Страчаная спадчына
Шрифт:
Будаўніцтва калегіума працягвалася аж да 1799 г. і, як бачым, закончана ўжо пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай і скасавання ордэна езуітаў. Яго архітэктура мае рысы пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Фасад П-падобнага двухпавярховага корпуса калегіума, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы плошчы, побач з касцёлам, быў раскрапаваны сіметрычным уваходным аб'ёмам, які завяршаўся трох'яруснай гадзіннікавай вежай.
Планіроўка будынка калегіума была калідорная з аднабаковым светлым калідорам. На першым паверсе размяшчаліся жылыя пакоі для вучняў, архіў, трапезная з кухняй, на другім — келлі манахаў і дамовая капліца, у цокальным паверсе — гаспадарчыя службы. Памяшканні ўсіх трох паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, а залы трапезнай і капліцы над ёй — люстэркавымі скляпеннямі з падугамі. У 1804–1820 гг. у будынку размяшчалася павятовае вучылішча,
Пасля забароны вуніяцтва, ў 1843 г., комплекс быў перададзены праваслаўным, а касцёл перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. Адбылася замена фігурных завяршэнняў вежаў і самкнёнага купала з «заломам», бачных на акварэлі І.Пешкі пачатку XIX ст., на паўсферычныя купалы, а над гадзіннікавай вежай з'явіўся высокі ампірны шпіль. У 1872 г. пры капітальным рамонце гэтую вежу разабралі, вежы касцёла зноў перабудавалі ў псеўдарускім стылі. Шматлікія перабудовы змянілі першапачатковы выгляд помніка, аднак яго горадабудаўнічае значэнне па арганізацыі прасторы і сілуэтнай панарамы плошчы па-ранейшаму заставалася вельмі істотным.
Дамінуючую ролю ў ансамблі цэнтра Віцебска XVIII — пачатку XX ст. адыгрываў комплекс базыльянскага манастыра з Успенскай царквой, што размяшчаўся на самай высокай кропцы рэльефа, на Ўспенскай гары, ля сутокаў Віцьбы і Заходняй Дзвіны, і добра праглядаўся з розных бакоў, асабліва з шырокага люстра ракі і правабярэжнай часткі горада. Праваслаўная Ўспенская царква існавала на гэтым месцы з XV ст., у пачатку XVII ст. яна перайшла вуніятам. У 1636 г. па загаду вуніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы была пабудавана новая драўляная царква, а ў 1682 г. пры ёй коштам падкаморыя віцебскага Кіселя створаны базыльянскі манастыр. Гэты драўляны комплекс існаваў да 1708 г.
Мураваную Ўспенскую царкву пачалі ўзводзіць па фундацыі Мірона Галузы ў 1715 г., вядома, што ў 1722 г. яна ўжо існавала, але ў хуткім часе згарэла. Будаўніцтва новага мураванага комплексу царквы і кляштара базыльян па праекту Іосіфа Фантана III пачалося ў 1743 г. і вялося з перапынкамі да 1785 г.
Майстэрства таленавітага дойліда ў поўнай ступені раскрылася ў выдатнай архітэктуры ансамбля. Велічны, грандыёзных памераў храм меў адначасова і традыцыйную, і незвычайную для беларускага барока аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Гэта была адзіная ў Беларусі пяцінефавая крыжовая базіліка з дзвюхвежавым фасадам, тады як самыя рэпрэзентатыўныя крыжова-купальныя базілікі таго часу мелі толькі тры нефы.
Аснову кампазіцыі Ўспенскай царквы складалі роўнавысокія цэнтральны неф з паўкруглым прэсбітэрыем і трансепт, што ўтваралі ў плане выцягнуты лацінскі крыж. Больш нізкія бакавыя нефы пераходзілі ў хор, што паўкольцам абкружаў прэсбітэрый. Шырокімі арачнымі праёмамі бакавыя нефы злучаліся з цэнтральным нефам з аднаго боку і шэрагам авальных капліц у крайніх нефах з другога. Гэта надавала інтэр'еру надзвычайную пышнасць і разнастайнасць, нягледзячы на строгую простакутную форму плана. Дакладна ўлічаныя і скарэктаваныя аптычныя эфекты, выкарыстаныя ў тэктоніцы храма, узмацнялі яго эмацыянальна-мастацкае ўздзеянне на веруючых. Галоўны фасад у адпаведнасці з прынцыпамі стылю барока трактаваўся як шырма для агульнай кампазіцыі збудаванняў, меў развітую прасторавую будову, якая адпавядала канструкцыйнай аснове. Пяцінефавая структура базілікі ўвасобілася ў пяцічасткавым чляненні фасада па вертыкалі. Цэнтральная частка і вежы па баках выступалі наперад, прамежкавыя часткі былі крыху паглыблены. Насычаная і разнастайная ордэрная пластыка яшчэ больш узбагачала маляўнічую гульню святла і ценю на хвалістай паверхні фасада. Гарызантальныя паясы антаблементаў адпавядалі канструкцыям перакрыццяў бакавых і цэнтральнага нефаў. Крайнія нефы каля алтара завяршаліся простакутнымі сакрысціямі, а на галоўным фасадзе — стройнымі шмат яруснымі вежамі з прыгожымі фігурнымі завяршэннямі. Вуглы чацверыковых вежаў аздабляліся спаранымі карынфскімі пілястрамі, а ў верхнім ярусе — валютамі. Цэнтральная частка фасада была раскрапавана дынамічна згрупаванымі паўкалонамі і ўвенчвалася фігурным атыкавым франтонам. На адной з акварэляў І.Пешкі (з драўляным мастом праз Віцьбу) бачна, што на пачатку XIX ст. такія ж франтоны ўпрыгожвалі абодва тарцы трансепта, а купал на сяродкрыжжы адсутнічаў.
У 1799 г. базыльянскі манастыр быў перададзены праваслаўным, а царква перайменавана ва Ўспенскі сабор. Прыняты ў сувязі з гэтым праект перабудовы храма захоўваецца ў архіве сінода. Адпаведна яму прапанавалася на сяродкрыжжы ўзвесці круглы
Крытым пераходам-галерэяй сабор злучаўся з Т-падобным трохпавярховым манастырскім корпусам. Галоўны падоўжны фасад уздоўж броўкі рэльефа над Заходняй Дзвіной рытмічна чляніўся пілястрамі вялікага ордэра і завяршаўся ламаным дахам. Вокны дэкарырывалі ляпныя сандрыкі, а прасценкі — філёнгавыя нішы ў стылі барока. Будынак часткова захаваўся да нашага часу. З 1799 па 1849 г. у ім размяшчаліся прысутныя месцы, пазней, пасля перабудовы, перавезеная з Полацка духоўная семінарыя.
Велічныя храмы розных канфесій, культавыя помнікі стваралі вышынныя сілуэтныя дамінанты панарамы Віцебска, па-мастацку арганізоўвалі забудову цэнтральнай часткі горада, што добра адлюстравана на паштоўках канца XIX — пачатку XX ст. У канцы 1930-ых гг. палітычныя рэпрэсіі дайшлі і да помнікаў нацыянальнай культурнай спадчыны. У 1938 г. дынаміт, закладзены пад Успенскі сабор і Васкрасенскую царкву, а ў 1956 г. — пад Мікалаеўскі сабор і Антоніеўскі касцёл з мэтай «добраўпарадкавання і рэканструкцыі» цэнтра горада, назаўсёды зруйнаваў храмы.
Некалі існавала паданне, што ад Успенскага сабора ў Віцебску да Ўспенскага сабора ў Смаленску не было ніводнага пункта мясцовасці, адкуль не бачыўся хаця б адзін купалок храма з хрысціянскім крыжам. Як старажытныя сігнальныя кастры перадавалі яны адзін аднаму эстафету духоўнасці і сведчылі, што край гэты Божы, хрысціянскі, з працавітымі і таленавітымі людзьмі. Зніклі, згаслі тыя кастры…
У Полацку бачыў святога Стэфана…
У выніку войн з Расеяй, пасля заняцця Полацка войскамі караля Стэфана Баторыя (1579), Вялікі Пасад гэтага горада ўяўляў сабой пустэчу. Невялікая колькасць жыхароў засталася толькі ў размешчаным значна ніжэй па р. Дзвіне Заполацці.
Стэфан Баторый, жадаўшы як мага хутчэй каланізаваць край, пасяляе ў Полацку езуітаў (1580) і перадае ім усе праваслаўныя манастыры і цэрквы (за выключэннем сабора святой Сафіі) з іх маёмасцю і землямі (фундуш 1582 г.), а таксама і замак. Для калегіума кароль прапанаваў езуітам месца на востраве р. Дзвіны, дзе раней стаяў манастыр Іаана Прадцечы, а для жыхарства — былы Петрапаўлаўскі манастыр у Верхнім замку. Аднак езуіты знайшлі прапанову караля непрымальнай для сябе і пачалі будаўніцтва калегіума паміж замкам і горадам, дзе перад гэтым быў закладзены драўляны касцёл, відавочна, на месцы праваслаўнай царквы. Пацвярджэннем таму служыць грамата Баторыя, адпаведна якой каля рынка знаходзіліся могілкі. Згодна той жа грамаце, да могілак прылягалі шэсць дамоў гарадскіх жыхароў. Такім чынам, касцёл і калегіум занялі месца на галоўнай гарадской плошчы — на рынку. З дакументаў сярэдзіны XVII ст. вядома, што езуіты захапілі частку гарадскіх земляў, у прыватнасці «ратушнае месца». Невядома, як размяшчаўся на занятым участку драўляны касцёл і якім чынам з ім злучаўся драўляны калегіум. У 1653 г., пасля ўзяцця Полацка расейскімі войскамі, праваслаўныя жыхары горада і духавенства разабралі езуіцкі касцёл і з атрыманага матэрыялу пабудавалі палац для Ўладыкі.
Мураваны касцёл святога Стэфана быў пачаты ў канцы XVII ст. і асвячоны ў 1745 г. Будавалі яго па праекту італьянскага дойліда. На рэгулярнай, амаль квадратнай плошчы, планіроўка якой склалася, магчыма, яшчэ да пажара Вялікага Пасада, касцёл быў пастаўлены ў самым зручным месцы: па восі сіметрыі плошчы, замыкаючы перспектыву галоўнай, амаль прамой на той час Віцебскай вуліцы. Пры традыцыйнай форме базілікальнага плана сяродкрыжжа зноў, як у касцёлах першай паловы XVII ст., увенчана купалам на высокім барабане. Вонкавае архітэктурнае афармленне вельмі стрыманае, нават скупое, але агульныя памеры збудавання (24 x 47 м у плане) і яго стройныя прапорцыі надаюць касцёлу асаблівую выразнасць, накіраванасць угору, да вытанчаных галовак вежаў. Ступень дэкаратыўнай апрацоўкі павялічваецца ў напрамку да верху разам з памяншэннем памераў асобных элементаў. Дзякуючы гэтаму, касцёл не перанасычаны, як шматлікія сучасныя яму помнікі, дэталямі аздаблення і ў той жа час яму ўласцівы вышыннасць і вертыкалізм, характэрныя для віленскага барока. Тут гэты стыль знайшоў выяўленне ў сваім сілуэце і агульнай кампаноўцы мас будынка.