Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Многія рэкі злучаны каналамі. Дняпроўска-Бугскім, Бярэзінскім (злучае Бярозу-раку з прытокам Дзвіны — Улай), Аўгустоўскім (злучае Нёман з Бабром, ракою басейна Віслы). Агінскі (звязвае прыток Прыпяці Ясельду з прытокам Нёмана — Шчарай). На жаль, дзейнічае толькі адзін, Дняпроўска-Бугскі. Каналы ж трэба чысціць, паглыбляць, пашыраць. Словам, сачыць, як за ўсякай дарогай. Гэтым і збіраюцца заняцца.
А пакуль на беразе
Азёры — вочы зямлі. Воблік Беларусі нельга сабе ўявіць без азёр. Іх у нас каля 11 тыс. Вялікія і малыя, цёмныя, балотныя і светлыя, як самое святло. Лясныя, як Кромань або Свіцязь, і бязлесныя.
Азёры прыносяць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць. Азёры не толькі кормяць навакольны люд, але і натхняюць паэтаў. Свіцязь натхняла Міцкевіча. Возера Няшчэрда — аднаго з першых беларускіх пісьменнікаў новага часу, аўтара "Рабункаў мужыкоў" і чатырохтомнага зборніка апавяданняў "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" Яна Баршчэўскага. Тэматыка гэтых апавяданняў дужа нагадвае ранняга Гогаля або Гофмана, але ўсе яны навеяны легендамі і паданнямі наваколляў Няшчэрды.
Або Князь-возера, якое цяпер невядома чаму называюць Чырвоным. Гэта на Палессі, паўночней Турава. Легенда, звязаная з гэтым месцам, натхніла кампазітара Залатарова на стварэнне цудоўнага балета "Князь-возера"… А легенда такая (падаю ў варыянце, які сам чуў і які збольшага супадае з найбольш старымі яе пераказамі, зробленымі яшчэ ў XIX стагоддзі).
…Возера было велічэзнае, як мора, а пасля пачало сохнуць, змяншацца і ўрэшце зрабілася зусім маленечкім. Людзям жыць стала лепей, а рыбам горш. І вось астравок пасярэдзіне гэтага маленькага люстэрка вады аблюбаваў князь Алелькавіч-Слуцкі з пакалення Альгерда. Пабудаваў тут замак і стаў княжыць і расперазаўся так, нібы над акругаю панаваў не чалавек, а д'ябал. А людзі цярпелі, мучыліся, елі кару. І праходзіў Падарожнік, які ведаў усё і прайшоў паўсюль і чытаў усе кнігі, нават Галубіную, што ўпала з неба. Убачыў, што не толькі яго ніхто не можа накарміць, а нават дзеці кладуцца спаць галодныя. І сказаў, што калі зладзействам князя не будзе мяжы, калі яны "пройдуць прадзел", а людзі ўсё ж будуць цярпець, то рыбам зноў будзе добра, а людзям дрэнна. Ніхто яго не паслухаў.
А князь лютаваў. Узненавідзеў брата і пасадзіў яго ў вечна мокрыя сутарэнні замка, якія былі ніжэй узроўню возера. І сваю былую палюбоўніцу засадзіў туды ж. І нявесту аднаго хлопца, якая не хацела адказаць князю ўзаемнасцю, кінуў у тыя ж падзямеллі. І многіх-многіх іншых.
Тады прыйшла мяжа цярпенню зямлі. У адну ноч пачалі біць шалёныя маланкі, грымець перуны, аж калацілася цвердзь, а замак і ўсё наваколле пачалі правальвацца ў воды возера. Страшныя валы пабеглі на зямлю, злізвалі хаты, лясы. Вежы замка зніклі ў пене на вачах. А трэба сказаць, што цярпенне людзей скончылася ў тую самую ноч, і яны выйшлі з хат з доўбнямі і віламі, якраз тады, калі д'яблава гняздо пачало тануць. І вось тут, убачыўшы, што цярпенню людзей прыйшоў канец, зямля злітавалася. Сціхнулі воды, і толькі муры і вежы замка канчаткова і назаўсёды зніклі пад вадой. Панаваць у ім, жыць у пакоях, слізгаць у байніцы сталі рыбы.
Так, калі верыць легендзе, і ўтварылася Князь-возера плошчаю ў 43,6 кв. км. Самае рыбнае возера на Палессі. На пачатку XX ст. сяляне і прамысловыя арцелі на рыбе тут выручалі да 10 000 рублёў у год. Гэта на тыя грошы, калі зараблялі капейкі, але і хлеб каштаваў грашы.
Цікавей за ўсё тое, што пад гэтай легендай хаваюцца нейкія рэальныя абставіны і падзеі, нейкае зерне ісціны. Нешта такое павінна было адбыцца тут у незапомныя часы. Бо вакол возера балота дасягала на пачатку XX ст. чатырохсот квадратных вёрстаў. Бо яшчэ вядомы вучоны XIX ст. Адам Кіркор гаворыць, што ў возера вядуць каменныя і драўляныя дарогі, якія знікаюць у глыбіні. А "Расія", настольная і дарожная кніга, што выдавалася на
Вось бы ўзяць акваланг ды паныраць, памацаць усё ўласнымі рукамі! Нават нягледзячы на каламутную ваду.
І такое можна расказаць ледзь не аб кожным возеры. Ад самага дробнага да самага буйнага — Нарачы (даўжыня 13 км, глыбіня месцамі больш за 20 м) з яго чысцейшай цалюшчаю вадою. Гэта не перебольшанне, а праўда — вада Нарачанскіх крыніц лечыць.
У Нарачы, як і ў іншых азёрах і рэках Балтыйскага басейна, ад Брэста да Асвеі, водзіцца розная рыба. Але найбольш цікавая, вядома, вугор. Доўгі, змеепадобны, тоўсты, ён не проста адна з самых смачных нашых рыб, але і самая незвычайная. Ён можа прапаўзці невялікую адлегласць ад вадаёма да вадаёма, а сяляне і рыбакі з тых мясцін, дзе ён водзіцца, дружна расказваюць, што ў дужа росныя месячныя ночы вугор выпаўзае на палі есці гарох. Калі прыходзіць час класці ікру, вугор плыве са свайго возера ці рэчкі ў вялікую раку, пасля ў Балтыку, адтуль у Атлантычны акіян і ўрэшце дасягае змрочных глыбінь Саргасава мора. Менавіта там з ікры выводзяцца лічынкі, спачатку зусім празрыстыя, і плывуць назад, на радзіму. Некаторую частку дарогі яны робяць з Гальфстрымам. Шлях цягнецца многія месяцы, вугры сталеюць. І ўрэшце, ужо амаль дарослыя, з'яўляюцца ў той рацэ, у тым возеры, адкуль калісьці іхнія бацькі накіраваліся ў свой доўгі шлях.
Водзяцца таксама ў азёрах сігі, сялява (рапушка), сняток (корушка). У рэках — мінога ручайная, гальян, гарчак, быстранка, галец.
І паўсюль: шчупак — рачны тыгр, тоўстая плотка, язь, прагны галавень, чырванапёрка, залаты лін, жэрах, срэбная верхаводка, "гусцяра з Дняпра", ляшчы, рыбцы, залаты карась, лянівы вусаты казак-сом, чорна-ліловы мянтуз, судак, акунь і задзіра-ёрш, якія добра "манціруюцца" з юшкай. Я ўжо не кажу пра непрамысловых: яльца, вярхоўку, нахабнага печкура, які нават за пальцы ног пакусвае, калі вудзіш, стоячы ў рэчцы, шчыпоўку, таго ж уюна і падкаменшчыка.
Ёсць таксама стронга, харыюс, падусты, вусачы, а ў Дняпры, акрамя таго, выразубы, сцерлядзі і асятры (дужа рэдка). Ды хіба ўсіх, аж да ласося і кумжы, пералічыш?
Рыбалоўства на Беларусі існавала спрадвечна. Пры раскопцы старажытных стаянак чалавека часта знаходзяць рыбіны косткі, касцяныя, а пасля і металічныя, кручкі. Прычым, лівілі не толькі з берага. Самаму старому чаўну, знойдзенаму на Беларусі (ён зараз у Пінскім музеі), 7 тысяч год. Гэта яшчэ новы каменны век, неаліт. Як човен збярогся? Ну, па-першае, дуб толькі мацнее ад вады. А па-другое, човен трапіў у тарфянік, які і закансерваваў яго.
З рыбалоўствам часта бываюць кур'ёзы. Адзін мой знаёмы знайшоў аднойчы ў глеі стары "самовы" кручок. Выкінулі, відаць, за непатрэбнасцю, бо такіх самоў цяпер, мабыць, няма. Кручок быў таўшчынёю ў палец і даўжынёю сантыметраў каля трыццаці. Калісьці на такі насаджвалі цэлую абскубаную качку і кідалі ў вір, дзе запрымецілі сома-гіганта. Дзівіцца тут няма чаго. Нават меншыя самы цягаюць качак, а сярод іх (самоў, а не качак) бывалі волаты. У XVI стагоддзі ля Полацка быў злоўлены сом вагою ў 15 пудоў. Дый мой бацька расказваў, што, калі ён быў маладым чалавекам, у Дняпры, ля Оршы злавілі васьміпудовага сома. Калі яго ўзважылі — спецыяльна быў запрошаны натарыус, які і склаў з гэтага выпадку акт, натарыяльна засведчыў такое дзіва.
Бацька бачыў тую рыбу. Сом быў амаль чорны, і не столькі ад старасці, колькі ад таго, што на ім сям-там аж дробныя ракушкі пасяліліся. Увесь быў нібы ў твані.
…Ловяць рыбу ўсе. Нават "беспарточная пяхота", ледзь навучыўшыся бегаць, сядзіць ужо недзе на беразе пратокі з прутом у руках і ловіць печкуроў. Пасля прыходзіць чарга таптухі, сапраўднай дарослай вуды, а часам і спінінга. Ставяць таксама вершы. Нераты, брэдні і плывуны зараз жыхарамі не прымяняюцца. Па-першае, забарона, а па-другое, самі бачаць, што рыбы стала менш. Умелы спаймае і вудай, хаця і сказана: