Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Падыйшоў.
Мы — ляжалі адна за адной.
Яе ўбіў на месце, а мяне раніў у руку, і во праз шыю куля прайшла.
Вот і ўсё…»
Параска Козік, 60 гадоў. Бабровічы Івацэвіцкага раёна.
«…Была бярэмянная. Маленькі — тры гады. А хлопчык, сем гадоў, сам уцёк у лес.
Прыйшоў у хату немец:
— Матка, дай палатна на анучы. Не ўзяў.
— Матка, дай малака. Не піў.
— Матка, сёння вас будуць убіваць.
Голая, як была, у адной спадніцы ўцякла з хаты.
— Ідзі туды, дзе б'юць!
А я ў алешнік. Бачу — свякроў забілі. Бегла па кабылу. Лезла я пад дрот, учапілася. Стралялі — спадніцу ўсю мне пажэглі. Гэта, думаю, мая жысць.
Немцы хадзілі — пастушкоў шукалі, дабіваць. Пацанят. Мой хлопец сядзеў за карчом.
Радзіла ў лесе. Зрабілі мне мужчыны будку. Пад снегам начавала. Як радзіла, два дні не было чаго есці. Знайшла казляка, упякла яго, дала малому ў роцік — узяў і ўціх. Каб цяпер гэта — век бы не выседзеў. Мужчыны буду зрабілі, хто што прынясе. Усю зіму сядзела. Яго пакармлю, а сама так страдала.
У лесе былі, пакуль не кончылася вайна.
Гэта, што там радзіла, у Целяханах цяпер, ужо дом сабе збудаваў…»
Зінаіда Рута, 55 гадоў. Асвея Верхнядзвінскага раёна.
«…Нас злавілі ў лясу. Дзвесце пяцьдзесят чалавек. Бо немцы шчыталі: «дзвесце пяцьдзесят». Усіх у рад выстраілі і пусцілі па нас аўтамат. Кагда аўтаматы прайшлі па нас — мы ўсе пападалі. У мяне дочка на руках — убілі. Дзевачка, два годзікі было,
Пытанне: — Калі яны вас выстраілі, дык нешта гаварылі вам?
— Пастроілі ў рад па чатыры чалавекі і пусцілі аўтаматы. А калі пусцілі аўтаматы, мы ўсе пападалі. Я ў плячо ранена, у наге пуля ў мяне. А дочку ўбілі. Дочку — за ўтарым разам, кагда пусцілі аўтаматы, дочку ў вісок папалі. А я сама ранена сюды, гэтая старана ў мяне была ўся чорная. Абпалілі, калі з аўтаматаў стралялі.
Пытанне: — А як вы потым выйшлі адтуль?
— Ну, я не адна засталася. У нас тут Скрыпка ёсць. Я была так нагой павярнуўшы, а яна стала мяне будзіць:
— Зіна, Зіна, уставай! Ты жыва ілі нет?
Я стала да сазнання дахадзіць. Усталі мы. Кагда мы ўсталі, у нас што было… Астаўшыся шэсць чалавек. Жывых з гэтых усіх. З шасці чалавек два ўмерла. Адна ўехала на Сібір…
Пытанне: — Калі вы ўсталі — немцаў ужо не было?
— Не было. Мы тады пайшлі далына ў лес ужо. Гэта ж ноч ужо была. Цёмна ноччу. Мы пайшлі пад куст, пераначавалі…»
Марыя Баўтрук, 52 гады. Юзафова Верхнядзвінскага раёна.
«…Каб гэта ўмеў ды спрытна расказаў!..
…Мы сталі ўсе ісці, беглі, а яны стралялі. Каторых ранілі. Вот і маіх раніўшы тожа былі. Мае цёткі там былі. А тады ўжо, у лес забегшы, там ужо немцы дагналі. У мяне братавая была, у яе дзеці. Ну, і немцы сказалі вярнуцца сюды назад во, у дзярэўню. Вярнуліся.
Мне было тады гадоў, можа, васемнаццаць. Мы пайшлі як маладзёж, а яны вярнуліся, іх абманулі,
А яны вярнуліся з сем'ямі, у іх рабяты былі, усе нашы дзеравенцы. Ну, атады гэта… запёрлі ў зямлянку. Маю братавую, двое рабят у яе было… Тады загналі за Дзежы, там кар'еры. Усіх гэтых нашых дзеравенцаў, што былі дома. Іх раздзявалі, аблівалі…
Я сваю братавую хадзіла іскала. I сястра хадзіла іскала. Двое рабят… Там толькі ляжала адзёжа параздзяватая. Мы сваіх пазнавалі… Я пляменнікаў сваіх адзежу пазнала. А людзі спалены былі. Дзе хто ляжаў. А потым іх закопвалі. Ну, прыдзеш, паглядзіш — спалены чалавек, і ўсё…
Як па падшчоту, то загінула тут сто дваццаць пяць чалавек. I радам вот дзярэўня, Кабыльнікі, там саўсем спалілі. Толькі два чалавекі, мужчыны, былі на фронце, засталіся. Да вайны Юзэфова бальшое было. А ўжо як пасля экспедыцыі вярнуліся, то адна баба ды двое рабят, а так усе не вярнуліся, усе пагіблі яны…»
Галіна Чаравака, 49 гадоў. Яскавічы Салігорскага раёна.
«…Прыехаў карацельны атрад, і началі паліць. Як сталі паліць, дык мы павыходзілі на двор. Запалілі напярод свёкраву хату. Мы павыходзілі на двор, а яны давай заганяць у хату. Гэтыя дзеці ўзяліся за юбку ды так крычаць, так крычаць, а яны:
— Швэк, швэк! — у хату, і ўсё. — Вы ўсе партызаны, мы вас усіх уністожым!..
На хутары ў нас было тры хаткі. Са мной было трое дзяцей і мае на руках.
— О калі, — гавару, — дзеткі, нам смерць!
Дзеці крычаць што не дай бог. Патом гналі гэтую худобу ўсю. Кабан уцёк. Яны давай кабана страляць. А я нічога не помню, так расцяралася. Адна і чацвёра дзяцей. Ну, давай яны кабана страляць. А свёкар, як сталі кабана страляць, дык ён упаў за плотам. А покуль яны кабана стралялі, мы давай адходзіць і ў лес увайшлі.
Дзеткі голыя былі. Страляюць. Я кажу:
— Дзеткі, падайце. Яны падалі.
А на хутары нікога не засталося. Адну маці забралі карову гнаць, а рабёначак яе застаўся. Дык мой старэйшы гаворыць:
— Мама, давай забяром і яго. Я кажу:
— Бяры, калі будзеш насіць.
У мяне ўжо свой быў, паўтара года, рабёнак на руках. Аднаму было тры года, а хлопчыку чатыры. Яшчэ аднаму шэсць год…
А ў лесе двух хлопцаў убачыла. Калі ўвайшла ў лес — так рада: дзе б якога свежага следу ўгледзець. Я крычу:
— Коля, Адам, ці вы дзе больш людзей не бачылі? Пад ёлкай я дзяцей паклала, і двое сутак мы сядзелі. Цэлыя суткі яны нічога не прасілі. А ўжо на другія суткі сталі прасіць:
— Мама, цёця, мы хочам есці. Потым гавораць:
— Наша бабушка столькі хлеба партызанам пякла, у сенцах ляжаў. Няўжо там няма?..»
Аляксандра Глушаніна, 45 гадоў. Іканы Барысаўскага раёна.
«…А каля яе засталася дзевачка, сем лет. I вот, вядома, дзіця… Як ускочылі, яна як стала крычаць, дык і дзевачку дабілі…