Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Падрэ Дыега стаяў нерухома, уражаны і здзіўлены.
— Ты гатовы, сыне мой? Спяшайся, у нас мала часу. Чаму тут так цёмна? Загадай прынесці свечкі. На жаль, мы ўсю зямлю ахуталі цемрай. Трэба будзе многа святла. Але пакуль што мы павінны ўпарадкаваць справы надзённыя, сама важныя. Усё прыгатаваў?
Дыега адступіў у цень.
— Так, ойча.
— Дык пішы. Мы, Томас Тарквемада… не, без тытулаў, не пішы тытулаў, гэта ўжо непатрэбна.
— Шаснаццатага верасня, ойча.
— Што з дня шаснаццатага верасня, года…
— Тысяча чатырыста дзевяноста восьмага.
— Года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага Святая інквізіцыя распускаецца. Адмяняем Святую інквізіцыю і перакрэсліваем яе і тым самым прызнаём усе нашы несправядлівасці і злачынствы, якія ад імя яе мы ўчынілі, ахвярам нашых учынкаў вяртаючы ўсе правы і годнасці, з загубленых здымаючы віну. Працэсы нашы і выракі трацяць сваю сілу, як фальшывыя, падкрэслі гэта, бо гэта асабліва важна. Турмы будуць адчынены, і людзям, якія няправільна пазбаўлены волі, будзе яна неадкладна вернута.
Дыега ўпаў перад вялебным айцом на калені.
— Ойча мой! — усклікнуў прыгнечаным голасам. — Малю цябе, ты хворы…
Тарквемада, здавалася, не бачыў яго, глядзеў перад сабою.
— Супакойся, сыне мой. Ведаю, што разумееш ты веліч адказнасці, якая з гэтага часу на цябе ўскладзена, але ты не можаш ухіліцца ад яе. Дэкрэт пра ліквідацыю Святой інквізіцыі трэба будзе разаслаць яшчэ сёння. Апроч таго, мы павінны як мага хутчэй апрацаваць тэзісы, якія тэарэтычна абгрунтуюць наша рашэнне. Калі мы хочам, каб хлусня не атручвала больш людскі розум, мы павінны самі перастаць хлусіць. Трэба сказаць усю праўду, хоць бы яна і была цяжкая і балесная. Не можам мы, мой сыне, аддавацца ілюзіям, што толькі і выключна ў метадах справавання ўлады мы зрабілі памылкі, мы перайшлі і растапталі ўсе чалавечыя правы. Не ліквідуем гвалту і прымусу, калі не ліквідуем і асноў, якія спарадзілі гвалт і прымус. А таму мы павінны ісці да людзей і адкрыта ім сказаць, што кепская тая вера, якая магла прынесці такія страшэнныя спусташэнні. Кепская і фальшывая тая вера, і трэба зрабіць усё, каб зло было скасавана не павярхоўна, а вырвана і знішчана з усім карэннем. Не будзе царства божага на зямлі.
Дыега кленчыў, схіліўшы галаву, смяротна бледны, не могучы сказаць ні слова. Тарквемада гаварыў далей, усё тым самым далёкім манатонным голасам, гледзячы ў змрок у глыбіні цэлі.
— Так,
— Ойча! — крыкнуў Дыега.
— Так, сыне мой. Іх няма.
Дыега прыпаў да каленяў Тарквемады і дрыготкімі рукамі схапіў яго далоні.
— Ойча, прашу цябе, апамятайся… гэта я, Дыега… ці чуеш мяне?
— Чую цябе, з табою ж я і гавару. Не перабівай, аднак, хутка ўжо ноч. Памятай, ты павінен яшчэ напісаць дэкрэт аб скасаванні страху. З сённяшняга дня не будзе страху на зямлі. Мы пачнём усё нанава, і менавіта ты, сыне мой, пачнеш. Ты малады, палкі і чысты…
Падрэ Дыега, ужо не валодаючы сабою, устаў, ухапіўшыся аберуч за футраны плашч вялебнага айца, страсянуў яго.
— Перастань, ойча, чуеш? Перастань, я табе загадваю, чуеш, змоўкні!
Тарквемада паглядзеў на яго і ўбачыў твар чужога чалавека, бледны, перакрыўлены страхам і злосцю. На вуснах пачуў гарачае дыханне.
Разумеючы, што ён апынуўся ў руках невядомага яму ворага, хацеў паклікаць на дапамогу, але здолеў толькі шапнуць:
— Дыега!
Той трос старца.
— Маўчы, маўчы, маўчы…
І раптам знерухомеў.
Хвіліну Дыега глядзеў на пашарэлы твар Тарквемады, у яго шырока расплюшчаныя вочы, ужо шклістыя і мёртвыя.
Ён баяўся паварухнуцца, нарэшце адпусціў плашч, які трымаў сціснутымі пальцамі.
Цела вялебнага айца асунулася трохі, але засталося ў крэсле.
— Божа! — шапнуў Дыега.
Слёзы цяклі па яго шчоках. Ён яшчэ не мог зразумець таго, што здарылася. Губляўся сярод супярэчлівых пачуццяў і думак. Нарэшце ўстаў, адышоў трохі ад нябожчыка, аслабелы і здранцвелы, не могучы адарваць ад яго вачэй, поўных слёз. Потым, не вельмі ўсведамляючы тое, што хоча зрабіць, падняў цяжкую, як камень, руку і з усёй сілы ўдарыў вялебнага айца ў твар.
Снежань 1955 — красавік 1957