Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:
– Я разумею цябе, Радаслаў Буслейка, - з нейкай урачыстасцю сказаў Плазмоiд.
– Мы, Дзецi Несмяротнай Плазмы, валодаем шчаслiвай здольнасцю бясконца, без нiякай шкоды для сябе, мяняць сваю форму i масу. Калi ты ведаеш, у стане плазмы знаходзiцца абсалютная большасць рэчыва Сусвету: зоркi, галактычныя туманнасцi, мiжзорнае асяроддзе, сонечны вецер. Ты, вядома ж, ведаеш пра гэта. Тут, на планеце Зямля, разумныя плазмоiды вельмi даўно стварылi сваю цывiлiзацыю. Гэта яшчэ было ў часы Цвiцення Вулканаў, калi над iхнiмi грамагалосымi кратэрамi бушаваў бясконцы агонь. Нашы легенды гавораць, што далёкiя продкi плазмоiдаў прыляцелi з Космасу, з планеты Вар, якую не ведаюць зямныя астраномы. А потым пачалося шматвяковае процiстаянне з бялковай цывiлiзацыяй. А зараз - вайна. Плазмоiд упершыню ўступае ў адкрыты кантакт з людзьмi. Я вельмi ганаруся, што мне выпаў
Радаслаў, якi з цiкавасцю слухаў Плазмоiда, страшэнна абурыўся.
– Запрасiць? Ды нас схапiлi, як ястраб хапае курыцу.
Тут малочна-белы шар зноў зрабiўся чырванаватым, а затым шэрым i трошкi зменшыўся ў аб'ёме.
– Iншага варыянту выйсцi на кантакт я не знайшоў, - сумна прамовiў шар. Ён здаваўся маленькiм хлопчыкам, што нашкодзiў i дужа перажывае сваю вiну.
– Навошта ж цябе пасылалi, калi ты такi аднаварыянтны?
– кiпяцiўся Буслейка.
– I яшчэ - чаму менавiта нас, радавых стрэсаператараў, запрасiлi, як ты кажаш, на перагаворы з плазмоiдамi? Хiба на планеце Зямля няма больш вартнейшых людзей?
Плазмоiд пры гэтых словах налiўся сонечнай яркасцю, на вачах павесялеў. Адчувалася, што зараз ён скажа Буслейку нешта прыемнае.
– Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў абраў вас дваiх на перагаворы таму, што аналiзы, праведзеныя Кланамi Шаравых Маланак (дарэчы, я сам належу да Клана Сiнiх Шаравых Маланак), выявiлi надзвычайную станоўчую мыслiцельную актыўнасць двух iнтэлектаў якраз на Галоўным Iндаэўрапейскiм Стрэсографе ў кабiне нумар дванаццаць. Гэта было самым важкiм аргументам на вашу карысць. Мы, плазмоiды, ацэньваем значнасць кожнага жывога не па ўладзе i ўзросце, а па iнтэлекту, якiм напоўнены ягоны мозг. Прытым iнтэлект не павiнен быць агрэсiўным.
– Вунь яно што, - аж прышчоўкнуў языком Буслейка.
– Залятала да нас з Карлам шаравая маланка ў кабiну. Месяца паўтара назад гэта было. Я яшчэ здзiвiўся тады - у нас жа ў кабiне нi акна, нi шчылiнкi i дзверы вечна зачынены. А яна, птушачка, з электраразеткi выпырхнула, свежанькая такая, кругленькая. Праплыла ў нас над самымi галовамi, каля майго экрана пакружылася, як бы нешта нюхала, i - назад у разетку. На нас з Карлам як слупняк напаў. I навальнiцы ў той дзень быццам бы не чулi, не бачылi.
Буслейка, калi гаварыць шчыра, быў вельмi задаволены, што менавiта iх з Карлам Старая Цывiлiзацыя палiчыла самымi разумнымi, самымi кампетэнтнымi людзьмi Ўсходняй Эўропы ды i, магчыма, усёй Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. У маладым узросце кожны нармальны чалавек у меру славалюбiвы, марыць вылучыцца, выдзелiцца, пастаянна быць навiдавоку, i не для яго мудрая, горкая, аплочаная нялёгкiмi духоўнымi стратамi думка старадаўняга фiлосафа "Пражывi непрыкметна". На стрэсаператара нахлынула, накацiлася ўдзячнае шматслоўе, ды Плазмоiд рашуча перапынiў яго, сказаў:
– Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў чакае Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца. Не хвалюйся, нiчога не бойся, але зараз ты будзеш пераведзены ў такi самы стан, у якiм знаходзiцца твой калега.
– Я страчу прытомнасць?
– занепакоiўся Радаслаў.
– Ты заснеш i прачнешся там, дзе знаходзiцца Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.
– Але ў мяне слабое сэрца.
– У цябе моцнае здаровае сэрца, - сказаў Плазмоiд. Пачуўся ўжо знаёмы Радаславу рэзкi сухi шчаўчок, шар, iмгненна сарваўшыся з месца, лёгенька стукнуў стрэсаператара па левым плячы, i Буслейка, унутрана супрацiўляючыся, не жадаючы, амаль адразу заплюшчыў вочы.
VI
Яны апынулiся ў круглай зале, дыяметр якой складаў недзе пяцьдзесят шэсцьдзесят метраў. Адзiная масiўная калона стаяла ў самым цэнтры гэтай залы, i вось ля падножжа калоны на высечаных з сiняга каменю сядзеннях ачунялi пасля тэлепартацыi*. Радаслаў Буслейка i Карл Гакенхольц. Дзе знаходзiлася зала? Пад зямлёй? У тоўшчы горнай пароды? Цi, можа, у якiм-небудзь будынку на вулiцы шумнага горада? Стрэсаператары на гэты конт не мелi нi кропелькi iнфармацыi. Вакол калоны, а значыць, i вакол iх, у плаўным карагодзе кружылася незлiчонае мноства яркiх малочна-белых шароў. Плазмоiды былi розных памераў: зусiм маленькiя, маленькiя, велiчынёю з баскетбольны мячык, а некаторыя - штук трыццаць - дасягалi да паўметра ў папярочнiку. Незвычайны танец захапляў сваёй вытанчанай пластыкай i прыгажосцю. Было ў iм нешта ад раўнамернага няўхiльнага руху велiзарных акiянскiх хваль, ад грацыёзнага палёту буйных блiскучых
– Вось хто пачаў вайну супроць чалавецтва. Чаго хочуць гэтыя маўклiвыя iскрыстыя шары, гэты рой срэбных прывiдаў? Недзе памiж iх, пэўна ж, кружыцца i той плазмоiд, якi захапiў у палон нас з Карлам. Цiкава, што ён думае зараз пра нас i цi здольны ён наогул думаць у нашым чалавечым разуменнi?"
* Тэлепартацыя - перанос цвёрдых цел праз сцены.
Радаслаў, узняўшы позiрк угору, заўважыў, што столь залы шчыльна пакрыта зеленавата-сiвымi кiлiмамi лiшайнiку. Адразу прыломнiлiся тысячагадовыя валуны, статкi мамантаў, лёд i снег, пустэча змярцвелай пад цяжарам ледавiкоў зямлi. "Мы знаходзiмся ў падзямеллi, - вырашыў стрэсаператар, - бо лiшайнiкi любяць холад i вiльгаць, а такога дабра заўсёды хапае ў падзямеллях. Цiкава, з чаго пачыналася гэта зала раней - з картавай пячоры або з катакомбаў, выкапаных чалавечымi рукамi?" Плазмоiды ў нечым здалiся яму падобнымi на першахрысцiян, якiя, баронячы сваю веру, хавалiся ад Нерона ў такiх жа падзямеллях, дзе ярка нязгасна гарэлi свечкi i паходнi. Праўда, была iстотная рознiца - плазмоiды самаасвятлялiся.
Тым часам танец патроху пачынаў зацiхаць, запавольвацца. Рухi прыгожых шароў рабiлiся вялымi, як бы санлiвымi. Нечакана плазмоiды ўспыхнулi колерамi сонечнага спектра i спынiлiся. "Вось чаму яны называюць сябе Народам Усiх Сямi Колераў", - здагадаўся Радаслаў.
Плазмоiды, перагрупiраваўшыся, стварылi сем кругоў. Яны вiселi ў паветры над зямлёй на вышынi каля двух метраў. Стаяла мёртвая цiшыня, пасярод якой усхваляванае сэрцабiцце i дыханке стрэсаператараў здавалася кашчунным. Трыццаць, як налiчыў Радаслаў, самых буйных шароў урачыста,неспяшаючыся, падплылi да калоны, абкружылi яе. Яны знаходзiлiся ад стрэсаператараў на даўжынi выцягнутай рукi, не болей, але Радаславу з Карлам нi пахаладнела нi пагарачэла. У плазмоiдаў не было вачэй, наогул не было твараў, ды Буслейка адчуваў, як яго абмацваюць пiльныя ўсёпранiкальныя позiркi, нiбы рэнтгенаўскiя прамянi. На нейкi мiг яму нават падалося, што з ягонага цела здымаюць адзенне, кратаюць радзiмкi, што густа ўсеялi правы плячук. Прыкра i крыўдна было ўсведамляць сябе ў ролi паддоследнай марской свiнкi. Каб вярнулася мова, Радаслаў, вядома ж, запярэчыў бы, запратэставаў, але таямнiчая сiла паралiзавала галасавыя звязкi. Асаблiва цяжка было гаваруну Карлу - у бедалагi аж пот цурчэў па шчоках i цёмныя вочы зрабiлiся светла-жоўтымi ад абурэння, падобнымi на гарачую смалу.
Нарэшце, мяркуючы па ўсяму, вывучэнне людзей скончылася. Трыццаць шароў збiлiся ў адзiн шчыльны гурт, як птушкi ў чараду, як пчолы ў рой. Пачулася лёгкае гудзенне, шыпенне, быццам закiпваў велiзарны чайнiк, i раптам трыццаць шароў ператварылiся ў адзiн агромнiсты шар. Ён, гэты шар-волат, сеючы вакол сябе нястрымны бляск, узвiўся пад самую столь, прылiп там да густых лiшайнiкаў i загаварыў. "Гэта Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў", зразумеў Радаслаў Буслейка.
– Слухайце, жыхары адной з намi планеты, - загаварыў шар-таўстун.
– Вы ўбачылi нас, мы ўбачылi вас. Вы i мы лiчым сябе мудрымi, хоць непадобныя мiж сабою, як вада i агонь. Успомнiце ж вашага мудраца Саламона. Вось што казаў Саламон: "Ёсць чатыры маленькiя на Зямлi, але мудрэйшыя за ўсiх мудрацоў. Мурашкi - народ нямоцны, ды ўлетку нарыхтоўваюць ежу сваю. Горныя мышы народ слабы, ды ставяць дамы свае на скале. У саранчы няма цара, ды выступае ўся яна вельмi стройна. Павук лапкамi чапляецца, але жыве i ў царскiх палацах". Чым жа мы, гуманоiды i плазмоiды, мудрэй за гэтых маленькiх?"