1984
Шрифт:
Два мажныя ахоўнікі нахіліліся, каб узяць яго за рукі. Але ў гэты самы момант ён пляснуўся на падлогу і ўчапіўся што было сілы за сталёвую ножку лавы. Ён працягла завыў, як нейкі дзікі звер. Ахоўнікі ўзяліся за яго, спрабуючы адарваць ад ножкі, але ён трымаўся з неверагоднай сілай. Яны тузалі яго секунд двадцаць. Вязні сядзелі ціха, склаўшы рукі на каленях, пазіраючы проста перад сабой. Выццё абарвалася; у чалавека цяпер хапала духу толькі на тое, каб трымацца. Але тады пачуўся іншы крык. Ахоўнік раструшчыў яму ботам палец на руцэ. Яны паставілі яго на ногі.
— Пакой 101, — сказаў афіцэр.
Чалавека вывелі. Ён ішоў хістаючыся, з пануранай галавою, прыціскаючы да грудзей скалечаную руку. Ваяўнічасць пакінула яго.
Прайшло даволі шмат часу. Калі чалавека з тварам-чэрапам вывелі апоўначы, дык цяпер была раніца, калі ж раніцаю, дык цяпер быў вечар. Ўінстан ужо дзве ці тры гадзіны быў адзін у камеры. Яму было так мулка сядзець на вузкай лаве, што часта ён уставаў і хадзіў па камеры, не выклікаючы нараканняў тэлегляда. Кавалак хлеба яшчэ ляжаў там, дзе кінуў яго чалавек без падбародка. Напачатку вельмі
З калідора зноў пачуўся стук ботаў. Дзверы адчыніліся. У камеру ўвайшоў О'Браэн.
Ўінстан ускочыў на ногі. Тое, што ён пабачыў, так яго ўразіла, што ён забыўся пра асцярожнасць. Першы раз за шмат гадоў ён не зважаў на прысутнасць тэлегляда.
— Яны і вас узялі! — закрычаў ён.
— Яны ўзялі мяне ўжо даўно, — адказаў О'Браэн мяккай, амаль шкадавальнай іроніяй. Ён адступіў убок. З-за яго спіны ўзнік шыракагруды ахоўнік з доўгім чорным кіем у руцэ.
— Вы ведалі гэта, Ўінстан, — сказаў О'Браэн. — Не маніце сабе. Вы ведалі гэта — вы заўсёды ведалі гэта.
Так, цяпер ён бачыў, ён заўсёды гэта ведаў. Але думаць пра гэта не было часу. Усё, на што яму хапала позірку, быў кій у руцэ ахоўніка. Ён мог ударыць у любое месца: па патыліцы, па кончыку вуха, па руцэ, па локці…
Па локці! Ён асеў на калені, амаль спаралізаваны, схапіўшыся рукою за збіты локаць. Уваччу ўсё выбухнула жоўтым святлом. Немагчыма, немагчыма, каб толькі адзін удар мог спрычыніць такі боль! Зрок трохі прасвятлеў, і ён мог бачыць, як тыя двое паглядаюць зверху на яго. Ахоўнік душыўся смехам. Ва ўсялякім разе, на адно пытанне адказ быў гатовы. Ніколі, нізавошта на свеце ён не пажадае, каб памацнеў яго боль. Што да болю, дык тут можна было хацець толькі аднаго: каб ён спыніўся. Няма ў свеце нічога страшнейшага за фізічны боль. Перад болем няма герояў, няма герояў, думаў ён зноў і зноў, калі курчыўся на падлозе, марна сціскаючы сваю знявечаную левую руку.
2
Ён ляжаў на нечым, што нагадвала раскладанку, толькі значна вышэй ад зямлі, і быў прывязаны так, што не мог варухнуцца. У твар яму біла святло, мацнейшае, чым звычайна. О'Браэн стаяў побач і ўважліва глядзеў на яго. З другога боку стаяў чалавек у белым халаце са шпрыцам у руках.
Нават расплюшчыўшы вочы, ён не адразу зразумеў, што адбываецца навокал. У яго было ўражанне, што ён нібы ўсплыў у гэтым пакоі з нейкага зусім іншага, глыбокага, падводнага свету. Колькі ён там прабыў, ён не ведаў. З таго часу, як яго арыштавалі, ён болей не бачыў ні дня, ні ночы. Дый успаміны яго былі перарывістыя. Былі часы, калі свядомасць, нават тая, што маеш у сне, спыняла свой ток і пачыналася зноў пасля нічым не запоўненага перапынку. Але як доўга цягнуліся гэтыя перапынкі — дні, тыдні або толькі секунды, — даведацца было немагчыма.
Кашмарны сон пачаўся з таго першага ўдару па локці. Пасля ён зразумеў, што ўсё, што тады адбылося, было толькі папярэдняй падрыхтоўкай, звычайным допытам, якому падлягалі амаль усе вязні. Быў доўгі спіс злачынстваў — шпіянаж, сабатаж і іншыя, — у якіх кожны мусіў прызнацца, што ўспрымалася як сама сабой зразумелая рэч. Прызнанне было фармальнасцю, хоць катавалі па-сапраўднаму. Колькі разоў яго білі, як доўга — ён не памятаў. Заўсёды пры ім было адначасова пяць ці шэсць чалавек у чорнай уніформе. Часам білі кулакамі, часам кіямі, часам сталёвымі прутамі, часам ботамі. Часам бывала, што ён качаўся на падлозе, не маючы сораму, нібы жывёла, курчачыся сяк і так у бясконцым, безнадзейным намаганні ўхіліцца ад удараў, а замест таго падстаўляючыся ўсё новым і новым ударам у рэбры, у жывот, па локцях, па лытках, у пахвіну, па машонцы, па хрыбце. Бывала часам, што катаванне цягнулася так доўга, што яму пачынала здавацца жорсткім, агідным, непрабачальным не тое, што ахоўнікі яго білі, але што ён ніяк не мог прымусіць сябе страціць прытомнасць. Бывала, што нервы здраджвалі яму, і ён пачынаў крычаць аб літасці яшчэ перад тым, як яго пачыналі біць, калі аднаго толькі выгляду кулака, занесенага для ўдару, было дастаткова, каб ён пачаў сыпаць прызнанні аб сапраўдных і выдуманых злачынствах. Бывала таксама, што ён вырашаў ні ў чым не прызнавацца, і кожнае слова трэба было вырываць з яго праз нясцерпны боль, бывала і так, што ён спрабаваў ісці на кампраміс, кажучы сабе: «Я прызнаюся, але толькі не цяпер. Буду трываць, пакуль здолею. Яшчэ тры ўдары, яшчэ два ўдары, і тады я скажу ім усё, што яны хочуць». Часам яго збівалі так, што ён не мог стаяць, пасля кідалі, як мех з бульбай, на каменную
Біць яго сталі радзей, само біццё сталася цяпер проста пагрозай, застрашэннем, да якога можна было звярнуцца ў любы момант, калі яго адказы былі незадавальняючыя. Яго дапытнікамі былі цяпер не грамілы ў чорнай уніформе, а партыйныя інтэлектуалы, тоўстыя чалавечкі з рэзкімі рухамі і бліскучымі акулярамі, якія працавалі з ім наперамену асобнымі сеансамі, што цягнуліся — як яму здавалася, ён не мог быць пэўны — па дзесяць-дванаццаць гадзін. Гэтыя новыя дапытнікі рупіліся аб тым, каб ён увесь час пакутаваў ад няспыннага лёгкага болю. Але не болю надавалі яны галоўную ўвагу. Яны давалі яму поўхі, круцілі яму вушы, цягалі за валасы, прымушалі стаяць на адной назе, не давалі яму мачыцца, свяцілі яму ў твар асляпляльным святлом, пакуль з вачэй не ліліся слёзы; галоўнаю мэтай усяго гэтага было прынізіць яго і задушыць у ім здольнасць разважаць і спрачацца. Іх сапраўднай зброяй быў бязлітасны допыт, які працягваўся бясконца, гадзіну за гадзінай, блытаючы яго, падстаўляючы пасткі, перакручваючы ўсе яго словы, пераконваючы яго скрозь і ўсюды, што ён маніць і супярэчыць сам сабе, пакуль ён не пачынаў плакаць — і ад сораму, і ад нервовай стомы. Часам ён плакаў разоў шэсць за адзін сеанс. Часцей за ўсё яны брыдка лаяліся на яго і, як толькі ён пачынаў вагацца, пагражалі зноў перадаць яго ахоўнікам; але часам яны раптоўна мянялі тон, называлі яго таварышам, заклікалі яго ў імя Ангсоцу і Вялікага Брата і з прыкрасцю ў голасе пыталіся, няўжо і цяпер у яго недастаткова адданасці Партыі, каб ён захацеў адкупіць усё тое благое, што ён нарабіў. Калі нервы яго былі ладна пашкуматаныя пасля шматгадзінных допытаў, нават гэткага закліку было дастаткова, каб выціснуць з яго слёзы. Урэшце назольныя галасы зламалі яго канчаткова, лепш за боты і кулакі ахоўнікаў. Ён стаўся толькі языком, што вымаўляў, рукою, што паказвала ўсё, што толькі ад яго ні патрабавалі. Адзіным яго клопатам было здагадацца, якія прызнанні ад яго хацелі пачуць, і тады хутчэй прызнацца, пакуль зноў не пачнецца застрашэнне. Ён прызнаўся ў забойстве выдатных партыйных дзеячаў, у распаўсюджванні бунтаўнічых брашур, прамантачванні грамадскіх сродкаў, выдаванні ваенных сакрэтаў, разнастайным сабатажы. Ён прызнаўся, што быў шпіёнам на службе Ўсходазійскага ўрада яшчэ ў 1968 годзе. Ён прызнаўся, што ён веруючы, прыхільнік капіталізму і сексуальны маньяк. Ён прызнаўся, што забіў сваю жонку, хоць і ведаў, і яго дапытнікі таксама павінны былі ведаць, што яна жывая. Ён прызнаўся, што на працягу гадоў меў асабістыя зносіны з Гольдштэйнам і быў сябрам падпольнай арганізацыі, што складалася амаль з усіх людзей, якіх ён толькі ведаў. Было прасцей прызнацца ва ўсім і ведаць усіх. Да таго ж у нейкім сэнсе ўсё гэта было праўдай. Праўдай было тое. што ён быў ворагам Партыі, а ў вачах Партыі не было розніцы паміж думкай і справай.
Засталіся ў яго і іншыя ўспаміны. Яны паўставалі ў свядомасці бязладна, як карціны сярод суцэльнай цемры.
Ён быў у камеры, дзе магло быць і цёмна і светла, бо ён не мог бачыць нічога, акрамя пары вачэй. Зусім побач павольна і мерна цікаў нейкі інструмент. Вочы зрабіліся большыя і святлейшыя. Раптам яго нібы змыла з месца, ён нырнуў у вочы і патануў у іх.
Ён быў прывязаны да фатэля, вакол былі шматлікія датчыкі, у вочы біла сляпучае святло. Чалавек у белым халаце правяраў паказанні датчыкаў. З калідора пачуўся тупат цяжкіх ботаў. Дзверы з бразгатам расчыніліся. Увайшоў афіцэр з вайсковым тварам, за ім два ахоўнікі.
— Пакой 101, — сказаў афіцэр.
Чалавек у белым халаце не павярнуўся. Ён болей не глядзеў на Ўінстана, ён глядзеў цяпер толькі на датчыкі.
Ён каціўся па вялізным калідоры, кіламетр ушыркі, поўным урачыстага залатога святла, рагочучы на ўсё горла і выкрыкваючы прызнанні. Ён прызнаваўся ва ўсім, нават у тым, пра што здолеў змаўчаць пад час катаванняў. Ён выкладаў усю гісторыю свайго жыцця слухачам, якія яе ўжо ведалі. Побач з ім былі ахоўнікі, іншыя дапытнікі, людзі ў белых халатах, О'Браэн, Джулія, пан Чэрынгтан, і ўсе каціліся ўніз па калідоры з крыкам і смехам. Нешта жахлівае, што хавалася ў будучыні, было нейкім дзівам абыдзена і не адбылося. Усё было цудоўна, болей не было болю, найдрабнейшыя дэталі яго жыцця былі цяпер адкрытыя, зразуметыя, дараваныя.
Ён падхапіўся з дашчанага ложка амаль упэўнены, што пачуў голас О'Браэна. Пад час усіх яго допытаў, хоць ён ніколі яго і не бачыў, ён заўсёды адчуваў, што О'Браэн недзе зусім побач, яго толькі не відаць. Усім кіраваў О'Браэн. Гэта ён прыставіў да Ўінстана ахоўнікаў і папярэдзіў, каб яны яго не забівалі. Гэта ён вырашаў, калі Ўінстану крычаць ад болю, калі яму адпачываць ад катаванняў, калі яго карміць, калі яму спаць, калі яму калоць у руку лекі. Гэта ён ставіў пытанні і падказваў адказы. Ён быў катам, ён быў абаронцам, ён быў інквізітарам, ён быў сябрам. І аднойчы — Ўінстан не памятаў, ці было гэта ў сне пасля ўколу, ці ў звычайным сне, ці на яве, — нейкі голас прашаптаў яму ў вуха: «Не хвалюйся, Ўінстан; ты ў маіх руках. Сем гадоў я назіраў за табою. Цяпер настала вырашальная хвіля. Я ўратую цябе, я зраблю цябе дасканалым». Ён не быў пэўны, ці быў гэта голас О'Браэна; але гэта быў той самы голас, які некалі сказаў яму: «Мы сустрэнемся там, дзе няма цемры», у тым іншым сне, сем гадоў таму.