаў, што чыніць, ды тут пры святле бліскавіцы ўбачыў каля дарогі маленькую будову. Былі гэта могілкі, і здаўна там стаяла драўляная каплічка. Хапацкі зварочвае з дарогі, каб схавацца ад навальніцы. У ціхім месцы за сцяною паставіў каня, сам заходзіць у каплічку і чакае ў куце, пакуль праміне гэтая бура. Пасля дастаў з кішэні табакерку і толькі адчыніў яе, як у святле нечаканае бліскавіцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялізную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусціў з рук табакерку, выбег за дзверы і, не зважаючы на дождж і вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткім часе разышліся тыя хмары, і ён на ўсходзе ўбачыў дзянніцу і непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што ішлі з косамі на луг. Ад іх даведаўся, што ён паблізу Віцебска, некалькі дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могілкі, знайшоў каня і брычку на месцы, а табакерку ў каплічцы на зямлі, аднак Дзядка там не было, і пан не памятаў, дзе і якім чынам яго згубіў; праз колькі дзён пан Хапацкі вярнуўся дахаты і з таго часу вельмі добра запомніў, што ёсць рэчы незразумелыя і яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.