Самая крайняя ад поля з арабiнай хата была новая i няскончаная. Вокны ў ёй былi забiты дошкамi наглуха, i нiякай агароджы каля яе. Спарыш i трыпутнiк буялi навокал гэтай неабжытай будынiны. Мокрая i прыцiснутая восенным холадам, цяпер гэтая раслiннасць усё яшчэ гусцiлася i ўпарта зелянелася. Ганка пры новай хаце з забiтымi вокнамi таксама не было. Парог у сенцы быў высокi, падмуроўка ўжо была гатова, з роўна складзенага вялiкага камення, змацаванага цэментам i абсыпапага жвiрам. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя i шалёўка на iх шчыльна дапушчана. Вiдаць, што ўсё тут рабiлася як навек, каб стаяла доўга i, як кажуць, на месцы гнiло. Усярэдзiне яшчэ не было падлогi, толькi ўпушчаныя ў падрубы падвалiны на яе. З пiлованых плашак сцяна выгароджвала ў хаце кухню, а сцяна з дылёвых дошак - шырокую бакоўку. Вокны рабiлiся вялiкiя, павiнна было тут быць светла i прасторна, i, вiдаць, гаспадар меў густ да выгоды цi, у кожным разе, прагнуў яе. Але нейкi марны лёс скепсцiў чалавечыя замыслы. Ужо i дах з гонты пачаў чарнець, а знiзу ўсё так i асталося без завяршэння. Вераб'i снавалiся з хаты i ў хату праз шчылле ў забiтых вокнах. Жытло пуставала. Але новыя сцены выглядалi весела. Падоўжная сцяна з трыма вокнамi стаяла на поўдзень, i ў яснае надвор'е сонца свяцiла сюды. Рассыпаныя ўсюды дробныя трэскi гнiлi i зарасталi травою. Арабiна на ўзвышшы адсюль вiдна была вельмi добра. Здавалася, што вельмi блiзка адсюль гэтае дрэва. Узгорыстасць пад дрэвам зменшвала чалавечаму воку адлегласць.
Апошняя ж на гэтай паляне, туды пад лес, хата была зусiм старая i малая. Яна стаяла занадта ўжо далёка ад усiх iншых хат, прыткнутая да самага лесу, так што бадай у лесе яна стаяла. Памiж ёю i лесам была толькi гаспадарская, як праехаць аднаму з калясьмi, дарога, высланая хваёвым i яловым голлем i з выбiтым наверх карэннем прыдарожных дрэў. Каржакаватая старадрэвiна тырчала пры хаце голлем над самай дарогай, i кара на ёй унiзе была здзёрта восьмi праезджых вазоў. Хата гнiла i трухлела. Яна ставiлася на зусiм ужо старасвецкi лад: саламяная страха з тоўстым каптуром над вулiчнай сцяной, i шчыт не з стаякоў у наваратку, а з ляжачай паўтарачкi, даўно сточанай шашалем. Салома на страсе ўдзiрванела пад зялёным пластом збiтага моху i ўпарта працiвiлася дажджу i ветру, нiзкая прызба i агароджа з ляжачых жэрдак, дзе-нiдзе акораных i яшчэ здаровых. Хлявух з аполкаў i пунька са скрыўленымi сценамi яшчэ трымалiся на старым шуллi. Ляжачымi жэрдкамi перад двума вокнамi ў падоўжнай сцяне быў выгараджаны куток на расаду, цыбулю i можа кветкi. Увесь гэты плацец меў на сабе сляды таго, што
тут доўга начавалi куры. Цi можа гаспадар з натуры свае быў пустадомак i не прыстроiў сваiм курам зручнейшага седала, цi можа так яму iшлося, але ўсё тут сведчыла, што жыццё тут iшло як бы да часу. Але i так сказаць: сапраўднае жытло можа тут i ўкаранiлася было вельмi даўно, калi хата толькi паставiлася i была вялiкiм здабыткам таго, хто яе ставiў. Гэта быў тагачасны панскi парабак, i хату ён зрабiў сабе на тры акны - два ад двара i адно з вулiчнай сцяны. Свой кут стаў раскошай чалавеку. Таго парабка прозвiшча было Крамарэвiч. Ужо зусiм старым чалавекам ён дажыў да рэвалюцыi i памёр у гэтай сваёй хаце, пакiнуўшы трох сыноў, жанатых i з дзецьмi. Два паспелi ўжо ўзяць сабе зямлю i выбрацца на асталяванне ў былы маёнтак. А трэцi Крамарэвiчаў сын, самы маладзейшы, астаўся дома. Пахаваўшы бацьку, ён жыў тут сабе i гадаваў свайго адзiнага сына, якому ў тыя часы было год дзесяць. Гэты дзесяцiгадовы хлапец зваўся Антонам i да часу бацькавай смерцi ўзмужаў як мае быць. Такiм парадкам яму трэба было пачынаць самастойнае жыццё якраз у часы свае ўзмужаласцi, бо гаспадарку да самай смерцi вёў бацька, а ён сам упадабаў служыць на чыгунцы: ён чакаў таго, каб хоць трохi ўзнялiся на ногi трое яго дзяцей, што нарадзiлiся за першыя тры гады пасля таго, як ён ажанiўся. Жонка яго была нездараўчаная жанчына, i з дзецьмi было клопатна. А ў яго была вялiкая прага паставiць добрую хату, прасторную i выгодную. На гэта трэба былi вялiкая турбацыя i грошы. З жонкай яны згаварылiся так: яна будзе гадаваць дзяцей i жыць у старой дзедаўскай трохаконнай хаце, а ён будзе служыць i збярэ грошай. Гэта была мара аб прасторнай хаце. Аднаму яму, са слабай здароўем жонкай i дробнымi дзецьмi адолець будоўлю было зацяжка, i ён стараўся i чакаў. Тым часам трое дзяцей узраслi, ён прызапасiў грошай, i жонка як бы выраўнялася здароўем: як мае быць яна рабiла штодзень у калгасе, i нiчагуткi. Ёсць такiя хваробы, што праходзяць з часам i следу не пакiдаюць. Трое дзяцей былi: густавалосая Ганка, няўнiмная рагатуха Алеся i разважлiвы з малых дзён Толя. Гэты вырастаў, не ў прыклад сваiм сёстрам, заўсёды як бы ў задуме, так што аж кпiлi з яго старэйшыя. Антон Крамарэвiч кiнуў службу, вярнуўся дадому i распачаў будоўлю. "Будуецца чалавек раз у жыццi, - казаў ён жонцы, - дык трэба, каб будоўля была моцная, выгодная i каб цешыла вока". У яго калацiлася сэрца, калi ён давёў сцены да вокан, а калi ўжо налажыў ашлапы над вокнамi - як бы i ўся будоўля была скончана. Блiзiўся канец цеснаму жыццю ў дзедаўскай трохаконнай хаце. Праўда, у ёй радзiўся i вырас чалавек, але ж гэта быў час такi, калi ўсе навокал даўно ўжо зыначылi сваё жытло: ужо i не хаты стаялi скрозь, а новыя дамы i дамкi, i старасвецкай трухлiны бадай што нiдзе ўжо i не ўбачыш. Антон Крамарэвiч пакiнуў жыць мараю, а жыў штодзённым клопатам. I, можна сказаць, толькi цяпер па-сапраўднаму ён ацанiў той куток на свеце, дзе ён радзiўся i асталёўваўся цяпер навек дзеля сябе i дзяцей сваiх. У той меры, у якой вырасталi сцены яго дома, ён спакайнеў душой: мара з'ядае чалавека, а яго мара цяпер перажыла сама сябе i пакiнула iснаваць. Ганка, Алеся i Толя былi ўжо такiя вялiкiя, што i самi ўвайшлi ў бацькаў будаўнiчы клопат. А яна! Жонка, мацi гэтых дзяцей! Твар яе ружовiўся. Яна быццам ажыла цi спачатку пачала жыць. Дзецi i iх мацi быццам бы знайшлi страчаную бацькам мару. Цяпер яны ўладалi мараю: жыць у новым доме, у выгодзе, у радасцi i шчасцi i на доўгi век. Гэта было жыццё без атрутнага смутку аб учарашнiм днi i без горкай трывогi аб днi заўтрашнiм. Можа быць, продкi нашы ад дзесятага пакалення думалi аб такiм жыццi сабе i сваiм дзецям. Антон Крамарэвiч так думаў аб далейшым i раiўся з жонкаю:
– Калi пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скiну з месца. Трухлiна пойдзе на апал, а здаровае згодзiцца ў гаспадарцы.
Ужо нават i тое, што ён калi-небудзь будзе пiлаваць на дровы трухлiну са старой хаты, радавала яго. За тыя гады i ўвесь той пасёлачак выбудаваўся i перабудаваўся. Хто жыў у старой хаце, той i новую пакрысе складаў, бервяно да бервяна, дзе-небудзь у iншым месцы, дзе з задаваленнем спынiлася яго вока. А хто жыў ужо ў новай хаце, той старую не пiльнаваў, а скiдаў яе. Такiм парадкам гэты пасёлак так i астаўся шасцiхатным. Можна было выбрацца на большую разлегласць, дзе ў полi вырасла новая вялiкая вёска, але ў гэтым кутку людзi любiлi сваё абжытае месца i з яго не зрушылiся. Антон Крамарэвiч быў шчаслiвы яшчэ i тым, што нарэшце не жыў ужо на службе, як да часу, а асядаў на родным месцы. Гэта быў чалавек цiхмяны, добры i справядлiвы. Пра яго казалi, што ён казюлi без патрэбы не раздушыць. Але, якi б ён нi быў, раптам прыйшоў такi час, што ўвесь яго клопат пайшоў намарна i нiчога ў яго не асталося больш, як паспрабаваць вярнуцца да той старой мары. Але горыч сцiснула яму душу, i мара ператварылася ў здзеклiвае непатрэбства i атрутную прыкрасць. Сам Антон Крамарэвiч лiчыў, што ўсё здарылася праз Аляксандра Сушчэвiча, новага тут тады чалавека. Можа i так, а можа тут мела месца тая акалiчнасць, што гэты Аляксандр Сушчэвiч, як мог i як зносiла яго не вельмi вострая галава, стараўся ўтрымацца на той паверхнi, на якую выбiла яго бурнае ў тыя гады жыццё. Iншая справа, што гэта магло дрэнна прычынiцца да Антона Крамарэвiча. Як бы там нi было, трэба не спускаць з увагi самога факта.
Аляксандр Сушчэвiч быў у тых жа гадах, што i Антон Крамарэвiч, i людзi яны былi вельмi непадобныя адзiн на аднаго. Антон Крамарэвiч мог быць залiчаны ў натуры дробныя, якiя могуць убачыць у растрэсенай на дарозе саломе вялiкую страту. Ён выгадаваўся на хлебе, з якога ашчаджалася кожная крошка. Так складалася гэтая натура. Дык трэба ведаць, што калi ў яго выпрацавалася патрэба ставiць не абы-якую хату, а дбаць у ёй аб святле, прасторы i выгодзе, то гэта быў бунт i рух у вялiкае. Тут не трэба забываць жыватворчага подыху тых год, калi "хто быў нiчым, той рабiўся ўсiм".
Аляксандр Сушчэвiч быў родам з дробнага горада i з сям'i, у якой нязменна верылi, што найглыбейшая iснасць усяго свету ў тым, як каму пашанцуе, а на гэтым i трымаецца чалавечае жыццё. Сушчэвiчаў бацька, не ў прыклад Крамарэвiчаваму бацьку, зямлi не араў i хлеба не сеяў, а пускаў у ход дробную капейчыну i хацеў пакласцi ў кiшэню дзве. Ён сцен не ўзводзiў i дарог не масцiў, а прыгандлёўваў на ўсiм, што льга было купiць i перапрадаць. Гэта быў дробны перакупшчык. Аляксандрава маладосць прыпала на час першых год рэвалюцыi, i вялiкая плынь пацягла i яго ў сваю iмклiвасць. Ён, як i кожны ў той час, лёгка мог вызначыць сабе сваю дарогу. Не ў прыклад тысячам маладых людзей, ён нi ў якiя рабфакi i тэхнiкумы не падаваўся, а з лёгкай душой далучыўся да тых, што адразу хацелi ступiць на прывабную сцежку. Ён быў хлопец увiшны i дбайны. Ён не захацеў падначальвацца, а каб самому ўзначальваць. Аж сам бацька дзiвiўся: як ён, такi малады, здолеў астацца за начальнiка валасной мiлiцыi.
Спачатку ён канфiскаваў самагонныя апараты, а пасля налажыўся да гладкiх прамоваў. Месяц за месяцам i год за годам, i ён засвоiў некаторыя думкi вялiкiх людзей, але браў iх не з правага, а з левага боку. Аднак жа праз год пяць сваёй службовай дзейнасцi мог, вокам не мiргнуўшы, лезцi ў спрэчкi, i нават фiласофскiя, з кiм толькi хочаш. "Усё цячэ, усё зменьваецца". Ён i гэта ўзяў сабе ў галаву. I раз як адзiн з дзеячаў раённай улады выступiў на выпускным вечары ў сярэдняй школе. Невядома, з якой прычыны, але ён тут доўга гаварыў аб тым, што ў адной кнiзе, якую ён чытаў, сказана, што нехта праз дзесяць год вярнуўся ў родныя мясцiны i застаў усё там на ранейшым месцы i без змен.
– Вучыцеся вы, - сказаў ён выпускной з дзесятага класа моладзi, бачыць праўду жыцця дыялектычна, а не так, як гэты аўтар, у якога нiшто нiдзе не цячэ i не зменьваецца, а астаецца нават i праз дзесяць год на тым жа самым месцы.
Хоць з яго прамовы нiхто нiчога i не зразумеў, аднак жа ўсё гэта мела дачыненне да яго далейшага жыцця. Пасля ўрачыстай часткi былi танцы, i ён здорава танцаваў, i асаблiва з нейкай цiхай i высокай дзяўчынай. Яна была дачка тутэйшага аптэкара, i гора яе было ў тым, што яна нямала да гэтага часу прачытала кнiг, але да поўнай меры не дачыталася, а толькi ўзварушыла свае думкi. Такiм чынам яна адразу скемiла, што Сушчэвiч гаворыць у плане фiласофii, а што i як - да гэтага яна ў той вечар не магла яшчэ дайсцi. Гэтая добрая сэрцам i спакойная душой дзяўчына з таго вечара пачала думаць аб iм як аб чалавеку, вартым таго, каб iм захапляцца. Простае сэрца! Святая наiўнасць! Яна думала, што пасля дзесяцiгодкi паедзе вучыцца далей, але iмкненнi яе маладосцi раздвоiлiся. Што ж да яго, то ён таксама з таго вечара не выпускаў яе з сваiх думак. Трэба сказаць проста i адразу: увосень таго ж года яна стала яго жонкай, а роўна праз год радзiўся Коля, якi цяпер, маючы надзею, што гэта яго бацька таемна з'явiўся i жыве ў крайняй ад лесу старой трохаконнай хаце, шыбаваў сюды, азiраючыся i дробна перабiраючы нагамi.
Аляксандр Сушчэвiч аставаўся з году ў год у адным месцы, то ў тым раёне, то ў iншым. Як чалавек i работнiк ён выпрацоўваўся ўжо на ўсё жыццё. Нарэшце ён асеў надоўга на адным месцы, у тым раёне, дзе i застала яго вайна. Гэта i было за дзесяць кiламетраў ад таго цiхага кутка, дзе Антон Крамарэвiч ставiў сабе добрую хату. Яшчэ год за колькi да вайны Аляксандру Сушчэвiчу раз прыйшла ў галаву думка, што нешта не так, як трэба, у раёне. Яно як быццам бы ўсё, як i трэба, было. Людзi хлеб елi, i зямля добра радзiла, i нiхто на бяду не скардзiўся, але немаведама адкуль пагiбельная думка пачала тачыць Аляксандра Сушчзвiча. Ён раптам успомнiў, што ён сын не пралетарыя, а перакупшчыка i калiсьцi ўтаiў гэта i нi разу аб гэтым не напiсаў у анкетах i бiяграфiях. Гэта быў нейкi псiхоз, смутак пачаў тачыць яго. А вядома, што калi хто праз меру баiцца агню, то той гатоў утапiцца ў вадзе. Сушчэвiч стаў старацца так, што неўзабаве пачаў дрыжаць сваiх жа перагiбаў. Ён прычапiўся i да Антона Крамарэвiча: "А чаму ты адразу не сядзеў на зямлi, а быў немаведама дзе, а чаму твая жонка была ў калгасе, а ты i на воку тут нi ў кога не быў, а хто цябе ведае, што ты там дзе рабiў, а можа ты якiм злом там займаўся. Дык, значыцца, ты не маеш права стаць членам калгаса. Твая жонка няхай будзе, а ты не".
– Дык што ж мне з жонкай развод браць, цi што?! – устрапянуўся збянтэжаны Крамарэвiч.
– Калi ты браў яе замуж, то ты ў мяне не пытаўся. Што ж ты цяпер пытаеш! У цябе павiнна быць свая галава на плячах.
Слабавольны Антон Крамарэвiч уныў душой. Ён пачаў думаць, што дзеля якiх-небудзь, яму невядомых, а Сушчэвiчу вядомых прычын трэба, каб ён разлучыўся з жонкай. Дык жа трэба ратавацца. Самае лепшае, каб доўга не паказвацца Сушчэвiчу на вочы. Але ж трэба канчаць хату. Ужо нямнога асталося. I вось ён надумаўся: зноў з'ехаць i астацца на чыгунцы, пакуль развеецца над яго галавой хмара, а хату няхай паспрабуе канчаць жонка, няхай наймае людзей, а грошы ён падашле. Аднак жа сталася не зусiм так, як ён думаў. Праўда, хмара i сапраўды развеялася: неўзабаве i сам Сушчэвiч пра ўсё забыў. Але адной жанчыне было занадта ўжо клопатна давесцi да заканчэння i парадку новую будынiну. Яна пiсала яму аб гэтым пiсьмо за пiсьмом. Ён жа не адважыўся так адразу назад вярнуцца. "Яшчэ год цi два", - думаў ён. Да таго ж яму вельмi спадабалася новая служба на чыгунцы. Нарэшце прыйшло пiсьмо: "Хату я накрыла, каб сцены не гнiлi, а вокны i дзверы забiла дошкамi. Няхай так стаiць сабе, пакуль усё выйдзе на лад, нейк жа скончыцца пакрысе. Дзякуй Богу, жыць ёсць дзе, дождж i ў старой хаце за карак не лье". Ён прачытаў пiсьмо i аддаўся горкай задуменнасцi. Дзень пайшоў за днём i месяц за месяцам, i не тое што год, а i два, i больш прайшло. I так нейк жылося да часу. Усё чагосьцi чакалася. I дачакалася да вялiкага няшчасця. Ужо i не пайшлi пiсьмы ад яе i дзяцей, i невядома стала, цi хаця жывыя яны асталiся.
Праз тую станцыю, дзе служыў Антон Крамарэвiч, прайшлi апошнiя цягнiкi, i немцы былi ўжо зусiм блiзка. Не тое што ад кананады, усё траслося i рвалася ад частых налётаў нямецкай авiяцыi, але ўжо i нямецкiя танкi падышлi былi да самай станцыi i зноў знiклi. Антон Крамарэвiч разам з усiмi, з кiм ён жыў i працаваў тут доўгi час, быў у знiшчальным атрадзе, якi затрымлiваў падазроных асоб, капаў супрацьтанкавыя равы, узводзiў насыпы, забiваў надаўбы, спаткаў быў нямецкiя танкi стральбой i гранатамi. I многа тут яшчэ было работы гэтаму атраду. Але яшчэ няясна было: цi астанецца атрад тут, як прыйдуць немцы. Падыходзiў апошнi момант. А на станцыi аставалiся
яшчэ таварныя вагоны, цэлы эшалон. Гэта быў таварны цягнiк, у паравоз якога трапiла бомба i ранiла машынiста. Начальнiк станцыi выбраў з усiх Антона Крамарэвiча: ён ведаў, што Крамарэвiч такi чалавек, што калi ў яго не хопiць пачуцця абавязкаў давесцi справу да канца, то таксама не хопiць i смеласцi не давесцi яе да канца. Антон Крамарэвiч увесь час, некалькi гадзiн, стаяў на паравозе пры раненым машынiсце. Машынiст быў забiнтован па твары, плячах i жываце i сядзеў на высокiм табурэце. Крамарэвiч стаяў пры iм i то даваў яму пiць, то рабiў тое, што казаў яму машынiст. Без агнёў i цiхiм ходам яны адводзiлi цягнiк у тыл. Але паравоз быў сапсаваны бамбардзiроўкай, i язда была такая марудная, а нямецкiя самалёты шукалi сабе спажывы так часта, што цяжка было гнаць ад сябе безнадзейнасць. Ехалi, цi, праўдзiвей сказаць, паўзлi ўсю ноч i ранiцу i тады, калi сонца рушыла на поўдзень. Тут якраз i здарылася тое, што вырашыла далейшыя Крамарэвiчавы паводзiны: немец зверху заўважыў цягнiк i стаў над iм кружыцца. Машынiст спынiўся. Трэба думаць, што немец пачаў трацiць цягнiк са сваiх вачэй i, можа быць, каб зусiм не згубiць яго для сябе, ён бадай што на ўсялякi выпадак скiнуў увесь груз сваiх бомбаў. Гэты страшны пачастунак упаў так блiзка ад цягнiка, што паравоз i пярэднiя чатыры вагоны ўздрыганулiся, зрушылiся набок, пагнулiся i сталi нягоднымi для далейшага руху. Машынiста i Крамарэвiча выкiнула з паравоза. Крамарэвiч ачомаўся праз некалькi гадзiн, i не так сабе, а ад артылерыйскай кананады. Немцы абстрэльвалi гэтую мясцовасць з гармат. Усюды ўзнiмалiся ўзрывы. Пыл з дымам раз'ядаў вочы i грудзi. Крамарэвiч хацеў прыўзняцца i адчуў, што ранен у грудзi. Кроў закарэла i пакiнула iсцi. Уночы свяцiў месяц. Крамарэвiч хацеў стаць на ногi i ўпаў у непрытомнасць. Вельмi можа быць, што жудасны холад, якi можа быў i ад хворасцi, вярнуў яго да памяцi. Ён калацiўся з холаду i не ведаў, колькi часу ён так праляжаў. Заходзiла сонца, i зямля была мокрая, мусiць, нядаўна прайшоў дождж. З нечалавечай натугай Крамарэвiч усё ж такi падняўся на ногi i паспрабаваў паволi iсцi. Яго вадзiла ўбакi, i ў вачах стаялi чорныя кругi. Сам не ведаючы куды, ён усё iшоў, растапырыўшы рукi, быццам мацаючы паветра i трымаючыся за яго. Разышоўшыся, ён аднак жа пайшоў лягчэй. Ён садзiўся i лажыўся на зямлю i зноў iшоў. У адным месцы, дзе чарнелiся кусты i дрэвы, ён чуў зусiм блiзка ад сябе нямецкую гаворку i ледзьве мог схапiць грудзьмi паветра. На рассвiтаннi ён бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкiх танкаў. Ён лёг пад куст палявога быльнягу i не варушыўся. I нiколi так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла яго душа па Алесi, Ганцы, Толю i ёй, добрай яго жонцы, такой блiзкай i роднай жанчыне. I па тым кутку пры лесе, дзе сэрца многа знаходзiла цiхай радасцi i дзе ўцеха з малога была лепш за радасць з вялiкага. Пераляжаўшы так многа гадзiн, ён зноў пайшоў. Ужо ён быў слабы i ад раны, i ад голаду. Многа сiлы адабрала i ўся гэтая валтузня. Ён ведаў адно. Па ўсёй мясцовасцi панавалi ўжо немцы, а мясцовасць была незнаёмая. Яшчэ праз паўсутак ён дацягнуўся да нейкай дробнай вёсачкi, дапаў да скошанай i прывялай травы каля частакола з рассунутымi прутамi. Бязвусы, босы i ў чорнай рубашцы без падпяразкi чалавек угледзеў яго i разгаварыўся з iм. Ён паспагадаў яму ў няшчасцi i паклаў на леташнюю салому ў сваёй пунi. Кожны дзень ён прыносiў яму два разы хлеб i малако, i так пайшоў тыдзень за тыднем. Адно што душа была не на месцы, а так усё iшло добра. Хоць паволi, марудна, як свiтанне ўвосень, але варочалася здароўе, а значыцца, у чалавека i надзеi ажывалi. Антон Крамарэвiч, ужо ўвосень, упершыню выйшаў з пунi, ахоплены одумам, што яму цяпер рабiць. Гаспадар яго быў чалавек цiхi i баяўся немцаў. Ён распытваў па людзях, што дзе чуваць, а пасля падоўгу сядзеў з Крамарэвiчам, i яны раiлiся i думалi, як далей трымацца i цi трэба Крамарэвiчу падавацца цяпер у свой раён, дзе аставалiся жонка i дзецi. Хадзiлi аднак жа чуткi, што ў тым раёне, далёкiм адгэтуль, многа нямецкага войска, i там людзi забiлi трох гiтлераўскiх афiцэраў, i карны атрад там даўно ўжо, i няма як туды паткнуцца. Вельмi можа быць, што Крамарэвiч занадта рана падняўся з саломы i не вылежаў хваробы да канца. Бо праз невялiкi час рана адкрылася i хвароба адкiнулася. Ён зноў ляжаў на саломе ў пунi, пад кажухом i ў ботах, бо восень была позняя i пачыналiся замаразкi: снег пайшоў, i маразы пачалiся. Стала зiма. А ён усё ляжаў. Добры лёс паслаў яму чалавека з душой i розумам. Ён прыводзiў да Крамарэвiча доктара, i той сказаў берагчыся i раней часу не ўставаць. Так i зiма прайшла, i вясна настала. I толькi як высахла зямля, Антон Крамарэвiч па-сапраўднаму ўбачыў, што ён як мае быць робiцца здаровы. На пераломе вясны на лета ён цвёрда надумаўся брацца ў свой бок. А там будзе вiдно, што i як далей. Скрываючыся i трымаючыся глухiх закуткаў, ён больш як тры тыднi iшоў у свой бок. Да знаёмай стараны ён дайшоў якраз тады, калi яна апустошылася. Многа людзей забраў з сабою карны атрад. Казалi, што многiя апынулiся ў канцэнтрацыйным лагеры, а многiх пагналi ў Германiю. Дзе-нiдзе Антон Крамарэвiч натыкаўся на чутку, што далёка адсюль, па дарозе ў лагер, многа людзей уцякло з-пад варты. Iм памаглi партызаны, напаўшы на канвой i перабiўшы яго. Самымi гарачымi днямi Крамарэвiч прыйшоў у свой пасёлак. новую сваю хату ён знайшоў з забiтымi дзвярыма i вокнамi, так, як i пiсала яму калiсьцi жонка. Што ж да старой хаты, то яна была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кiнута абы-як, i нi душы нiдзе. Крамарэвiч кiнуўся па суседзях. Але толькi ў двух хатах знайшлiся людзi. Астатнiя хаты пуставалi. Суседзi казалi ў адзiн голас, што трое Крамарэвiчавых дзяцей i жонка знiклi немаведама дзе. Разам з тысячным цi большым натоўпам людзей i iх гналi некуды. А цi ўцяклi яны, цi не - невядома. I што з iмi, i дзе яны - нiхто не ведае. Антон Крамарэвiч абышоў увесь раён, дападаў куды толькi мог i нiчога не дазнаўся. Вялiкае гора здушыла яго. Да самай глыбокай восенi ён стаў сумным вандроўнiкам. Дзе ён толькi нi быў! Абышоў круг на сотнi кiламетраў. Быў i ў тым баку, дзе з-пад варты ўцяклi людзi. Дзе што чуваць было яму спанаднае, ён кiраваўся туды. I на след не напаў. Нарэшце, ужо ўбачыўшы марнасць сваiх пошукаў, ён узгадаваў у сабе прагу знайсцi дзе сляды партызан i астацца з iмi. Але партызаны сваiх слядоў напаказ не выстаўлялi. Дзе грамаздзiлiся на дарозе куча лому з разбiтых машын i парваных гранатамi на кавалкi немцаў, там, здавалася, яшчэ цiшэй было, як дзе. На дрэвах спявалi сабе птушкi, i спакойна шастала трава пад ветрам. Здавалася, што тут няма i не было нiкога нiдзе жывога. Адзiнокi, як саломiна на дарозе, Антон Крамарэвiч зноў рушыў у свой бок. Ужо нiякiх цвёрдых намераў ён не меў. Дзесьцi ў глыбiнi душы была толькi, як яснасць сонца па той бок хмар увосень, надзея, што пакрысе, як павелiчэнне дня к вясне, выкiруецца ўсё на дабрыню i шчасце. На гэта патрэбен час, i ён радаваўся кожны вечар, што яшчэ адзiн дзень мiнуўся. Так, у маруднай хадзе, ён прычакаў позняй восенi. Ужо быў кастрычнiк, i дзiўна, як гэта так доўга стаяць цёплыя днi. Хоць поле было i пустое, хоць трава была злеглая i збляклая, але часам, з вялiкай задумы, здавалася, што зараз над прыгрэтай сонцам травiнай загудзе пчала. А ў лесе зусiм было цёпла. Часамi яшчэ чуўся пiск камара. Антон Крамарэвiч дайшоў да роднага кутка ў канцы ночы. Было холадна i мокра. Мiнулым днём доўга лiў дождж. Крамарэвiч падыходзiў да лесу. Сцежка, калiсьцi знаёмая, губiлася ў змрочным падлеску. Ён доўга шукаў сцежкi i з прыкрасцю крывiўся, калi пад нагамi трашчала ламачча. Ён кружыўся на адным месцы, убiўся ў мурашпiк, пакаўзнуўся i выцяўся тварам аб зямлю, усхапiўся i, ужо не шукаючы больш сцежкi, рушыў проста ў прастор памiж дрэвамi. Тут жа адразу пачалося поле, i як быццам сцежка чарнелася i вiлася ўгару на ўзвышша. Ён пайшоў сцежкаю i ўбачыў перад сабою дрэва з ададранай галiнай. "Гэта тая самая арабiна, каля якой я некалi араў i на нiзкi сучок торбу з хлебам вешаў". Ён прыгнуўся, абмацаў сук. Сэрца яго як бы ўздрыганулася. Ён пайшоў шпарчэй. Ужо добра свiтала. Дзень пачынаўся ясны. Ён падышоў да шасцi хат. Дзесьцi тут у хляве рыкала карова. Ён падышоў да новай сваёй хаты. Усё таксама яна стаяла з забiтымi вокнамi i дзвярыма. Але бярвенне ўжо яе пачарнела. Быццам стараючыся адкаснуцца ад страшных прывiдаў, ён паддаў ходу, проста да той старой хаты. Ён тады яе замкнуў, калi пакiдаў яе апошнi раз. Ён здалёк бачыць: замок вiсiць на дзвярах, нiхто не зачапiў нiчога. Ён увайшоў у двор. Тое самае ржавае i сплюшчанае ў бляху вядро валялася пад нагамi. Пасярод двара стаяла вада. Белы певень, худы i нейкi доўгi, з вострым i высокiм грэбенем на галаве, спалохаўся чалавека i з крыкам, узмахваючы крыллем, рынуўся наўцёкi. Ён адзiчэў у адзiноце. Ён пакiнуў след пасля сябе, ён начаваў перад вокнамi на плоце. Крамарэвiч згубiў ключ у часе свайго вандравання. Ён падняў камень, адбiў прабой i адчынiў сенцы. Як яго ўразiў пах вiльгацi ў хаце! Першае сонца бiлася ў акно i ляжала на столi. Са сцяны тырчаў той самы драўляны крук, убiты яшчэ дзедам, на якi два цi можа тры пакаленнi вешалi вопратку, хусткi, шапкi. Смутак здушыў Крамарэвiчу грудзi. Ён зноў пад гэтым крукам, пад якiм быў малым, пад якiм часта курыў, седзячы тут на лаве. Яго душа ныла аб тым, што яшчэ так нядаўна было, напаўняла жыццё i радавала чалавека. Ужо ж быў даведзены да даху дом. Гэта нiчога, што заканчэнне дома адклалася, самае большае было зроблена. А дзецi! Старэйшая Ганка ўжо даўно пiсьмы яму пiсала. Яго душу рвала тое, што ён зноў апынуўся ў дзедаўскай хаце, быццам злы лёс сумысля не даваў яму выбрацца на прасторнейшую сцежку, чым тая, па якой iшоў дзед. А каб ён i скончыў дом, i пажыў год цi два ў iм. Тое шчасце было б нiчым перад тым няшчасцем, што цяпер агарнула яго. Ён быў адзiн, без дзяцей i жонкi, без нiкога на свеце. Што з таго, што ён мае дзве хаты! Навошта цяпер канчаць новую хату, калi iх няма. Хоць цэлую вулiцу дамоў дай яму. Гэта толькi павялiчыць яго смутак, нiчога яму цяпер не мiла, няма яму цяпер за што зачапiцца, каб жыць. I няма каму скардзiцца, над душой вiсiць гад з гадаў, бязлiтасны прышэлец з чужой зямлi. Пакуль чалавек жыве, ён ратуецца ад усякай злой навалы. Каб уняць свой смутак, Антон Крамарэвiч падумаў, што трэба ж жыць на свеце. Ён выйшаў, набраў лому, напхаў у печ i падпалiў. Некалькi разоў ён падкiдаў у печ дровы. Печ нагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Ён падумаў, што будзе чад, i яму карцела iсцi шукаць людзей i зноў пытацца, цi не ведаюць дзе следу яго жонкi i дзяцей. Замест замка ён укруцiў дротам клямку i рушыў з двара. Той белы худы певень выткнуўся з-за вугла, i зноў убачыў чалавека, i зноў кiнуўся ў лес з крыкам. "Як адзiчэла птушка! Нейк жа i жыве адна, начуе сабе на плоце, жывiцца сама". Думаючы аб усемагутным жыццi, якое на кожным кроку ўкараняецца i iмкнецца да красавання, адчуваючы гэта ўсёй душой сваёй, ён пайшоў у той вялiкi пасёлак, дзе быў раней цэнтр раёна. Там ён гаварыў з людзьмi, нiчога не выяснiў i каб трохi, дык трапiў бы ў рукi палiцаяў, якiя заўважылi нейкага новага тут чалавека. Добрым змрокам вярнуўся ён дадому. Праз пабiтую шыбу дзьмуў па хаце вецер. Ён заткнуў анучаю дзiрку ў акне i агню не запальваў. Ён памятаў, што на тым дзедаўскiм круку вiсiць чорны ад гразi ручнiк. Яго не паспелi памыць. Вобмацкам ён паклаў ручнiк у ночвы, якiя бачыў у сенцах, налiў вады i абмацаў ля комiна на печы мыла. Доўга ён мыў ручнiк, i гэтая разрыўка гнала ад яго смутак. Ужо было позна, калi павесiў ручнiк на плот. У цеменi ночы ён заўважыў, што той белы певень сядзiць на плоце перад хатаю i схаваў пад крыло галаву. Яму захацелася як-небудзь прылашчыць гэтую адзiнокую птушку. Пасля ён пайшоў на той бок арабiны ў полi, дзе бачыў, калi iшоў сюды, цэлы загон нявыбранай бульбы. Цi ёсць на яе гаспадар, цi не? Няхай сабе як хоча. Ён навыграбаў бульбы ў мех як панесцi мог. Вярнуўся з мехам у хату. Белы певень спаў усё на плоце. Ён лёг на цёплую печ i адразу заснуў. Перад днём выбiўся з-за хмар месяц i пачаў цьмець. Ранiца пачалася ясная. Ён прахапiўся, быццам было ў яго многа важных справаў. Зазiрнуў у акно. Белы певень дзёўб нешта пасярод двара. Ён падпалiў у печы, узяў з-пад лавы чыгун i паставiў да агню бульбу, каб хапiла i сабе, i пеўню. Управiўшыся з гэтым важданнем, ён сеў на печ, звесiў ногi i курыў. Неўзабаве дым ад яго папярос плаваў па ўсёй хаце. Круцiў ён папяросы адну за адной, смутак, як самы востры боль, пёк яму грудзi. Ён адчуў, што так не вытрымае доўга. "Толькi пераначую яшчэ адну ноч i тады сыду куды". Ён, здаецца, чуў, як iдзе час, секунда за секундай. Ён быў такi насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад цiхага бразгату сенечнай клямкi. Як той певень ад чалавека, так ён ад гэтага гуку як бы хiстануўся ўбок, да сцяны, пасля саскочыў з печы i стаў у гатовай да ўсяго паставе. Адчынiлiся дзверы, i цераз парог пераступiў Коля Сушчэвiч. Антон Крамарэвiч убачыў перад сабою хударлявага, з абветраным вострым тварам, хлапчука, у якiм (i гэта адразу кiдалася ў вочы) нерашучасць i баязлiвасць змагалiся з самай выразнай адвагай. Можа гэта было штучна напушчанае iм на сябе, але яно было i ўладала гэтым малым, нечаканым i незнаёмым госцем. Коля Сушчэвiч бачыў перад сабой незнаёмага чалавека ў зрыжэлых ботах, у ватоўцы, з дробнымi светлымi вусамi, з вачыма, адначасна i рухавымi, i задуменнымi. Гэты незнаёмы чалавек стаяў нерухома i, здавалася, еў вачыма свайго малога госця. Так ён пiльна прыглядаўся да яго. Коля Сушчэвiч засадзiў пальцы рук за раменную сваю падпяразку на кароткай вопратцы з шэрага сукна i, здавалася, думаў i меркаваў. Антон Крамарэвiч падазрона ўглядаўся ў яго i сказаў тонам чалавека, якi не так дапытвае другога, як сам шукае апiрышча: