Альпійская балада
Шрифт:
Ён саступіў на край сцежкі, даў дзяўчыне параўняцца з сабой і з няўтойнай цікавасцю агледзеў яе ладненькую, цыбатую, як-колечы апранутую фігуру. Але, дзіўная справа, гэтае стракатае, з чужога пляча ўбранне ўсёй сваёй недарэчнасцю не магло зацьміць яе маладой прыроднай статнасці і пекнаты, якая праглядвала ва ўсім: і ў гнуткасці рухаў, і ў ласкавай прыгажосці твару, і ў звычцы трымаць галаву з годнасцю і грацыяй. Яна пакорліва-аддана паглядвала на яго, рукі трымала сашчэпленымі ў доўгіх рукавах скуранкі і прывычна ляскала па сцяжынцы сваімі
— А ты што ж… Таксама, можа, фашыстка? — з абвостранай унутранай чуйнасцю да яе запытаў Іван.
Дзяўчына з прытоеным папрокам кальнула яго вачыма.
— Джулія фашіста? Джулія — комуніста! — аб’явіла яна з даўно ўсвядомленай гордасцю.
— Ты?
— Я!
— Брэшаш, — пасля паўзы недаверліва сказаў ён. — Якая ты камуністка?
— Комуніста. Сі. Джулія комуніста.
— Што, уступіла? I білет быў?
— О нон. Нон латэсара [32] . Формально нон. Моральмэнтэ комуніста.
32
Няма білета. (іт.)
— А, маральна! Маральна не лічыцца.
— Почему?
Ён не адказаў. Што можна было сказаць на гэта наіўнае пытанне? Каб так кожнага, хто сябе назаве камуністам, і лічыць ім, колькі б тады набралася такіх? Ды яшчэ буржуйка… Хто яе прыме ў партыю! Балбоча проста…
Трошкі прытушыўшы сваю цікавасць, Іван пайшоў хутчэй.
— У нас тады лічыцца, калі білет дадуць.
— А, Русланд! Русланд іначе. Я понімайт. Русланд советіка. Русланд свобода.
— Ну, у нас не тое што ў вас, буржуяў.
— Советіка очень карашо. Эмансіпаціоне. Ліберта. Братство. Так?
— Ну.
— Очень карашо! — пранікнёна казала яна. — Джулія очен, очен уважаль Русланд. Нон фашізм. Нон гестапо. Очен карашо. Іван счастлів свой страна, да? — Яна па сцяжыне падбегла да хлопца і аберуч узялася за яго руку вышэй локця. — Скажы, Іван, как до война жіль? Какой твой дэрэвня? Слюшай, тэбя сіньоріне, дэвушка, любіль? — раптам запытала яна, з гуллівай адданасцю заглядваючы яму ў заклапочаны твар.
Іван ніякавата лыпнуў вачыма, але рукі не адабраў — ад яе пяшчотнае блізкасці ў яго нутры зашчаміла непрывычнай лагоднасцю.
— Якая там дзяўчына! Не да дзяўчат было.
— Почему так?
— Так.
— Что, плёхо жіль? Почему?
Ён спахапіўся, што сказаў не тое, — пра сваё жыццё ён не хацеў ёй гаварыць.
— Так. Рознае было.
— Ой, неправда говоріль, — хітравата скасіла яна на яго зіркастыя вочы. — Любіль мнёго сіньоріно!
— Куды там!
— Какой твой провінція? Какой место ты жіль? Москва? Кіев?
— Беларусь.
— Белорусь. Это провінція такой?
— Рэспубліка.
— Рэспубліка? Это карашо. Італія манархія. Монтэ — горы ест твой рэспубліка?
— Не. Гор няма. У нас болей лясы. Пушчы. Рэкі і азёры. Азёры
Ён сказаў адным разам занадта многа для свайго негаваркога характару, зараз жа адчуў гэта і змоўк. Але растрывожаныя яго думкі і ўяўленні ўжо былі там — у родным далёкім краі, і цяпер, у гэтым дзікім нагрувашчанні скал, яму стала так нясцерпна самотна, як даўно ўжо не было ў палоне.
Яна, мусіць, адчула тое і, калі ён змоўк, папрасіла:
— Говорі еще. Говорі твой Белорусь.
Сонца тым часам зноў закрылася шэрым туманным воблакам.
На гладкую касагорыну з пратаптанай наўкос сцяжынай асеў шэры імклівы цень, дымчатае вільготнае клочча хутка панеслася ўпоперак схілу. Было сцюдзёна і ветрана.
Спачатку бязладна і не вельмі ахвотна, часта спыняючыся, нанава перажываючы старыя ўражанні, ён, як пра нешта далёкае, дарагое і незвычайнае, пачаў расказваць ёй пра ўсыпаныя буйнымі жалудамі дубровы, пра бабровыя хаткі на азёрах, пра сцюдзёны гаючы бярозавік вясной і пра водар чаромхавай квецені ў маі.
Даўно ўжо ён не быў такі гаваркі і адталы душой, як у гэты час, — ажно не пазнаваў сябе. Ды і яна з яе зважлівай Цікаўнасцю да ягонага роднага неяк адразу пабліжэла, нібы яны здаўна былі знаёмыя і сустрэліся пасля доўгай цяжкай ростані.
Урэшце ён змоўк. Яна патроху вызваліла яго руку і вальней узялася за шурпатыя пальцы. Спакойна спытала:
— Іван, твой мама карашо?
— Мама? Харошая.
— А іль падрэ — батіка твой?
Яна летуценна пазірала на схіл і не заўважыла, як здрыгануўся яго ўраз спахмурнелы твар.
— Не памятаю.
— Почему? — здзівілася яна і аж прыпынілася.
Ён не захацеў спыняцца, сашчэпленыя іх рукі выцягнуліся.
— Памёр бацька. Я яшчэ малы быў.
— Морто? Поміор? Почему поміор?
— Так. Хвароба зламала.
Яна далікатна выпусціла яго пальцы, зайшла крыху збоч, чакаючы, што ён скажа нешта важнае, растлумачыць тое, што не магла зразумець яна.
Але ён ужо ні аб чым не хацеў гаварыць, толькі ўздыхнуў, падумаўшы, што, відаць, лепш ёй не чуць пра ўсё складанае і труднае, што было часткай яго жыцця.
12
Так думаў ён, лезучы па крутой сцяжыне ўгору і будучы ўпэўнены, што робіць правільна. Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога, далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, — хто яна, каб выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў самога? Ці прыме яе, няхай сабе і добрая, сумленная дзявочая душа яго суровую праўду, у якой дай бог разабрацца самому?