Скокі смерці
Шрифт:
Легенду гэтую чула я і раней, хаця з меншымі падрабязнасьцямі. Нейкім пракаветным жахам веяла ад яе... Былі тут некаторыя дэталі, што не стасаваліся з адцягненым палётам народнай фантазіі. Залатыя валасы сьмерці, «дзыгары», якія існавалі, як высьветлілася, цалкам рэальна... Ня варта забывацца, што ратуша – гэта сімвал волі, магдэборгскага права... Менскую ратушу зьнесьлі па асабістым загадзе расейскага цара Мікалая І менавіта для таго, каб не нагадвала гараджанам пра былыя вольнасьці і незалежнасьць...
Рэальна існаваў і Баркуноў славуты продак, соцкі Баркун. Ён прыехаў у Старавежск разам з войтам са сьмешным прозьвішчам Рожа, якога прызначыў кіраваць горадам вялікі князь. Было гэта адразу пасьля Вялікай Пошасьці. Я хуценька пачала накідваць для артыкулу Аркадзеў радавод,
А вось наступная папка змусіла мяне ўздрыгнуць. Гэта быў перакладзены на сучасную нямецкую мову стос пратаколаў Пражскай інквізіцыі 1437 году. Судовая справа Гервасі Луіджы Бернацоні, абвінавачанага шматлікімі сьведкамі ў вядзьмарстве. Уладальнік гадзіньнікаў!
Я ніколі раней падобных дакументаў не чытала. Нават у гістарычных раманах кшталту «Тыля Уленшпігеля» «садысцкія» старонкі прагортвала. Што ж, праца ёсьць праца... Але ўжо праз дваццаць хвілінаў я ледзь не самлела. Паказаньні сьведкаў нагадалі блёкат. Хаця падсудны нікога не назваў сваім сьмяротным ворагам – гэта быў адзіны спосаб адвесьці чыесьці паказаньні, — але жывёльная нянавісьць, магчыма, спароджаная страхам, лучылася з кожнага слова. Ня дзіва – сьведкі, відаць, шчыра верылі, што няшчасны лекар можа адным паглядам аддаваць чалавека ва ўладу нячыстага. Нават на суд яго прывялі з чорнай павязкай на вачах.
«Мы, суддзі і радцы, уважаючы вынікі працэсу, які вядзецца супраць цябе, Гервасі Бернацоні, лекарскага званьня, фларэнціец, які жыве ў Празе, прыйшлі да высновы, што маецца дастаткова доказаў таго, што ты займаўся валхваваньнем і чараўніцтвам, і супраціўнымі Богу чарамі, з дапамогай вядзьмарскіх машынаў змушаў людзей слугаваць сабе і Д’яблу і быў верным наступцам ерэсіярха Яна Гуса, праклятага Сьвятой Царквою. Мы маем таксама сьведчаньні, што пятнаццаць год таму ты, Гервасі Бернацоні, быў абвінавачаны ў валхваваньні і вядзьмарстве сьвятой інквізіцыяй горада Фларэнцыі, але ўцёк ад расьсьледваньня і справядлівага суда. Таму ўладай, дадзенай нам Госпадам, пастанаўляем, каб аддаць цябе допыту пад катаваньнем. Мы абвяшчаем і пастанаўляем, што ты мусіш быць катаваны сёньня ж, у тры гадзіны папоўдні».
Пратаколы фіксавалі ўсё з вар’яцкай падрабязнасьцю. Гэтак жа, як будзе рабіцца на нашай зямлі праз пяцьсот гадоў. Перад допытам падсуднаму тры дні давалі толькі сьвятую ваду з кропляй воску ад грамнічнай сьвечкі. Потым распранулі і агледзелі яго цела ў пошуку знакаў д’ябла, якія надзялялі ведзьмакоў моцай вытрываць катаваньні. Мніхам падаліся падазронымі некалькі плямак на плячах, і іх адразу праверылі распаленым жалезам. Лекар адчуў боль, і падазрэньні наконт плямак былі прызнаныя беспадстаўнымі. Потым падсуднага пагалілі – лічылася, што праз валасы д’ябал таксама падтрымлівае сувязь з ахвярамі. Каб пазбавіцца валасоў да самых каранёў, галаву аблілі сьпіртам і падпалілі. Потым паклалі пад пахі і на сьпіну падсуднага кавалачкі серы і таксама падпалілі. Потым кат зьвязаў яму рукі за сьпіной вяроўкай і падвесіў яго за тую вяроўку да столі... Гэта у славянаў называлася «дыба». А паколькі на ўсе ўгаворы лекар «няістава ўпарціўся», каты прывязалі да яго ног чыгунныя грузы і пакінулі вісець на выкручаных руках да вечара... Але, мабыць, досыць... Пытаньні кшталту «Ці прызнаеш ты, Гервасі Бернацоні, што ў трэцюю ноч пасьля Вялікадня праляцеў у вялікім чорным гаршку над домам шаноўнага купца пана Гамулкі, і ад таго ў пані Гамулкавай пачаліся
Гэты Бернацоні быў, відаць, магутнай асобай. Пра Яна Гуса, свайго колішняга патрона, ды Гераніма Пражскага, спаленага вучня Гуса, паўтараў – «Яны былі Божыя людзі». Уяўляю, як лютавалі каты. Звычайныя, перапалоханыя людцы, якія шчыра верылі, гэтак жа, як іх пасьлядоўнікі наступных стагоддзяў, што робяць сьвятую справу і адзінаборнічаюць не са спакутаваным зьняможаным вязьнем, а з магутным таемным ворагам. У камеру да Бернацоні манахі заходзілі абавязкова па некалькі чалавек, прычым сьпінай уперад, мелі пры сабе соль, асьвечаную ў вербную нядзелю, і штохвілі хрысьціліся і чыталі малітвы.
Бернацоні спалілі толькі праз год ад пачатку працэсу. Ён так і не раскаяўся.
Я прагартала свае выпіскі. Самае цікавае для мяне тычылася паказаньняў сакратара Бернацоні, нейкага Энрыке, які, «паглядзеўшы на прылады для ўразумленьня», цалкам прызнаў і сваю віну, і свайго гаспадара, і нагаварыў столькі, што вогнішча мусіла распаліцца ад аднаго Божага гневу. Асабліва пра «д’ябальскія машыны, якія пан па-блюзьнерску прыпадобніў апосталам», і якія «званілі голасам д’ябальскім», і пан вазіў іх за сабою паўсюль, а потым згубіў па волі Божай у далёкім барбарскім горадзе.
Напэўна, гэта і былі старавежскія гадзіньнікі. Энрыке сьцьвярджаў, што гаспадар-вядзьмак нікога да тых машынаў не дапускаў, наладжваў іх сам. Ставіў у кола, «апосталамі называючы», і такім чынам утвараў «уваход у чысьцец», і адтуль вылятала нячыстая сіла, якая крышыла ўсё навокал. У тыя моманты пан загадваў усім, хто быў у доме, закладваць у вушы васковыя шарыкі. Але ўсё роўна «туга на душы» змушала ліць сьлёзы раскайваньня. Бернацоні некалькі разоў загадваў свайму сакратару садзіцца між гадзіньнікаў, але той кожны раз губляў прытомнасьць ад іх «д’ябальскага звону».
Сакратара прыгаварылі толькі да пажыцьцёвага заключэньня. Па сьвятах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.
Я ня надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады – парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да сьмерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разьлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозьненьне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў... А ваза раптам і разьляцеліся на драбнюткія кавалачкі – як рассыпалася! «Рэзананс...», — тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.
Я адсунула паперы і зьняможана апусьціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго... Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых карцінаў, што разьдзіраюць уяўленьне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі зьмяняліся сюжэтамі з сутарэньняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі... Беларускія паэты Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка... Пяцьсот гадоў – і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі... Нават катаваньні не зьмяніліся. Божа, будзь літасьцівы да майго розуму... Мне здавалася, падыму галаву – а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасьцяцца пачвары мінулага...