Страчаная спадчына
Шрифт:
Драўляная каралева
Сярод самых выдатных твораў дойлідства, створаных геніем чалавека, ёсць такія, да якіх, здаецца, дакранулася рука Бога. Іх называюць прыгожым іншаземным словам «шэдэўр», хаця плоццю сваёй яны знітаваны з лёсам свайго народа, і чым цясней гэтая сувязь, тым вышэй мастацкая каштоўнасць помніка.
«Деревянные церкви в г. Витебске» — так называлася першае прафесійнае даследаванне па гісторыі архітэктуры Беларусі дарэвалюцыйнага расейскага даследніка А. М. Паўлінава, дапоўненае абмернымі чарцяжамі захаваўшыхся старажытных помнікаў. Так была зафіксавана для гісторыі цікавая і самабытная з'ява нацыянальнай культуры. У хуткім часе пасля гэтага, 13
У краязнаўчых і мастацтвазнаўчых навуковых даследаваннях вялікія спрэчкі выклікала дата пабудовы Ільінскай царквы. А. М. Паўлінаў датаваў яе 1447 г., а перабудову — 1643 г. Даследнік «цесліцтва польскага» Я. С. Зубрыцкі ў 1930-ых гг. таксама лічыў 1447 г. — годам узнікнення помніка. Вядомы краязнаўца Віцебшчыны, гісторык і археограф А. П. Сапуноў прытрымліваўся даты 1643 г. З гэтай датай пабудовы царквы згодны амаль усе гісторыкі беларускай архітэктуры савецкага часу: М. Кацар, У. Чантурыя, А. Квітніцкая.
Адкуль жа з'явіліся абедзве даты, як яны ўвайшлі ў навуковы ўжытак? 1447 г. — час заснавання першай Ільінскай царквы. Як вядома, фундуш быў зроблены каралём Казімірам у падзяку за паратунак жонкі, якая ледзь не патанула ў Ільін дзень. У інвентары Полацкага архіепіскапства за 1552 г. адсутнічае запіс аб царкве, не ўпамінаецца яна і ў інвентары 1613 г. Таксама няма выявы помніка на вядомым чарцяжы Віцебска 1664 г., адасланым ваяводам Валконскім маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. Дата ж 1643 год атрымала права на існаванне таму, што яна арабскімі лічбамі чорнай алейнай фарбай была напісана над уваходнымі дзвярамі на час вывучэння помніка ў канцы XIX ст. Калі і кім зроблены надпіс, на падставе якіх крыніц — не вядома. Яе сапраўднасць выклікала сумненне тэхнікай выканання, але сам факт перашкаджаў даследнікам давяраць іншай, больш верагоднай даце пабудовы царквы, дадзенай у Кліравых ведамасцях і інвентарах. Так, напрыклад, А. П. Сапуноў пісаў: «В описи Ильинской церкви, составленной в 1873 г., неизвестно на каких основаниях сказано: «церковь деревянная, ветхая, во имя пророка Ильи, построена витебскими купцами Запольскими в 1746 г.» Першым у гэтую дату паверыў і навукова абгрунтаваў яе віцебскі краязнаўца, урач па адукацыі П. Красавіцкі. Ён прысвяціў помніку асобны артыкул, які ўражвае глыбінёй аналізу і грунтоўнасцю высноў.
Сапраўды, уважлівы разгляд архітэктурных асаблівасцей Ільінскай царквы дазваляе сцвярджаць, што яна найбольш позняя сярод чатырохзрубавых крыжова-купальных храмаў усходніх ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага, якія мы разглядалі ў нарысе «Сведкі з XVII стагоддзя». У адрозненне ад сабораў праваслаўных манастыроў — Куцеінскага, Тупічэўскага, Маркава і іншых — царква была ўжо вуніяцкай, чым тлумачацца асаблівасці яе арыентацыі і аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Належаў храм віцебскаму цэху кормшчыкаў.
Маляўнічы пірамідальны сілуэт Ільінскай царквы высока ўзносіўся над наваколлем стромкімі шатрамі з вытанчанымі галоўкамі. Усё ў ёй было сама гармонія, сама прыгажосць.
Аснову кампазіцыі складаў крыж з чатырох зрубаў, але ў параўнанні з праваслаўнымі храмамі папярэдняга часу ён меў не «грэчаскую» роўнаканцовую форму, а крыху падоўжную (19 x 16 м) — даніна каталіцкаму ўплыву. Невялікая падоўжнасць дасягалася тым, што бакавыя зрубы зроблены ў плане меншымі за квадрат, у той час як раней па ўзаемна перпендыкулярных восях размяшчалася роўна па тры квадраты.
Звужэнне бакавых рамёнаў крыжа адпаведна адбілася і на канструкцыі пакрыцця. Гранёныя бакавыя зрубы, якія не адпавядалі ў плане квадрату, не перакрываліся традыцыйным правільным васьмігранным шатром. Таму тут выкарыстаны асіметрычныя сямігранныя шатры, больш стромкія за звычайныя, што не шкодзіла, аднак, гармоніі вянчаючых мас, а, наадварот, надавала збудаванню надзвычайную ўзнёсласць.
Шатры над усімі чатырма зрубамі ўвенчваліся накіраванымі імкліва ўгору спічастымі шматграннымі галоўкамі на высокіх гранёных шыйках, якія мелі адну асаблівасць. Яны ўяўлялі сабою не традыцыйныя васьмерыкі (у плане квадрат са зрэзанымі вугламі), а васьмерыкі так званага «сармацкага» тыпу (у плане
Яшчэ большую вертыкальную накіраванасць і пірамідальнасць кампазіцыі царквы надавала незвычайнае вырашэнне абхадной галерэі, падпарадкаванае цэласнай архітэктурнай задуме. Абхадныя галерэі больш ранніх крыжовых сабораў Беларусі мелі перыметральную (вакол усяго будынка), некалькі аморфную структуру і па сваёй функцыі адпавядалі «гульбищам» рускіх храмаў. У Ільінскай царкве галерэя строгай простакутнай формы акаймляла толькі ўваходны зруб. Такім чынам, яна яшчэ больш падоўжвала план будынка і імітавала пры гэтым бакавыя нефы і нартэкс, характэрныя для храмаў базілікальнай структуры. Уваходы ў галерэю з трох бакоў былі аформлены ганкамі са стромкімі ламанымі дахамі, увенчанымі невялікімі галоўкамі, якія стваралі ніжні ярус пірамідальна-яруснай кампазіцыі вянчаючых мас збудавання. Вялікія плоскасці срабрыстага гонтавага пакрыцця маляўніча спалучаліся з пластычнай ашалёўкай будынка вертыкальнымі дошкамі з нашчыльнікамі, завершанымі разьбяным «падзорам» у выглядзе арачак. Схілы дахаў гарманічна паўтаралі ромбавідныя вокны галерэі.
Малюнак Дз. Струкава з выявай ансамбля перадае гарманічнае спалучэнне вострага энергічнага сілуэта храма і чатырох'яруснай званіцы, размешчанай на ўсход ад яго. Ніжні ярус званіцы меў стромкія схілы, якія вышэй пераходзілі ў вузкі чацвярык, што аптычна надавала збудаванню большую ўстойлівасць. Верхні ярус са скразнымі арачнымі праемамі кансольна навісаў над ніжнімі, нагадваючы дазорныя пляцоўкі-«абламы» баявых вежаў драўляных віцебскіх замкаў. Збудаванне завяршаў пакаты шацёр-«каўпак» з галоўкай.
Характэрна, што спецыфічнае «беларускае» пяцігалоўе (з размяшчэннем чатырох купалаў па баках свету) у адрозненне ад кананічнага для расейскага праваслаўя (па дыяганалях плана) дазволіла ў вуніяцкай царкве захаваць цалкам традыцыйную кампазіцыю праваслаўных сабораў папярэдняга часу, толькі павярнуўшы яе на 90 градусаў, дзеля арыентацыі алтара на поўнач і галоўнага ўвахода на поўдзень.
Уваходныя дзверы Ільінскай царквы мелі дыяганальную ашалёўку з дэкаратыўным узорам, зробленым каванымі цвікамі. Адразу над уваходам навісаў вузкі балкончык, накшталт хораў «для арганаў касцельных», — яшчэ адна выразная прыкмета каталіцкага ўплыву. Хоры Ільінскай царквы выразна адрозніваліся ад прызначаных для багамольцаў вялікіх хораў, што акаймлялі храм па перыметру больш ранніх грэчаскіх цэркваў. Усе часткі будынка, за выключэннем сяродкрыжжа, перакрытага васьмігранным шатром на кансольна-бэлечных ветразях са светлавым «сармацкім» васьмерыком над ім, мелі плоскія падшыўныя столі (па абмерах А. Паўлінава), хаця П. Красавіцкі сцвярджае, што над рамёнамі крыжа знаходзіліся люстэркавыя скляпенні. Падлога была выкладзена мазаічнымі простакутнымі цаглянымі пліткамі, у падзямеллі змяшчалася мураваная крыпта з ганаровымі пахаваннямі. Гладка абчасаныя сцены пакрыты клеевымі фарбамі. Звестак аб роспісах у
Ілынскай царкве не захавалася. Асноўным дэкаратыўным акцэнтам інтэр'ера служылі пышныя познебарочныя іканастас і кіёты, аздобленыя вітымі разьбянымі калонкамі і дынамічнымі скульптурамі святых, анёлаў, галоўкамі пуцці.
Вось такой была яна, драўляная каралева, у кожнай лініі якой, у кожнай дэталі адчувалася надзвычайная вытанчанасць, прыгажосць і дасканаласць. Гэтыя якасці дасягаліся ў самым звычайным і традыцыйным матэрыяле дакладным матэматычным разлікам, тэхнічным наватарствам, аптычнай карэкціроўкай форм, бездакорным густам народных майстроў-цесляў дзеля стварэння высокай архітэктурнай гармоніі.