Сутарэнні Ромула
Шрифт:
Але вось ужо чатыры гады пасля інстытута пяць дзён на тыдзень яна іх рэдагуе да шэрых пчолак у вачах, ненавідзячы саму сябе за няздольнасць пайсці адсюль, з грашовай працы… Як яна ненавідзіць гэтую працу, як ненавідзіць сцены, у якіх праводзіць большую частку жыцця!
Ды ўсё, на што Асі хапіла пасля размеркавання сюды – гэта на знак пратэсту зрабіць тату на правым плечуку ў выглядзе жабкі. Але ж не будзеш круглы год за выняткам выходных хадзіць па калідорах з аголенымі плячыма, а ўлетку ў Шэрай Будыніне было горача, як у пазасветнай лазні, супрацоўнікі соўгаліся ў мятых ільняных касцюмах, з апухлымі вачыма, нібыта пакрытымі ільснянай плёнкай, і на татушкі маладых супрацоўніцаў увагі не звярталі. Магчыма, падсвядомым жаданнем абараніцца тлумачылася і Асіна цяга да пярсцёнкаў і бранзалетаў… Яе тонкія пальцы былі закаваныя ў бразготкую браню метала і камянёў: вядома, не золата-дыяменты, а камяні напалову высакародныя, напалову простыя. Бастарды ў свеце каштоўнасцяў. Яшма, сердалік, лазурыт, змеявік, кашэчае вока, хрызапраз,
Яшчэ другакурсніцай Ася спакусілася прапановай: ехаць з супрацоўнікамі знакамітага выдавецтва “Сокал-прынт”, якое праславілася выданнем шыкоўных альбомаў па мастацтве, на пленэр. Выдавецтва адзначала юбілей, і вырашана было зрабіць гэткі ўікэндны бівуак на маляўнічай лясной палянцы ля возера, з шашлыкамі, са спартыўнымі спаборніцтвамі кшталту перацягвання канату і пляжнага валейбола. А для пантоў – свая газета, у якой бы паведамляліся навіны свецкага мерапрыемства. За тое, што Ася будзе рабіць гэтую сцёбную газетку, абяцалі сто даляраў. Але будучы літрэдактар не ўлічыла маштабу карпаратыву. На палянцы яе чакаў асобны фургон з кампутарным начыннем. Газету пад назвай “Пікнік на ўзбочыне” належала выпускаць шэсць разоў на дзень, браць рэальныя інтэрв’ю ў пераможцаў спаборніцтваў, змяшчаць фотаздымкі… Хуценька раздрукоўваць на каляровым прынтэры… Як Ася намучылася, спрабуючы выцягнуць хоць пару слоў з пераможцы па шпурлянні бервяна – той, здаровы, як бэля, напалову лысы і зусім бухі, ляжаў у зарослым малінай роўчыку і толькі мыкаў, і на ягонай спіне, на калісьці белай майцы плямы рознага паходжання ўтваралі карту абодвух Амерык. А апошнія нумары газеты ніхто ўжо не хацеў браць, і Ася дарэмна ўсоўвала дыхтоўныя аркушы з яркімі ілюстрацыямі ў абвялыя, перапэцканыя кетчупам рукі выдавецкіх…
Тады жыццё “Сокала-прынта” здавалася ёй суцэльнай казкай. А кіраўнік аддзела навуковых выданняў пранікся да неверагодна працаздольнай студэнтачкі шчырай павагай. І ў хуткім часе Ася атрымала запрашэнне на практыку. Так і пайшло…
Вось толькі пікнікоў такіх больш не здаралася. Рынак рабіўся ўсё болей жорсткім, эканоміка рыпела іржавымі канструкцыямі… Прадпрыемствы зачыняліся, зарплаты змяншаліся. “Сокал-прынт” перастаў друкаваць альбомы па мастацтве і засяродзіўся на ўсё больш патрэбнай дзяржаве нарматыўнай літаратуры. З яго бесперапыннай папяровай ракой цяклі ідэалагічна правільныя падручнікі і брашуркі, кодэксы і зводы, ілюстраваныя альбомы з выявамі камбайнаў на палях, шахцёраў у шахтах і ветэранаў на парадах. Забяспечаны “Сокал-прынт” заставаўся марай для многіх. І Ася пасля вучобы пайшла туды.
А ўсяму віной была Кватэра. Асобная. Зусім асобная ад усіх Кватэра, пра якую Ася марыла, напэўна, ад тае пары, калі ўвогуле навучылася марыць. Гэта няпраўда, што чалавек – калектыўная жывёліна. Іначай чаму ён увесь час здабывае адгароджаную прастору дзеля сябе? Зайсці, замкнуцца – і каб ніхто, ніводзін любячы, дабразычлівы бліжні без твайго дазволу туды не ўвайшоў.
Можа, дзесьці малады спецыяліст і здольны набыць Кватэру на свой заробак… Але Асі давялося браць крэдыт, а ўзяць крэдыт у гэтай краіне – здацца ў амаль пажыццёвае рабства. І ў вечны страх: а калі раптам цябе звольняць, ты захварэеш, збяднееш да макаронаў, і не зможаш кінуць у пашчу банка-рабаўладальніка чарговую порцыю валюты… Асю ванітавала пры адной думцы, што ў такім выпадку давядзецца вярнуцца ў “двушку” – хрушчоўку, у адным пакоі якой жыла сястра Маргарыта з мужам і сынам, у другім – маці і бабуля, у гэты адурэлы ад вечнага гуду і начнога храпу вулей… Бабуля пагардліва заяўляла, што, маўляў, не бачылі вы сапраўднай цеснаты. Вось пасля вайны ў іхняй камуналцы ў падвальным паверсе… Але Ася задыхалася. Яна адчувала сябе півоняй, якая апякаецца ўласнымі апалымі пялёсткамі – калі такі пяшчотны ружовы пялёстак прыліпае да цёмна-зялёнага лісця, за некалькі дзён там утвараецца агністая пляма – апёк. Калі б памеры кухні дазвалялі, Ася ўплішчыла б туды сваю канапу… Але кухня ўся была памерам з раскладзеную канапу, і пад яе распісанай пісягамі, як карціна імпрэсіяністаў, столлю ў вечным штылі абвісалі ветразі пялюшак, начных кашуляў і хустак.
“Ідзі на балкон сачыняць, Пушкін!”.
А, яшчэ асобнае дзякуй за імя Арсенія, народжанае ў нетрах гэнай хрушчоўкі. Што гэта імя самадайкі з аповеду Мерыме, якая памірае ад сухотаў, радзіну не бянтэжыла.
Напэўна, імя вынайшла маці – яна абкладалася кнігамі, як зацяты іпахондрык лекамі. Ася сама фанацела ад чытання, але ў маці гэта было нешта хваравітае, кожны блякла-ружовы томік чарговага жаночага рамана, на вокладцы якога жарсна абдымаліся кудлатыя дзевы ў дэкальтэ і чарнявыя мача ў расхрыстаных на грудзях кашулях, ставаўся цаглінкай паралельнага сусвету, з якога маці выходзіла вельмі неахвотна. І, вядома, уласнае прасцецкае імя Марына ахвотна памяняла б на Марыяну. Працавала яна са сваёй хімічнай адукацыяй кантралёрам на заводзе па вырабе шасцяронак. Кантралявала вышэйзгаданыя шасцяронкі – ці правільны
– Няхай бы лепей кулінарныя кнігі чытала. Больш было б карысці, чым ад гэтых ружовых сопляў.
Асіна бабуля дыміла, як паравоз. Танная цыгарэта нібыта й не знікала з ейных тонкіх пажаўцелых пальцаў, якія так і не сталіся з узростам вузлаватымі. Арсенія не адразу даведалася, што бабуля ў юнацтве была балерынай. Але таньчыла нядоўга – траўма, яшчэ ў вучэльні, і давялося перакваліфікавацца ў швачку. Машынка “Зінгер”, дарэвалюцыйная, урачыстая і надзейная, стварала калыханкі Асінаму дзяцінству. Бабуліны рукі таньчылі над тканінай хуткі грацыёзны танец. Усе цяперашнія Асіны доўгія спадніцы і кофты з высокімі таліямі былі пашытыя на гэтай бліскуча чорнай, з трохі аблезлымі залатымі гербамі машынцы “Зінгер”… І ўвогуле – усё ў доме. Нават накрыўкі на канапы – з непатрэбных кавалачкаў тканін, але падабраных так, што гэта нагадвала не звычайны для народных вырабаў стракаты россып “вырві вока”, а далікатны ўзор на спіне марской жывёліны, ці восеньскае перапляценне голляў, з якіх амаль абляцела лісцё. Калісьці ў дом часта прыходзілі заказчыцы, бабуля называла іх усіх “генеральшы”, і Ася магла падзівавацца на неверагодныя тканіны – крэпдэшын, крэпжаржэт, натуральны шоўк, каралеўскі аксаміт… Разгорнутыя адрэзы нагадвалі сны пра балі, абрэзкі ад іх можна было займець, разглядаць і гладзіць, нібыта фотаздымкі краінаў, дзе не пабываеш ніколі. “Генеральшы” патрабавалі дэкальтэ і фальбонаў, рукавоў “ліхтарыкам” і спадніц “гадэ”…
Арсеніі часам здавалася, што бабуля Ірына здольная пашыць сабе новых сваякоў замест іх, няўдалых. І ў дзяцінстве нават вельмі баялася, атрымаўшы змайстраваную бабуляй ляльку-Золатавалоску, што хутка пад дробнае стукатанне голкі “Зінгера” з’явіцца і новая Ася. Прыгожая, залатакосая...
Цяпер прыходы “генеральш” у залатых завушніцах змяніліся рэдкімі візітамі “дваровых”, гэта значыць, суседак. “Дваровыя”, немаладыя, з гаспадарчымі сумкамі са штучнай скуры звычайна прасілі падшыць куплёныя на рынку спадніцы ці нагавіцы, пераліцаваць жакет, а калі й прыносілі ў дом свае тканіны, гэта былі вельмі практычнага колеру альбо прастадушна стракатыя адрэзы, ад якіх думалася не пра баль, а пра цырульню, пральню, гастраном… Але бабуля ніколі не скардзілася і не крытыкавала “кантынгент”.
Ася была мала падобная да бабулі Ірыны. Больш – да маці. А шкада. Хаця ногі бабулі пад старасць распухлі, цела заставалася хударлявым, твар – з рэзкаватымі рысамі, але прыцягальны, энергічна-іранічны… А матчыны (і ўласныя Асіны) рысы выяўлялі якасці, якія Арсенія ненавідзела: датклівасць, наіўнасць і чысціню, што межавала, на яе погляд, з дурноццем. Высокі лоб, асаблівая, нейкая дзіцячая, датклівая складка вуснаў… Так і хочацца самой сабе заехаць у фізіяномію. Як выглядаў іхні з сястрой бацька, Ася нават не ведала. Пасля таго, як ён яшчэ да нараджэння малодшай дачкі сышоў з сям’і, каб з’яднацца з чарговым палкім каханнем дзесьці ў Мардовіі, у доме былі старанна панішчаныя ўсе выявы “тхара”, як называлі блуднага татачку маці і бабуля. І – ніякіх згадак! Асіна старэйшая сястра Маргарыта таксама не магла ўнесці яснаты, бо цьмяна памятала тату, які бавіў болей часу ў камандзіроўках, чым дома, дый было ёй годзікі чатыры, калі ён знік. Запомніла толькі, што ўвесь час патрабаваў акуратнасці і цішыні, бо яму трэба дапрацоўваць чарговы праект чарговага сельскага клуба.
Марго, прадавачка ў краме таннай і карыснай беларускай касметыкі, проста злосна змахвала матчыну “макулатуру” кудысь у кут, як смяццё. Нічога дзіўнага, для злосці меліся прычыны – бо восем год таму прывяла ў хату яшчэ аднаго чытача. Муж Марго з народным імем Гоша быў маладзей за яе на год, а як па мазгах – дык і на ўсе дзесяць. Ён сядзеў на фэнтэзі. Прычым самым “шарачковым”. Там, дзе галоўны герой – прынц і маг адначасова, і змагаецца з драконамі, а тут жа і іншапланецяне прыляцелі, і прынцэсу трэба ратаваць, і дэман з невымаўляльным імем кшталту Буувафру вырваўся з нетраў планеты…
Акрамя фэнтэзі Гоша сядзеў на піве. Бутэлька ў ягонай руцэ была гэткай жа звыклай рэччу, як у пальцах бабулі – цыгарэта.
Ася проста не разумела, як магла ейная прыгажуня-сястра купіцца на такога Гошу… Ася ж расла ва ўсведамленні, што яна – пачварына ля прынцэсы, няўклюдны цень ружовашчокай, яснавокай Марго. Гэта было недасяжнае жыццё: бясконцае тэлефанаванне закаханых хлопчыкаў, гітарныя спевы ў дваровай альтанцы, бойкі-двубоі з няўмелым закосам пад моднае каратэ з-за аднаго Маргарытавага пагляду… Ася, у падлеткавым узросце няўклюдная, худзюшчая “батанка”, з доўгімі нагамі-запалкамі і няроўнымі зубамі з ганебнымі металёвымі скобкамі на іх, ніколі гэтага не мела, звыкла прабягаць праз двор, угнуўшы галаву з неахайнымі шэрымі хвосцікамі, і ўнікала школьных дыскатэкаў, як візіта да зубнога ўрача. Нічога, акрамя прыніжэнняў… І шчыра ўразілася, калі на сустрэчы выпускнікоў (пяць гадоў пасля апошняга школьнага званка!) ажно тры хлопцы прызналіся з затоенай крыўдай, што былі ў яе шчыра закаханыя, а яна, такая ганарлівая прыгажуня, іх адшыла… А яна тады думала, гэта асабліва тонкія здзекі…