Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Цягам стагоддзяў заснаваны Еўфрасінняю Спасаўскі манастыр перажываў і ўзвышэнні, і поўны заняпад. У некаторых расійскіх аўтараў вы прачытаеце, нібыта чарніцы пакінулі свой прыстанак у дні Батыевага нашэсця. Яшчэ раз успомнім, што Беларусь гэтае навалы не зведала і ў ганебную залежнасць ад татараў ніколі не трапляла.
Забягаючы наперад, зазначу, што сапраўды цяжкія выпрабаванні напаткалі манастыр, калі Масковія распачала настойлівыя спробы захапіць беларускія землі. У 1563 годзе на Полацк насоўваліся орды Івана Жахлівага. Начутыя пра звярыную жорсткасць цара манашкі з плачам развіталіся са сваім домам. Яны ўжо не вярнуліся туды ні ў гады маскоўскае акупацыі, ні пасля выгнання захопнікаў
У1654 годзе Полацк зноў заняло расійскае войска. Праз два гады туды прыехаў цар Аляксей Міхайлавіч, які «ходил в Спасской монастырь, что бывал девичей монастырь благоверной великой княжны Евфросинии Полоцкой. Того ж месяца июля в 9 день было священие церкви Преображение Спасово».
Хутка горад паводле Андрусаўскага міру быў вернуты Рэчы Паспалітай. Вярнуліся ў манастыр і айцы-езуіты. Яны заставаліся тут гаспадарамі і пасля захопу Беларусі Расіяй у канцы XVIII стагоддзя, да самага выгнання езуітаў з царскай імперыі ў 1820 годзе. Да 1832 года манастыр належаў каталіцкаму ордэну піяраў а потым улады перадалі яго праваслаўным.
Адноўленую ў 1840-м Еўфрасіннеўскую Божую цвярдыню з прычыны яе старажытнасці прылічылі да «першакласных» расійскіх манастыроў. Пры манастыры стварылі жаночае вучылішча, многія выпускніцы якога сталі народнымі настаўніцамі.
У дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваецца акт абследавання Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, складзены 15 жніўня 1920 года полацкай камісіяй аховы помнікаў старасвеччыны і мастацтва: «Древняя церковь византийско-белорусского зодчества… находится под угрозой разрушения; купол в нескольких местах пробит осколками снарядов, вследствие чего внутрь проникает дождь и стенная живопись в некоторых местах повреждена… Самые дорогие и интересные в историко-археологическом отношении предметы, как то известный крест Евфросиньи, старинные иконы, ковчег с древними крестиками и т. д., в 1915 году были эвакуированы из Полоцка и находятся в настоящее время в Ростове Ярославской губ., где они, может быть, частью расхищены, а частью портятся в ящиках… При осмотре маленькой часовни, построенной на холме в восточной стороне монастыря, в подвальном помещении обнаружена кладка из древних кирпичей вперемешку с новыми, заметны следы двустворчатых ниш. Почва холма имеет массу кирпичей и известки, так что следует предположить, что в этом холме могут быть обнаружены следы старинной церкви или усыпальницы полоцких князей. В этом холме, по рассказам монахинь, найдены два черепа: один — с кинжалом в нем, а другой — наполненный свинцом. В настоящее время сохранился лишь второй, который был осмотрен комиссией».
Зачынены бязбожнаю ўладай у 1928 годзе (тады ў ім налічвалася блізу 250 чарніц), манастыр аднавіў жыццё падчас нямецкае акупацыі. У паваенныя гады размешчаная паблізу вайсковая частка пачала браць з манашак… кватэрную плату. У 1960-м улада зноў павесіла свае пудовыя замкі, а сясцёр вывезлі ў Жыровіцкі мужчынскі (!) манастыр пад Слонімам. Ігумення Еляўферыя Новікава звярнулася да ўладаў з гнеўным словам, дзе гаварылася, што «пастановы пра закрыццё цэркваў нагадваюць часы Нерона, а таксама Напалеона, які ставіў у храмах коней». Ад «цёмнай манашкі» проста адмахнуліся. У Крыжаўзвіжанскім манастырскім саборы навакольныя жыхары парабілі свінухі.
Колькі чарніц адмовіліся пакінуць Полацк і назаўсёды пасяліліся ва ўспамінах майго дзяцінства. Маўклівыя, сухенькія, з нейкімі надзіва вялікімі вачыма, яны здаваліся нам істотамі з іншага, загадкавага, але чамусьці нястрашнага свету. Часам яны растулялі сурова падцятыя вусны і згадвалі якуюсьці маці Еўфрасінню і Бога, пра якога мы, хлапчукі, дакладна ведалі, што яго няма. Здавалася б, мы павінны былі дражніць гэтых амаль бесцялесных істотаў у чорным адзенні ды здзекавацца з іх, аднак за маёй
Не ведаю, як склаўся лёс тых трох ці чатырох паслядоўніц святой Еўфрасінні. Магчыма, іх вывезлі з горада пад прымусам. Магчыма, яны дажылі ў жыровіцкіх келлях да новага адраджэння Спасаўскага манастыра, што пачалося ў 1990 годзе.
Полацкае княства паспяхова адстойвала незалежнасць ад Кіева. Апроч палітычных і эканамічных выгодаў гэта давала творчую свабоду дойлідам, жывапісцам, ювелірам, ад якіх ніхто не вымагаў абавязкова арыентавацца на кіеўскія ўзоры. Полацкае княства — не толькі першая беларуская дзяржава, але і калыска нашае культуры. Еўфрасіння была сярод рупных выхавальнікаў гэтага «дзіцяці». Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, яна стала нашай першаю мецэнаткай.
Высокі ўзлёт полацкай школы дойлідства засведчыла стварэнне Спасаўскай, або Спаса-Праабражэнскай (цяпер яе часта не зусім правільна называюць Спаса-Еўфрасіннеўскай) царквы — неацэннага помніка сусветнай культуры.
3 чым параўнаць яе бялюткае дзіва? 3 лілеяй у цёплай завоіне блізкай Палаты? 3 казачнай птушкаю на зялёным поплаве? 3 журботна-светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?
Спасаўскі сабор, узведзены за 30 тыдняў дойлідам Іаанам. Рэканструкцыя.
А цяпер крыху фантазіі.
Бачыце ўжо немаладога станістага чалавека ў простай манаскай рызе, што ідзе сюды ад ракі скрозь смугу часу? Адкрыты абсівераны твар, сінія вочы з вугольчыкамі апантанасці, драбок будаўнічай рошчыны ў даўгіх жарых валасах. Пячатка вялікага клопату ляжыць на ўсім абліччы Іаана — полацкага манаха, кіраўніка арцелі муляраў, геніяльнага дойліда. Ён ужо збудаваў цэрквы Параскевы-Пятніцы ды Барыса і Глеба ў Бельчыцах. I вось стварае іншы, зусім непадобны да ранейшых храм.
Колькі разоў ён сніўся Іаану, змушаючы прахоплівацца сярод ночы і доўга ўглядацца ў цямрэчу манастырскае келлі!
Паводле «Жыція», дойлід няраз чуў на досвітку таямнічы голас, што клікаў яго на будоўлю сабора ў гонар Спаса — Хрыста-Збавіцеля. «I аднойчы падняўся ён, і прыйшоў да Еўфрасінні, і сказаў ёй: «Ці не ты, маці, пасылаеш па мяне?» Аяна адказала: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе абуджаю, усё адно паслухай шчыра і ўважліва таго, хто кліча цябе на чын…» Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву мураваную святога Спаса, і збудавалі тую царкву за трыццаць тыдняў».
Заўтра храм вырвецца з павуціны рыштаванняў як вылятае з вопрадня матылёк, і адкрыецца воку ва ўсёй сваёй прыгажосці. А пакуль Іаан яшчэ раз уважліва аглядае лёгка ўзнесены ў неба фасад, трох’ярусныя закамары з какошнікамі [4] , купал-шалом. Заходняя сцяна таўсцейшая за астатнія. Па зробленых у ёй сходах дойлід падымаецца на хоры. Паабапал іх дзве вузенькія келлі: правая, калі стаць тварам да алтара, — Еўфрасінніна, левая — яе сястры Еўдакіі. У сярэдзіне царква здаецца значна вышэйшай, чым напраўду. Уражанне ўзмацняюць вузкія выцягнутыя вакенцы пад купалам.
4
Закамара — паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка, якое адпавядае форме ўнутранага скляпення.
Какошнік — несапраўдная закамара, што мае дэкаратыўнае прызначэнне.