Ведзьма (на белорусском языке)
Шрифт:
Ён адразу ж устаў, пайшоў, хапаючыся за сьцены, у прыбiральню, а ўбiўшыся ў цёмны катух, доўга стаяў там, абапёршыся рукой на халодны стаяк.
Такiмi хвiлямi, калi вушы поўнiлiся бадзёрым цурчэньнем i нiз жывата працiнаў лёгкi халадок, Макар мiжволi згадваў мiнулую п'янку, i затуманеная вiнным чадам, але чуйная й чэпкая на дэталi памяць яму нiколi не здраджвала, ды гэтым разам пахмельны чад выпетрыў з галавы рэшткi памяцi, i ён ня мог узгадаць: як там усё было, з кiм даехаў да горада i як наогул патрапiў дахаты. Але адна згадка - няўцямная, як сон, i няўлоўная, як водар парфумы, усё ж цьвелiла сьвядомасьць... Учора ўвечары
Рука ўхапiлася за фаянсавую гiру, бачок над галавой гартанна керхануў, завыў, як той воўк на пiлiпаўку, i ў гэтым шалёным, дагэтуль нечуваным выцьцi Макару выразна пачуўся ягоны ўласны голас. Нават ня голас, а роспачны крык, якi вырваўся з прапiтай глоткi i, скалануўшы каналiзацыйныя трубы, суцiх, заглушаны аднастайным шумам вады.
Звычайна людзi не пазнаюць сваiх галасоў - яны iм здаюцца чужымi, але тут ня столькi вуха, колькi сама душа Макарава пачула той лямант, i Макар ужо гатовы быў крыкнуць штосьцi самому сабе ў цёмную зеўру ўнiтаза, ды ня крыкнуў: выпусьцiў паветра i, не абабiўшы апошнiх кропляў, выйшаў з прыбiральнi.
Праз хвiлiну, падпальваючы нягнуткiмi пальцамi фаерку пад чайнiкам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбiральнi й з сардэчным клёкатам у горле прамовiў:
– Дапiўся, бляха.
Чорныя мятлiкi гэтым разам ня лёталi ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа... душа заходзiлася ад сьвербу, трымцела ў грудзiне, варушылася ў страўнiку, а калi чайнiк закiпеў-засьвiстаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сьцiснулася ў камяк i зашылася пад драбы.
Чайнiк сiпеў ня так як раней - адчайна, раскоцiста, i сярод гэтага раскоцiстага сьвiсту Макару выразна пачулiся нечыя галасы. Гаварылi двое мужык i баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьцi накшталт: Адпраўлю ў Акадэмiю - i, прыкруцiўшы ручку плiты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваньнях, забiлася ягоная ўлякнутая душа.
Насланьнё не адпускала й пазьней, калi ён чысьцiў зубы i галiўся. Электрабрытва "Харкiв" - старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю й ня столькi галiла, колькi дзёрла шчацiньне, зумкала, як цыркулярка, а калi Макар паднёс яе да шчакi, - нiбыта папярхнулася i немым голасам завiшчэла: - Забудзь мой нумар, жывёлiна!
– Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавiны, завiсла на шнуры i толькi тады загула ў сваiм звычайным тэмбры.
З ваннай Макар выкулiўся, трымаючыся рукамi за сьцены. Таямнiчыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалi, i ад таго хваляваньня пот пацёк з-пад пахаў, i ногi зрабiлiся ватнымi i нягнуткiмi. Да таго ж, душа Макарава, якая дагэтуль варушылася недзе пад драбамi, падступiла да горла, i ён адрывiста iкнуў. Абапёршыся на дзьвярны ўшак, Макар iкнуў другiм разам: зычна, ядрана, а згледзеўшы свае штаны, якiя вiселi на люстры, iкнуў яшчэ раз - цяпер ужо зусiм па-вар'яцку, страсянуўшы пры гэтым друзлым чэравам.
Штаны зьлёгку варушылiся ад проймы, i гэта стварала ўражаньне, што ў пакоi нехта сасiлiўся. Дрогкаю рукою ён зьняў штаны з кандэлябры,
"Дапiўся... да глюкаў дапiўся... Што ж цяпер будзе? Каму я такi патрэбны?" - вiхурылi ў галаве панiчныя думкi, i рукi цягнулiся да кнiжнай палiцы, i вочы выглядалi карэньчык "Мэдычнага даведнiка", i пазбаўленыя падтрымкi нагавiцы нясьпешна спадалi долу.
"Азоаспэрмiя...", "Актывацыя яйка...", "Алергii" - пажоўклы ад курава палец лiхаманкава гартаў даведнiк, а адгарнуўшы сто трыццатую старонку, гэтак жа лiхаманкава праехаўся пазногцем па словах "Алькагольны галюцыноз".
"На першы плян выступаюць слыхавыя галюцынацыi: шум, крыкi, галасы, якiя звычайна асуджаюць дзеяньнi хворага альбо выказваюць пагрозы... Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная сьвядомасьць... Хворы апынаецца ва ўладзе "галасоў", яму здаецца, што яго хочуць забiць альбо зьняславiць".
"Забiць альбо зьняславiць," - уголас паўтарыў Макар, хвiлiну стаяў нерухомы, а калi за сьцяною зноў схрапянуў сусед, захлопнуў кнiгу i з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, прашаптаў:
– Зь сёньняшняга дня - нi кроплi.
... Круглявы iмбрычак стаяў пасярод стала i спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганьне блытала думкi, напiнала нэрвы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацэдзiў у конаўку рудаватай вадкасьцi, далiў кiпню, i ў паветры запахла нябожчыкам.
– Што ж там было?
– выдыхнуў пахмельны пакутнiк, парушыўшы лямiнарную павольнасьць пары, што падымалася з конаўкi.
Адказу на гэтае пытаньне не было. Макар пацёр скронi, крэкнуў, абхапiў рукамi голаў i стаў безуважна сачыць за кружэньнем чаiнак у вiры ненастоенай гарбаты.
Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасiлi на райкамаўскую п'янку. Ладзiлi яе з нагода ад'езду Калупайкi - Iван Iванавiч ехаў у Вiцебск, другiм сакратаром абкаму.
Выбiцца з Азярышча ў вобласьць, ды яшчэ на такую пасаду - учынак амаль што неверагодны. Хадзiлi чуткi, што Iван Iванавiч даў некаму хабар, а ягоная жонка, падчас наведаньня сталiцы, гуляла зь мiнiстрам сельскай гаспадаркi i вiдавочна ў ложку - упрасiла таго прапiхнуць мужа ў абкам. Так гэта, цi не сказаць цяжка, але Калупайка зьяжджаў, i на загараднай турбазе арганiзавалi разьвiтальную вечарыну.
Пра п'янкi на "Качыным Востраве" - так назавалася турбаза - апавядалi шмат розных плётак. Слухаючы iх, Макар глытаў сьлiну, употай чухаў пахвiну, якая пачынала раптам сьвярбець, i на дне цiхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкi яго не запрашалi.
I вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымi вокнамi зь нецярплiвасьцю квакнула легкавушка. "Мандрык", - мiльганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальнiцы мутную шклянку - у Мандрыка нiколi не было з чаго пiць - i шырокiм крокам падаўся на двор.
Сябрук часьцяком прыяжджаў такой парой - ехаў з абеду ў "Азяркi" i па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялi па дзьвесьце пяцьдзесят, таропка, што тыя зайцы, закусвалi зялёнай цыбуляй i разьвiтвалiся да вечара. Гэтым разам Мiшка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, i Макар, раўнiва намацаўшы шклянку ў кiшэнi пiнжака, адчынiў дзьверцы "ўазiка". Дакладней, дзьверцы адчынiлiся самi: ён толькi нацiснуў на ручку, i на грудзiну насунулася важкая, спавiтая цупкiм полiэтыленам, туша.