1984
Шрифт:
Сюды ж яны перавялі яго дзве ці тры гадзіны таму. Глухі боль у жываце не праходзіў, часам балела меней, часам болей, адпаведна з гэтым думкі яго то пашыраліся, то сціскаліся. Калі балела мацней, ён думаў толькі пра сам боль і пра жаданне есці. Калі адпускала, яго ахоплівала паніка. Былі хвіліны, калі ён з такой дакладнасцю ўяўляў сабе ўсё, што яго чакае, што ў яго займала дух, а сэрца пачынала шалёна калаціцца. Ён адчуваў, як яго будуць біць дубінкамі па локцях і каванымі ботамі па костках; ён бачыў, як будзе поўзаць па падлозе, просячы літасці праз выбітыя зубы. Ён амаль не думаў пра Джулію. Ён не мог засяродзіць на ёй свае думкі. Ён кахаў яе і не збіраўся ёй здрадзіць; але гэта было голае сцверджанне, ён проста ведаў
Часам ён спрабаваў падлічыць колькасць кафляных плітак у сцяне камеры. Гэта нібыта было і няцяжка, але ён заўсёды збіваўся на тым або іншым месцы. Часцей яго хвалявала, дзе ён і каторая цяпер гадзіна. Нейкі момант ён адчуваў напэўна, што звонку быў дзень, у наступны ж момант яму з гэткай жа пэўнасцю здавалася, што там апраметная цемра. Тут жа, як ён здагадваўся, святло не выключалася ніколі. Гэта было месца, дзе няма цемры: цяпер ён зразумеў, чаму О'Браэн разгадаў яго намёк. У Міністэрстве Любові не было вокнаў. Яго камера магла знаходзіцца ў самай сярэдзіне будынка або пры яго вонкавай сцяне, на дзесятым паверсе пад зямлёй або на трыццатым над ёю. Ён у думках пераносіў сябе з месца на месца і спрабаваў вызначыць з цялесных адчуванняў, вісеў ён высока ў паветры ці быў пахаваны глыбока пад зямлёй.
Пачуўся тупат ботаў. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчыніліся. Малады афіцэр, спраўная постаць у чорнай уніформе, на якім, здавалася, усё блішчала з ног да галавы і чый бледны, з правільнымі рысамі, твар быў падобны да васковае маскі, порстка ўвайшоў у камеру. Ён даў знак ахоўнікам увесці вязня, якога яны прывялі. У камеру, ледзь цягнучы ногі, зайшоў паэт Эмплфорт. Дзверы з бразгатам зачыніліся.
Эмплфорт зрабіў пару няпэўных рухаў у адзін і ў другі бок, быццам думаў, што недзе тут былі другія дзверы, праз якія можна выйсці, а пасля пачаў хадзіць сюды-туды па камеры. Пакуль што ён не заўважаў Ўінстана. Трывожным позіркам ён вадзіў па сцяне на метр вышэй за Ўінстанаву галаву. Ён быў босы; вялікія брудныя пальцы тырчалі з яго дзіравых шкарпэтак. Ён некалккі дзён не галіўся. Густая шчэць укрывала яго твар, надаючы яму хуліганскі выгляд, што неяк дзіўна спалучаўся з яго нязграбнай кволай постаццю і нервовымі рухамі.
Ўінстан трохі схамянуўся. Ён мусіў загаварыць з Эмплфортам, рызыкуючы раззлаваць тэлегляд. Магчыма нават, што Эмплфорт якраз і прынёс лязо.
— Эмплфорт, — сказаў ён.
Тэлегляд маўчаў. Эмплфорт спыніўся, трошкі здзіўлены. Яго вочы павольна засяродзіліся на Ўінстане.
— А, Сміт! — сказаў ён. — І вы тут!
— Вас за што?
— Праўду сказаць… — ён нязграбна апусціўся на лаву насупраць Ўінстана. — Існуе толькі адно злачынства, ці не гэтак?
— І вы яго ўчынілі?
— Відаць, так.
Ён паднёс руку да лоба і націснуў на скроні, нібы спрабуючы нешта прыгадаць.
— Такое часам здараецца, — пачаў ён няпэўна. — Я магу прыгадаць адзін выпадак — магчымую прычыну. Усё, вядома ж, праз неразважнасць. Мы рыхтавалі канчатковае выданне вершаў Кіплінга. Я пакінуў у канцы радка слова «Gоd». Я нічога не мог зрабіць! — Дадаў ён амаль з абурэннем
Выраз яго твару змяніўся. З яго знікла прыкрасць, і на нейкі момант ён здаўся амаль што задаволеным. Нейкая інтэлектуальная цеплыня, радасць навукоўца-педанта, які адкрыў нікому не патрэбны факт, бліснула на яго брудным няголеным абліччы.
— Ці прыходзіла вам калі ў галаву, — сказаў ён, — што ўся гісторыя ангельскай паэзіі вызначалася тым, што ў ангельскай мове не стае рыфмаў?
Не, якраз гэтая думка ніколі не прыходзіла Ўінстану ў галаву. А ў тых абставінах яна не здалася яму надта важнай або цікавай.
— Ці ведаеце вы, што цяпер — дзень ці ноч? — спытаўся ён.
Эмплфорт зноў паглядзеў здзіўлена.
— Я неяк не думаў пра гэта. Яны арыштавалі мяне дні два таму, а можа, тры, — яго позірк гойсаў па сценах, нібы ён спадзяваўся адшукаць акно. — Тут няма розніцы паміж днём і ноччу. Не ведаю, ці можна тут увогуле сачыць за часам.
Яны гаварылі ўрыўкамі некалькі хвілін, і тады, без відавочнае прычыны, крык з тэлегляда загадаў ім замаўчаць. Ўінстан ціхенька сеў і склаў рукі. Цыбаты і няўклюдны Эмплфорт не мог зручна ўсесціся на вузкай лаве і шморгаў сюды-туды, абдымаючы худымі рукамі то адно калена, то другое, то абодва разам. Тэлегляд гыркнуў на яго, каб сядзеў спакойна. Час ішоў. Дваццаць хвілін, гадзіна — вызначыць было цяжка. З калідора зноў пачуўся тупат ботаў. У Ўінстана ўсё сціснулася ўсярэдзіне. Хутка, вельмі хутка, можа, праз пяць хвілін, можа, зараз, гэты тупат будзе значыць, што прыйшла ягоная чарга.
Дзверы адчыніліся. У камеру зайшоў малады афіцэр з ледзяным тварам. Адрывістым рухам рукі ён паказаў на Эмплфорта.
— Пакой 101, — сказаў ён.
Эмплфорт няўклюдна патэпаў між двух ахоўнікаў. На твары ў яго адбівалася трывога і няўцямнасць.
Прайшло, як здалося, даволі шмат часу. Жывот забалеў яшчэ мацней. Ўінстанавы думкі круціліся на адным месцы, як шар, што зноў і зноў трапляе ў тую самую лузу. Ён думаў толькі пра шэсць рэчаў: боль у жываце; кавалак хлеба; кроў і крыкі; О'Браэн; Джулія; лязо. Зноў у яго ўсярэдзіне ўсё сціснулася: набліжаўся тупат ботаў. Калі расчыніліся дзверы, хваля паветра прынесла з сабой моцны пах халоднага поту. У камеру ўвайшоў Парсанс. На ім былі шорты ахоўнага колеру і спартовая кашуля.
Гэтым разам Ўінстан здзівіўся, не паверыўшы вачам.
— Вы тут! — вымавіў ён.
Парсанс паглядзеў на яго. У позірку не было ні цікаўнасці, ні здзіўлення, толькі пакута. Ён пачаў узрушана хадзіць па камеры, відавочна няздольны супакоіцца. Кожнага разу, як ён выпростваў свае пульхныя калені, было відаць, як яны дрыжаць. Ён глядзеў, вытрашчыўшы вочы, нібы разглядаў штосьці недалёка ад яго, не могучы адарваць позірку.
— А вас за што? — спытаўся Ўінстан.
— Думзлачынства! — адказаў Парсанс, ледзь не плачучы.
У голасе ягоным чуліся адначасова і поўнае прызнанне сваёй віны, і нейкі недаверлівы жах, што гэткае слова магло стасавацца да яго. Ён спыніўся насупраць Ўінстана і пачаў нецярпліва дапытвацца ў яго.
— Вы думаеце, яны заб'юць мяне? Як вы думаеце, га, стары? Яны ж не заб'юць, калі нічога не зрабіў, а толькі падумаў незнарок? Я ведаю, яны ўважліва мяне выслухаюць. О, тут я ім веру! Яны пабачаць, якая ў мяне рэпутацыя, праўда? Вы ж ведаеце, што я за чалавек. Па-свойму неблагі. Не вучоны, вядома ж, але заўзяты. Я стараўся аддаць усе свае сілы Партыі, праўда ж? Я атрымаю гадоў пяць, як вы думаеце? Ці, можа, нават дзесяць? Такі, як я, можа вельмі прыдацца ў працоўным лагеры. Яны ж не заб'юць мяне толькі за тое, што я аднойчы сышоў з рэек?