Золак, убачаны здалёк
Шрифт:
У мамінай Руце быў іншы дурны — Салавей. Памерла там неяк адна старая. Каму яна маці была, каму бабуля або цётка — пахавалі раднёй, паплакалі, памянулі. А назаўтра нявестка выйшла на досвітку ў сені — ахнула, закрычала і павалілася. Дзверы на двор былі адчынены, каля сцяны, старчаком, абапёртая аб сцяну, стаяла труна без века, а ў ёй — старэнькая нябожчыца… Самлеўшы, нявестка ўжо не пачула, як за іх плотам, у агародзе, хтосьці зарагатаў.
Гэта быў Салавей. Такое з ім час ад часу бывала: адкапае і прынясе. Адлупцаваць яго, адвучыць назаўсёды — нельга, ніхто не адолее; хіба толькі адразу забіць, а хто ж гэта возьме грэх такі
Босы і летам і зімой, задрыпаны, аброслы, вочы дзікія — у твар такому не зірнеш, ён выходзіў на гасцінец і толькі па каляіне ішоў кудысьці — доўга, гледзячы сабе пад ногі. Сустрэчныя падводы з'язджалі тады набок. У кірмашны дзень дарогу яму даваў увесь бясконцы паток вазоў з мяхамі збожжа, звязанымі цялятамі, парсюкамі, кошыкамі курэй і спалоханымі цёткамі. Дый дзядзькі рады былі, што ціха размінуліся. Хоць Дурны гэты на людзей не кідаўся. Найчасцей ад яго і слова якога не чулі — проста ішоў. А калі і мармытаў сабе пад нос:
Соловей, соловей, пташечка, Канареюшка жалобно поет…Калі праходзілі аўтагонкі, ён на гасцінцы чамусьці не паказаўся, а нашы людзі ўспаміналі яго, нібы чакалі такое нагоды. Загінуў Салавей улетку сорак першага. Пакуль пайсці абозным фургонам, крытым чырванавата-карычневым палатачным палатном, з двума здаравеннымі, кароткахвостымі першаронамі абапал дышля, насустрач Дурному — у яго бясконцай і заўсёды вольнай каляіне — цяпер на ўсход ішло такое незвычайнае ды грукатлівае, што не дало яму дарогі — танкі… Ды гэта толькі праз пятнаццаць год.
Бывалі дні, калі ён з крыкам бегаў па чыстаполіцы, атакаваў у лоб ці акружаў які-небудзь пусты прыгорак, лажыўся з размаху, зноў падхопліваўся, бег… Жанцы ці сейбіты не чапалі яго, і ён нікога не чапаў — ён рабіў сваю справу адзін.
Гэта была яшчэ ўсё вайна. Зноў і зноў яна прачыналася ў ім, калісьці светлым сялянскім падлетку, што з бацькавага мазаля закончыў гарадское вучылішча, а потым, маладзенькі прапаршчык, звар'яцеў у першай штыкавой атацы…
У вёсцы тады будынкі стаялі так: ад вуліцы — хата, сені, камора, хлявы, усё «адным шнурам», пад суцэльнай страхой. Часцей за ўсё пасля хаты кухня і сені былі малыя, дзве бакоўкі, а ў некаторых кухні не было, у хаце і грубка і печ, а сені затое вялікія. Як у Шуравага дзеда.
Аднойчы цёмным, дажджлівым вечарам я зайшоў з двара ў Богушавы сені, зачыніў за сабою дзверы і, пакуль наўздагад, па прывычцы ісці ў чорнай цемры да хатніх дзвярэй, спыніўся і немаведама чаму ўспомніў бабулю, якую Салавей прынёс і ў адкрытай труне паставіў каля сцяны. А тут яшчэ раптам, як з таго свету, пачулася зычнае, ніколі не чутае, гугнява-здушанае «бэ-лэ-лэ!..». Я не самлеў, я толькі рвануўся да дзвярэй у хату… З мяне смяяліся. Бо гэта ж у іхніх сенях быў катух для авечак, пра што я ведаў і сам, і гэта ж авечка забэкала так незвычайна, з сенам у роце.
Страх… Я ўжо тады, дарэчы, ведаў яго і з кніжак, чытаў «Вія», пасля чаго баяўся хадзіць на змярканні ў гумно. Аднак жа з Салаўём і ў тых расказах пра нядаўнюю вайну, якіх я — і дома, і ў Богушавых, і на вуліцы — чуў так многа, страх быў іншы.
Ды, можа, і зусім не страх гэта, а штосьці іншае?..
— Пакінь, Алесь, супраць ночы! А то дзіця ізноў не засне…
Так гаварыла
І ўсё расказвае пра вайну… Як яны перлі з Усходняй Прусіі і ў яго за адну ноч конь раскаваўся на ўсе чатыры нагі. Як за Каўказам туркі ў чырвоных шапках ішлі на яго кулямёт, а дзядзька падпусціў іх так блізенька, што аж чуваць было, як дыхаюць, а тады ўжо ўсіх пакасіў… Як у Галіцыі… Як каля возера Нарач…
А потым аднойчы ён уздыхнуў, памаўчаў і як выстагнаў:
— Божа мой!.. Божа мой!.. Рукі, ногі, галовы — навалам!.. І кішкі на дроце… Людзі — людзей, чалавек — чалавека!..
…Мы едзем з мамай да цёткі Аксені, у Яры.
Мама дала мне лейцы, трохі патрымаць, а потым забрала. Бо вось насустрач нам едзе доўгі абоз. Вазы — нібы з якой канюшынай або з сухім картаплянікам — высока нашантыраны вялізнымі кубамі густа зматанага дроту, чорна-карычнева-іржавага, змацаванага процьмай калючак. Таго самага дроту, які тры гады таму назад здаваўся мне копамі, несамавіта чорнымі копамі на чыстай пакошы і ў збожжы. Таго дроту, пра які Раман тады сказаў: «Мо і крыві было на ім», а мама перапыніла яго, што пры дзіцяці не трэба…
Я ўжо намнога старэйшы, пры мне ўжо столькі гаворана… Я ўспамінаю дзядзькава — з горкай тугою пасля азарту — пра рукі-ногі-галовы і кішкі на дроце… Я гляджу на вазы, якія хмарна сунуцца насустрач нам, і мне здаецца, што бачу іх — тыя кішкі, расцягнута пасохлыя ў калючай, іржавай гушчыні — у кожнай хмары, ад воза да воза… Коні, такія розныя, стараюцца ісці, цягнуць усе аднолькава. Дзядзькі-гаспадары, усе аднолькава незнаёмыя, ідуць побач з вазамі і не прытрымліваюць іх, як вазы сена ці канюшыны, за валок убітых грабель, а толькі лейцы трымаюць. Спакойна ідуць, задаволена — такі заработак цяперашнім светам не часта здараецца.
Я ўжо вялікі, хоць мама і забрала ў мяне лейцы, — я яшчэ летась сыходзіў з Людай у самы найглыбейшы іхні яр, і мы там заходзілі ў бліндажы, дзе калісьці сядзелі немцы. Як у склепе халодным — такая там цымантовая сцішната. З высокай гары за першым ярам, калі глядзець на ўсход з колішняга нямецкага боку, відаць лугі, справа — круты зялёны ўзгорак, тая «георгіеўская сопка», з якое немцы ніяк не маглі выбіць расейцаў снарадамі; насупраць — вёска і безгаловая царква; злева — далёка і ледзь прыкметна — шэры кручок вагі, мае «венгерскае пушты».