Страчаная спадчына
Шрифт:
Храм-Фенікс
Ёсць у беларускім дойлідстве ўнікальны помнік, які за шматвяковую гісторыю свайго існавання тройчы адкрываў шляхі развіцця архітэктурна-мастацкай культуры Беларусі. Гэта Сафійскі сабор у Полацку, першая на нашай зямлі хрысціяская святыня. Неаднойчы спапялёны, зруйнаваны храм, як чароўная птушка Фенікс, кожны раз адраджаўся, узнікаў з небыцця адноўлены, велічны і светлы.
Як вядома, у сапраўдным творы архітэктуры павінны арганічна спалучацца тры асноўныя крытэрыі — карыснасць, трываласць і прыгажосць. На самых ранніх этапах будаўнічай дзейнасці чалавека ўтылітарнае прызначэнне і трываласць збудаванняў значна пераважалі над іх эстэтычнымі
Для нашага краю гэты этап пачаўся больш за 1000 гадоў таму разам з прыняццем хрысціянства і ўзвядзеннем на Старажытнай Русі першых манументальных культавых збудаванняў па візантыйскаму ўзору. На той час царква з'яўлялася амаль што адзіным захавальнікам традыцый антычнай культуры, пісьменнасці і мастацкіх рамёстваў. У культавых будынках апрача рэлігійных рытуалаў праводзіліся і грамадзянскія, напрыклад, прысяга, захоўваліся каштоўнасці, збіраліся бібліятэкі, перапісваліся кнігі, вяліся летапісы. У архітэктуры сабораў і цэркваў, акрамя сімвалічнага сакральнага зместу, былі закладзены ідэі патрыятызму і магутнасці дзяржавы. Асабліва яскрава гэтыя рысы ўвасобіліся ў трох Сафійскіх саборах, узведзеных у XI ст. у Кіеве, Ноўгарадзе і Полацку, асвячоных у гонар «святыя Софии Премудрости Божия». Вядома, што ў галоўным храме Полацкай зямлі прымалі паслоў, абвяшчалі пра вайну і мір, тут знаходзіліся дзяржаўная казна і архіў. Але самым значным фактам з цягам часу стала тое, што Сафійскім саборам у Полацку распачалася гісторыя беларускага манументальнага мураванага дойлідства.
Першае летапіснае ўпамінанне пра Сафійскі сабор прыводзіцца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» у сувязі з падзеямі XII ст. Час пабудовы храма не адзначаны дакладна ў пісьмовых крыніцах. На падставе розных гістарычных звестак даследнікі адносяць узвядзенне сабора падчас княжання ў Полацку Ўсяслава Брачыславіча да сярэдзіны XI ст. (па розных крыніцах да 1066 г. ці больш шырока — паміж 1050–1055 гг.). Пра славутага Ўсяслава Чарадзея аўтар «Слова пра паход Ігаравы» піша так: «Тому в Полотьске позвониша заутренюю рано у святыя Софеи в колоколы, а он в Кыеве звон слыша».
Старажытны Сафійскі сабор у Полацку дайшоў да нашага часу толькі ў рэштках: зберагліся стужкавыя фундаменты, ніжнія часткі сцен і слупоў, тры ўсходнія алтарныя апсіды. Археалагічныя раскопкі і летапісныя помнікі далі магчымасць даследнікам са значнай ступенню верагоднасці рэканструяваць яго першапачатковую аб'ёмна-прасторавую структуру. Гэты вялікі пяцінефавы трохапсідны крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, меў у шырыню (з поўначы на поўдзень) 26,4 м, столькі ж і ў даўжыню без апсід, а з апсідамі — каля 31,5 м. Памеры падкупальнага квадрата адпаведна складалі 5,5 x 5,7 м (паводле П. Рапапорта).
Асаблівасцю аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі полацкага Сафійскага сабора, у параўнанні з кіеўскім, ноўгарадскім і большасцю старажытнарускіх храмаў дамангольскага перыяду, з'яўляецца наяўнасць дадатковай пары слупоў на ўсход ад падкупальнага квадрата. У выніку гэтага паўночны і паўднёвы фасады полацкай Сафіі былі расчлянёныя не на чатыры, як у кіеўскім і ноўгарадскім храмах, а на пяць частак і набылі пэўную сіметрыю, падкрэсленую бакавымі ўваходамі. Разам з традыцыйнай для хрысціянскіх храмаў прадольнай сіметрыяй па восі ўсход — захад папярочная сіметрыя збудавання надавала яго вонкавай структуры цэнтрычнасць. У гэтым, па нашаму меркаванню, выявілася ідэя стварэння ў плане на ўзроўні падкупальнага квадрата роўнаканцовага грэчаскага крыжа, што пазней паслядоўна праводзілася ў праваслаўным будаўніцтве Беларусі, тады як у каталіцкіх храмах асіметрычнае размяшчэнне трансепта надавала верхняму сячэнню будынка форму лацінскага крыжа і, адпаведна, іншую клерыкальную семантыку.
Арганізацыя ўнутранай прасторы старажытнага сабора ўступала ў супярэчнасць з яго цэнтрычнай вонкавай кампазіцыяй. Дадатковая пара слупоў утварала перад апсідай квадратную ў плане прасторавую ячэйку — вім, дзякуючы якому адбылося прасторавае падаўжэнне цэнтральнага
У тэктанічнай структуры полацкай Сафіі назіраецца паступовы адыход ад кананічнай візантыйскай схемы ў бок стварэння руска-візантыйскага варыянта крыжова-купальнага храма. У ёй пры пяці нефах толькі тры алтарныя апсіды, двайныя, а не трайныя аркады хораў.
Шэраг асаблівасцей назіраецца ў будаўнічай тэхніцы і метрычнай сістэме полапкага храма. Калі ў кіеўскім саборы пераважае муроўка з плінфы (шырокая і плоская абпаленая цэгла), а ў ноўгарадскім — з натуральнага каменю, сцены полацкай Сафіі выкладзены ў змешанай тэхніцы. Характар муроўкі з плінфы агульны для ўсіх са схаваным радам. Палосы цаглін выпускаліся на паверхню сцяны праз адзін рад. Прамежкавыя рады заглыбляліся на 2–4 см з мэтай лепшай перавязкі швоў і заціраліся ў плоскасці фасада вапнавай рошчынай з дамешкай дробна тоўчанай цэглы, так званай цамянкі. Такая будаўнічая тэхніка з'яўлялася адначасова дэкаратыўным прыёмам, стварала маляўнічую каляровую гаму фасадаў сабора. У іх аздабленні выкарыстаны элементы візантыйскай архітэктуры: тонкія паўкалонкі з лекальнай цэглы, паўцыркульныя плоскія нішы, палосы меандру (ламаная пад прамым вуглом лінія) і крыжы. Унутры храм быў цалкам распісаны фрэскамі, ад якіх захаваліся нешматлікія фрагменты, падлога выкладзена керамічнымі маёлікавымі пліткамі розных колераў. Пакрыццё купалаў і закамар было зроблена са свінцовых лістоў, аб чым сведчаць кавалкі аплыўшага свінца, знойдзеныя пры археалагічных раскопках.
На сённяшні дзень не існус дастаткова абгрунтаванай версіі аб характары завяршэння будынка. У «Спісе рускіх гарадоў», які ў канцы ХІV ст. уключаны ў Ноўгарадскі летапіс, адзачана, што ў Полацку «Святая Софиа каменна, о седми версех», аднак як кампанаваліся тыя вярхі, пакуль што невядома. Па сваіх памерах і складанасці кампазіцыі старажытны полацкі сабор перавышае нават ноўгарадскую Сафію, што ўскосна сведчыць аб эканамічнай і палітычнай магутнасці Полацкага княства. Сафійскі сабор у Полацку нельга разглядаць як спрошчаны варыянт кіеўскага і ноўгарадскага сабораў, нягледзячы на тое, што ён быў пабудаваны некалькі пазней за іх і адметны шэрагам кампазіцыйных і канструкцыйных асаблілівасцей. Наадварот, усе закладзеныя ў ім навацыі і мадыфікацыі кананічнай візантыйскай схемы крыжова-купальнага храма атрымалі ў далейшым развіццё і паслужылі асновай для фармавання самабытнай полацкай школы дойлідства, якая ўключае таксама кола помнікаў старажытнага Віцебска і Смаленска. Цікава, што метрычным модулем у Сафійскім саборы, у адрозненне ад большасці старажытнарускіх храмаў, з'яўляецца не грэчаскі, а рымскі фут, як і ў шэрагу іншых помнікаў полацкага рэгіёна (паводле К. Афанасьева).
Гісторыю існавання Сафійскага сабора на працягу наступных пяці стагоддзяў пакрывала заслона таямнічасці, якую прыадкрылі даследаванні М. Ткачова. Ён абгрунтавана паказаў, што ў гэты час славутая полацкая Сафія зноў стала пачынальніцай новага тыпу храмаў.
У выніку складаных сацыяльна-гістарычных абставін беларускае дойлідства XIV–XVI стст. набыло агульны абарончы характар. У цэнтры дзядзінца старажытнага Полацка, які ператварыўся ў Верхні замак, стаяў Сафійскі сабор. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, храм з'явіўся апошнім пунктам абароны горада, у час небяспекі там жыў сам ваявода са сваёй сям'ёй і блізкімі. У ім захоўваліся святыні і скарб горада, земскія кнігі Полацкага ваяводства, адбываліся ўрачыстыя сходы гараджан.
Будынак сабора на працягу XVI — пачатку XVIII ст. неаднаразова гарэў і перабудоўваўся. Выгляд яго на той час вядомы на малюнку С. Пахалавіцкага «Аблога Полацка войскамі Стэфана Баторыя 11–30 жніўня 1579 г.» і плану Полацка 1707 г. з аб'ёмнымі выявамі асноўных манументальных збудаванняў горада. Асаблівую цікавасць уяўляе малюнак 1579 г., на якім сабор прадстаўлены значным па памерах велічным пяцівежавым збудаваннем з чатырма трох'яруснымі вежамі на вуглах будынка і светлавым барабанам, завершаным высокім шатром у цэнтры. Асабісты сакратар караля Стэфана Баторыя Гейдэнштэйн так апісвае Сафію: «Храм у замку агромністы, на прыгожай мясцовасці і выдатна пабудаваны з каменю».