Замежная фантастыка
Шрифт:
І гутарка ў іх была поўная і чароўная, як круглявы месяц, які каціўся па небе. Манах, надзіва дасведчаны ў майстэрстве вершаскладання, гаварыў павольна і спакойна, але ў яго голасе і ў позірку заўважалася нешта, што прымушала думаць, быццам перажыў ён глыбокае ўзрушэнне і ўбачыў на свае вочы зменлівасць свету. Сапраўды, чалавечы лёс не больш чым воля рукі гасподняй!
І Хама адчула каханне да мужчыны — гэта здаралася з ёю рэдка, вельмі рэдка, — і пры расставанні папрасіла што-небудзь на памяць. Ён сумна ўсміхнуўся, сказаў: «Ну што ж…» і напісаў на памінальнай таблічцы вершы ў стылі «дзеку», а пад імі дату
— Прашу цябе, нікому не паказвай, — сказаў ён, і яны рассталіся.
Прайшло многа-многа гадоў. На свеце настаў мір. І так было ціха і спакойна навокал, што ў вёсцы ля падножжа гары сярод заможных сялян завялося нямала аматараў чайнай цырымоніі і нават паэзіі. Адзін такі аматар часта падымаўся на гару і прыходзіў у келлю Хамы на чайную цырымонію. Можа, пустэльніца абуджала ў ім невыразную цікаўнасць, а можа, ён і праўда глыбока паважаў яе хатні алтар — хто ведае, але толькі аднойчы гэты чалавек, асцярожна перабіраючы Хаміны рэліквіі, выпадкова знайшоў таблічку з вершамі невядомага манаха. Ён уважліва прачытаў і перачытаў вершы і здзіўлена ўсклікнуў:
— Не можа быць! Подпіс без сумнення належыць Акэці Міцухіда! Без сумнення… Паважаная пустэльніца, прашу вас, скажыце, як апынулася тут гэтая таблічка? Але дзіўна… Дата… на тры гады пазней, як Міцухіда загінуў у Хонадзі… Што? Вандроўны манах напісаў?.. Ха-ха-ха! Ну і спрытнюга! Ашукаў вас, пані пустэльніца, гэты багамолец Буды!
Ёй было ўсё роўна, ці наведаў яе келлю Акэці Міцухіда, ці вандроўны манах, які паставіў яго подпіс, ці яшчэ нехта. Якое гэта мела значэнне? Хіба не было той дзіўнай ночы і дзвюх душ, якія зліліся разам у сярэбраным і звонкім свеце, дзе ўладарылі месяц, цыкады і духмяныя начныя травы?..
А потым… Што ж было потым?.. Ды шмат рознага. Быў багацей з Эда, вялікі аматар жаночага цела, які пратаптаў сцяжынку да яе келлі. Доўга ён угаворваў Хаму ўступіць яго страсці і нарэшце ўсё ж такі звёз яе ў Эда і падарыў ёй дом.
Быў цясляр, прастадушны чалавек. Пажылі яны з ім сям'ёю як мае быць.
Але мужчыны рана ці позна паміралі. І кожны раз, адслужыўшы хаўтуры, Хама вярталася ў сваю келлю.
Ішлі гады. Змяняліся эпохі. Змянялася жыццё. Толькі адна Хама заставалася ранейшай.
— Пані… — ад саду да галерэі падышоў слуга. — Дыліжанс каля варот.
— Зараз іду…
Хама схавала ў маленькі скрутак памятныя запісы — маёмасць, з якой яна некалі прыйшла ў гэты дом і з якой цяпер адыходзіла, яшчэ раз, набожна склаўшы рукі, пакланілася таблічцы з імем нябожчыка і ўстала.
Гэты апошні яе муж быў вельмі багаты. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі цэлую флатылію, якая хадзіла ў кабатажнае плаванне, а з надыходам эпохі Мейдзі яшчэ больш разбагацеў на гандлі рысам. Хама спадабалася яму. Згвалціўшы яе, ён прымусіў яе пераехаць у Токіо, а калі ў яе адраслі валасы, зрабіў пустэльніцу сваёй афіцыйнай палюбоўніцай і падарыў асабняк.
У гэтага багацея было яшчэ шэсць палюбоўніц, і кожнай — свой асабняк. Законная жонка жыла ў раскошным доме, які называўся палацам, дзень і ноч аплакваючы здрадніка-мужа. Так яна і памерла — у слязах і раскошы. Дзве яго ўтрыманкі, прыхапіўшы каштоўнасці, збеглі з маладымі хлопцамі, і тады ён афіцыйна ажаніўся з Хамай. Вяселле, праўда, было сціплае, ніякіх гасцей не запрашалі.
Яго дачка ад першага шлюбу атрымала
З чэлядзі засталіся толькі двое — слуга і служанка. Хама самааддана даглядала агіднага старога — таксама, як і ўсіх.
4
— Значыць, так… — сказаў начальнік будаўніцтва, які толькі што вярнуўся з сталіцы. — Давядзецца тужыцца і закончыць усе работы на два тыдні раней тэрміну. Я атрымаў ад міністра добры наганяй. Уся справа ў іншаземцах. Дэлегацыя пажадала прыехаць раней, чым было дамоўлена, і неадкладна агледзець будоўлю.
— Нічога не атрымаецца, — галоўны інжынер паціснуў плячамі.
— Павінна атрымацца. Нам даюць дадаткова некалькі дзесяткаў звышмагутных экскаватараў і атамных лапат, — начальнік зірнуў на наручны гадзіннік. — Па-мойму, міністр гарыць жаданнем устанавіць новы рэкорд у шасэйным будаўніцтве. Напэўна, у гэту самую хвіліну ў аэрапорце ўжо прызямляюцца транспартнікі-цыклопы. А ўжо адтуль абсталяванне нам як бачыш даставяць. На верталётах «Самсон».
— Дарэмна. Спешка тут не дапаможа, — запярэчыў адзін майстар. — Пракапаць тунель не жарт. Праходчыкі ідуць з двух бакоў, насустрач адзін аднаму, але ўсё роўна менш чым у дзесяць дзён не ўкладуцца. Гара, а не які-небудзь узгорачак. Ды дні чатыры на абліцоўку, бетанаванне, мантаж электроннага абсталявання.
— А мы не будзем капаць! — начальнік акінуў прысутных пераможным позіркам. — У праект унесены істотныя папраўкі. Не марнаваць жа столькі часу на тунель! Дык вось, тунеля не будзе! Мы ўзарвём гару!
— Што? Узрыў?.. Дык гэта ж… — галоўны інжынер пачаў быў гаварыць, але спалохана змоўк.
На роўным, як стол, полі недалёка ад будаўніцтва сеў верталёт. З яго гарохам пасыпаліся ўзброеныя салдаты.
— Вось якраз… — сказаў начальнік будаўніцтва, кісла жмурачыся ад яркага сонца і нясцерпнага металічнага бляску верталёта. — Узрыў… Гэта… — ён махнуў рукой. — Усё зробяць за нас. Вадародная бомба, бамбакрошка… Тэхніка на мяжы фантастыкі — пякельная машына для патрэб будаўніцтва. Гара знікне як дым… Радыяцыі не будзе, а калі нават і будзе, справу завершаць не людзі, а будаўнічыя аўтаматы.
Галоўны інжынер мімаволі зірнуў на гару. Прыгожая гара, цудоўная, дзіўная. Царыца сярод іншых гор. Уся пакрытая рэліктавымі соснамі. Ахоўвалася да гэтага часу як помнік культуры. І вёска каля яе падножжа — таксама помнік. Вёска, якая захавалася з старажытных часоў… У гэтую гару цяпер упіралася стужка скораснай шасэйнай дарогі. Зручная дарога. Шырыня сто метраў…
Блакітная стужка цягнулася здалёк. Ад аэрапорта далёка на поўдні, перасякаючы раўчукі і рэкі… А па ёй з мінімальнай хуткасцю трыста кіламетраў паімчацца аўтамабілі з электроннымі аўтавадзіцелямі…