Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Для Еўфрасінні і яе сучаснікаў храмы былі вобразамі і мадэлямі Сусвету. У іх увасабляліся ідэалы хараства і гармоніі. Калі палачане ўбачылі новы сабор без рыштаванняў, іх агарнулі пачуцці, сугучныя адчуванням візантыйца Міхаіла Псела, які ў сваёй «Хранаграфіі» пісаў пра храмы: «Вока нельга адвесці не толькі ад невыказнай прыгажосці цэлага, з цудоўных частак сплеценага, але і ад кожнае часткі паасобку, і хоць ад іх можна атрымліваць асалоду бясконца, ніводнаю не ўдаецца налюбавацца дасхочу, бо позірк да сябе прыцягвае кожная…»
Вядомы расійскі гісторык Леанід Аляксееў называе будаўніцтва Спасаўскага сабора найбуйнейшаю падзеяй полацкага і ўсяго старажытнага ўсходнеславянскага дойлідства.
«I асвяцілі царкву, — апавядае «Жыціе», — і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. I сабраліся князі, і ўладарныя мужы і інакі з інакінямі, і просты люд, і вялікае было свята, і святкавалі яго шмат дзён…»
Наватарскія архітэктурныя ідэі Іаана пашыраліся на радзіме і ў суседніх княствах. Напрыканцы XII стагоддзя полацкія дойліды ўзвялі ў Смаленску сабор архангела Міхаіла (узорам для яго была княжая царква, што стаяла ў Полацку на дзядзінцы) і гэтым заклалі асновы смаленскай архітэктурнай школы. Прыкладна ў той самы час палачане пабудавалі на Сінічай гары ў Ноўгарадзе царкву Пятра і Паўла.
Такі выгляд набыла царква Спаса ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Сучасны здымак.
Спасаўскаму сабору выпаў нялёгкі лёс. Два з паловаю стагоддзі ён належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Вернуты ў 1832 годзе праваслаўным храм часткова перабудавалі. У выніку геніяльны твор Іаана істотна змяніў аблічча: на месцы пазакамарнага пакрыцця з’явіўся трохсхільны дах, шалом купала ператварыўся ў «цыбуліну»… Але і сёння цудоўна ўштукаваны ў наваколле храм нараджае надзвычай моцнае адчуванне завершанасці і суладдзя.
Зойдзем у сабор.
У чуйным паўзмроку глядзяць на нас са сцен і слупоў старажытныя вобразы. Адухоўленасць, багацце і вытанчанасць каларыту, свежасць вішнёвых, сініх, брунатных, блакітных, ружовых, зялёных колераў і адценняў… Асноведзь (фон) фрэсак у храме мела фіялетавае адценне. Як паказалі доследы, мастакі рабілі фарбы з настою паленых яловых шышак. У келлі ў ігуменні сцены былі цёмнасінія са смарагдавым адлівам. Тут карысталіся фарбаю з паленай косці.
Гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе размалёўкі XII стагоддзя ацалелі амаль цалкам. Іхняй заказчыцай таксама была Еўфрасіння. Цяпер значная іх частка закрытая познімі алейнымі фарбамі, а ў часы асветніцы фрэскі займалі ўсю саборную прастору. 3 вышыні купала багаслаўляў вернікаў Збавіцель. Шматфігурныя кампазіцыі чаргаваліся з аднафігурнымі. У келлі, дзе жыла ігумення, захавалася выява Дзевы Марыі, тонкія дасканалыя рысы якой нагадваюць найлепшыя грэцкія ўзоры.
Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Цяжка пазбыцца пачуцця, што перад намі не твары святых, а партрэты зямных людзей. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адважваліся ні кіеўскія, ні ноўгарадскія майстры.
Затрымаемся каля святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрымлівае хоры. Твар з дугападобнымі бровамі і вочы, намаляваныя настолькі пранікнёна, з такой жыццёвай пераканаўчасцю, што міжволі ўзнікае думка: гэтая жанчына жыла сярод нас. Дапытлівы цвёрды позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс яго існавання. Нядзіва, што гэтую фрэску называюць партрэтам Еўфрасінні Полацкай. У кожным разе на мастака не магла не ўплываць
Апошнім часам з прычыны неспрыяльнага тэмпературнага рэжыму фрэскі хутка самараскрываліся і разбураліся. На шчасце, у сабор прыйшлі мастакі-рэстаўратары на чале з Уладзімірам Ракіцкім. З’явілася надзея, што некалі мы ўбачым унікальныя размалёўкі ў іх спрадвечным харастве. Можа, да таго часу і сам храм верне сабе першапачатковае аблічча.
3 імем князёўны-ігуменні звязанае і з’яўленне на нашай зямлі абраза Божае Маці, вядомага як Адзігітрыя Полацкая.
Маці Божая Адзігітрыя Полацкая. ХІІ век.
Каб упрыгожыць сабор у заснаваным ёю мужчынскім манастыры, Еўфрасіння паслала свайго слугу Міхаіла (магчыма, ігумена) да візантыйскага імператара Мануіла Камніна і канстанцінопальскага патрыярха Хрысаверга. Пасланец вёз багатыя дарункі і грамату з просьбаю прыслаць абраз Багародзіцы Эфескай — адзін з трох, што яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі намаляваў з яе першы хрысціянскі іканапісец апостал Лука. (3 гэтае прычыны ён лічыцца апекуном мастакоў.)
Адпраўленыя імператарам у Эфес сто воінаў прынеслі абраз у Царгорад, адкуль пасля патрыярхавага багаславення ў саборы святой Сафіі рэліквію адаслалі Еўфрасінні.
«А яна, — сканчвае аповед пра гэтую падзею «Жыціе», — унёсшы абраз у царкву святой Багародзіцы, паставіла яго і аздобіла золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго кожны аўторак па цэрквах».
Візантыйскі падарунак — самая ранняя Адзігітрыя (у перакладзе з грэцкае — Пуцяводная) на нашай зямлі. 3 такіх абразоў пачынаецца тое, што называюць мастацкай традыцыяй. Невыпадкова Адзігітрыю любілі маляваць беларускія іканапісцы розных стагоддзяў.
Наўрад у Полацк трапіў арыгінал старажытнага вобраза. Сапраўды, навошта патрыярху багаслаўляць твор самога апостала? Трэба пагадзіцца з гісторыкамі, якія сцвярджаюць, што гэта была зробленая візантыйскімі майстрамі копія, прычым не з Эфескай, а з Царгародскай Адзігітрыі. Ёсць звесткі, што ў 1239 годзе яе ўрачыста перанеслі ва Уваскрасенскую царкву горада Тарапца. Прычына шчодрага ахвяравання — вянчанне ў тым храме полацкай князёўны Параскевы з роду Рагвалодавічаў і князя Аляксандра Яраславіча, што неўзабаве атрымаў ганаровае найменне Неўскі. Паводле іншае версіі, Полацкая Адзігітрыя трапіла ў Тарапец падчас Лівонскае вайны XVI стагоддзя разам з чарніцамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, што ратаваліся ад «православнейшего» цара Івана Жахлівага.
Цяпер рэліквія захоўваецца ў Рускім музеі Санкт-Пецярбурга. Адзігітрыя «хаваецца» пад пазнейшымі фарбамі. Убачыць абраз, якому малілася Усяславава ўнучка, можна з дапамогаю электронна-аптычных прыбораў у інфрачырвоным святле. На фотаздымку — поўная спакойнай высакароднасці і чысціні святая са спагадлівым тварам і мяккай пяшчотаю ў шырока расплюшчаных вачах. Можа, калі-небудзь іх позірк зноў будзе сустракаць нас у адным з полацкіх храмаў?
Побач з імёнамі асветніцы Еўфрасінні і дойліда Іаана заўсёды ўзнікае трэцяе — Лазар Богша. Магчыма, у яго ювелірнай майстэрні юная Прадслава выбірала сабе аздобы, асцярожліва дакраналася да маленькіх тыгляў, захаплялася шматколернымі эмалевымі абразкамі. Зрабіўшыся ігуменняй, яна замовіла слыннаму майстру крыж дзеля прысланых з Царгорада і Ерусаліма хрысціянскіх рэліквій. Такі важны заказ ювелір мусіў выконваць пад наглядам ігуменні, якая, відаць, была аўтаркаю эскіза святыні і зробленага на ёй вялікага надпісу.