Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Сталі мы там дзяліць дабро на сірат. Ну, я і думаю, што як мне дрэнна, то і другому ж таксама тое дрэнна. Адзін кажа, што каторае дзіця ад тых, што за немца былі, то яно — інакшае. А гэта ж усё роўна нашыя дзеці, а тое, што маці яго ці бацька немаведама дзе, то што ж яно, дзіцятка, вінавата. Я ўзяла ды ўступілася там за адну, бо яны бедныя, нічога ў іх не было, а іх, дзяцей, двое. Я і кажу:
— Ім трэба даць хаця б што-небудзь, ну, хоць цела прыкрыць. Бо дзеці — гэта дзеці, дзяцей шкода, яны не вінаватыя.
Я заступалася, і за дзяцей я заўсёды буду заступацца. За што ж яно будзе страдаць? Яны нашы, гасударсцвенныя дзеці. Яны ў нас васпітваюцца, у нас
I я дзякую, што лягу ды сплю спакойна. Не то што каторыя: «Дай, дай!..» А я давольна, што лягу спаць ды пераначую спакойна. I благадару я нашаму гасударству, і нашым байцам, што нас аслабанілі і што ў мяне засталося хоць трошкі дзетак. Ужо і яны палягуць паспяць, і сама я лягу, добрыя людзі, ды пасплю…
А так жа я, хлопчыкі, не спала ў хаце. Калі пры немцах яшчэ.
Забралі мяне, праўда, партызаны ў лес. Сяду я на купіне ды прычытваю: «За што мяне так наказала? За што я так пакутую…» Пазаводзіліся ў мяне гэтыя на ранах, ізвіняйце, чэрві. Вазьму я іх так пальцамі павыграбаю ды вазьму так чым-небудзь перавяжу. Бо хадыром ходзяць, так і чутно, як яны ходзяць па мне, па руцэ. Што ж, ведаеце, жывая кроў. А лес, а заедзь гэтая! Нападаюць жа, не можна пераначаваць. I бінтоў жа няма. Трапачкай якою-небудзь завяжаш…
Потым прышла наша армія, ды паставілі арудзія, ды будуць, гэта, па Петрыкаве біць, немцаў з Петрыкава выганяць. Прыходзіць да мяне адзін ваенны і кажа:
— Што вы так, бабушка, сядзіце з дзеткамі?
— Сяджу, — кажу я, — а дзе ж дзецца?
— А чаго-та ў вас такі курэнь?
— Бо няма каму добрага зрабіць. Чалавека няма. Другія людзі то з дзядамі, то з бацькамі. А ў мяне быў гэты большы хлопец, дык і таго няма, у партызанах.
— Ведаеце што, — кажа ён, — будзе бой, і мы вас адгэтуль вывязем.
I праўда, прыехала падвода, забралі маіх дзяцей, ды забралі мяне, ды завезлі некуды туды, пад Буйнавічы. На дварэ там нейкая сцёбачка [16] стаяла ў лесе, і сядзелі мы ў той сцёбачцы. Ну што ж, есці няма чаго, дзеці малыя, — што рабіць? Там ваенныя стаялі раней, і там куране, і ў тых куранях маленькія картошкі, якімі яны коней кармілі. Пойдзе мая дзевачка ды назбірае тых картопель, ды ў той зямлянцы мы ўжо як-небудзь спрышчым тую картоплю. А потым нас яшчэ далей адбросілі, гэта як біліся за Петрыкаў. Недзе нас аж пад Украіну туды. Там мы ўжо так і прабылі, пакуль нас не вызвалілі. У людзей мы там піталіся. Людзі жылі ў куранях, ніводнай хаты не было.
16
Сцёбачка (дыял.) — варывенька.
А потым прышло, што тыя, каторыя з-пад Петрыкава, каб ехалі дадому. Пашла я да таго начальства ды кажу, што ў мяне малыя дзеці, як жа я? Ды там жа дзве ракі, адна і другая, нам трэба перабірацца, а я не магу. Дзеці мае папрастуджваліся, ды ў дзевачкі нага нарвала. I хлопчык маленькі гэты…
I яны сказалі:
— Мы заўтра па вас падводу прышлем. Прыслалі яны назаўтра, а гэтыя петрыкаўцы — ведама, мужчыны — пазбягаліся ды пананосілі сваіх клункаў на тую падводу і не пускаюць мяне. А ён пытае фамілію, той чалавек, і кажа, што ён з месца не кранецца, пакуль яму не скажуць, дзе тая маладзіца, па якую ён прыехаў.
— Яна была раненая, і ў яе двое дзяцей, што ж яна з імі зробіць? Адно малое, а другое трохі большанькае. Яе трэба адвезці.
Паздымалі яны тыя клункі, ды ўзялі мяне, ды яшчэ адну
Тожа прышла — ані хаты, ані дзе няма дзецца, хоць ты ідзі ў свет. Праўда, тут яшчэ адной маладзіцы хата засталася, дык мы пасабіраліся ў тую хату.
А потым пачалі людзі хаты будаваць. А я іду ды плачу. А ён, нейкі з Петрыкава, пытаецца:
— Чаго вы плачаце?
— Як чаго? Хто жывы, дык той будуецца, а я не ведаю, куды іду. I дзеткі мае. Няма ні хаты…
А ён кажа:
— Ведаеце што, не плачце. Хату як-небудзь зробім. Мы дадзім вам лес, у крэдыт.
Праўда, нашто казаць, — далі мне гэты лес, выпісалі і вызначылі падводў. I так гэта ў крэдыт давалі, а потым я аплаціла. I вось гэтую хацінку зрабіла.
А дзеткі выраслі, той у армію, той туды, паразыходзіліся.
Вот і кончана ўжо…
А цяпер я ўжо, хлопчыкі, не іду нікуды, я двор не магу перайсці. Ногі баляць, і недачуваю я, ужо зусім, зусім бальная. Ужо я нічога не варта. Ужо я і кароўкі не дзяржу.
Але я давольна, што вот і мае дзеткі ходзяць, і ўнучкі ходзяць, і вучацца, і бясплатна, і куды ты цяпер ні пойдзеш — усюды нашы, усюды ты вольны і нікога не баішся. Пры сваіх людзях я што хочаш скажу. А немец, каб ён пабыў тут трохі, дык вылупіў бы ўсіх, ніводнай душы не засталося б. Гэта толькі благадара нашым байцам ды нашым кіраўнікам, што яны яго адгэтуль як-небудзь выкавыралі. Я ўжо казала ім, дзецям, і сваім і чужым: дзеткі, за гэтую ўласць стойце, як за сцену, бярыцеся, глядзіце і слухайце, і рабіце, і правільна ўсё рабіце, патаму што гэта не жызь, а цвяты. Праўда, праўда!
Пытанне: — А вы вучыліся трохі, Алена Іванаўна?
— Не, я зусім невучоная».
Пакуль мы гутарылі ўвечары, у хаце нам час ад часу перашкаджала — здавалася, што знарок, — бабуліна госця, унучка, дарослая дачка той самай Еўкі, што ацалела і замужам далекавата. Госця збіралася некуды, хадзіла то з хаты, то ў хату, а потым і не пайшла нікуды, і цяжка было растлумачыць дзяўчыне, што ні груку дзвярыма, ні стуку абцасікамі нам на магнітафонную стужку — праз бабуліны словы — не трэба.
Назаўтра раненька, калі мы прыехалі ў Слабаду з Петрыкава зноў і папрасілі Алену Іванаўну на лавачку перад хатай, перашкаджалі нам пеўні, сабака і вераб'і. Проста шкада, што ў нашай «папяровай» перадачы бабулінага расказу не засталося гэтых «перашкод». На магнітафоннай плёнцы яны, вядома, ёсць — то кукарэканне раз-поразу, такое звычайнае і незвычайнае тут; то ленае, на ўсякі выпадак, пабрэхванне сабакі на суседскім двары, цераз вуліцу, занепакоенага тым, што наш «газік» стаіць каля іхняга плота; то сытае цвірканне вераб'ёў у роснай, сонечнай лістоце вішняку. А ўжо і на магнітафоннай стужцы няма ні сонца, ні расы, ні пахаў спелага лета. Такога не зловіць, не перадасць як след і фотаапарат.
Бо мы прыехалі сюды яшчэ раз, каб перш за ўсё зняць бабулю Алену. Для старое, якая яшчэ ўсё гаспадыня, было ўжо не зарана: яна ўжо корпалася на двары. А ўнучку, маладзенькую настаўніцу, бабулі прыйшлося будзіць. Пабудзіла. I сама прыадзелася, і Валі сказала прыбрацца. Зноў жа тое, народнае — трэба дык трэба. Бадай што і зусім не думаючы ці хоць не лішне задумваючыся — а пабачыць яна калі-небудзь тыя здымкі ці не пабачыць, будзе ведаць ці не будзе, што ж там яны, гэтыя людзі, у той сваёй кнізе напішуць.