Воўчая зграя
Шрифт:
— Што, што там? — спалохана пачала дабівацца Клава. — Немцы, ага? Немцы?
— Немцы! — сказаў Ляўчук і раптам адскочыў. ад дзвярэй. — Грыбаед — у той кут! Ты накрыйся! — сігануў ён да Клавы і тузануў з-пад яе галавы кажушок. — I ляжы! Ціха толькі. Яны міма едуць, — сам не надта верачы ў тое, што гаварыў, спрабаваў ён супакоіць сяброў.
Грыбаед падаўся ў кут, знайшоў там шырэйшую шчыліну і стаў пазіраць на дарогу. Ляўчук прыпаў да шчыліны каля дзвярэй і не адрываў позірку ад дзвюх фурманак, якія шпарка кацілі да ручая, пераехалі яго і, уз'язджаючы на пагорак, пайшлі павольней. Ён палічыў седакоў — на пярэдняй фурманцы іх было чатыры і трое на задняй. Галоўнае цяпер было ў тым, спыняцца яны ля гумна
Не, яны не паехалі далей — па гэты бок ручая фурманкі спыніліся. Нехта там штосьці гукнуў, мабыць, па-нямецку, нехта саскочыў на дарогу, і вось ужо ўсе пасаскоквалі з фурманак. У Леўчука нядобра зашчымела сэрца — адчуў, мусіць: з гэтага ліха ім проста не выкараскацца.
— Грыбаед, чакай! Ціха!
Але і без яго вокрыку ў таку было ціха. Клава замест таго, каб захінуцца, паднялася на каленях у саломе і, горнучы да сябе малога, напружана ўзіралася ў Леўчука. Грыбаед скурчыўся ля свае шчыліны.
«Што яны, што яны будуць рабіць?» — нема перажываў Ляўчук неадчэпнае гэта пытанне, сочачы, як яны пабралі зброю, яшчэ нешта, распіхалі па кішэнях патроны і, пакінуўшы фурманкі на дарозе, рушылі па сцежачцы да іх гумна. Амаль з самага пачатку яны раздзяліліся на дзве чарады — адна скіравала сюды, на падворак, дзе былі дзверы тока, другая, меншая, пачала абыходзіць гумно з глухога ад алешнічку боку. Усё было б проста і нават банальна, калі б яны не паводзілі сябе неяк дужа спакойна — нетаропка, без усякае асцярогі, адкрыта ішлі па сцежцы. Менавіта гэтая іх неасцярога разам з няпэўнасцю іх намеру і давалі Леўчуку надзею — а вось не па іх? Можа, яны ідуць далей і пройдуць міма? Ахоплены насцярожанай увагай, ён сцяўся ля шчыліны, паставіў на баявы ўзвод аўтамат і вялікім пальцам памацаў пераводчык, каб упэўніцца, што той стаіць на аўтаматычнай стральбе.
Чацвёра па сцежцы адзін за адным хутка падыходзілі к току. Іх бы так зручна было зрэзаць трапнай чаргой, але тая самая няпэўнасць іхняга намеру ўсё не давала Леўчуку рашучасці. А вось пройдуць далей — можа, да мяжы ў жыце, па сваіх нейкіх справах, бо адкуль ім вядома, што ў гэтым гуменцы сядзяць партызаны?
— Ляўчук, што? Што? Дзе яны? — роспачным шэптам дамагалася ззаду Клава, але ён толькі варухнуў галавой.
— Ціха!
На нейкі час яны схаваліся за рогам тока, Ляўчук прыціснуўся лбом да шурпатага боку бервяна і не мог згледзець нічога. Але праз дзесяць секунд яны з'явіліся ўжо ля самай сцяны за маліннікам. Наперадзе ішоў рослы дзяцюк у суконным мундзіры з віслай ад цяжкіх падсумкаў папругай на жываце, з нямецкай вінтоўкай у адной руцэ. У другой ён трымаў цыгарку і, прыпыніўшыся, часта зацмыгаў з-пад пальцаў перад тым, як кінуць свой недакурак.
Ён ужо быў на сярэдзіне іх падворка, але і тады яшчэ ў Леўчука тлела слабенькая надзея, што, можа, пройдзе сабе далей. Ляўчук напружана сачыў праз шчыліну за яго тварам, зыркія вочкі на якім спярша слізганулі ўздоўж сцяны тока, трохі зачапіліся на рагу, мусіць, за густы край малінніку і раптам спыніліся ў доле на іх цепяльцы, ад некалькіх галавешак якога яшчэ ішоў слабы, ледзьве прыкметны дымок. Ляўчук нема вылаяў сябе за неасцярогу, але было позна. Паліцай ступіў да дзвярэй, і тыя ціхенька рыпнулі.
Ляўчук крутнуўся спінай да сцяны і ўскінуў аўтамат, аднак не стрэліў, усё яшчэ не ў стане расстацца з апошнімі імгненнямі свае надзеі,— ведаў: знадворку не вельмі ўбачыш у цемнаватым памяшканні тока. Але не паспеў яшчэ паліцай расчыніць дзверы, як каля сцяны насупраць мігнулася постаць Клавы, і ў напружанай цішы грымнуў адзін, другі, трэці стрэл. Паліцай выпусціў з рук вінтоўку і сам раптам нібы пераламаўся — упаў ці кульнуўся кудысь за маліннік. Ляўчук праз дошкі дзвярэй пстрыкнуў кароценькай чаргой наўздагон і, адчуваючы, што зараз стрэляць і ў іх, выцягся на земляным доле. Перад ім, забіўшыся пад
— Лажысь! Лажысь! — паспеў крыкнуць ён два разы, як першая куля знадворку імпэтна пранізала сцяну, адшчапіўшы ад бервяна тоўсты аскалёпак сухога дрэва. З двух бакоў тока часта забухалі стрэлы, кулі з глухім важкім стукам у некалькіх месцах прадзіравілі струхлелае бярвенне сцен, парахнёй і пылам асыпаючы цвёрды гліняны дол.
Нядоўга паляжаўшы ля дзвярэй, Ляўчук паўзком кінуўся да сцяны насупраць, зірнуў праз нізкую шчыліну. Вінтоўкі бахалі, часам не зразумееш, адкуль, ва ўсіх напрамках ціўкалі кулі, але каменны падмурачак няблага прыкрываў іх у доле. Праўда, маліннік, які рос тут знадворку, месцамі густа пазахінаў шчыліны, і Ляўчук баяўся, каб тыя злыдні не падышлі блізка. Зблізку яны маглі б уварвацца праз дзверы, закідаць іх гранатамі ці расстраляць з аўтаматаў ва ўпор. У што б там ні стала, іх трэба было трымаць як мага далей ад тока. Здалёк хай страляюць. Цяпер, калі ўсчаўся бой, для Леўчука ўсё стала проста і звычайна, тут ужо ніякай няпэўнасці не было, бо не было дурной дзіцячай надзеі на авось. Ён разумеў, што папаліся яны як мае быць, і ўсё ў ім сцялося, сышлося на адным — не дацца!
Ён кідаўся ў доле ад сцяны да сцяны, заглядваючы ў шчыліны, але, мусіць, немцы пападалі таксама, і пакуль у кутку не пачаў бахаць з вінтоўкі Грыбаед, Ляўчук не мог згледзець, куды яны падзеліся. Але раз Грыбаед страляў, значыць, ён нешта бачыў з таго, свайго боку. Клава ляжала пад сцяной і, усё горнучы да грудзей малога, не зводзіла позірку з дзвярэй. Ляўчук толькі адзін раз зірнуў у яе роспачна акругленыя вочы і падумаў, што ёй не пашэнціла канчаткова. Папаліся яны ўсе добра, але ёй будзе горш за ўсіх. Ён хацеў неяк падбадзёрыць яе, толькі не знайшоў для гэтага слоў, а мацюгнуўся ў душы і кінуўся ў асець. Той канец тока не быў прыкрыты нікім, — мусіць, яго трэба было прыкрыць самому.
У прасмярдзелай дымам і сажаю асеці было цямней, чым у таку, а найгорш — не свіцілася ніводная шчыліна, апроч слепаватага вузкага акенца ў сцяне. Ён сунуў у шкло аўтаматам і зараз жа пляснуўся на ўсланы жэрдкамі дол — адначасна непадалёк ляснуў стрэл, і ў сцяну наўскос ад акна хлёстка цюкнула куля, чорны бок бервяна засвяціўся белаю плямкай. «Значыць, ужо пад абстрэлам і гэты бок тока, значыць, у жыта таксама не выскачыш», — сумна падумаў Ляўчук.
Паляжаўшы трохі, ён асцярожна падняўся да акенца і збоку зірнуў у напрамку да алешніку. Над краем жытняй нівы чарнелі па грудзі дзве постаці — яны пільнавалі яго ад асеці. I ён, не высоўваючы аўтамата, даў наўскос праз акно кароценькую чаргу ў іх бок — хай ведаюць, што і тут ёсць каму стрэліць. Хай не спадзяюцца! Потым, прыгнуўшыся, ён выскачыў цераз высокі парог у ток і ўпаў пад сцяной ля Грыбаеда, які ўсё пільна ўзіраўся праз шчыліну. Клава ляжала за саломай, старанна прыкрываючы сабой беленькі скрутак з малым. Бахнуў адзіночны стрэл, ціўкнула пад бэлькай куля, а затым страляніна вакол чамусьці спынілася.
— Грыбаед, патронаў багата?
Грыбаед павярнуўся на бок, не адрываючы позірку ад шчыліны, абмацаў кішэні мундзіра, выцягнуў некалькі абоймаў.
— Во чатыры абоймы.
— I ўсё?
— Ну.
— У цябе, Клава?
— Было восем штук.
— Тры стрэліла, засталося пяць. Да-а… Паваюеш тут!
Становішча ўвогуле было жахлівае, калі не зусім безнадзейнае, іх абклалі з усіх бакоў і трымалі пад неаслабным абстрэлам. Канечне, патронаў у тых хапала, а тут проста смешна было думаць, каб доўга адбівацца гэтымі пяццю дзесяткамі. Але тады што ж? Трэба было на штось спадзявацца ці на што наважыцца, толькі Ляўчук не мог нічога прыдумаць. Паляжаўшы, ён трохі аддыхаўся і пасунуў пераводчык агню на адзіночныя стрэлы. Цяпер ён рашыў страляць толькі прыцэльна і па адным патроне.