У тумане
Шрифт:
Кольку Бурава нібы падмянілі ў той лістападаўскі дзень, аўтамабіль для яго стаў марай, ён пільнаваў кожную машыну на вуліцы, хоць іх было яшчэ мала, і яму яшчэ мо разы чатыры шчасціла бачыць іх пераважна на станцыі, ля грузавога двара. Яшчэ гады праз чатыры, калі ён добра падрос, на машыне стаў працаваць дзядзька Ігнат, бацька ягонага аднакласніка Стася, і тут ужо Колька ўвесь вольны час прападаў на сядзібе сябра, пільнаваў ягонага бацьку, калі той прыязджаў на абед, і яны мелі кароценькую магчымасць пасядзець трохі ў цеснай, напечанай сонцам, але такой утульнай кабінцы. Але Стась не дужа захапляўся машынай, яму болей даспадобы былі трусы, якіх была працьма ў іхняй варыўні і якія зусім не цікавілі Кольку. І калі неяк летам дзядзька Ігнат узяўся за рамонт свае трохтонкі, яго першым дабраахвотным памочнікам стаў Колька. Спярша ён адціраў ад гразі рысоры, пасля мыў у газе балты і гайкі, памагаў дзядзьку Ігнату разбіраць задні мост — дзе патрымаць ключ, дзе падаць шплінт і шайбу, а то і падлезці дзіцячай рукой туды, дзе не пралазіла рука дарослага чалавека. Затым яны тыдзень корпаліся ў рухавіку, і дзядзька Ігнат тлумачыў хлопцу, навошта патрэбны шатуны і поршні і як яны круцяць каленчаты вал, як перадаецца ягоная энэргія на колы, адкуль і
У жыцці, аднак, усё сталася болей складана і меней шчасліва, чымсь у марах. Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дамоў, у мястэчка, але машын у раёне было ўсяго чатыры і на ўсіх сядзелі шафёры. Яму машыны ўжо не дасталося, і ён стаў чакаць. Каб было з чаго есці хлеб і карміць маці з сястрою, наняўся грузчыкам у райпо, там ён з год цягаў мяхі і скрынкі, нагружаў і разгружаў свае і гарадскія машыны. Неяк увосень часова падмяніў на трохтонцы Хвастова, калі той захварэў і яго старэнькая «АМО» засталася без вадзіцеля. Але Хвастоў неўзабаве паправіўся, і Бураў зноў мусіў падацца на апрыклы яму склад, грузіць нарыхтаваную за лета кару лазы і крушыны. І ён чакаў, упарта і настойліва, з роспаччу і надзеяй, аж пакуль аднойчы пад восень старшыня райпо Падабед не паклікаў яго ў кантору і не загадаў ехаць у Віцебск на станкабудаўнічы: рабочыя-шэфы выдзелілі райпо грузавы аўтамабіль. Выправіўшы дакументы, Бураў, нібы на крылах, паляцеў у Віцебск. З вакзала на завод ён ішоў пехатой і быў нібы ў тумане ад радасці, не заўважаў ні гарадскіх дамовак, ні трамваяў, ні пешаходаў, ва ўяўленні яго ззяў такі новенькі, зграбны грузавічок, што ён гатовы быў несці яго на руках да свайго райпа. Канешне ж, ён неўзабаве паедзе на ім па шашы, будзе даганяць, абганяць фурманкі, і ўсе будуць глядзець, як ліха і спраўна ён кіруе машынай. Не, вядома ж, ён не ліхач, ён не будзе ганяць машыну без толку, ён будзе ашчаджаць рухавік, не перакручваць яго, божа барані — не пераграваць, ён ужо ведаў шмат якія шафёрскія сакрэты — што спасціг сам з падручнікаў, чаму навучылі на службе, а што ўчуў ад старых спрактыкаваных вадзіцеляў. Ён толькі баяўся, каб не адбылася памылка, каб на заводзе не павярнулі яго назад — ён ужо ведаў, што могуць прыдрацца да дакументаў або сказаць, што спазніўся і аўтамабіль перадалі каму другому. Якой інакшай арганізацыі ці калгасу.
Памылкі, аднак, не адбылося. У цесным заводскім пакойчыку з кратамі на акне вусаты надзьмуты начальнік у белай талстоўцы, падпяразанай чачэнскай, з мноствам дробненькіх бляшак, дзяжкай, праверыў яго дакументы і павёў цераз заліты мазутам двор на заводскія зады. Яны ішлі доўга, завод быў вялікі, праціснуліся вузкім пераходам між дзвюма глухімі сценамі, пералезлі цераз гару ржавай жалезнай арматуры і тады ў кутку за трансфарматарнай будкай нерашуча спыніліся. Ля плота стаяла яго прыгажуня, яго паўтаратонка славутай на ўвесь свет горкаўскай маркі «ГАЗ-АА».
Убачыўшы яе, Бураў знерухомеў, у яго адняўся язык, ён не мог вымавіць слова. Мусіць, бачачы яго збянтэжанасць, дзядзька ў талстоўцы бадзёра вымавіў: «Вось, калі ласка, прашу любіць і жалаваць, ваша аўто. Наладжвайце і язджайце» — і пайшоў у сваю кантору. А Бураў усё разгублена стаяў на ранейшым месцы — такога ён не прадбачыў. Гэта быў не аўтамабіль — то быў аўтамабільны труп, аўталамачына, рэшта ржавага металу і паламанага дрэва. Абедзве фары не лбе гэтага трупа былі без шкла і без лямпачак, тонкая паласа бампера жахліва сагнулася, мабыць, у аварыі, левае крыло хістка трымалася, мусіць, на адным болціку, дзверцы кабіны, канешне ж, не зачыняліся, бо былі без ручкі. Да таго ж яны былі праламаны, таксама як і ўвесь левы борт кузава, з якога тырчэлі канцы абламаных дошак. Брудныя скаты напалову сплюснуліся без паветра, а ў кабіне валялася на падлозе завадная ручка побач з пустою бутэлькай, на абадраным сядзенні ляжаў хвост селядца ў парудзелай ад сонца паперыне. Шкала спідометра была выдрана з мясам, аголеныя правады віселі пад рулявой калонкай. Убачыўшы ўсё тое, Бураў ледзь не заплакаў ад расчаравання, пакратаў тугі абаранак руля. Думаючы, што нікуды яму адсюль не крануцца, што гэтую дэрбіну можна хіба парэзаць аўтагенам ды здаць ва ўтыль, ён падняў палавінку капота, зазірнуў на замаслены і запылены рухавік, які не праціралі, мабыць, з часу яго ўстаноўкі на аўтамабіль. Свечы, аднак, былі ўсе на месцы, у радыятары нібыта штось пляскалася. Трохі падкачаўшы бензіну, ён уставіў ручку ў храпавік каленвала, дужа крутануў — раз, другі, трэці… І во дзіва: на чацвёртым павароце рухавік падхапіў абароты, затросся, зачхаў — Бураў таропка павярнуў рычажок дроселяў, і поршні захадзілі весялей — падобна, рухавік завёўся. Аднак, яго шафёрская радасць была заўчаснай: неўзабаве абароты пачалі змяншацца, рухавік затросся, затузаўся і заглух. І колькі затым Бураў ні круціў ручкай (аж змакрэла спіна), як ні тузаў падсос, рухавік не азваўся, маўчаў, нічога з ім нельга было зрабіць.
Увесь той дзень да вечара ён корпаўся ля машыны, падкачаў колы, прыбраў кабінку. Надвячоркам пайшоў у кантору прасіць якую машыну, каб адбуксіраваць палутарку ў раён. У канторы не было нейкага начальніка ды і скончыўся рабочы дзень, стомлены і згаладнелы, ён пераначаваў на абадраным сядзенні ў кабіне, і толькі назаўтра ранкам да яго задам падсунуўся чатырохтонны «ЯС», які і ўзяў яго на буксір. Пакуль яны выехалі з горада і затым паўзлі па шашы, Бураў змакрэў ад поту за рулём свае дэрбіны — ад стомы і хвалявання; добра, што буксір быў даўгі, яму неяк удалося не стукнуцца ў задні борт таго «ЯСа». Пасля абеду, аднак, ён пад'ехаў да шырока расчыненых варот райпоўскага склада і, як вылез з кабіны, ледзьве не ўпаў на зямлю ад горычы і знямогі.
Усё доўгае лета затым Бураў корпаўся пад машынай — разабраў яе да апошняга вінціка: і рухавік, і хадавую частку,
На трэці ці чацвёрты дзень ад пачатку вайны машыну загадалі адагнаць на станцыю, меліся пагрузіць на платформу, каб кудысь адправіць. Бураў і адагнаў, паставіў у рад з іншымі недаломкамі на таварным двары, болей ён нічога не мог ёй зрабіць, бо сам спяшаўся з позваю на зборны ваенкамацкі пункт. Але сталася так, што ні ён не трапіў туды, куды яго пасылалі з ваенкамата, ні ягоны аўтамабіль не дачакаўся пагрузкі. Добра пасланяўшыся па жудасных дарогах вайны, ён мусіў урэшце вярнуцца дамоў, бо фронт далёка перагнаў яго, мястэчка занялі немцы, начальнікам над раёнам паставілі нядаўняга бухгалтара Шалькевіча, які стаў называцца бургамістрам, хутка арганізавалі паліцыю, што размясцілася ў новым памяшканні раённай бальніцы. Там жа ён убачыў аднойчы і сваю гаротную палутарку, на якой цяпер раз'язджалі паліцаі, а за яе рулём сядзеў малодшы Мікіцёнак, што вучыўся ў школе адначасова з Буравым, толькі ішоў на тры класы пазней. Ён і жыў на суседняй вуліцы, і некалі, як дзядзька Ігнат рамантаваў свой грузавік, яны разам памагалі шафёру. Мікіцёнак таксамса захапляўся тэхнікай і вывучыўся на шафёра.
Тое, што ягоны аўтамабіль апынуўся цяпер у паліцыі, адабрала ў Бурава сон, ён дужа схуднеў, перастаў есці і нават размаўляць з маці, тая ўжо думала, што ён захварэў. Але сын быў здаровы, толькі ён тыднямі ламаў сабе галаву, як адпомсціць паліцыі ды і гэтаму Мікіцёнку таксама. Сотні варыянтаў помсты пракруціў ён у сваіх мазгах, але ўсе яны былі з бракам: то надта дробязныя, то смешныя, то занадта небяспечныя, то зусім яму не па сіле. Але ўсё роўна ён думаў, прыкідваў, прымерваўся, назіраў. Мабыць, у снежні ён ужо ведаў напэўна, што зробіць, належала толькі выбраць здатны для таго час. Гэты Мікіцёнак з машынай у будні і святы прападаў у паліцыі, ноччу машына стаяла на бальнічным двары, там была варта, туды падступіцца было немагчыма. На дарозе таксама ён нічога зрабіць ёй не мог: у яе кузаве заўжды сядзелі паліцаі з вінтоўкамі. Мусіць, у паліцыі была жорсткая дысцыпліна, канешне, немцы ўмелі наводзіць парадак, ды ўсё ж Бураў колькі разоў заўважаў, што Мікіцёнак калі-нікалі на кароткі час прыязджае дадому, заглядае да бацькоў. Машына тады стаяла ці каля веснічак на вуліцы, ці ён заганяў яе ў вароты. За варотамі, вядома, яе не дастаць, там бразгаў ланцугом звяглівы сабака. А вось ля веснічак…
Але гэта трэба, каб было цёмна, каб яго ніхто не ўбачыў ні праз акно, ні з вуліцы. І ўвесь канец восені ён сачыў уранку, як паліцаі выязджаюць куды на раён, а ўвечары калі вяртаюцца. У двары за хляўком ён прыладзіў да сцяны драбіну, каб хуценька ўлезці па ёй на страху, зірнуць цераз садкі на суседнюю вуліцу, дзе бачны быў вугол Мікіцёнкавай хаты. Ён ужо даўно падрыхтаваў добры квач на драціне, каб дастаць з бака бензін, ашчадна прыхаваў пад страхой паўкарабка запалак. Аднаго разу ён аж закалаціўся ад радасці, калі неяк на змярканні згледзеў машыну ля Мікіцёнкавай хаты. Але, мусіць, ён позна ўсё ж згледзеў — пакуль абабег пуньку і пералез цераз суседаў паркан, там ужо з'явіліся людзі — два паліцаі прыкурвалі каля веснічак, а Мікіцёнак нядоўго пакорпаўся над капотам, апусціў яго, і яны хутка паехалі некуды. Ён спазніўся. Другі раз у кузаве нехта сядзеў, мусіць, чакаў шафёра, які ненадоўга забегся ў хату. Затое трэці раз ён згледзеў сваю гаротніцу ў самы спрыяльны час. Тады ўжо вечарэла, ён еў бульбу за сталом у хаце і ўсё пазіраў у акно, дзе між будынін на суседняй вуліцы мільганула прыцьмелае святло фар, і ён зразумеў, што гэта Мікіцёнак. Кінуўшы на стале недаедзеную бульбу, ён рынуўся з хаты, падхапіў квач у сенцах, выхапіў з падстрэшша запалкі, цераз заснежаны і заліты памыямі сметнік выбег на гарод, пералез адзін плот і пераскочыў другі, прабег задамі суседавай сядзібы і з-за паркана паглядзеў на вуліцу. Машына стаяла пасярод дарогі, якраз насупраць Мікіцёнкавай хаты, у двух вокнах якой ліпела святло газнічкі, і Бураў наважыўся. Ён не так зразумеў, як адчуў інстынктам, што болей зручнага выпадку не будзе. Гэты самы зручнейшы.
Бураў пераскочыў цераз паркан і кінуўся да машыны. Бензінавы бак якраз быў з гэтага боку, таму праз акно з хаты яго ніхто згледзець не мог. Заснежаная вуліца ўся патанала ў паўзмроку, хоць чалавек на ёй быў бачны здалёк, але ніхто нідзе не ішоў і не ехаў. Бураў з усяе сілы крутануў з гарлавіны тугаватую накрыўку бака (ведаў, яна заўжды адкручвалася туга) і сунуў туды свой абкручаны пакуллем квач. Шкада, бензіну было не поўна, мусіць, з палавіну бака, ён адчуў гэта, боўтнуўшы квачом, і, выцягшы яго да паловы, церануў запалку. Пэўна, ён усё ж хваляваўся: першая запалка згасла, згасла і другая, тады ён узяў з карабка іх некалькі разам і запаліў. Калі запалкі добра ўспыхнулі, ткнуў імі ў квач, той ярка пыхнуў у самы ніз кузава, жарам ударыў у твар (абпаліўшы бровы), але Бураў усё кінуў з рук і рынуўся цераз плот. Не азіраючыся, на падворку адчуў, як ззаду агняна ўзвіхрылася, зашквірчэла, ярка асвяціла наваколле, ён убачыў перад сабой на снезе свой даўгалыгі цень ля хляўка і забег за вугал. Далей, не азіраючыся, прыбег на ўласны падворак і стаў ля дрывотні — за садкамі і стрэхамі будынкаў палаў дымны пажар і чуліся крыкі — то былі музыка і відовішча, весялейшых за якіх ён не памятаў у жыцці.
Черный Маг Императора 13
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
рейтинг книги
Пророк, огонь и роза. Ищущие
Фантастика:
фэнтези
рейтинг книги
i f36931a51be2993b
Старинная литература:
прочая старинная литература
рейтинг книги
