Воўчая зграя
Шрифт:
Грыбаеду, як раптам Клава хліпнула і зайшлася ў сутаргавым, нейкім унутрана-неадольным плачы, і Ляўчук падхапіўся з долу.
— Што такое? Ты чаго? Ну чаго ты? Усё ж добра, Клава!
Яна ўсё хліпала, затуліўшы далонямі твар, Ляўчук не разумеў, што здарылася, і спрабаваў яе супакоіць. А Грыбаед сядзеў на сваім месцы, падцяўшы пад сябе босыя ногі, і журботна пазіраў на абаіх.
— Ну ладна. Чаго ты? — сказаў ён Леўчуку. — Ну і што! Хай паплача. У кожнага нешта ёсць, каб паплакаць. У яе во сваё. Хай!
Ляўчук сеў, і Клава сапраўды разы два хліпнула і рукавом гімнасцёркі выцерла вочы.
— Прабачце. Не ўтрымалася. Болей
— Ты кінь так жартаваць, — сур'ёзна сказаў Ляўчук. — А то знаеш… I мы заравём, на цябе гледзячы.
Вусны яе зноў скрывіліся, здавалася, яна зноў не ўтрымае ў сабе нейкую крыўду, і Грыбаед паспяшаўся запэўніць:
— Нічога, усё добра. Галоўнае — дзіцёнак ёсць. Ладны такі. Вырасце. Вайна праклятая скончыцца, усё наладзіцца. У маладых усё хутка наладжваецца. Старому ўжо тупік, а ў маладых усё ўперадзе. Не трэба ўбівацца. Каму цяпер лёгка? Мне, думаеш, лёгка? Каб мне вашае гора…
— Да, — памаўчаўшы, сказаў Ляўчук. — Давайце пра што весялейшае… От магу расказаць, як я перад вайной ледзь не ажаніўся…
Але Грыбаед, захоплены сваім, не адгукнуўся на гарэзную Леўчукову прапанову і ўсё сядзеў, нявесела пазіраючы перад сабой.
— Век сабе не дарую: ну нашто я яго тады ў Выселкі ўзяў? Чаму я яго не пабіў, чаму ў зямлянцы не кінуў?.
— Ты гэта пра каго? Пра сына?
— Ну. Пра Валодзьку. Век сабе не дарую…
— А я вот сабе не дарую — бацькі не паслухаў,— ураз ажывіўся Ляўчук і сеў роўна. — Гэта ж я ў сорак першым дамоў прыбег, — добра, недалёка бегчы было ад Кобрына да Старобіна. Пад Старобіным вёска мая, Курачкі называецца. Як немцы растрыбушылі полк, ну, апынуліся дзе хто: хто ў шталагу, хто на ўсход падаўся, хто ў лес. А я да бацькі дамоў. Прыбег, вайсковае з сябе скінуў, цывільнае апрануў, памагаю бацьку, жыву. Бацька кажа: лепей хавайся, а я — дзе там! Герой! Каго я буду баяцца?
Немцы няблізка, адзін паліцай на вёску — Казлюк такі ў нас быў — здыхля, недаробак, ходзіць з павязкай, драгунка ка плячы. Дык што я буду яго баяцца? У мяне ў самога СВТ у варыўні пад страхой, калі што, я яго ўраз шпокну. I праўда, ён мяне не чапаў, пабойваўся. Але пад вясну такіх, як я, завуць у раён на рзгістрацыю. Некаторыя пайшлі, пабаяліся — і цю-цю! Забралі. Раз так, я за СВТ і ў лес. Во тады Казлюк і асмялеў. Прыехаў з бандай ды за бацьку. «Дзе сын?» — Не знаю. «Ах, не знаеш, то мы знаем!» I забралі бацьку. I цю-цю бацька. Праз мяне, героя. Дужа смелага. А каб прыхаваўся… Дык дзе ж мне бацьку паслухаць! Ён жа на печы сядзеў, а я паваяваў ужо…
Малы пачаў нешта незадаволена варушыцца пад рукамі ў маці, затузаўся ў сваім шаўковым скрутачку, падаў ціхенькі плаксівы голас. Клава ўзяла яго — дужа беражна і няўмела, ціхенька прыгаворваючы нешта ласкавае, і Грыбаед панятліва сказаў:
— Ага, давай, давай. Бач, есці хоча. Ну, а ты адвярніся, чаго не бачыў?
Ляўчук адвярнуўся, Клава прытуліла дзіця да грудзей, трохі прыхінулася радзюжкай.
— А і добра! Яй-богу, добра, — сказаў Ляўчук, зноў выцягваючыся на таку. — Не было б вайны, была б у мяне жонка. Меў адну на прыкмеце, Ганькай звалі. Ды дзе там — ні Ганькі, ні жонкі. Вайна!
— Божа! — з праніклівай набалеласцю сказала Клава. — Хіба гэта я думала, што такая вайна. Я ж сама пайшла, сама напрасілася. Браць не хацелі, ледзь не па блату ў радыё-школу ўладкоўвалася. Думала… А тут! Божа, колькі тут гора, колькі крыві ды смерці! Як толькі тут людзі трываюць, каторыя месныя! Ну мужчыны — яшчэ панятыа. А то
— Во таму і б'юць, — сказаў Грыбаед, усё ўставіўшыся позіркам кудысь перад сабой. — Бо без абароны! Партызанаў не дужа паб'еш — здачы даць могуць. А тут прыедуць, абкружаць, пагоняць усіх у клуб ці ў абору, нібы дакументы праверыць. Усе знаюць, што не дакументы, а ідуць. Спадзяюцца. Ужо і запруць дзе, а ўсё спадзяюцца: а раптам пужаюць? I ўжо страляць пачнуць — усё спадзяюцца: а можа, не ўсіх? Так да самай смерці ўсё спадзяюцца на лепшае. Каб яно спрахла, тое спадзяванне!
— Ну няхай б'юць немцы… А каторыя нашы! Свае! Як жа ў іх рукі паднімаюцца?
— Паднімуцца! — сказаў Ляўчук і сеў роўна. — Калі ўжо на такое пайшлі, форму надзелі, вінтоўкі ўзялі, дык мусяць, што ні скажуць. Не адмовішся.
— Але як жа пайшлі на такое? — не магла зразумець Клава.
— Крыўда адолела на Саветы. Пакрыўдзіліся і падаліся да немцаў. А тыя спярша добранькія — я, я, паспачувалі ды вінтоўкі ў рукі. I загад: давай — пуф, пуф! Усё з маленькага пачынаецца.
— Добра яшчэ, калі пад прымусам, — разважна сказаў Грыбаед. — Яно і відаць, калі па прымусу. Быў вунь у Зарудзічах выпадак, як палілі — адзін немец згледзеў пад печчу падлетка ды прыкладам яго, прыкладам, запіхаў у самы кут — сядзі! I гэны ўцалеў. Усіх пабілі, папалілі, а гэны ўцалеў. Немец уратаваў. А каторыя, як звяры. Ад крыві, як ад самагонкі, шалеюць. Чым болей льюць, тым болей хочацца.
— Божа мой, божа! — сказала Клава. — Дагэтуль во ўсё сама за сябе баялася, а цяпер удвая мне баяцца нада! За яго во! Такі маленькі!.. Залаціначка ты мая горкая, няшчасненькі ты мой дзіцёначак, як жа мне ўберагчы цябе? Чаго ж гэта доля наша такая?..
Ляўчук з прыкрасцю ўскочыў на ногі — ён не выносіў скаргаў, тым болей жаночых, да якіх проста не прывык у жыцці.
— Ладна табе плакацца! Выняньчым як-небудзь! Трэба во толькі добрае месца знайсці. Відаць, тут нікога не дачакаешся.
— Дык яе ж рана яшчэ чапаць. Ляжаць ёй трэба, — зазначыў Грыбаед.
— Хай ляжыць. I ты з ёй пабудзеш. А я пайду. Трэба дзе людзей пашукаць. Недзе ж яны павінны быць. Не ўсіх жа перабілі. Мо засталося трохі.
— У Круглянку трэба падысці. Цэлая была вёска. Гэта адсюль кіламетраў дзесяць.
— Што ж, можна і ў Круглянку. У мяне там дзядзька знаёмы быў. На май разам паліцыю ганялі.
— Або ў Шыпшынавічы. Але Шыпшынавічы невядома ці ўцалелі. Пры лесе стаяць.
— Пры лесе наўрад… Дай кацялок, па ваду схаджу. Нешта піць хочацца.
Грыбаед працягнуў руку за казанком, каб падаць яго Леўчуку, як Клава зноў здрыганулася і застыла, прыслухоўваючыся.
— Што? — не зразумеў Ляўчук.
— Чуеце? Чуеце?..
— Ды што?.. — хацеў быў прыкрыкнуць на яе Ляўчук і сам схамянуўся: у ветранай паўдзённай цішы знадворку данёсся ціхенькі галасок губнога гармоніка. Ляўчук моўчкі схапіў аўтамат і сігануў да дзвярэй.
11
Дзверы ён толькі прыадчыніў на ступню і тут жа прыкрыў іх зноў — у вузкую шчыліну паміж палавінак і без таго было добра відаць, як па дарозе са спаленай вёскі каціліся дзве фурманкі з чорнымі седакамі ў іх. У руках і за плячыма гэтых седакоў у чорных пілотках тырчалі вінтоўкі, чуўся гоман, смех і ціхае піліканне губнога гармоніка. Ляўчук роспачна-злосна вылаяўся.