У капцюрох ГПУ
Шрифт:
Выйшаў на вулiцу разам з iншымi. На рагу Вiленскай i вул. Мiцкевiча падыйшоў да яго нейкi незнаёмы ў шэрым палiце i гэткай-жа шапцы.
— Добры дзень! Не пазнаяцё?
— Выбачайце… не прыпамiнаю, — адказаў Попутчiк.
— Я — Селях з Менску. Мы калiсьцi спатыкалiся.
— У Менску? Дзе? Мо ў «Беларускай Хатцы»?
— I ў «Беларускай Хатцы».
— На Конскай Плошчы?
— Але.
— Што-ж вы тут робiце? Скуль вы ўзялiся?
— Учора я прыехаў з Менску.
— 3 Менску?
Попутчiк расьцiкавiўся:
— 3
— Сам ня ведаю. Я дастаў водпуск. Думаю сабе: куды-ж паехаць? Хацеў паглядзець, як жывуць у капiталiстычных краёх. Ну й выбраў Вiльню.
— Вы былi на мiтынгу? Як-жа-ж Вам спадабалася Тарашкевiчава прамова?
— Добра казаў… Вельмi добра… А можа-б, мы пайшлi кудысьцi паабедалi? — раптам запрапанаваў незнаёмы. — I тады пагаворым аб усiм…
— На жаль, я… як-бы гэта сказаць… Ну, кажучы шчыра, ня маю пры сабе грошай…
— Вось глупства, — сказаў Селях. — Я маю крыху даляраў… Дзе тут можна добра закусiць?.. Я ня тутэйшы, ня ведаю…
— Недалёка адсюль «Зацiшэ». Там нiчога сабе… Толькi мне надта прыкра… бо як я ўжо казаў…
— Ах, ня будзем аб гэтым казаць! Вось яшчэ якiя цырымонii… Мы-ж старыя прыяцелi!..
Прыяцелi пайшлi ў рэстаран. Неяк адразу завязалася памiж iмi гарачая сымпатыя.
Няма дзiва. Адзiн прыехаў з савецкага раю, а другi ў гэты рай iмкнецца ўсёй душой.
Першай тэмай гутаркi пры чарцы гарэлкi быў, ведама, Менск. 3 гэтай гутаркi Попутчiк даведаўся, што ягоныя менскiя прыяцелi добра яго ўспамiнаюць i ахвотна бачылi б у сваей грамадзе; што яму, Селяху, даручана пасулiць Попутчiку, каб ён хутчэй перабiраўся ў Менск. Далейшая гутарка перайшла на палiтычныя тэмы. Гаварылася аб палажэньнi беларусаў пад Польшчай, аб «Грамадзе», аб «Беларускай Радзе». Новы знаёмы з асаблiвым зацiкаўленьнем распытваўся аб гэту апошнюю. Попутчiк расказваў. Казаў, як ён нездаволены, што ў свой час зьвязаўся з гэтай арганiзацыяй, казаў аб сваей дзiўнай тут ролi, калi духова будучы з «Грамадой», фiзычна быў сябром «Рады». Злаваўся на сябе самога i пляваў на «Раду».
Прыяцельская гутарка, падлiваная значнай колькасьцю алькагольных напiткаў, зацягнулася да ночы. Пасьля — таксi. Антокаль, падмястовы начны рэстаранчык, дансiнг. Новы прыяцель Попутчiка меў дужы арганiзм. Ня гледзячы на вялiзарную колькасьць выпiтай гарэлкi, каньяку, лiкёраў i пiва, быў цьвярозы.
У «Беларускай Радзе»
«Беларуская Рада» займала тры брудныя пакойчыкi на найвышэйшым паверсе гатэлю Сакалоўскага пры Нямецкай вулiцы.
На сьценках танныя олеодрукi: заснуўшая нiмфа, Отэльлё на судзе дожаў ды iншыя, гэтак часта спатыканыя ў пiўнушках i публiчных дамох.
Мэблi: паламаныя бюркi, канапы з трэснутымi спружынамi, якiя вылазiлi праз падзёртую тканiну, падбор розных фасонаў крэслаў.
У
Адзiн пакойчык быў габiнэтам старшынi, другi — рэдакцыяй, адмiнiстрацыяй i экспэдыцыяй часопiсi, якая мелася быць тыднёвiкам, але зьяўлялася як папала, у залежнасьцi ад выплаты рачкевiчаўскай субсыдыi. Тутака пасьля выхаду нумару працаваў Барыс Кавэрда, адмiнiстратар i экспэдытар у ваднэй асобе, складваючы сьвежыя нумары, наклейваючы адрасы, высылаючы. Трэцi пакойчык — сакратарыят «Рады» ўдзень, а ўночы начлежка двох бяспрытульных сяброў прэзыдыуму.
Селяха з усiх «достопримечательностей» Вiльнi найбольш цiкавiла «Рада». З адным iз сяброў прэзыдыуму яго зьвязвалi быццам школьныя ўспамiны. Вось сюды на другi дзень зьявiлiся Селях з Попутчiкам.
Госьця спаткалi надта прыхiльна. Школьны таварыш пацалаваўся з Селяхам. Паўлюкевiч, ня гледзячы на сваю «контррэвалюцыйнасьць», таксама спаткаў падарожнага надта цёпла.
Роля Попутчiка была скончаная. Прывёў госьця ў «Раду», пакiнуў i пайшоў дахаты спаць, наганяючы няспаныя ночныя гадзiны, праведзеныя ў час выпiўкi з Селяхам.
Засынаючы, лятуцеў аб Менску, аб сацыялiстычным будаўнiцтве, аб радасным жыцьцi ў бацькаўшчыне ўсiх працоўных.
Бо ўжо быў канчаткава наважыўшыся ехаць у БССР.
Рэшта селяхаўскiх даляраў ужо разьменьвалася з новымi кампаньёнамi…
Попутчiк ведаў адрыс Селяха. Госьць з Менску жыў у гатэлю «Эўропа» пры Дамiнiканскай вулiцы.
Калi пара дзён пасьля першага спатканьня прыйшоў у гатэль, знайшоў дзьверы ягонага пакою зачыненымi.
Порт'ер на пытаньне, дзе ёсьць пан Селях, адказаў зьдзiвiўшыся:
— Выбачайце, тут нiколi нiякi пан Селях ня жыў. Тутака жыў пан Пятроў. Учора ён выехаў.
Ага! Попутчiк уцямiў. Мусiць, Селях у Менску меў нейкiя перашкоды з атрыманьнем загранiчнага пашпарту. Дык прыехаў пад чужым прозьвiшчам…
Попутчiк у сваёй хаце
— Татка, раскажэце мне казку!
Пяцёхгадовы хлапчук, Попутчiкаў сын, узглабаўся да яго на каленi i, тулячы галоўку да бацькаўскiх грудзей, прасiў:
— Раскажэце казку!
Попутчiк любiў свайго сына i хацеў узгадаваць яго ў беларускiм духу, што было повадам частых сямейных непаразуменьняў, бо жонка лямантавала:
— Што робiш? Калечыш дзiцё! Я ня хочу, каб ён быў беларусам.
— Будзе гэткiм, як i ягоны бацька.
— О, ня дай Божа, каб падобны быў да бацькi! Крый Божа ад гэткага няшчасьця!
— I скуль у цябе гэткая зьвярыная ненавiсьць да ўсяго беларускага?
— А ў цябе скуль гэткая любасьць да iх? Што яны табе далi, гэтыя твае беларусы? Службу маеш дзякуючы сваiм прыяцелям паляком.