Страчаная спадчына
Шрифт:
На другім пагорку стаяла мураваная альтанка ў выглядзе шасціграннай шатровай вежы. Непадалёку ад парка ў глыбокім яры ляжыць валун — «камень філарэтаў» (сяброў дабрачыннасці), ля якога збіраліся ўдзельнікі віленскага студэнцкага тайнага таварыства патрыятычна настроенай моладзі. У парку размяшчалася выдатная аранжарэя. Простакутны ў плане аднапавярховы будынак з дахам, схаваным за парапетам, вылучаўся рэпрэзентацыйным характарам архітэктуры: фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі вокнамі, а цэнтр франтальнага фасада вылучаў чатырохвосевы рызаліт з поясам ляпных гірлянд і атыкам у завершы. Гаспадарчы двор змяшчаўся з заходняга боку сядзібы. У 1931 г. парк як гісторыка-культурны помнік па прапанове Міцкевічаўскага камітэту быў узяты пад ахову дзяржавы; праведзены работы па яго ўпарадкаванню, высаджаны елкі, створаны брама і
Ухвішчанская сядзіба
З сярэдзіны XVII ст. маёнтак Ухвішча (Полацкі р-н Віцебскай вобл.) належаў роду Кубіцкіх, першым вядомым грамадскім дзеячам якога быў полацкі пасол Пётр Кубіцкі (1667). У сярэдзіне XIX ст. сядзібу набыў Мацей Любенскі (1818–1856), потым яна перайшла ў спадчыну да сына Аркадзя, які памёр бяздзетным каля 1883 г. Ухвішча застаецца ў валоданні яго сясцёр, з якіх Леанціна (1846–1939) з'яўлялася да канца першай сусветнай вайны апошняй уладальніцай маёнтка плошчай у 7000 дзесяцін.
Ухвішчанская сядзіба, пабудаваная ў пачатку XIX ст., - твор архітэктуры класіцызму. Помнік знішчаны ад маланкі ў міжваенны перыяд. Простакутны ў плане драўляны дом стаяў на высокім падмурку пад высокім вальмавым гонтавым дахам з парамі лучковых люкарн. Па баках галоўнага фасада памяшчаліся два мураваныя чатырохкалонныя порцікі з трохкутнымі франтонамі, белізна якіх кантрасна вылучалася на фоне шэрай шалёўкі сцен. Белізной эфектна падкрэсліваліся і ліштвы простакутных вокнаў і дзвярэй, а таксама шырокі падваконны пояс. Уваход цераз правы порцік вёў у службовую палову дома, цераз левы — у жылыя і парадныя памяшканні. На тыльным фасадзе выступала невялікая тэраса. У другой палове XIX ст. да левага тарца дома прыбудавана кухня.
Планіроўка дома была анфіладнай двухраднай. Сярэдзіну франтальнага рада займала вялізная бальная зала ў тры акны. Такую ж велічыню меў далучаны да бальнай залы з паркавага боку салон з двума вокнамі і шклянымі дзвярамі, якія вялі на тэрасу. Невялікі квадратны пакой злева ад бальнай залы служыў бібліятэкай, справа — сталовай. Далей па левым баку ад залы размяшчаўся двухаконны пакой, названы «партрэтнай», па правым — квадратны жылы пакой. Правае крыло дома заканчвалася чатырма малымі гасцінымі, левае — крэдэнсам, канцылярыяй і службовым пакоем. Парадныя апартаменты аднолькава апрацаваны: гладкія сцены і столь, паркетная ўзорыстая падлога, кафляныя печы і каміны, хрустальныя люстры. Абсталяванне інтэр'ераў уключала разнастылевую мэблю, люстры на кансолях у багатых разных рамах барочнага стылю. Сядзібны дом упрыгожвалі мноства твораў мастацтва: у «партрэтнай» вісела 10 партрэтаў роду Любенскіх, меліся дзве кітайскія вазы і фарфор XVIII ст., сеўрскія фарфоравыя сервізы, калекцыя зброі, бібліятэка ў 2000 тамоў.
Англійскі парк аб'яднаўся з садам і займаў плошчу каля 10 га. Маляўнічасць яму надаваў хвалісты рэльеф мясцовасці і атачэнне азёраў, да аднаго з якіх парк спускаўся палогім схілам. Праз парк прабягаў ручай з двума масткамі на прагулачных маршрутах. Скрыжаванні алей акцэнтаваліся клумбамі і рабаткамі. На адной з клумб стаяла беламармуровая скульптура багіні Флоры. У парку дзейнічаў фантан. З боку гасцінца і возера ішла жывая агароджа са стрыжаных елак і ліп. Перад домам цягнуўся газон з круглай клумбай і векавым дубам у цэнтры, таксама абкружанай стрыжанымі елкамі.
Справа ад дома месца займаў гасціны флігель, злева — свіран. За імі ў два рады размяшчаліся гаспадарчыя будынкі: стайня, абора, вазоўня і стадола. Брамы з чырвонай цэглы трактаваліся ў стылі рэтраспектыўнай готыкі, афармлялі ўезд у сядзібу. Некалькі відавых кропак парку былі разлічаны на ўспрыняцце касцёла таго ж стылю, пабудаванага ў сярэдзіне XIX ст. Па ідэі фундатара ён мусіў асацыявацца з касцёлам святой Ганны ў Вільні. Выкладзены з чырвонай цэглы аднанефавы аднавежавы храм меў элементы дэкора белага колеру. У галоўным алтары вісеў абраз святога Тадэвуша, а ў склепе знаходзіліся пахаванні роду ўладальнікаў. Помнік з белага мармуру быў прысвечаны памяці Адэліі Сялявы, а з чорнага — Эльвіры Мікульскай — дачкі Аркадзя Любенскага. Касцёл знішчаны ў гады апошняй сусветнай вайны.
Хадасевіцкая сядзіба
Сядзіба
Сядзібу пабудаваў ротмістр каралеўскага войска Юзаф Хадасевіч у 1780–1784 гг. Сядзібны дом уяўляў адносна невялікі аднапавярховы мураваны будынак на падвальным цокалі, пад вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаўся ўзнятым на ганак чатырохкалонным порцікам. У 1850-ых гг. сціплы дом значна пашыраецца за кошт надбудовы ў сярэдняй частцы тыльнага фасада нізкай мансарды з трохкутным франтонам і гербавым картушам у завершы. Па краях дабаўляюцца кароткія крылы, таксама завершаныя трохкутнымі франтонамі. Уздоўж тыльнага фасада ўстройваецца тэраса. Відавочна, у гэты час змяняецца і выгляд порціка, калоны якога павялічыліся дзякуючы высокім дыспрапарцыянальным капітэлям, стылізаваным пад іанічны ордэр. Яго трохкутны франтон таксама атрымаў некананічную спрошчаную дробную форму. Адначасова да правага тарца дома дадаецца чатырохвосевае аднапавярховае крыло, падведзенае пад агульны дах. Дэкор плоскасных фасадаў абмяжоўваўся ліштвамі з сандрыкамі простакутных вокнаў і дзвярэй, прафіляваным карнізам і вуглавым рустам.
Перабудова значна закранула і ўнутранае ўстройства дома, які набывае багатую апрацоўку інтэр'ераў. Старая частка дома налічвала на першым паверсе 15 пакояў, звязаных анфіладна толькі ў франтальным радзе з вестыбюлем па цэнтры. Памяшканне па правым баку вестыбюля адводзілася пад кабінет, за ім змяшчалася бібліятэка; па левым — хол з лесвічнай клеткай, апрацаваны пад штучны мармур малы «камінны» салон. З вестыбюля напрамую траплялі ў вялікую працяглую бальную залу з трыма вокнамі-дзвярамі, якія выходзілі на дваровую тэрасу. Вестыбюль быў аформлены ў стылі класіцызму: сцены чляніліся пілястрамі і завяршаліся прафіляваным закругленым па вуглах карнізам; панелі паміж пілястрамі пакрывала зялёная штофная абіўка з раслінным арнаментам; падлогу высцілаў дубовы паркет, выкладзены праменістым узорам. З сафіта з ляпных разетак звісалі дзве латунныя люстры. Зал ацяплялі авальная белакафляная печ і мармуровы камін. Памяшканне ўпрыгожвалі карціны і фамільныя партрэты, фарфор і серабро. З правага боку да залы далучалася меншая «рыцарская» са штофнай малінавай абіўкай расліннага арнамента. Абсталяванне яе складала мэбля ў стылі ампір, якая адпавядала колеру абіўкі. Сваю назву зала атрымала з-за размешчанай у ёй калекцыі зброі. З бальнай залы налева ўваход вёў у вялізную сталовую ў пазалочаным тоне з дзвюма кафлянымі печамі і мармуровым камінам. У правым кутку паркавага рада памяшканняў знаходзіўся «паляўнічы» пакой з даволі багатай калекцыяй паляўнічых трафеяў.
Сядзібу абкружаў аграмадны пейзажны парк плошчай каля 40 га, які арганічна пераходзіў у навакольны лес. Да ганка дома і авальнага газона перад ім падводзіла працяглая, высаджаная італьянскай таполяй уязная алея. Па яе баках цягнуліся простакутныя сажалкі, за якімі па правым баку ішлі фальварачныя будынкі, а па левым — тры флігелі. За домам ліпавая алея вяла да капліцы. У сярэдзіне гэтай часткі парку існаваў стаў натуральнага абрысу, густа абсаджаны разнастайнымі дрэвамі і хмызняком. Дзендрасклад парку ўключаў клён чырвоны, ліпу серабрыстую, каштан звычайны і пунцовы, мноства бярозы, італьянскую таполю, елку серабрыстую, лістоўніцу эўрапейскую, шматлікія кусты.