Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
— Не.
Дык ён кажа:
— Не варушыся, бо ходзяць дабіваюць.
Праз мінут, можа, пяць падыходзіць немец да мае галавы, узяў нагою за маю галаву, а я гэтак во… (Паказвае.) I ён пайшоў далей.
А потым ужо гэты Ламака Васіль устаў і гаворыць:
— Хлопцы, хто жывы застаўся, уставайце. Немцы паехалі.
Устаў я, і пайшлі мы па трупох шукаць людзей, каторыя жывыя.
Яшчэ я застаў сваю сястру, ёй было тады сем лет. У яе была нага перабіта ніжэй калена. Я яе метраў, можа, сто, можа, семдзесят аднёс. Ну, тады ж я быў пацан,
Ну, у лесе мы таксама хадзілі двое сутак. Есці ў нас не было чаго, мы там абнаружылі партызанскі лагер. Прыйшлі мы ў той лагер, было там трохі пшаніцы і мяса нямнога. Узялі мы каструлю. Голыя ж мы былі, ніхто ж не знаў, што прыдзецца яшчэ доўга жыць. А ўжо зіма была. Знайшлі мы нейкага матэрыялу на парцянкі, адзеліся трошкі, узялі гэтую пшаніцу і мяса, наварылі там, пад'елі…
А на другую ноч рашылі: хадзем у сваю вёску.
Прышлі мы туды, дзе я палажыў сястру, — сястры ўжо не было. Дзе яна падзелася — ці яе забралі ды разам з людзьмі засыпалі, дабілі, ці яна сама зайшлася, — хто яго ведае. У лесе яна ляжала, прама ў лесе, бо я яе метраў сто, можа, і менш, аднёс за прыгорак, яна стала прасіцца, і там я яе палажыў…
Ну, а потым узялі мы ў вёсцы хлеба, у каго дзе знайшлі ў каморцы, што-небудзь так, мяса якое-небудзь…
Падыходзілі мы потым і да магіл, але яны былі ўжо ўсе засыпаныя. Яны прыгналі з Малое Волі людзей і засыпалі.
Узялі мы прадуктаў з вёскі, дзе ў каго што знайшлі, — галодны ўжо не глядзіш, сваё не сваё, ліш бы дзе, — і пайшлі ў лес.
I думаю я: пайду дзе да людзей, шукаць людзей.
Ішоў, а там стаяла адрынка, гумно такое на балоце. Каторыя багачшыя людзі, то стаўлялі там гумна і клалі сена. Заходжу я ў тую адрынку — ляжыць Барыс паранены. Я гавару яму:
— Барыс, што рабіць, як цябе ратаваць? Яму ўжо гадоў дваццаць было. Ён мне кажа:
— Схадзі да Крупіцаў, да маёй сястры, скажы ім, няхай па мяне прыедуць.
Ну, я і пайшоў памаленьку, разглядаючы, каб дзе не нарвацца, і дайшоў аж да Крупіцаў, наказаў, і яны яго забралі.
I я сам астаўся ў Крупіцах, у цёткі, мамінай сястры…»
Другі Ламака, Радзівон, якраз быў тут, у роднай Вялікай Волі, — прыехаў з Ленінграда ў адпачынак.
Знайшлі мы яго на беразе Шчары, з малою Любушкай, дачкой, што ведае і любіць татаву вёску, вельмі ахвотна прыязджае з ім сюды, на сырадой, сон на свежым, духмяным сене, да быстрай і маляўнічай Шчары. Хоць і вузейшая яна за Няву, але ж такая празрыстая, цёплая. А лес — суніцы, чарніцы, лісічкі, баравікі!..
Працуе Радзівон у Ленінградзе «дзяжурным механікам у харчовай прамысловасці». Падаўся ён туды адразу пасля вайны, там закончыў рамеснае вучылішча, а потым тэхнікум.
У тым жахлівым снежні яму было адзінаццаць год, і ён, як сам гаворыць, «усё добра памятае».
«…Прыйшлі яны, немцы, сабралі ўсіх і выгналі на развілку дарог. Усіх паставілі, перш мужчын адагналі ў адзін бок, а тады жанчын і дзяцей — у аддзельны бок. I зрабілі кіназ'ёмку. Тады я не разбіраўся, што яны робяць, што гэта да чаго. Давалі каманду паднімаць
Пасля першую парцію мужчын пагналі, жанчын адных аставілі. Пабілі мужчын — пагналі жанчын з дзецьмі…
Колькі там крыві, колькі енку было!..
Не ведаю, як гэта вышла так удачна, што ў мяне не папала ніводная пуля, ніводнай царапінкі не было.
Усе ляжаць, пабітыя, а немец — як сягоння помню — ходзіць з аўтаматам і дабівае…
А потым я падняўся. I не ведаў, што ж мне рабіць. Пайшоў яшчэ дадому схадзіў. Потым ізноў прыйшоў на гэтыя могілкі. А ў вёсцы ўжо няма нікога. Прыйшоў я на могілкі, а там адна жанчына яшчэ жывая. Узяла яна мяне за руку і кажа:
— Хадзем у лес!
Прыйшлі ў лес. Пасля мы знайшлі, на другі дзень, Ламаку Стася і Васіля. Ужо нас было чатырох. Ідзём далей. Потым знайшлі Ламаку Стэфу з дзяўчынкай Маняй, дванаццаць гадоў. Калі мы іх знайшлі, дык яны гавораць:
— Там вунь ляжыць Ламака Іван. Ён ранены. Гэта мой родны брат.
Пайшлі мы і прыцягнулі яго да партызанскага лагера, «пад вялікую яліну», як тады гаварылася. Лагер той быў пусты. Ранены стогне, перабітая нага… Пасля яму яе ампуціравалі.
Прабылі мы там шэсць дзён, бо немцы яшчэ кругом курсіравалі. Потым адзін кажа:
— Ці так, ці так паміраць — давайце брацца дадому.
Брат мне кажа:
— Ідзі дадому. Там у яме гарэлка стаіць. Каб мне не замерзнуць — нацерціся трэба.
Прыйшоў я дадому — ані душы. Прыпоўз я, у яму тую спусціўся, а ў хату не заходзіў. Схапіў там пару бутэлек тое гарэлкі і назад у лес да яго.
Прыйшоў у лес, дык ён узяў там ды рану сваю абмыў.
Пераначавалі мы яшчэ адну ноч, зноў ён гаворыць:
— Ідзі паглядзі, прынясі што-небудзь. Але асцерагайся.
А хаты нашыя — у лесе. Прыпоўз я, бачу — стаіць нейкі мужчына. Падышоў я бліжэй, давай прыглядацца, а гэта наш сваяк з Крупіцаў. Расказаў я яму пра ўсё, а ён запрог кабылу, і мы паехалі ў лес. Прывезлі брата ў Крупіцы, і там ён ляжаў…»
Міколу Багдановіча знайшлі мы ў Слуцку, на будаўніцтве мясакамбіната. Якраз канчалася змена, і саракатрохгадовы цесля, зачыніўшыся з намі ў прарабскай, за дашчанымі сценамі якое чуўся грукат і гоман, расказаў, як ён калісьці ўцякаў з роднай вёсачкі Гандарэва, калі яна была ў сваім апошнім агні.
«…Мы якраз былі ў хаце ўсе. Маці ставіла есці на стол, а тут немцы наляцелі на дзярэўню. Ніхто нікуды не паспеў уцячы.
Немец прыйшоў у хату і гаворыць:
— Матка, ідзі карову выганяй!..
Яна пайшла, а ён дастаў пісталет і ўбіў яе. На маіх вачах. У хляве. А потым вярнуўся ў хату. А я на дварэ схаваўся.
Брат быў другі. Ужо быў раздзеты, нібы хворы ляжаў — каб у Германію не ўзялі, — дык ён узяў і застрэліў яго ў пасцелі. Меншага брата з печы зняў… Дзевачку таксама ўбіў…
I выйшаў з хаты.
А я потым убег, брата падняў меншага, Ваню, і — уцякаць з ім.
Выбеглі мы з хаты ўдвух, і я яшчэ пабег у хлеў, маму паглядзець. Думаю: калі брат жывы, дык, можа, і ў маму не папалі…