1984
Шрифт:
— У мяне Кніга, — сказаў ён, калі яны скончылі абдымацца.
— О, праўда? Добра, — сказала яна без лішняе цікаўнасці і амаль адразу схілілася над керагазам, каб зварыць кавы.
Яны вярнуліся да гэтай тэмы толькі праз паўгадзіны пасля таго, як леглі ў ложак. Вечар ужо дыхаў прахалодаю, і ім давялося прыкрыцца коўдрай. Знізу даляталі знаёмыя гукі песні і стукату чаравікаў па бруку. Жанчына з чырвонымі, як цэгла, рукамі, якую Ўінстан бачыў, як быў тут першы раз, была, здавалася, неадлучнаю часткай двара. Яна, пэўна, так і хадзіла праз цэлыя дні паміж балеяй і вяроўкай і, калі рот у яе не быў заняты зашчэпкамі, спявала свае чуллівыя песні. Джулія прылегла на бок і ўжо была гатовая заснуць. Ўінстан выцягнуў руку, каб узяць кнігу з падлогі, і сеў, прыхіліўшыся да більца ложка.
— Нам трэба гэта прачытаць, — сказаў ён, — і табе таксама. Усім сябрам Братэрства трэба гэта прачытаць.
— Чытай, — сказала яна, не расплюшчыўшы вачэй. — Чытай уголас. Так будзе найлепей. Так ты будзеш адразу мне тлумачыць.
Стрэлка гадзінніка была на шасцёрцы, што значыла васемнаццаць гадзін. У іх заставалася яшчэ тры-чатыры гадзіны. Ўінстан паклаў кнігу на калені і пачаў чытаць:
Раздзел першы
Няведанне — гэта сіла
На працягу ўсіх гістарычных эпох, па ўсёй верагоднасці, з канца неаліту, у свеце існавала тры
— Джулія, ты не спіш? — спытаўся Ўінстан.
— Не, каханы. Я слухаю. Чытай далей. Гэта проста цудоўна.
І ён чытаў далей:
Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя паміж сабою. Мэта Вышэйшых — застацца там, дзе яны ёсць, Сярэдніх — памяняцца месцамі з Вышэйшымі. Мэта Ніжэйшых, калі яна ў іх увогуле ёсць — бо неадменнай уласцівасцю Ніжэйшых ёсць тое, што яны занадта прыгнечаныя працай, каб усведамляць трывала, не ўрыўкамі, нешта апроч іх штодзённага жыцця — мэта гэтае групы — зліквідаваць усе адрозненні і стварыць грамадства, у якім усе людзі былі б роўныя. І гэтак, праз усю Гісторыю, змаганне, асноўныя рысы якога застаюцца тыя самыя, паўтараецца бясконца. Часам, на працягу доўгіх перыядаў, здаецца, што Вышэйшыя трывала трымаюць уладу. Але рана ці позна заўсёды надыходзіць момант, калі яны страчваюць або веру ў сябе, або здольнасць да эфектыўнага кіравання, або і тое і тое разам. І тады іх скідаюць Сярэднія, якія схіляюць на свой бок Ніжэйшых, запэўніваючы іх, што яны змагаюцца за свабоду і справядлівасць. Дасягнуўшы сваёй мэты, Сярэднія зноў заганяюць Ніжэйшых у былое рабства і самі робяцца Вышэйшымі. Новая сярэдняя група вылучаецца тады з адной з ацалелых груп або з абедзвюх, і барацьба пачынаецца зноў. З трох груп толькі Ніжэйшым ніколі, нават часова, не ўдаецца дасягнуць сваёй мэты. Было б перабольшаннем сказаць, што за ўсю гісторыю не было дасягнута ніякага матэрыяльнага прагрэсу. Нават сёння, у перыяд заняпаду, сярэдні чалавек мае лепшыя жыццёвыя ўмовы, чым колькі стагоддзяў таму. Але ніякі рост багацця, ніякае палагодненне нораваў, ніякія рэформы або рэвалюцыі ні на міліметр не наблізілі роўнасці людзей. З пункту погляду Ніжэйшых гістарычныя перамены ніколі не значылі болей, чым проста змену імя іх гаспадароў.
Пад канец ХІХ стагоддзя шматлікія наглядальнікі заўважылі пастаяннае паўтарэнне гэтае мадэлі грамадства. Тады з'явіліся школы мысляроў, якія разглядалі гісторыю як цыклічны працэс і маніліся давесці, што няроўнасць — нязменны закон чалавечага жыцця. Гэтае вучэнне, вядома ж, і раней заўсёды мела сваіх прыхільнікаў, але ў тым, як яно падавалася, адбылася істотная змена. У мінулым неабходнасць іерархічнае формы грамадства баранілася вучэннем, уласцівым вышэйшаму класу. Вучэнне гэтае прапагандавалася каралямі і арыстакратамі, святарамі, законнікамі і іншымі, што паразітавалі на іх, і змякчалася яно абяцаннямі адплаты ва ўяўным свеце, па той бок магілы. Сярэднія, змагаючыся за ўладу, заўсёды ўжывалі словы накшталт «свабода», «справядлівасць», «братэрства». Аднак на паняцце «братэрства людзей» пачалі нападаць людзі, якія яшчэ не займалі кіраўнічых пастоў, але неўзабаве спадзяваліся іх заняць. Раней Сярэднія рабілі рэвалюцыі пад сцягам роўнасці, а пасля ўсталёўвалі новую тыранію, як толькі старая была знішчана. Новыя Сярэднія абвяшчалі цяпер сваю тыранію загадзя. Сацыялізм — тэорыя, якая з'явілася на пачатку ХІХ стагоддзя і ўяўляла сабою апошняе звяно ланцуга думкі, што брала пачатак у антычных паўстаннях рабоў, — быў яшчэ глыбока прасякнуты ўтапічнымі ідэямі мінулых стагоддзяў. Але ва ўсіх варыянтах сацыялізму, якія з'явіліся прыблізна пасля 1900 года, мэта ўсталявання свабоды і роўнасці стала ўсё больш і больш адкрыта адкідацца. Новыя рухі, што ўзніклі ў сярэдзіне стагоддзя — Ангсоц у Акіяніі, Неабальшавізм у Эўразіі, Культ смерці, як яго звычайна называюць, ва Ўсходазіі — свядома паставілі сабе за мэту ўвечніць несвабоду і няроўнасць. Гэтыя новыя рухі, вядома ж, бралі пачатак са старэйшых вучэнняў, імкнуліся захаваць іх назвы і ўславіць на словах іх ідэалогію. Але мэтаю ва ўсіх іх было стрымаць прагрэс і ў пэўны момант назаўсёды спыніць гісторыю. Маятнік мусіць зрабіць яшчэ адно ваганне і замерці. Як звычайна, Вышэйшыя павінны быць скінутыя Сярэднімі, якія тады зрабіліся б Вышэйшымі. Але гэтым разам, паводле свядомае стратэгіі, новыя Вышэйшыя былі б здольныя вечна ўтрымліваць свае пазіцыі.
Новыя вучэнні ўзніклі дзякуючы назапашаным гістарычным ведам, а таксама дзякуючы глыбейшаму разуменню гісторыі, якога амаль не было да дзевятнаццатага стагоддзя. Цыклічны рух гісторыі цяпер быў заўважны, ці, прынамсі, так магло здавацца. Але калі ён быў заўважны, значыць, яго можна было змяніць. Аднак галоўная глыбокая прычыны ўзнікнення гэтых вучэнняў палягала ў тым, што з пачатку дваццатага стагоддзя роўнасць людзей зрабілася тэхнічна дасягальнай. Праўда, людзі ўсё яшчэ былі няроўныя паводле прыродных здольнасцяў, і для размеркавання функцый між людзьмі ўсё яшчэ павінен быў існаваць выбар, які аддаваў бы перавагу адным за кошт другіх. Але не існавала ўжо ніякай рэальнай неабходнасці для размежавання паводле класаў або розніцы маёмаснага стану. Ранейшымі часамі класавыя адрозненні былі не толькі непазбежныя, але і пажаданыя. Няроўнасць была платаю за цывілізацыю. Становішча, аднак, змянілася з развіццём машыннае вытворчасці. Нават калі яшчэ і заставалася неабходнасць таго, каб людзі выконвалі розную працу, дык было ўжо зусім неабвязкова, каб яны жылі на розным сацыяльным або эканамічным узроўні. Вось чаму з пункту погляду новых груп, якія рыхтаваліся да захопу ўлады, чалавечая роўнасць была ўжо не ідэалам, да якога трэба імкнуцца, а небяспекаю, якой трэба было пазбегнуць. Раней, калі справядлівае і мірнае грамадства было сапраўды немагчымае, было вельмі лёгка ў яго верыць. Ідэя аб зямным раі, дзе людзі будуць разам у братняй згодзе, без законаў і без знясільнае працы, тысячагоддзямі вабіла чалавечую фантазію. Гэтае ўяўленне зрабіла пэўны ўплыў нават на тыя групы людзей, якія мелі рэальную карысць ад кожнай гістарычнай перамены. Спадкаемцы французскай, ангельскай і амерыканскай рэвалюцый часткова і самі верылі сваім словам аб правах чалавека, свабодзе слова, роўнасці перад законам, словы гэтыя ўплывалі ў пэўнай ступені нават на іх паводзіны. Але ўжо ў чацвёртым дзесяцігоддзі XX стагоддзя ўсе асноўныя плыні палітычнае думкі былі аўтарытарныя. Рай зямны быў развянчаны якраз тады, як ён стаўся дасягальным. Любая новая палітычная тэорыя, як бы яна ні называлася, вяртала назад да іерархізаванага і строга рэгламентаванага грамадства. А ў 30-я гады, з агульным пагаршэннем палітычнае атмасферы, метады, ад якіх даўно ўжо, часам сотні гадоў назад, адмовіліся — зняволенне без суду, выкарыстанне ваеннапалонных у якасці рабоў, публічныя пакаранні, катаванні дзеля здабычы паказанняў, узяцце заложнікаў і дэпартацыя цэлых
Толькі пасля дзесяці гадоў сусветных і грамадзянскіх войнаў, рэвалюцый і контррэвалюцый ва ўсіх частках свету Ангсоц і яго канкурэнты склаліся ў дакладна акрэсленыя палітычныя тэорыі. Але ім папярэднічалі розныя сістэмы, звычайна званыя таталітарнымі, якія з'явіліся раней у гэтым стагоддзі, і галоўныя абрысы свету, які павінен быў нарадзіцца з пануючага бязладдзя, былі ўжо даўно відавочныя. Што за тып чалавека мусіў уладарыць у гэтым свеце — таксама было відавочна. Новая арыстакратыя складалася пераважна з бюракратаў, навукоўцаў, тэхнікаў, прафсаюзных дзеячаў, прапагандыстаў, сацыёлагаў, выкладчыкаў, журналістаў і прафесійных палітыкаў. Гэтыя людзі, якія паходзілі з аплочваных прадстаўнікоў сярэдняга класа і вышэйшых пластоў рабочых, былі сфармаваныя і аб'яднаныя бясплодным светам манапалізаванай прамысловасці і цэнтралізаванага кіраўніцтва. У параўнанні з адпаведнымі сіламі мінулых часоў яны былі менш хцівыя, менш прывабленыя раскошаю, затое болей прагныя чыстай улады і, што характэрна, больш свядомыя ў сваіх дзеяннях і больш рашучыя ў знішчэнні апазіцыі. Гэтае апошняе адрозненне было самае істотнае. У параўнанні з сённяшнімі, усе тыраніі мінуўшчыны былі млявыя і недзеяздольныя. Кіраўнічыя колы заўсёды былі ў пэўнай ступені заражаныя ліберальнымі ідэямі, былі радыя паўсюль папускаць лейцы, паважна ўспрымалі толькі відавочныя факты і не цікавіліся, пра што думаюць іх падуладныя. Нават сярэднявечная каталіцкая царква здавалася талерантнаю ў параўнанні з сучаснымі стандартамі. Прычына часткова палягае ў тым, што ў мінулым ніводзін урад не мог трымаць сваіх грамадзянаў пад сталым наглядам. Аднак ужо вынаходка кнігадрукавання дазволіла лягчэй маніпуляваць грамадскай думкай. Кіно і радыё дапамаглі тут яшчэ болей. З развіццём тэлевізіі і з тэхнічным прагрэсам, які дазволіў стварыць апарат, што працуе і на перадачу і на прыём, прыватнаму жыццю людзей настаў канец. Кожнага грамадзяніна ці, прынамсі, кожнага вартага таго, каб за ім сачылі, можна было трымаць дваццаць чатыры гадзіны ў суткі пад вачамі паліцыі, у трэскаце афіцыйнае прапаганды, тым часам як усе іншыя каналы камунікацыі перакрытыя. Упершыню ўзнікла магчымасць навязаць падуладным не толькі поўную паслухмянасць дзяржаўнай волі, але і поўную аднастайнасць думак.
Пасля рэвалюцыйнага перыяду пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў грамадства зноў, як і раней, перагрупавалася на Вышэйшых, Сярэдніх і Ніжэйшых. Але новыя Вышэйшыя, у адрозненне ад папярэднікаў, дзейнічалі ўжо не інстынктыўна. Яны ведалі, што трэба рабіць, каб захаваць свае пазіцыі. Ужо даўно было заўважана, што адзіная надзейная падстава алігархіі — калектывізм. Багацце і прывілеі абараняць лягчэй, калі валодаеш імі супольна з іншымі. Гэтак званая «ліквідацыя прыватнае ўласнасці», што адбывалася ў сярэдзіне стагоддзя, значыла на справе канцэнтрацыю ўласнасці ў значна меншай, чым дагэтуль, колькасці рук, ды яшчэ з тым адрозненнем, што новыя ўласнікі не былі ўжо масаю індывідаў, а ўтваралі групу. Ніводзін асобна ўзяты сябра Партыі не валодае нічым, апроч нязначных асабістых рэчаў. Супольна Партыя валодае ўсім у Акіяніі, бо яна кантралюе ўсё і распараджаецца прадукцыяй, як толькі хоча. У першыя паслярэвалюцыйныя гады яна здолела заняць пануючае становішча, амаль не сустрэўшы супраціву, бо ўвесь працэс адбываўся як акт калектывізацыі. Заўсёды лічылася, што пасля экспрапрыяцыі капіталістаў настане сацыялізм, і капіталістаў без лішніх пытанняў экспрапрыявалі. У іх забралі ўсё — фабрыкі, шахты, зямлю, дамы, транспарт — а як усё гэта перастала быць прыватнай уласнасцю, дык яно мусіла стацца ўласнасцю грамадскай. Ангсоц, які нарадзіўся на глебе ранейшага сацыялістычнага руху і пераняў яго фразеалогію, сапраўды выканаў галоўны пункт сацыялістычнае праграмы, з тым загадзя прадбачаным і жаданым вынікам, што эканамічная няроўнасць сталася вечнаю.
Але праблемы ўсталявання вечнага іерархічнага грамадства на гэтым не канчаюцца. Кіраўнічыя колы могуць страціць уладу ў чатырох выпадках. Яны могуць або быць пераможаныя звонку, або кіраваць так блага, што паўстануць масы, або дазволіць сфармавацца моцнай і незадаволенай сярэдняй групе, або страціць давер да саміх сябе і жаданне кіраваць. Гэтыя прычыны не дзейнічаюць паасобку і звычайна выступаюць у нейкай ступені ўсе чатыры разам. Кіраўнічы клас, які здолеў бы супрацьстаяць усім гэтым небяспекам, заставаўся б пры ўладзе вечна. Урэшце, вырашальным фактарам з'яўляецца духовы стан самога кіраўнічага класа.
З паловы гэтага стагоддзя першая небяспека, па сутнасці, знікла. Кожная з трох двяржаваў, што цяпер падзяляюць свет, сапраўды непераможная і магла б перастаць быць такою толькі праз паступовыя дэмаграфічныя змены, якіх урад з шырокаю ўладай можа лёгка пазбегнуць. Другая небяспека таксама застаецца толькі тэарэтычнаю. Масы ніколі не паўстаюць самі па сабе, і яны ніколі не паўстануць толькі з-за таго, што іх прыгнятаюць. Пакуль ім няма з чым параўнаць сваё становішча, яны ніколі не ўсведамяць, што іх прыгнятаюць. Частыя эканамічныя крызісы мінулага былі зусім непатрэбныя, не дапускаюцца яны і цяпер, але іншыя гэткія ж важныя перабоі могуць адбывацца і адбываюцца, не даючы палітычных вынікаў, бо няма ніякае магчымасці адкрыта выказаць незадаволенасць. Што да праблемы перавытворчасці, якая прыхавана існуе ў нашым грамадстве з часоў узнікнення машыннае тэхнікі, Дык яна вырашаецца шляхам вядзення перманентнае вайны (гл. Раздзел ІІІ), якая служыць таксама для дасягнення ў грамадстве неабходнага маральнага духу. Такім чынам, з пункту погляду нашых цяперашніх кіраўнікоў застаюцца наступныя рэальныя пагрозы: вылучэнне новае групы здольных людзей, якія займаюць пасады ніжэйшыя за іх здольнасці, людзей, прагных улады; развіццё лібералізму і скептыцызму ў іх уласных шэрагах. Такім чынам, праблема мае, так бы мовіць, адукацыйны характар. Яна палягае ў тым, каб няспынна фармаваць свядомасць і кіраўнічае групы, і больш шматлікае выканаўчае групы, што ідзе непасрэдна за першаю. Што да свядомасці масаў, дык яна патрабуе ўплыву толькі ў негатыўным сэнсе.
Грунтуючыся на гэтых дадзеных, можна ўявіць сабе, калі яна яшчэ не вядомая, агульную структуру акіянійскага грамадства. На вяршыні піраміды стаіць Вялікі Брат. Вялікі Брат бясхібны і ўсемагутны. Кожны поспех, кожнае дасягненне, кожная перамога, кожнае навуковае адкрыццё, усе веды, уся мудрасць, усё шчасце, уся цнота непасрэдна прыпісваюцца яго кіраўнічай і натхняльнай ролі. Ніхто ніколі не бачыў Вялікага Брата. Ён — твар на плакатах, голас у тэлеглядзе. Мы можам быць пэўныя, што ён ніколі не памрэ, а наконт даты яго нараджэння ўжо і цяпер існуе вялікая няпэўнасць. Вялікі Брат — маска, пад якою Партыя вырашыла выступаць перад светам. Яго функцыя — быць зборным аб'ектам любові, страху і павагі — пачуццяў, якія лягчэй прысвяціць аднаму чалавеку, чым цэлай арганізацыі. За Вялікім Братам ідзе Ўнутраная Партыя, якая налічвае шэсць мільёнаў чалавек, або трохі меней за два адсоткі насельніцтва Акіяніі. За Ўнутранай Партыяй ідзе Знешняя Партыя. Калі Ўнутраная Партыя разглядаецца як мозг дзяржавы, дык Знешнюю Партыю было б справядліва параўнаць з рукамі дзяржавы. Далей ідуць безаблічныя глухія масы, звычайна называныя «проламі», якія складаюць каля васьмідзесяці пяці адсоткаў насельніцтва. Паводле нашай папярэдняй тэрміналогіі, пролы — гэта Ніжэйшыя. Што да рабскага насельніцтва экватарыяльных раёнаў, якое ўвесь час пераходзіць ад аднаго заваёўніка да другога, дык яно не складае сталай групы ў агульнай структуры.