Альпійская балада
Шрифт:
Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай душы, таксама зважліва змоўкла, крыху адстала, і яны доўга ішлі так — лезлі ўгору па схіле. Тым часам на бязладна-велічнае навалле гор споўз з паднябесся трывожны ветраны вечар. Горы пачалі хутка цямнець, вузела і без таго сцятая хмарамі далячынь; знік срабрысты зіхоткі бляск далёкага хрыбта, туманнае марыва дарэшты праглынула яго. На фоне трошкі прысветленага неба гіганцкім спарышом чарнела бліжняя верхавіна з крыху меншаю побач.
З усёй пары сутак вечар найбольш прыгнятальна дзейнічаў на Івана. Ні ўдзень, ні ўначы, ні ўранку не было так самотна, так няўтульна-трывожна і сумна, як у часе змяркання. З усёй вастрынёй ён адчуў гэта ў гады вайны ды яшчэ ў палоне, на чужой зямлі — у бядзе, голадзе і сцюжы. У такі час асабліва востра дапякалі адзінота, бездапаможнасць, залежнасць ад бязлітаснае варожае сілы. I асабліва нясцерпна хацелася міру, дабра і роднае, блізкае душы побач.
— Іван!.. — нечакана паклікала ззаду Джулія. — Іван!
Як заўжды, яна рабіла націск на «і», гэта было непрывычна і знячэўку ажно палохала, быццам тут з’явіўся яшчэ нехта, апрача іх дваіх.
Іван здрыгануўся і прыпыніўся.
Нічога болей не кажучы, Джулія моўчкі тупала між камянёў, і ён без слоў зразумеў, у чым справа. Адразу відаць было, як стамілася яна. Ён адчуваў і па сабе, што вельмі трэба было б адпачыць, але ў гэтай завоблачнай высі было нестрывана холадна: шалёна буяў, ірваў вопратку, гуў у расселінах вецер. Вельмі зяблі на хадзе рукі, ногі дык зусім акалелі, ажно анямелі ад сцюжы. А холад усё мацнеў, як мацнеў к ночы вецер. Усёй сваёй жорсткай, сляпой сілай прырода абрушвалася на дваіх гэтых людзей. Іван дужа спяшаўся, вельмі выразна разумеючы, што начаваць тут нельга, толькі ў хадзе паратунак, і калі яны ў гэтую ноч не адолеюць перавал, то заўтра ўжо будзе позна.
— Іван, — сказала, бліжэй падышоўшы, Джулія. — Очен, очен усталь…
Ён пераступіў з нагі на нагу: ступні балелі, саднелі, заходзіліся ад сцюжы, але цяпер ён не зважаў на іх — ён заклапочана глядзеў на Джулію.
— Давай як-небудзь… Бач, хмурыцца.
З-за спарыша-вяршыні перавальвалася, асядаючы на схілах, густая, змрочная хмара. Неба ўгары пакрысе тушыла свой бляск. Цьмяна памільгала і знікла ў чорнай навалачы малюсенькая адзінокая зорка. Прыцьмеўшае наваколле — скальныя груды, адхоны, цясніны і даліны — завалакла мутная мешаніна аблокаў.
— Почему нет переваль? Где ест переваль?
— Хутка будзе. Хутка, — абнадзейваў дзяўчыну Іван, сам не ведаючы, колькі яшчэ трэба дабірацца да той седлавіны.
Яны зноў ішлі па ледзьве прыметнай у камяністым доле сцяжынцы. Іван ужо стаў баяцца, каб не згубіць яе — гэта было б кепска. I хлопец, слухаючы праз вецер прывычны стукат Джуліных калодак, мерным тэмпам лез і лез усё вышэй. На дужа крутых мясцінах ён прыпыняўся, чакаў дзяўчыну, падаваў ёй руку і вывалакваў угору, сам пры тым ледзьве ўтаймоўваючы ў грудзях сэрца.
А вецер шалёна шкуматаў вопратку, тугімі штурхялямі біў то ў спіну, то ў грудзі, забіваў дыханне, круціў у камянях, часта мяняючы кірунак, — не зразумець
Тым часам зусім сцямнела, грамады скал зліліся ў адну непраглядную масу, неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Стала так цёмна, што Іван пачаў аступацца, натыкацца на камяні, некалькі разоў балюча пабіў ногі, і тады першы непакой скалануў яго — дзе сцежка? Ён сагнуўся, лепей угледзеўся, абмацаў нейкі аскалёпак побач і зразумеў, што сцежка прапала, — яны заблудзілі.
Тады ён стаў, адвярнуўся ад ветру, сцяўся ўсім целам, чакаючы, пакуль падыдзе дзяўчына. Калі ж тая знямоглым сілуэтам дашкандыбала да яго, Іван кінуў: «Чакай тут», а сам адышоўся ўбок, узіраючыся ў дол. Джулія гэтую навіну ўспрыняла моўчкі, бадай што абыякава, адразу павалілася на камень і скурчылася ад ветру. Ён, душачы трывогу, ады шоўся далей, пакідаўся сюды-туды, углядаючыся ўніз і раз-пораз мацаючы дол ступнямі, — сцежкі не было. Спакваля ён пачаў заўважаць наўкола ў цемры касое няпэўнае мільгаценне, адставіў убок руку і зразумеў: то пайшоў снег. Дробненькая рэдкая крупка коса неслася з ветранае чорнае прорвы, прыскокваючы на камянях, збіралася ў ямках, шчылінах, у доле. Іван пастаяў яшчэ, аглядваючыся і напружана згадваючы, што рабіць. Снег пагусцеў, і ў доле трошкі пасвятлела ад шэрай блытаніны плям. I тады ён заўважыў непадалёк белаватую крывуліну сцежкі.
— Эй, Джулія! — ціха паклікаў ён.
Дзяўчына, аднак, не адгукнулася. Ён з прыкрасцю на душы пачакаў яшчэ трохі. Думалася: «Што яна там, ці не заснула? Вось яшчэ даў бог спадарожніка! Па бульвары б з такой шпацыраваць…»
Вецер па-ранейшаму люта буяў, снегавая крупка мільгала, шархацела на камянях, сталі заходзіцца ад золкасці ногі, рукі ён схаваў у рукавы. За пазухай слізкім холадам пёкся настылы браўнінг.
— Эй, Джулія!
Яна зноў не адказала, і ён, вылаяўшыся сам сабе, з неахвотай, асцярожна ступаючы на мокрыя сцюдзёныя камяні, пайшоў туды, дзе пакінуў яе.
Джулія сядзела на камені, скурчыўшыся ў тры пагібелі, з каленямі захінуўшыся скуранкаю. Як і ўчора, яна не азвалася, не ўзняла голаў на яго прыход, і ён няўцямна, адчуваючы вялікі клопат, спыніўся над ёю.
— Баста, Іван, — ціха прамовіла яна, не паднімаючы галавы.
Ён памаўчаў.
— Як гэта, баста? Ану, уставай!
— Нон уставай. Нет уставай.
— Ты што — жартуеш?
— …
— Ану, падымайся! Яшчэ трошкі і — перавал… А ўніз ногі самі пабягуць.
— …
— Ну, ты чуеш?
— Фініта. Нон Джулія марш. Нон.
— Разумееш, нельга тут спыняцца. Акалеем. Бач, снег.
Аднак словы яго на яе не дзейнічалі! Ён бачыў, як яна знемагла, і адчуваў бяссілле свае логікі. Але як яшчэ можна было прымусіць яе ісці? Падумаўшы крыху, ён запусціў руку за пазуху, выцяг адтуль абкрышаную рэштку буханкі і, адвярнуўшыся ад ветру, вельмі ашчадна адламаў кавалачак мякіша.
— На вось хлеба. З’еш!
— Хляб?
Яна нібы страпянулася, адразу ўзняла голаў. Іван сунуў у яе рукі кавалачак, і яна, некалькі разоў укусіўшы, з’ела яго.