Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Аднак гаворка не была б поўнай без расказу пра наследную прынцэсу — яшчэ адну выдатную драўляную царкву Віцебска. Троіцкая царква ў прадмесці Пескаваціку таксама была вуніяцкай і ў адрозненне ад праваслаўнай Троіцкай царквы Маркава манастыра мела ў народзе назву «Чорнай Тройцы». Храм належаў цэху цаніннікаў, а фундаваў яго Тадэвуш Агінскі, адзін з прадстаўнікоў вядомага магнацкага роду. Новая царква ўзведзена ў 1761 г. на месцы старой, таксама драўлянай, якая існавала з 1618 г.

Як бачым, Чорна-Троіцкая царква ўсяго на 15 гадоў маладзейшая за Ільінскую, аднак яна пачынала новую эпоху ў драўляным дойлідстве Віцебшчыны. Хаця архітэктура помніка ў пэўнай ступені адпавядала традыцыям мясцовай школы дойлідства, ёй уласцівы прынцыпова адметныя рысы. Гэта — цэнтрычны крыжова-купальны храм, але ўжо пяцізрубавы, а не чатырохзрубавы. У цэнтры кампазіцыі размяшчаўся вялікі васьмігранны аб'ём, які пры дапамозе ўсечанага шатра пераходзіў у крыху меншы светлавы васьмярык, накрыты пакатым шатром і ўвенчаны двух яруснай фігурнай галоўкай. Да асноўнага васьмерыка па баках свету

прылягалі чатыры амаль аднолькавыя простакутныя аб'ёмы (алтарны і ўваходны крыху большыя за бакавыя), накрытыя двухсхільнымі дахамі з франтонамі на тарцах. Такім чынам, кампазіцыя вянчаючых мас збудавання была аднакупальнай, з выразна акцэнтаванай цэнтральнай часткай. Усе зрубы мелі моцна выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі, аднолькавую вышыню і агульны карніз. Уваходны зруб апярэзвала даволі шырокая абхадная галерэя, прыбудова якой надавала цэнтрычнай у аснове аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі храма падоўжную накіраванасць. Яе падкрэслівала надбудаваная над галерэяй званіца, скразны чацвярык якой накрываў пакаты шацёр з галоўкай, падобны да асноўнага. Той жа матыў паўтараў яшчэ больш мініяцюрны шацёр над уваходным ганкам, ствараючы нарастаючую падоўжна-ярусную дынаміку кампазіцыі. Гэтая строгая гармонія была асабліва відавочнай з бакавых фасадаў, што з густам адлюстравана на малюнку Дз. Струкава.

Трэба адзначыць, што Чорна-Троіцкая царква — першы вядомы ў беларускім дойлідстве помнік пяцізрубавага «крыжовага» тыпу. Ён адзначыў пачатак пераходнага перыяду ад барока да класіцызму ў спецыфічных формах мясцовага драўлянага будаўніцтва. Выразны маляўнічы сілуэт царквы прыцягваў многіх мастакоў. Ужо ў савецкі час яна з'яўляецца на гравюрах віцебскіх мастакоў С. Юдовіна і Я.Мініна, але ў 1930-ыя гг. помнік знішчылі.

Усяго ў XVIII ст. у Віцебску налічвалася 11 драўляных вуніяцкіх цэркваў: Іаана Багаслова, Спаса-Праабражэнская, Свята-Троіцкая (на Пескаваціку), Задунаўская, Раства Багародзіцы, Васкрасенская (Заручаўская), Мікалаеўская, Святадухаўская, Петрапаўлаўская, Богаяўленская і Ільінская. Акрамя іх існавалі яшчэ два мураваныя вуніяцкія храмы: Васкрасенская царква, якая ў адрозненне ад драўлянай Васкрасенскай, што знаходзілася ў Зарэччы, мела назву Рынкаўскай, і Ўспенская царква пры базыльянскім манастыры. Гэтыя манументальныя збудаванні фармавалі буйнейшыя плошчы горада, іх выразныя сілуэты стваралі непаўторныя краявіды старажытнага Віцебска. Ніводзін з гэтых храмаў на наш час не існуе — гэта яскравы паказчык тых непамерных страт, што пацярпела наша культурная спадчына.

Ад Віцебска да Смаленска

На плане цэнтральнай часткі Віцебска канца XVIII ст. адлюстравана ўзаемазвязаная сістэма гарадскіх плошчаў. Яны мелі рознае функцыянальнае прызначэнне, але разам стваралі цэласную горадабудаўнічую кампазіцыю, на якой грунтавалася ўся забудова цэнтра горада.

Крыху воддаль на ўсход ад галоўнай воднай артэрыі горада — Заходняй Дзвіны, па абодва бакі яе прытока, рэчкі Віцьбы, размяшчаліся дзве плошчы, злучаныя паміж сабою мастом. На паўднёвым беразе Віцьбы, на тэрыторыі былога Ніжняга замка, знаходзілася вялікая ў форме трапецыі плошча, якая атрымала назву Саборнай. Яе паралельныя бакі фармавалі з захаду будынкі ваяводства, з усходу — езуіцкага калегіума з манументальным Мікалаеўскім саборам. Насупраць яе, ля сутокаў Віцьбы і ручая, што агінаў старажытнае замчышча, на мысападобнай пляцоўцы былога Ўзгорскага замка, знаходзілася Ратушная, ці Рынкавая, плошча. Ужо на найбольш раннім вядомым плане Віцебска 1664 г., так званым чарцяжы, тут пазначаны драўляны будынак ратушы і шматлікія крамы па перыметру плошчы.

У адпаведнасці з рэльефам Рынкавая плошча мела няправільную канфігурацыю, і толькі пасля будаўніцтва ў 1775 г. мураванай ратушы яна набыла пэўную сістэмнасць і завершанасць. Глыбінна-прасторавая кампазіцыя плошчы была пабудавана на законах адваротнай перспектывы, як у знакамітых рымскіх плошчаў: на Капіталійскім узгорку, створанай геніяльным Мікеланджала, ці перад саборам святога Пятра, сфармаванай майстрам барока Берніні. З моста праз Віцьбу адкрывалася шматпланавая панарама плошчы, падобная да тэатральнай сцэны, што выдатна адлюстравана на акварэлі І.Пешкі пачатку XIX ст. Першы план, накшталт куліс ці брамы, фармавалі дзвюхвежавыя фасады велічных гмахаў Васкрасенскай царквы і касцёла святога Антонія з кляштарам бернардзінцаў. Ад іх крыху пад вуглом разыходзіліся працяглыя дамы гасціннага двара з мерным рытмам лучковых аркад. Прыгожы барочны будынак ратушы са шмат'яруснай гадзіннікавай вежай франтальна замыкаў плошчу і акцэнтаваў цэнтр кампазіцыі ансамбля. Ад ратушы па баках веерам разыходзіліся дзве вуліцы, утвараючы яшчэ больш далёкую перспектыву. Ад гэтага выдатнага горадабудаўнічага ансамбля ў стылі позняга беларускага барока на наш час ацалеў толькі будынак ратушы, пасля рэстаўрацыі ў 1970-ыя гг. прыстасаваны пад Віцебскі абласны краязнаўчы музей.

Важную ролю ў ансамблі Рынкавай плошчы адыгрывала вуніяцкая Васкрасенская царква. Храм арыентаваўся алтаром на поўнач, а галоўным фасадам, як і ратуша, — да Віцьбы. На яе месцы раней стаяла драўляная праваслаўная, таксама Васкрасенская, царква, арыентаваная алтаром на ўсход. Выява гэтай царквы прадстаўлена на чарцяжы Віцебска 1664 г. Яна складалася з трох квадратных у плане зрубаў: асноўнага, алтарнага і бабінца з вежай над ім, накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. Новая мураваная царква была ўзведзена па фундацыі віцебскага мешчаніна вуніята

Мікалая Смыка і асвячона ў 1772 г. Прыгожы гмах у стылі позняга барока вызначаўся маляўнічым сілуэтам, цякучымі абрысамі вежаў і франтонаў, вертыкалізмам прапарцыянальнага ладу. Аднанефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія надавалі плану простакутную форму, што дазваляла яму шчыльна прылягаць да будынка гандлёвых радоў. Вышэй рызніц уздымалася светлая апсіда алтара, завершаная выгнутым фігурным атыкавым франтонам, што добра бачна на другім малюнку плошчы І.Пешкі з боку ратушы. Дзвюхвежавы галоўны фасад вылучаўся складанай хвалістай паверхняй, якая стваралася дынамічнай групоўкай моцна выцягнутых вертыкальных ордэрных элементаў. Пластыка фасадаў узбагачалася дугападобнымі лініямі карнізаў, ажурнымі вежамі з фігурнымі купалкамі, дынамічным разваротам карынфскіх калон па вуглах выступаючага нартэкса.

У 1834 г. Васкрасенская царква пераведзена ў праваслаўе. Распрацаваны полацкім епархіальным архітэктарам А. Порта праект яе рэканструкцыі захоўваецца ў архіўных фондах сінода ЦДГА Расеі ў Санкт-Пецярбургу. Гэты праект насіў элементы посткласіцызму. Меркавалася на галоўным фасадзе прыбудаваць неадпаведны маштабу будынка чатырохкалонны порцік, атыкавы франтон замяніць пакатым трохкутным тымпанам, над нефам надбудаваць несапраўдны паўсферычны купал, завяршэнні вежаў зрабіць таксама паўсферычнымі. З усяго гэтага, як сведчаць фотаздымкі другой паловы XIX ст., рэалізоўваецца толькі несапраўдны купал з цыбулепадобнай галоўкай, які надае будынку псеўдарускі характар.

Касцёл святога Антонія, што стаяў непадалёку на процілеглым усходнім баку плошчы, меў традыцыйную арыентацыю алтара на ўсход, такім чынам, быў павернуты да Васкрасенскай царквы галоўным фасадам, а да Віцьбы — бакавым. Ніжэй па рэльефу да рэчкі спускаўся двухпавярховы кляштарны будынак з замкнёным, амаль квадратным унутраным дваром, яшчэ ніжэй — службовыя будынкі: гаспадарчы двор, сад і агарод.

Бернардзінскі кляштар у Віцебску заснаваны яшчэ ў 1685 г. па фундацыі Казіміра і Тэклі Саковічаў. Першапачатковыя драўляныя будынкі, адноўленыя пасля пажару 1700 г., канчаткова згарэлі ў 1733 г. На тым жа месцы ў 1737–1755 гг. створаны манументальны мураваны комплекс у стылі позняга барока. Касцёл бернардзінцаў кансекраваны ў 1768 г. у гонар святога Антонія. Храм уяўляў сабою трохнефную дзвюхвежавую базіліку даволі незвычайных прапорцый. Адносна нізкі і шырокі цэнтральны неф з паўцыркульным прэсбітэрыем сфармаваў структуру галоўнага фасада будынка. У параўнанні з імклівым вертыкалізмам фасада Васкрасенскай царквы ён быў пераважна гарызантальным, што асабліва відавочна ў артаганальнай праекцыі. Аднак у натуры, у рэальнай прасторы гэта «расцягнутасць» аптычна карэктавалася мастацкімі прыёмамі барока, і перш за ўсё тым, што пры падыходзе да плошчы фасад успрымаўся не франтальна, а ў ракурсе. Цэнтральная частка фасада была паглыблена адносна моцна выступаючых на баках чацверыковых вежаў і раскрапавана цэлым лесам вертыкальных ордэрных элементаў, якія перасякалі важкія гарызантальныя паясы антаблементаў на ўзроўні скляпенняў бакавых і цэнтральнага нефаў.

Пластыка вежаў і франтона вытанчанасцю малюнка адпавядала стылістыцы віленскага барока. Багацце ляпной аздобы фасада касцёла выразна кантраставала з аскетычным фасадам манастырскага корпуса, што з'яўлялася характэрным прыёмам ансамбляў позняга беларускага барока. Адзінства частак пры гэтым не страчвалася. Асноўны матыў галоўнага фасада касцёла паўтарала невялікая, але надзвычай маляўнічая брама, што злучала манастырскі і гаспадарчыя будынкі, пастаўленыя па чырвонай лініі і аб'яднаныя, нягледзячы на перапад рэльефу, агульнымі гарызанталямі.

Аналагічныя архітэктурна-мастацкія прыёмы выкарыстаны пры стварэнні ансамбля Саборнай плошчы на процілеглым беразе Віцьбы, дзе вядучая роля адводзілася касцёлу і калегіуму езуітаў, пастаўленых таксама на ўсходнім баку плошчы. Двухпавярховы будынак калегіума размяшчаўся на поўнач ад касцёла, на паніжэнні рэльефа да Віцьбы, быццам люстэркавае адлюстраванне бернардзінскага кляштара. Такім чынам, Рынкавая і Саборная плошчы візуальна звязваліся паміж сабою ў цэласны горадабудаўнічы ансамбль.

Гісторыя будаўніцтва езуіцкага комплексу даволі працяглая. У 1640–1644 гг. коштам слонімскага ваяводы Корвін-Гасеўскага быў узведзены першы драўляны касцёл езуітаў, асвячоны ў гонасвятога Мікалая. Аснову будынка складаў выцягнуты простакутны зруб (неф) з роўнымі па вышыні з ім аб'ёмамі па баках і высокай трох'яруснай вежай над бабінцам пры ўваходзе. Падчас заняцця Віцебска маскоўскім войскам у 1654–1655 гг. касцёл езуітаў перабудоўваецца пад царкву праваслаўнага Аляксееўскага манастыра, які адлюстраваны на чарцяжы Віцебска 1664 г. На малюнку відаць, што па восі храма размяшчалася брама з кубастым пакрыццем, на поўнач ад яе стаяў працяглы манастырскі будынак, на поўдзень — каркасная званіца. Усю тэрыторыю манастыра, дзе знаходзілася яшчэ некалькі службовых будынкаў, абкружаў паркан.

Пры перабудове касцёла на царкву бакавыя часткі-рамёны трансепта накрылі высокімі «маскоўскімі» шатрамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Таму У. Г. Краснянскі, які першы аналізаваў помнікі архітэктуры Віцебска XVII ст. па чарцяжу 1664 г., не ўлічваючы паходжанне храма, памылкова характарызуе яго як праваслаўны, але заўважае яго незвычайнасць і своеасаблівасць. У другой палове XVII ст. храм зноў вернуты езуітам. У інвентары касцёла за 1704 г. ён названы «крыжовым» і помнікам «даўніх часоў».

У 1716 г. езуіты пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі касцёла і калегіума ў стылі сталага барока. Касцёл, які ўяўляў сабою велічную трохнефавую крыжова-купальную базіліку з дзвюхвежавым фасадам, кансекраваны ў 1751 г.

Поделиться:
Популярные книги

Вор (Журналист-2)

Константинов Андрей Дмитриевич
4. Бандитский Петербург
Детективы:
боевики
8.06
рейтинг книги
Вор (Журналист-2)

Трилогия «Двуединый»

Сазанов Владимир Валерьевич
Фантастика:
фэнтези
6.12
рейтинг книги
Трилогия «Двуединый»

Хорошая девочка

Кистяева Марина
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Хорошая девочка

Двойник Короля 5

Скабер Артемий
5. Двойник Короля
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Двойник Короля 5

Идеальный мир для Лекаря 4

Сапфир Олег
4. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 4

Охота на попаданку. Бракованная жена

Герр Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.60
рейтинг книги
Охота на попаданку. Бракованная жена

Фронтовик

Поселягин Владимир Геннадьевич
3. Красноармеец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Фронтовик

Игра престолов

Мартин Джордж Р.Р.
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Игра престолов

Демон

Парсиев Дмитрий
2. История одного эволюционера
Фантастика:
рпг
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Демон

Идеальный мир для Лекаря 14

Сапфир Олег
14. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 14

Дикая фиалка заброшенных земель

Рейнер Виктория
1. Попаданки рулят!
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Дикая фиалка заброшенных земель

Лучший из худших

Дашко Дмитрий
1. Лучший из худших
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.25
рейтинг книги
Лучший из худших

Все романы Роберта Шекли в одной книге

Шекли Роберт
2. Собрание сочинений Роберта Шекли в двух томах
Фантастика:
фэнтези
научная фантастика
5.00
рейтинг книги
Все романы Роберта Шекли в одной книге

Белые погоны

Лисина Александра
3. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
технофэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Белые погоны