Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
— Уцякайма, бо прыдуць і яны нас ці запаляць, ці паб'юць. Бяжым, няхай страляюць, ды і ўсё.
Дык мы кінуліся на могілкі, дзеці тыя і мы. Мы пападалі — там яма была. Трое дзяцей уздоўж дарогі бы к Раманаўцы пабеглі, а двое ўпалі: вецер з хвоі зламаў шчытка, дык яны залезлі ў той верх. Ды і пазасыналі там. А мы ў той яме былі. Бачым, што стаяць немцы ўвакруг могілак. Падняцца нам няма як: яны ходзяць і гамоняць, чутно. Ну, не ўстаём. Ужэ яны і пайшлі адсюль, а нам удае, што стаяць там. Спяць дзеці…»
(Улляна Казак. Казіміраўка Мазырскага раёна.)
Вось так псіхіка
Нягледзячы на ўвесь мінулы вопыт, які пакінулі чалавеку і чалавецтву тамерланы і чынгісханы ўсіх вякоў і народаў.
Калі так памятаюць, такія дакладнасці — верыш у праўдзівасць усяго. Сядзіць жанчына — трывожны, запытальны, гатовы да пакуты твар, погляд — як у бальніцы перад сур'ёзнай аперацыяй. Тут не да прыдумак!..
Некаторыя расказваюць з такой гатоўнасцю, быццам яны тут чакалі гэтага ўсе тры дзесяцігоддзі — каб вось так некаму, хто ад далёкіх людзей прыехаў, паскардзіцца, усяму свету паведаміць, што тут рабілі з імі.
(Акуліна Панкратаўна Габрусь. Казулічы Кіраўскага раёна.)
«…Ну, у мяне была дзеўка, два гадкі, на руцэ, во тут во. Праўда, у мяне дакумент быў, узяла я дакумент. Ну, гналі, прыгналі. Я думаю, божа ж мой, дзе ж мая сям'я? Толькі адна дзевачка ў мяне на руцэ. Прыгналі. Хто гаворыць, што будуць у бежанцы гнаць, а хто гаворыць, што будуць біць, а хто яго ведае! Я думаю, куды мне, божа мой? Потым пагналі людзей па шляху. А суседка ідзе ды гаворыць:
— Ат, Куліна, пайшлі, куды людзі, туды і мы! Дайшлі мы толькі да крупадзёркі, з-за хаткі выходзім, і немцы выносяць тыя вясы. Дык я гавару:
— Ну, маладзічка, нам ужо бог даў.
А нам было слышна, што ў Люціне загналі ў мельніцу і спалілі людзей. Я гавару:
— Ну, Аўгіння, нам ужо бог даў. Яна гаворыць:
— Ага, ужо.
Ну, іх абнялі кругом, адзін паўз аднаго стаялі — кругом! I пальцам не прасадзіш — ад шляху і да шляху, кругом гэтага будынка. А людзей поўны ж двор. I вот іх пруць у гэтыя дзверы, душаць, гоняць у етыя дзверы, а там — у крупадзёрку. А ў мяне дзевачка на руках во тут во. I ў мяне дакумент. Я як зірнула — ужо мама там і тата. Етых людзей ужо так душаць, так б'юць! Адзін тут стаў прасіцца, дык яго — прыкладамі. На штысе і паперлі туды. Гэта мужчына быў. Малады папаўся. А я з етай дзевачкай. Азірнулася во гэтак назад — мама стаіць мая.
— Мамка, — гавару, — ужо ўсё наша!
Я яе цалую, дык яна як лёд. А тата ўжо далей трошка. А ўжэ… А тут адна, знаеш, жанчына — дзве дзевачкі і яна. Яны к немцу аднаму, папрасіліся — ён пусціў. Гэта во, Улляніха. Прапусціў. Тады я зірк — божа мой, трэба было і мне з мамай ісці! I мне ўжо цёмна ўваччу стала, я нічога не бачу. Толькі бачу цень чалавека, каторы ўжо пусціў етых. Дык я падышла ды: «Пан!» — во гэтак перахрысцілася, а тады ета мая дзевачка — у мяне во тут дакумент быў, я і забылася на яго — ета маё дзіця выцягла гэты дакумент. «А божа ж мой, дык гэта ж у мяне дакумент!» Я ж ужо забылася…»
За нішто маглі забіць цэлую вёску. Бо мардавалі — лішне не разбіраючы, хто там які, ёсць у яго іхні «аўсвайс»
Пытанне: — Колькі вашай дзевачцы было?
— Два гады.
Пытанне: — Яна сама ўзяла гэтую паперку?
— Ну, яна гэтак во… Я яе дзяржала, я на яе забылася, ужо мне цёмна было ўваччу, нічога, толькі бачу, як цень чалавека ідзе. Я — яму, а ён, праўда:
— Матка, туды!
Я перабегла на гэты бок, упала. Упала з гэтай дзевачкай. Потым прыпаднялася. I ідуць наперадзе — адзін шарэнак [6] , другі шарэнак. Думаю — усё роўна — тыя пусцілі, етыя заб'юць. Не. Не кранулі. Тут даходжу толькі да гэтага, да шляху, ідзе чалавек. Нясе дакументы, збегаў і ўжо дакумент гэты ўзяў, і жонка, і двое дзетак. Клуначкі яшчэ адзежы нясуць. Я думаю: «Госпадзі, куды ж вы, людцы!» Думаю, скажу — другія ж прайшлі і не сказалі ім, — думаю, скажу, дык і мяне заб'юць. Іх ужо як давялі, дык убілі там…»
6
Шарэнга.
Забілі, хоць таксама «дакумент» меў чалавек. Які ўжо тут дакумент, калі дзейнічае «план»!
«Я як азірнулася: «Э-э, ужо дым!» Толькі пулямётам, чутна была: тр-тр-тр! Як пхалі там, так адразу і білі. А тады ўжо і запалілі. А гэтага немец вёў, што з дакументам, каб жа не немец, дык я б сказала, што забіваюць.
Тры гады яно мо ў мяне з воч не сходзіла, стаяла ўваччу і стаяла…»
I цяпер яно не «сходзіць з воч» у Акуліны Панкратаўны — тое, як забівалі Казулічы — яе родных, суседзяў.
Знайшлі мы і тую жанчыну, пра якую гаварыла Акуліна Панкратаўна — Дрозд Улляну Пракопаўну. Яна таксама на свае вочы бачыла ўсю жудасць расправы над жыхарамі Казуліч.
«…Ну, мы ўжо сталі… Усіх акалацілі, толькі адны хаты асталіся. Бацька і маці мае і дзве сястры меншых. Яны к шляху, а я асталася і яшчэ свіней двое і дзве каровы панакрывала саломай. I сабака на цапе. Яны падышлі:
— Авек, авек, авек!
Я сабралася і пайшла к шляху. Выходжу — усе стаяць се-ем'ямі! I плачуць. Стаяць навыцяжку і плачуць…
I павялі нас. Дзе вот гэтае кладбішча, тут стаяла мельніца, крупадзёрка, жыў мельнік. Так старая хата яго была, а так новая. Ну, вот туды заходзяць:
— Заварачвайце направа!
Заварачваем. Мельніцу расчынілі на дзве палавінкі, і ля дзвярэй стаяць вясэ мельнічныя.
— Захадзіце, вынасеце вясэ! Нямецкая адзежа, а па-руску гавораць:
— Захадзіце! Ніхто ж не ідзе.
— Захадзіце!
Ніхто не ідзе ў гэту мельніцу. Яны — такія плёткі разінавыя, цераз руку во гэтакі рамень — і гэтай плёткай цераз галаву, цераз галаву! У раду ішлі сем'ямі, дык вот так мужчыны пазакрываліся. Кінулі біць. Кінулі, крупадзёрку гэту расчынілі — а крупадзёрка на дзве палавіны, шырокія дзверы, завал быў. Яны адкрылі гэтыя дзве палавінкі дзвярэй: