Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
А ён кажа:
— А я і прасіцца не буду, і гаварыць нічога не буду. Бо мы ўжо абодва абмерлі са страху. Прыгнаў нас той немец назад у вёску. Ужо ўся вёска гарэла. Машыны пачалі ўжо раз'язджацца. А цэп рабіла прачоску.
Бачым — адзін чалавек праз акно выскачыў, а немцы — за яго. I ўжо не стралялі, а жыўём у агонь кідалі. Ну, нічога я так не баяўса… Думаў, няхай ужо мяне заб'юць, але толькі б у агонь не кідалі жывога.
I ён мяне не страляў, той немец, а вёў туды, дзе гарэла, каб у агонь кінуць. Кажу я свайму таварышу:
— Косця, кіне ён нас жывых у агонь.
I прывёў ён нас на тое самае месца, адкулі» мы ўцякалі. А тут ідзе нейкі афіцэр, ці хто
— Пане, я не адгэтуль, я з Сухініч. Тут нас забіваюць, а мне трэба дахаты ісці.
Немец, каторы нас прыгнаў, зараджае вінтоўку, каб застрэліць мяне. А гэты, што сустрэў нас, патрос на яго кіем і пусціў мяне. Я адышоў трохі, а потым вярнуўса.
— Пане, — кажу, — гэта мой таварыш, Косця. Пусціце і яго. Ён таксама з Сухініч, Косця Барадаўка. Каровы пасвіў, наняты ў Княжаводцах…
I немец нас адпусціў. Калі мы ішлі, дык Косця ажно мне свой карандашык аддаваў… Цяпер ён далёка, у Расіі. Жаніўся тут. А чашнікам [14] мяне, нябось, не ўзяў…»
Бацька траіх дзяцей, знатны каваль і электразваршчык у калгасе «Светлы шлях», Мікалай Антонавіч Кая пасяліўся і жыве ў Сухінічах, у той суседняй вёсцы, якую ен назваў роднай у хвіліну смяротнай пагрозы.
Сядзіць ён з намі ў новым калгасным праўленні і нетаропка разважае:
— Цяпер людзі зайздросцяць, што дом харошы я сабе зрабіў. Але не кажуць, колькі я нагараваўса!..
14
Чашнік (дыял.) — шафер.
Не трэба зайздросціць Мікалаю, яго залатым рукам, яго рупнасці, яго шчасцю. Хоць дом — і сапраўды як цацка, як нейкі казачны церам. Такое хараство, мабыць, неаднойчы снілася асірацеламу, загнанаму хлапчуку, які пасля тае навалы, як і брат Васіль, не мог жыць нават у замужняй сястры ў Сухінічах. На кожным доме былі вывешаны спіскі яго жыхароў. Па гэтых спісках паліцыя правярала людзей і хапала ўсіх, каго не было ў спісках, а гаспадароў карала за прытулак непрапісанага чалавека высылкай, смерцю. Доўгімі асеннімі начамі тулялася дзіця па кустах. Зімой зашывалася ў адрынкі і гумны. У няшчаснае сіраты не было дома з дошчачкай, на якой можна было б напісаць імя. Гнаны пагрозаю смерці, забрыў Мікалай ажно пад Ваўкавыск, прытаіўся там пастушком. У тую пару бяздомнасці, непрытульнасці, жахлівай адзіноты як не сніць было яму пра ўласны дом? Можа, іменна тады апаленая крыўдай і горам фантазія і знайшла формы і фарбы гэтага казачна размаляванага дома. Свайго — назло ворагам — бяспечнага і ўтульнага гнязда.
Старэйшы брат, Васіль Антонавіч Кая, таксама асеў у Сухінічах, і жыве ён у абжытым, як старая моцная борць, доме. Акуратнасць у хаце такая, што боязна ступіць. Кухня чысцюсенькая, бялюсенькая, як аптэка. Спраўнаму муляру з міжкалгасбуда, відаць, падабаецца гэтая звышакуратнасць. I ён за той жахлівы дзень уцёкаў ад смерці і доўгія гады беспрытульнасці паспытаў удосталь агіды да ўсяго неразумнага, бязладнага, грубага і бруднага, што можа несці ліхалецце.
На ганку стаіць хлопчык — Васілёў сын, таксама акуратны, дагледжаны, упэўнены ў сабе падлетак. Ён усміхаецца і не адводзіць позірку, калі адзін з нас хоча яго фатаграфаваць.
«Калі ласка, здымайце, — гаворыць нам яго ўсмешлівы твар, — здымайце, я падабаюся не вам адным, незнаёмыя людзі, ну, што тут благога. Так быць павінна».
Калі мы, у калгаснай кузні, папрасілі Мікалая Каю адарвацца на хвіліну
Хтосьці з яго сяброў па рабоце пацікавіўся:
— Куды ты?
I каваль адказаў са сваёй прастадушнай усмешкай:
— На павышэнне!..
Збышын
Мясцовыя людзі, на магілёўскі лад, гавораць Збушын, а не Збышын, як завецца гэтая вёска афіцыйна. Вялікая вёска, свабодна раскіданая па лагодных узгорках дзесяткамі рэдкіх домікаў у садах.
Чэрвеньскі поўдзень, сонечны, але з выразнымі намёкамі на блізкі пералётны дождж. На зялёнай паляне ўзвышаецца некалькі старых ліп. На сонцы і ў густым цянёчку шуміць шматфарбны святочны натоўп. Самадзейны духавы аркестр час ад часу старанна выдзімае полькі, кракавякі, вальсы. Але танцаў няма… Прадаюцца напіткі, марожанае, кнігі. Малыя бегаюць з каляровымі шарамі на нітачках, шары і лётаюць і лопаюцца — на звонкую, шчабятлівую радасць. Старыя людзі то ідуць яшчэ ад хат, спакваля паспяваючы на свята, а то ўжо сустракаюцца з суседзямі, аднавяскоўцамі і з бліжэйшых вёсак, з прыезджымі землякамі — з раённага Кіраўска, з Бабруйска і, як тут гаворыцца, з Мугулёва. Няхай сабе — цяперашнім светам адусюль недалёка, а ўсё ж сустрэчы блізкіх бываюць не вельмі частыя. Усё спяшаемся, браток, кудысьці ўсё бяжым… Моладзь — як моладзь — паводзіць сябе або трохі бяздумна, або проста весела, то ходзячы групкамі, то стоячы, аднак жа і стрымана. I танцаў няма, і песень не чуваць, і кракавякі гучаць недарэчна…
Што ж, каб не помнік на ўскраіне паляны, на лёгкім узгорачку каля агародаў, ды каб не ведалі людзі, штб іх сабрала, можна было б лічыць, што весялосці тут малавата. А некаторыя нават і плачуць…
Сёння трыццатыя ўгодкі таго жахлівага дня, калі ўвесь Збышын быў расстраляны і спалены. Сённяшнія дзеці і моладзь — гэта падсада, якая ўзнялася на крывавых папялішчах ад таго, што трохі збышынцаў, цяпер ужо і ў сіле веку, і старых, вярнуліся з партызанскіх атрадаў, з франтоў, з няволі, з эвакуацыі. А яшчэ менш людзей, вельмі і вельмі нямнога, цудам уратавалася ад фашысцкіх карнікаў.
Тут, у натоўпе, нам іх, па адным, па два, паказваюць — людзей з таго свету, з-за той мяжы, што 21 чэрвеня 1942 года пралегла агнём і крывёю паміж былым і сённяшнім мірным жыццём.
Мы просім гэтых людзей, то аднаго, то другога, пайсці з намі ў далейшую хату, дзе не чуваць будзе свята, і расказаць пра тое, што было. Яны ідуць ахвотна, можа, і таму яшчэ, што тут, у натоўпе, іх не бярэ, не супакойвае сённяшні сонечны дзень, а хочацца, больш чым калі, гаварыць пра мінулае.
Недалёка ад паляны, дзе стрымана гамоніць святочны натоўп, над Збышынам, на абгарэлай ліпе, узвышаецца буслянка. Бусляняты яшчэ не лятаюць — яны бялеюцца на гняздзе, і іх далёка і здалёк відно.
Відно іх і праз акно той хаты, дзе на стале, які засланы белым абрусам і застаўлены кветкамі, ціхенька шуміць наш руплівы магнітафон, перад якім самавіта сядзіць Соф'я Піменаўна Скірманд, поўная і спакойная сямідзесяцігадовая бабуля.
«…Людзей, значыць, гналі ў хату — у маю. Я раньша за іх увайшла ў хату сваю, першая. Двое дзяцей са мной было, хлопчыку тры гады, дзевачцы восем месяцаў было. Я ўвайшла ў хату — бачу, што плоха. Я ўдарыла ў акно — яно вылецела. Я дзяцей высадзіла за акно.