Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— А як даўно пакінуў родны край?
— Ужо таму васемнаццаты год.
Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:
— Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу ўспомніць.
Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:
— Я З. [177] , мы былі калісьці школьнымі таварышамі.
І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.
177
У
Пасля пан З. зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:
— А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.
— О! Гэты Дзядок мусіў прайсці па страшных пуцявінах пасля развітання з кляштарным дахам, жорстка яго свет прывітаў: галава прасвідраваная, вочы выкалатыя, вусны апаленыя; людзі не любяць праўды, але, напэўна, ён, вандруючы па свеце, быў нямы і нікога не абражаў напамінам.
— Людзям цяжка дагадзіць, можа, пакутаваў за тое, што маўчаў. Раскажу пра яго вандроўкі і пра іншыя дзіўныя здарэнні, пра якія чуў ад асоб, што жывуць з намі па суседству. А цяпер падарожнаму трэба падхарчыцца.
Сабралі стол, падалі гарэлку і закуску; Анэля дастала з паліцы спелыя маліны, якія сабрала ў садзе, і цудоўныя яблыкі. Тут пан З. хваліў свае садовыя дрэвы, якія сам садзіў і прышчапляў. Калі ветлівы гаспадар частаваў і падахвочваў мяне вячэраць, адчыніліся дзверы, абапіраючыся на кій, заходзіць стары, галава і вусы белыя. Быў гэта калісьці вялізны і дужы мужчына, але цяжар гадоў пахіліў яго высокую постаць.
— Як маешся, пане Ротмістру, у добры час зайшоў. Рэкамендую табе мілага госця, некалі калега мой школьны, далёка дзесьці вандраваў і цяпер праз шмат гадоў наведаў сваю бацькаўшчыну. Будзем бавіць разам вечар у прыемных размовах, знойдзецца пра што гаварыць пасля такое доўгае ростані.
Прайшло няшмат часу, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату, стары пан Ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні:
— Мая пані, даўней гарбата была лекамі ад галавы, а цяпер без яе і жыць не могуць, якія перамены ў свеце.
Пан З. паставіў шклянку на стол.
— Слухай цяпер, — сказаў мне, — раскажу табе пра дзіўныя здарэнні з Драўляным Дзядком.
Дзеці, хоць, можа, не раз чулі гэтае апавяданне, поўныя цікавасці, прымайстраваліся ля бацькі.
Што здарылася з Драўляным Дзядком
У Полацку, калі езуіцкія муры перабудоўвалі паводле новага загаду [178] , выкінулі разам з друзам усё тое, што было бескарыснае і непатрэбнае, асуджаны быў і гэты бедны Дзядок на такую ж знявагу; засыпаны вапнаю і пабітаю цэглаю, ляжаў ён непадалёку ад тых муроў, колер валасоў і твару ягонага ўжо змяніўся ад дажджоў і спёкі; работнікі, нанятыя расчышчаць тыя мясціны, выкапалі яго з-пад друзу і прынеслі да свайго гаспадара-купца, мяркуючы, можа, на што-небудзь яму спатрэбіцца. Купец задумліва глядзеў на гэтага Дзядка і вырашыў, што гэта, мусіць, бюст нейкага вялікага чалавека, паклікаў да сябе фактара [179] жыда Залмана, пытаючыся,
178
У 1820 г. царскія ўлады забаранілі дзейнасць езуітаў у Расеі.
179
Ф'aктар — пасрэднік, ад лац. factor — той, хто выконвае.
— Ведаю добра, — усміхаючыся, сказаў Залман, — што ні князь гэта, ні мудрэц, але гэтая галава, калі выглядвала з-за муру, то гаварыла, і кажуць, што часам і вельмі разумна, я яе сам бачыў.
— Гаварыла? Што за ліха, драўляная галава! Пэўна, нейкія тут чары?
— А можа, і чары, навошта яна табе, аддай мне, я за яе заплачу.
— Хочаш, як бачу, мяне ашукаць. Лухту мелеш: драўляная галава гаварыла, быць гэтага не можа.
Падчас гэтае размовы жыда з купцом падышоў хтосьці, апрануты па новай модзе, можа, які чыноўнік або настаўнік, і, гледзячы на Драўлянага Дзядка, кажа:
— Гэта галава грэцкага філосафа Сакрата, я чытаў пра яго і бачыў яго партрэт, падобны на гэты твар. Ён шмат пакутаў прыняў ад сваёй жонкі Ксантыпы і за праўду, якую гаварыў свету, спазнаў гора.
Купец, радуючыся, што знайшоў такі скарб — бюст вялікага Сакрата, пра розум якога некалі чуў, адагнаў жыда ад Дзядка і вырашыў мець яго ў вёсцы ў сваім доме і, часам гаворачы пра Сакратавы пакуты, нагадваць учынкі свае жонкі, бо яго жонка Яўхімія была падобная да Ксантыпы.
Ужо праз колькі дзён Драўляны Дзядок з купцом пераехалі ў вёску, што была за некалькі дзесяткаў вёрст ад Полацка, гаспадар унёс яго ў хату, з гонарам паказвае сваёй жонцы, тлумачачы ёй, што гэта бюст слаўнага грэцкага мудраца.
Яўхімія глянула на Дзядка скоса:
— Гэтае страшыдла драўлянае з барады і носа падобнае на цябе — ці варта было цягнуць яго з сабою.
Дарэмна муж пераконваў, што гэта вялікі рарытэт, і ўжо нешчаслівы Дзядок мусіў быць выкінуты з дому і начаваць пад голым небам, але, на шчасце, прыйшоў сусед і прыяцель; ён супакоіў Яўхімію і давёў ёй, што гэты твар нічога агіднага ў сабе не мае, можа быць, гэта бюст нейкага пустэльніка або манаха, які некалі жыў пабожна, а таму варты пэўнае павагі.
Яўхімія нарэшце згадзілася пакінуць у хаце гэтага Дзядка, аднак не раз плявала на яго, называючы страшыдлам, і заўсёды пазірала гняўлівым вокам. Гаспадар растлумачыў свайму прыяцелю, што гэта бюст славутага мысляра Сакрата, і яго памясцілі на сцяне між двух вокнаў.
Уначы, калі ўсе спалі і яшчэ не праспяваў певень, Яўхімія з крыкам усхопліваецца з ложка, будзіць мужа, каб хутчэй запаліў агонь, бо той Драўляны Дзядок напалохаў яе і яна ўся дрыжыць з пярэпалаху; муж падхапіўся, здзіўлены гэтым выпадкам, і запаліў святло.
— Гэты драўляны дзед, — сказала Яўхімія, — усю ноч сніўся мне ў жахлівых абліччах, я ўцякала ад яго праз дзікія лясы і багну, а ён гнаўся за мною з паходняю і хацеў мяне скінуць у нейкую вогненную прорву; калі абудзілася ад гэтага сну, дрыжучы ад страху, убачыла яго ў месяцавым святле на сцяне, зіхацелі яго вочы і ён люта пазіраў на мяне, ах! злітуйся, вынесі гэтае страшыдла прэч.
Муж, прыгадваючы, што некалі яму жыд расказваў, думаў сам сабе: «А можа, і праўда, што ў ім схаваныя нейкія чары», аднак, нічога пра гэта сваёй жонцы не мовячы, узяў Дзядка са сцяны, занёс у пякарню, паставіў на печ, а Яўхіміі казаў, што той сон і грозныя вочы Дзядка прымроіліся ёй ад неспакойных думак, аднак жа святло гарэла ўсю ноч, і Яўхімія заснула спакойна толькі перад світаннем.