Золак, убачаны здалёк
Шрифт:
Але за гэта я ўжо яму дзякую, са спазненнем ды наўздагон. За тое дзякую, што праз чужую мову я часамі даходзіў тады — усе мы даходзілі — да хараства такога ж блізкага, як і сваё, да праўды роднай і нам, беларускім мужыцкім дзецям. Скажам, у той гуральскай казцы, дзе хлопец з апошняй у сям'і місай мукі адчыніў дзверы свіронка, а сіберны вецер раптоўна так дзьмухануў, што вымеў з місы ўсю муку — панёс яе, не збярэш, не дагоніш!.. Гэта быў толькі пачатак польскай народнай казкі, толькі яго я і помню цяпер, але і ён мне гаворыць многа…
Быў у нас і другі культуртрэгер, з іншаю мовай і іншым панствам, — мілтачоўскі поп.
Маліцца мама мяне вучыла і прымушала з самага малку, аднак са словам «рэлігія» я пазнаёміўся толькі ў школе, упершыню спыніўшыся на ім у «роскладзе годзін», павешаным Камаром на сцяне, толькі тады ўсвядоміў, што не адны малітвы,
Рэдка яго прывозілі да нас, затое дні гэта былі нібы святочныя. Зранку па бацюшку пасылалі падводу, мы ведалі хто, чый тата або брат паехаў гэтым разам у Мілтачы, і мы чакалі, хваляваліся. Чамусьці мне найлепш уяўляецца прыезд зімовы. Пачуўшы званок з-пад дугі ці ўбачыўшы праз намаразь акна каня і сані, мы рваліся з класа на двор, і Камар нас пускаў, бо і сам ён ішоў сустракаць паважанага госця. Не апрануўшыся, мы высыпалі на двор і крычалі ўжо не «дзень добры», а «здрастуйця». Старэнькі, сівы, ён цяжка вылазіў з саней-вазка, так незвычайна, багата апрануты, у чорнай каракулевай шапцы, у чорным доўгім паліто з каракулевым каўняром, а пад паліто, калі ён распранаўся ў канцылярыі і ўваходзіў у клас, была яшчэ чорная доўгая раса. Без пазлацаных рызаў, у якіх мы вельмі рэдка бачылі яго ў царкве, або калі ён прыязджаў хаваць каго-небудзь, ці раз у год служыў малебен у нашай капліцы на могілках. Трэба сказаць, што наш пастухоўскі фальклор ахопліваў і бацюшку, была і такая прыпеўка:
Гоп-па-па, гоп-па-па, чорна с… у папа, а ў папіхі белая, поп за ёю бегае!..Аднак у школе мы пра гэта забываліся. Ён таксама, як і Камар, садзіўся на першую парту, яшчэ больш пацясніўшы вучняў або выселіўшы не аднаго, а двух, гаварыў сваё «ну-с…» і пачынаў расказваць «з галавы». Усе тыя гісторыі — які быў страшны сусветны патоп і як потым голуба паслалі з каўчэга ў разведку і ён вярнуўся з маслічным лістам у дзюбе; як браты прадалі Іосіфа ў няволю, а потым самі, у вялікі голад, прыязджалі да яго, калі ён стаў амаль царом; як маленькага, вельмі прыгожага Майсея бедная маці схавала ў трыснягу ў прасмоленым кашы і як яго знайшла там фараонава дачка… — усё гэта і многа іншага з расказаў бацюшкі хвалявала маё ўяўленне, гучала для нас цудоўнымі казкамі. І казкі гэтыя былі, у параўнанні з Камаровымі, куды больш даступныя для нас на мове расейскай, якую так ці гэтак, уперамешку з роднай, ужывалі ў нас дарослыя, — у сваіх гарадскіх ды ваенных успамінах, у песнях, — на мове, якая была і ў тых кнігах, што засталіся па хатах з вайны.
Можна было б цяпер і таму бацюшку падзякаваць наўздагон, як і настаўніку, за хоць такое, ускоснае ды міжвольнае, далучэнне нас да багаццяў сусветнай літаратуры, аднак у тым іх навучанні было, у кожнага, сваё «але»…
Чужаніца настаўнік прыехаў сюды з далёкага, невядомага краю, разам з паліцыяй, пад аховай яе вінтовак і «божых пальцаў» марочыў нашы галовы, занечышчаў нашы светлыя душы недарэчнай варожасцю да ўсяго, што наша, роднае — дома, на нашым месцы пад сонцам. Бо ён чытаў нам не толькі мудрыя, светлыя казкі свайго польскага народа, вершы і апавяданні з яго чалавечнай, высакароднай літаратуры, але і ўсякую так званую патрыятычную марноту. Захоплена, раз-поразу задзіраючы ўгару руку, чытаў нам Камар саладжава-нягеглыя вершыкі, скажам, пра вусы, шаблю і Каштанку, кабылу пана Пілсудскага, пра якога мы дома і на вёсцы, ад тых, каму мы верылі найбольш, добра ўжо ведалі, што ён — галоўны кат ужо не ў Мілтачах, але на ўсю нашу Заходнюю Беларусь, на ўсю Польшчу, для ўсіх працоўных, бедных людзей. І пра Савецкі Саюз, пра «большэвікуў» Камар чытаў і гаварыў нам толькі дрэннае: і хамы ўсе там, і разбойнікі… А мы ўжо ведалі, што там і зямлю далі людзям, і волю роднай мове кожнага — праўда, найлепш для нас зразумелая.
І поп не толькі вучыў нас маліцца, не толькі расказваў цікавыя казкі, святыя гісторыі. Часта, сказаўшы сваё «ну-с», ён пераходзіў на палітыку, да Саветаў, дзе, як казаў, «коммуна, что означает, дети, кому на, а кому и нет». Хіхікаў аж да кашлю, тады адхаркваў макрату, акуратна выплёўваў яе ў вялікую чыстую хустачку, прыглядаўся туды, паволі складваў хустачку, клаў яе белы квадрацік у глыбозную кішэню расы і, як Камар, пачынаў пра разбойнікаў, дзікуноў ды яшчэ і бязбожнікаў, якім калісьці, на тым свеце, давядзецца гарэць,
Зімою, у палавіне другога класа, мне ішоў дзевяты год, а Шуры дванаццаты. І вось аднойчы, калі мы ўдвух, пасля такой «рэлігіі», ішлі дахаты, ён пачаў:
— Мне дзед казаў, што гэты поп служыў у паліцыі. Не ў польскай, а ў расейскай. І ў свабоду людзі хацелі яго забіць на вуліцы. На кавалкі парвалі б, але ён адмалёкаўся, што маленькія дзеці, што пойдзе на папа. І людзі пашкадавалі яго…
Цётка Марта, дваюрадная сястра нашай мамы, служыла тады ў бацюшкі. Неяк яна прыйшла да нас з Мілтачоў і расказвала, як тыя бацюшкавы колішнія дзеці, цяпер тры брыдкія незамужнія ганаровыя пападзянкі, анічога не хочуць дома рабіць, а п'юць не малако, не чай, а шакалад з маленькіх кубачкаў. Во як жывуць!.. А тут яшчэ з гэтай паліцыяй… Аж не верыцца.
Я маўчаў. Мне згадалася на тыя нашы меркі даўняе — што было пазалетась, калі я яшчэ ў школу не хадзіў. Як бацюшка прыязджаў у Аўсянікі ўлетку і, пасля малення ў капліцы і над магіламі, быў хрэсны ход па полі і па вёсцы. Наша мама, злосная на Рамана, што ён не памагае ёй, сама вынесла на вуліцу стол, заслала яго чыстым настольнікам, палажыла бохан хлеба і дзве свечкі, сабе і мне. Гэтак тады многія павыносілі, амаль перад кожнай хатай стаялі белыя сталы. Хрэсны ход, з вялікім драўляным крыжам, з пратэсамі і песнямі спыніўся і каля нас. Бацюшка ў пазалочанай рызе маліўся, мілтачоўскія дзеўкі, пеўчыя, падпявалі, а мы з мамай стаялі са свечкамі. Мая таксама была вялікая, соладка пахла расплаўленым воскам, і агеньчык то роўна гарэў, то калываўся, калі я махаў свабоднай рукою, хрысціўся. А можа, і ад тых дзявочых «аллилуя, аллилуя, слава тебе, бож-же», бо пеўчыя былі зусім блізка, столькі іх дыхала на агонь. Яшчэ як мы з мамай стаялі каля стала адны, чакаючы, яна мне загадала не толькі крыж пацалаваць, але і бацюшкаву руку. Я, можа, не забыўся б пра гэта і сам, але яна, як дайшло да таго цалавання, штурханула мяне, і я, вядома, паслухаў…
«Мне дзед казаў» — такое для Шуры было неабвержнаю праўдаю. А я адразу не зусім паверыў пра тую бацюшкаву паліцэйскую службу, і, як толькі мы з дзедам Богушам, у той жа вечар, апынуліся ў іхняй хаце толькі ўдвух, я спытаўся, ці праўда гэта.
— Праўда, унучак. Але не паліцэйскім, не спраўнікам ці прыставам, а следавацелям па паліцічаскіх дзялах. Яшчэ ў тую свабоду, што ў пятым годзе была. Ён чалавек вучаны, — удакладніў дзед і, памаўчаўшы трохі, дадаў: — Такі вялікі прыход, колькі вёсак, і Мілтачы на пяць вуліцаў. Што дзень, то і мярцвец, што нядзеля, то і вянец, — чаму тут не будзеш, як ты здароў, унучак, кажаш, піць той шакалад?
Я ніколі яшчэ не цалаваў чужое рукі. Ды такой яшчэ жоўтай, халоднай і валасатай, сціснутай на крыжы…
Не, я такога пра сябе нікому не скажу!
8
З дарослай дзеўкай, работніцай і весялухай, здарыўся прыступ апендыцыту. Завезлі ў Мілтачы, доктар зрабіў аперацыю. Праз тыдзень, калі ўжо хворую прывезлі дахаты, жанаты брат дзяўчыны нёс яе з воза ў хату, як малую. І яна, казалі, не вытрывала тады, яшчэ на руках, пацалавала яго ў шчаку, а ён, казалі, ажно заплакаў. А ўсё-такі яе, тую спраўную і вясёлую Ліду, празвалі потым Рэзаны Жывот.
Недабітая выбухам Маня стала Варонай, Шура — Сцягачом, Глушаком. У каго баляць вочы — Сляпы, трохі сутулішся — Гарбач, накульгваеш — Клышаногі, Кандыба…
Што гэта — натуральны адбор ці проста грубая, бязлітасная цемра?..
Псіхічнахворых усіх называлі дурнымі. Ці буйны ён, ці не, ці проста так сабе шаламок — усё роўна: Дурны.
У нашай вёсцы быў дурны Цупрон. Нястрыжаны, няголены, у лахманах, кіслагубы, што гаворыць — не кожны адразу і разбярэ. Рабіў, як гаварылі, за каня — многа і ўсё найцяжэйшае. Зусім бесталковы, але няшкодны грукач. А дзядзіна, пры якой ён жыў, не толькі вечна лаяла яго, але ж і біла, як жывёліну, чым пападзе. Мужык яе, Цупронаў дзядзька, не біў — у іхняй хаце ўсё яна сама. Суседзі чулі тады, як той нядоля плача, даўно дарослы дзяцюк, а румзае, як малое дзіця, сцішна, ледзь не па-воўчы, падвываючы. Аднойчы дзядзіна так ужо набіла ды настрашыла яго, што Цупрон утапіўся. Не на глыбокім, а ў бродзе, укленчыўшы і галаву да плячэй унурыўшы ў ваду. А перад гэтым, калі ён, босы лахмей, бег па вёсцы і плакаў, падвываючы, штосьці сваё балбатаў, ніхто не падумаў, што гэта ён так скардзіцца. От, вядома, Дурны!.. У труне ён быў чорны, страшны. А дуб на могілках, пад якім яго пахавалі, стары, разложысты, зялёны дуб стаў ад гэтага страшным. «Цупронаў дуб». «Пад Цупронавым дубам»…