Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Вось як гэта сфармуляваў адзін з найбліжэйшых памагатых Гітлера, «тэарэтык» Розенберг, за два дні да нападу на СССР:
«Непасрэдна да гэтай граніцы (перад тым размова ішла пра будучыню Прыбалтыкі. — Аўт.) прымыкае беларуская — як цэнтр збірання ўсіх сацыяльна шкодных элементаў, цэнтр, які будзе ўтрымлівацца накшталт запаведніка».
Але спачатку, як ужо гаварылася, планавалі «выселіць» (знішчыць) 75 працэнтаў беларусаў, — каб спакайней было працаваць у тым «запаведніку».
I
Аднак за лёсам гэтых вёсак, гэтых людзей трэба бачыць і іншае: сотні тысяч дзяцей, жанчын, старых і нямоглых жыхароў нашых вёсак і гарадоў, людзей, якіх выратавала ад знішчэння ўсенародная партызанская армія, — выводзячы іх у лясы, за фронт, ствараючы ў варожым тыле савецкія раёны, абараняючы і атакуючы. Паўмільённую плойму фашысцкіх забойцаў праглынула вогненная партызанская зямля…
Калі фашысты не здолелі, не змаглі рэалізаваць свой план «абязлюджання» Беларусі, стварэння на яе тэрыторыі вялізнага «запаведніка-канцлагера» для народаў Еўропы, дык гэта не таму, што яны перадумалі ці расхацелі. Узняўшыся на свяшчэнную барацьбу, савецкі народ, народныя мсціўцы — партызаны, Савецкая Армія зламалі гэты гітлераўскі план.
Вялікая Гарожа
За добрым жытам — спакойная вёска, якая мела, мае і павінна мець права на мірную, працавітую цішыню.
Даўнавата дажджу не было, а пазаўчора і ўчора раздобрыўся. Цяпер пагодлівы адвячорак. А ў лесе, што сінеецца за жытам і за вёскай, пайшлі патроху першыя чэрвеньскія сыраежкі.
Двор, у які мы зайшлі, акуратны, роўна парослы чысценькай травой. Многа дроў, складзеных у стажок. Каля ганка бабуля чысціць грыбы. Сама ў гумовых боціках, яшчэ мокрых: толькі што з лесу вярнулася. Тут яно і прыйшло — адкрыццё штогадовай радасці: пасля дажджу — грыбы. I добрая зачэпка для размовы.
Бабулі Патапейка, Марыі Змітраўне, семдзесят другі год, хоць па выгляду столькі не даў бы. Рухавая, прыветліва вясёлая. Ажно яе вяртаць у даўняе, у страшнае не хочацца. Ды ёй і самой не ахвота. Вось пасумнела адразу…
«…Раненька я ў печы палю, бліны пяку, ну, а хлапчук быў у нас, сын, дык ён пабег на вуліцу — ужо гуляці к суседам. Ужо бег ён туды, бег — ой, нешта па вуліцы страляюць, пулі свішчуць!.. Ну, дык мы закрычалі на яго:
— Вот табе нада бегчы, сядзі ціхенька!
Ну, ідуць па сяле, ідуць — немцы, бачым, што немцы!.. Тут калодзеж быў, яны паставілі пулямёт. I каровы ўжо з таго канца гоняць, гоняць, гоняць. Мой на мяне:
— Падаі.
Трэба б ісці пацвіркаць, дык баюся. Ён:
— А, чаго баяцца! Ідзі, бо во забяруць карову.
Ну, я пайшла, цвіркаю, цвіркаю…
Пытанне —
— Ага. Даю. Страляюць. Страляюць па дварах, страляюць. К суседу вот сюды падышлі ўжо, страляюць. Я кінула даіць і іду. Толькі іду, вот тут стрэлася — бягуць! На двор бягуць, бягуць немцы. I пытаюцца, каровы ці ё, куры ці ё, гусі, коні, авечкі, усё. Ну, больш нічога ў нас не было, толькі карова яшчэ была, куры яшчэ былі… Конь быў, дык мы схавалі, схованы быў.
Пытанне: — У лесе?
— Ага, у лесе.
Ну, я кажу:
— Карова е, куры е, больш нічога. Вярнулі мяне, каб я карову выгнала.
Я выгнала ім карову. Тады іду, а яны бягуць за мной у хату, бягуць. Ну, убеглі і нас на двор гоняць, ага, да каменданта. Ну, а мы дзяцей ужо кінулі, кажам:
— Дзеткі, пабудзьце ў хаце, а мы, можа, адны сходзім.
Ну, мы пайшлі, а немцы пабеглі і павыганялі дзяцей з хаты, і яны зноў к нам прышлі. Мы ўжо ідзём па вуліцы, і ідзе немец. Адзін ды два яшчэ… Ідуць, халаты ў крыві-і… Стрэлі нас, пытаюцца:
— Партызаны ці былі? Ну, мы кажам:
— Былі. Што ж, былі.
— Колькі?
— Чатыры было падводы.
— А што бралі?
— Усё бралі, што ім нада. I хлеб, і картошку, і мяса.
Тады камендант адсюль, з естага канца, падышоў і на яго: «Гер-гер-гер». I сказаў каровы ўжо гнаць, ужо каровы ў Асіповічы гнаць.
Пайшоў мужык мой. I дачка. Але яна бачыць, што я не іду, дык і яна вярнулася. Кажу:
— Чаму ты вярнулася, чаму не бегла з бацькам? Ён там недзе схаваецца, і ты б схавалася. А пойдзем туды, дык там папаляць, паб'юць нас.
Яны і праўда пастроілі дзевачак, асобенна і нас асобенна. Дзевачак — каровы гнаць. I спрашваюць:
— Партызаны былі?
Першага спрасілі. Ён кажа:
— Не было, не бачыў.
Як не бачыў, дык немец яго за карак… Ён дзіцятка на руках дзяржаў. За карак і — пад хлеў, у снег, у гуру, і забіў.
Пытанне: — I дзіця забіў?
— Ну, і дзіця там з ім, і дзіця. Ага. Патом жонка ўжо з дзіцяткам большым за ручку і: «Э-э-э!..»— загаласіла, загаласіла. Ён і яе туды, і забіў. А хлопчык ля мяне стаяў — такі вот хлопчык…
Пытанне: — Іхні хлопец?
— Ага. Рвануўся бегчы к ім. А я за яго, кажу:
— Не бяжы, стой, стой!
Ён, праўда, стаў, стаіць. I цяпер жыве недзе ў горадзе, бог яго знае. Патапейка яго фамілія. А зваць як — забыла…»
Мы гутарым у светлай, чыстай кухні. Каля акна ціха стаяць дзве гарадскія ўнучкі, госці на канікулах, адна падлетак, другая яшчэ дзіця. I дзед сядзіць, Кастусь Карпавіч, гаспадар. Ён вярнуўся з сельмага, яшчэ калі мы былі з бабуляй на дварэ. Ад брамкі павітаў нас вясёлым: «Здаровы, хлопцы-пратапопцы!..» Цяпер вось ён заслухаўся, маўчыць, а потым і сам пачынае: