Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
А Едыгей усё зразумеў, думаў пра тое неаднойчы ў моры, паставiўшы сабе мэтай здабыць залатую мекрэ, бо тое, што адчувала цяжарная Укубала, было падсвядомым, а значыцца i непадманным жаданнем.
Зiма ўжо наблiжалася. Арцель рыхтавалася да зiмовага промыслу, падлёднага лову з проламак. Але колькi нi даводзiлася Едыгею зiмой i летам лавiць з арцеллю рыбу, ён не чуў, каб залатая мекрэ трапляла калi ў сецi. Гэтую рыбiну даводзiлася калi-нiкалi ўзяць на кручок цi блешню, i то гэта лiчылася падзеяй. Пра тое гаварылi потым доўга i шматзначна.
Тым ранкам ён выправiўся ў мора, сказаўшы жонцы, што парыбачыць для дома, пакуль лёд яшчэ не стаў. Укубала адгаворвала яго, але ён настаяў на сваiм. Усе снасцi, усе неабходныя прычындалы ён старанна падрыхтаваў загадзя. Усё гэта было спарадкавана
Дзень быў няпэўны, не зразумееш якi - асеннi цi перадзiмовы. Едыгей кiраваў у адкрытае мора, дзе, як ён меркаваў, i павiнны былi быць месцы сховаў залатой мекрэ. Усё, вядома, залежала ад шанцу, бо няма нiчога больш неспасцiжнага ў рыбацкiм рамястве, як лоўля на кручок. У душы Едыгей вельмi спадзяваўся, што яму павiнна пашанцаваць, бо выйшаў ён у мора не дзеля промыслу, як заўсёды, а дзеля прарочага сну цяжарнай жонкi.
Моцным весляром быў малады Едыгей. Нястомна, мерна грабучы вяслом, выводзiў ён лодку ў мора па хiсткiх, вiлястых хвалях. Такiя хвалi аральскiя рыбакi завуць iйрэк талкун - крывабокiмi хвалямi. Яны заўжды папярэднiчаюць шторму. Але самi па сабе не страшныя, i можна было не баючыся плыць у мора.
Меншаў бераг i скора стаў на даляглядзе бадай што рыскай. Хмары нерухома навiслi зверху, а нiзам браўся скавышлiвы вецер, моршчыў ваду.
Гадзiны праз две Едыгей спынiў лодку, узняў вёслы, заякарыўся i пачаў рыхтаваць снасцi. У яго былi дзве катушкi з бячэўкай, з самаробным прыстасаваннем для лескi. Адну леску ён прыладзiў на карме, бячэўка з грузiлам апусцiлася цераз рагацiну на стометровую глыбiню, а ў запасе заставалася яшчэ метраў з дваццаць. Другую зладкаваў такiм жа чынам на носе лодкi. I затым зноў узяў у рукi вёслы, каб трымаць лодку ў патрэбным становiшчы насуперак плынi i ветру. I сачыць, каб не зблыталiся лескi.
Цяпер можна было пiльнаваць i чакаць. Ён меркаваў, што менавiта ў такiх мясцiнах павiнна трапляцца гэтая рэдкая рыба. Доказаў таго не было, ён спадзяваўся на чуццё. I мо таму тым больш ён верыў, што рыбiна павiнна паявiцца. Без яе ён не мог вяртацца дамоў. Яна патрэбна была не дзеля забавы, а дзеля важнай у ягоным жыццi справы.
Рыба праз колькi часу дала аб сабе знаць. Але гэта была не тая рыба. Спачатку ён злавiў жэраха. Калi Едыгей яго цягнуў, ён ведаў, што гэта не залатая мекрэ. Не магло быць так, каб з самага пачатку патрапiла тая, жаданая. Едыгей згодны быў папрацаваць, пачакаць. Потым падчапiлася на кручок вялiзная марона, рыбiна нiшто сабе, мо найлепшая рыбiна. Яе, аглушыўшы, ён кiнуў на дно лодкi. На юшку, бадай, што i гэтага хапала. I папаўся яшчэ тран - аральскi лешч. Якiм чынам яго туды занесла? Звычайна ж трымаецца наверсе. Але бог з iм. Сам вiнаваты. I пасля гэтага настала доўгая, нудная паўза... "Не, я дачакаюся, - казаў сам сабе Едыгей.
– Хоць я i не казаў, але яна ведае, што я выправiўся па залатую мекрэ. I я павiнен яе здабыць, каб дзiцю ў ягоным вузiлiшчы было лягчэй. Гэта ж дзiця хацела, каб мацi ўбачыла i патрымала ў руках залатую рыбiну. Але чаму яно таго хоча, гэтага нiхто не ведае. I мацi таксама таго хоча, а я, Едыгей, зраблю гэтак, каб жаданне iх збылося".
Бiлася хваля, круцiла лодку - крывабокая хваля. Халаднавата ўжо рабiлася Едыгею, але ўвесь час ён пiльна сачыў за катушкамi i бячэўкай - цi не тарганецца леска, што ляжыць на рагачы. Не, нi на носе, нi на карме нiякага знаку. Аднак Едыгей не трацiў надзеi. Ён ведаў, ён верыў, што павiнна прыйсцi да яго залатая мекрэ. Толькi б мора патрывала трохi - нешта надта разгулялiся iйрэк талкуны. Чаму? Не, шторму не павiнна быць так скора. Можа, пад вечар цi ноччу ўздымуцца штармавыя хвалi - алабашы, грывастыя равуны. I тады закiпiць пагрозлiвы Арал ад краю да краю, белай пенай акрыецца, i нiхто не пасмее тады паказацца ў мора. А пакуль яшчэ можна, пакуль яшчэ ёсць час...
Натапыраны, азалелы, чакаў Едыгей сваю рыбiну ў моры. "Чаму ж ты марудзiш, дальбог, не бойся, - думаў ён пра рыбiну.
– Не бойся, я цябе адпушчу назад. Не бывае, кажаш, такога? А вось павер - бывае. Не для яды я цябе чакаю. Яды i рыбы ўсялякай поўна дома. Во i цяпер на дне лодкi ляжаць тры рыбiны. Стаў бы я дзеля харчу падпiльноўваць цябе, залатая
Ужо вечарэла ў шызай пространi халоднага перадзiмовага мора. То паяўляючыся на грабянах хваль, то хаваючыся мiж iмi, лодка iшла да берага. Цяжка iшла, змагаючыся з бурунамi, а мора шумела, ускiпала яшчэ стрымана, паволi разгойдваючыся, набiраючы штармавой моцы. Халодныя пырскi ляцелi ў твар, i рукi на вёслах былi ўжо набрынялыя ад холаду i вiльгацi.
Укубала хадзiла па беразе. Даўно ўжо, ахопленая трывогай, яна выйшла да мора i чакала мужа. Хутка цямнела, шумна i неспакойна бiлiся хвалi. Трывожна было на сэрцы ў Укубалы.
Але вось нешта мiльганулася сярод бурунаў i лодка паказалася на хвалi. Захутаная ў хустку, грузная ад цяжарнасцi, Укубала падышла да самага прыбою i чакала тут, пакуль прычальваў Едыгей. Прыбой вынес моцным штуршком лодку на водмель. Едыгей у адно iмгненне саскочыў у ваду i выцягнуў лодку на бераг, правалок яе яшчэ i па пяску. I калi ён разагнуў спiну, увесь мокры i салёны, Укубала падышла i абняла яго за мокрую шыю пад халодным, залубянелым плашчом.
– Не ведала, што i думаць. Чаму ты так доўга?
– Яна не паяўлялася ўвесь дзень i толькi пад вечар прыплыла.
– Дык ты хадзiў па залатую мекрэ?
– Вядома, i я яе ўгаварыў. Ты можаш паглядзець на яе.
Едыгей дастаў з лодкi цяжкi скураны бурдзюк, поўны вады, развязаў яго, i на бераг плюхнулася разам з вадой залатая мекрй. То была вялiкая рыбiна. Магутная i прыгожая рыбiна. Яна шалёна пачала бiць залатым хвастом, выгiнаючыся, падскокваючы, раскiдаючы наўкол мокрую гальку, i, шырока разяваючы ружовую пашчу, iмкнулася дапластаваць да мора, да прыбою. На нейкi мiг рыбiна раптам зацiхла, iмкнучыся асвойтацца, аглядваючы нерухомымi i чыстымi вачамi той свет, у якiм нечакана апынулася. Але нязвыклае нешта, сляпучае аглушыла яе, задыхацца пачала. I тады яна зноў напружылася, забiлася з новай сiлай, жадаючы патрапiць да вады. Едыгей падняў яе за жабры.
– Падстаўляй рукi, трымай, - сказаў ён Укубале.
Укубала прыняла рыбiну, як дзiця, на абедзьве рукi, i прыклала яе да грудзей.
– Якая яна пруткая!
– усклiкнула Укубала, адчуўшы яе спружынiстую сiлу. А цяжкая, як гнёт. I так пахне морам. I прыгожая якая! На, Едыгей, я радая, вельмi радая. Споўнiлася маё жаданне. Адпусцi яе ў мора хутчэй.
Едыгей панёс залатую мекрэ да мора. Увайшоўшы па калена ў шумлiвы прыбой, ён расслабiў рукi. На нейкi кароткi мiг, калi залатая мекрэ падала ў ваду, у густой сiнечы надвячор'я нiбы блiснула зiхоткае сонейка i патухла, - гэта мекрэ ўкручвалася ў ваду сваiм iмклiвым целам...