Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:
V
Перад вылетам усiх стрэсаператараў i тэхнiкаў (Лех Патоцкi дазволiў ляцець дваццацi пяцi чалавекам) сабралi на iнструктаж. Вёў яго прадстаўнiк Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокi прыгожы негр, валасы ў якога былi ў найдрабнейшых завiтушках.
– Я зайздрошчу вам, - сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнiк.
– Адна справа - сачыць за экранамi i камп'ютэрамi, зусiм iншае - самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды i заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесiйны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: "Не адхiляй вуха свайго ад слухання законаў". I вы будзьце дысцыплiнаванымi, уважлiвымi, падпарадкоўвайцеся
– Маралiст, - скептычна ўсмiхнуўся Карл Гакенхольц, якi сядзеў побач з Буслейкам.
– I збiрайце ўсю даступную вам iнфармацыю аб СЦ, - вёў сваё прадстаўнiк, - не прапускайце нiводнай дробязi. Упершыню пасля Чыкага Вялiкi Жах выступiў такiм шырокiм фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакi? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытаннi. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезцi адказ. Жадаю вам усiм шчаслiвага вяртання. Жывуць Сонца i Кiсларод!
Паляцелi ў дапатопным транспартным самалёце, якi, калi верыць чуткам, мiрна дажываў век у вайсковым музеi i быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калацiла, падкiдвала на паветраных ямах.
– У нашых продкаў страўнiкi былi здаравейшыя, - сказаў Карл, убачыўшы, як некалькi пазелянелых дэсантнiкаў нахiлiлiся, быццам па камандзе, над гiгiенiчнымi пакетамi. Дый сам ён надта ж кiсла моршчыўся i ўздыхаў. Але як бы там нi было, прызямлiлiся на шурпатай бетонцы Старога Смалявiцкага аэрапорта.
Iх ужо чакаў капiтан рэспублiканскiх гвардзейцаў, якi трымаў над сабой чорны парасон, бо церусiў дожджык.
– Капiтан Хвалiбог, - адрэкамендаваўся ён.
– Буду, так сказаць, вашым гiдам.
– Капiтан, што тут у вас робiцца?
– на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.
– У якiм сэнсе?
– не зразумеў, ускiнуў тонкае брыво Хвалiбог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабiстае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фiгуры, па ўпэўненасцi рухаў, службiстам быў хвацкiм.
– У сэнсе Старой Цывiлiзацыi, - не дужа ветлiва ўмяшаўся ў размову Карл, бо дождж гусцеў, лупцаваў па бетонцы, а дзвюх машын-амфiбiй, якiя мелiся сустракаць стрэсаператараў у аэрапорце, пакуль што i духу не было.
– Ах, вы пра СЦ, - адразу ж павярнуўся да Карла Хвалiбог i адразу ж далiкатненька запiхнуў яго пад свой вялiзны парасон.
– Мая рота гвардзейцаў забяспечвае ахову аэрапорта. У нас, як бачыце, усё спакойна. А там, - ён махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы на захад, - гарыць i грымiць. Вядома, я i мае арлы хацелi б знаходзiцца там, але загад ёсць загад. Хвiлiн дваццаць назад, якраз перад вашым прылётам, прыехалi людзi з сельскагаспадарчых кааператываў i з хутароў. Адзiн нават на трактары прыгрукацеў. Усе ў сажы. Ёсць абпаленыя. I адкуль толькi ўзялася гэта брыдота? Жылi дзяды-прадзеды, нiчога не ведалi, былi гаспадарамi планеты, а мы атрымалi кукiш з макам - аб'явiлася, бачыш ты, нейкая Цывiлiзацыя. Цьфу ты.
Хвалiбог плюнуў.
– За ўсё трэба плацiць, капiтан, - строга i павучальна, як школьнiку, сказаў яму Радаслаў.
– За што плацiць?
– не зразумеў Хвалiбог.
– За ўсё. За кiсларод i вадарод, за ссечаныя лясы, за рукатворныя пустынi, адным словам, за жыццё, наша чалавечае жыццё. Бясплатны сыр бывае толькi ў мышалоўцы.
– Пры чым тут мышалоўка?
– пакрыўдзiўся капiтан, але ў гэты самы час рэзка завуркаталi маторы - падышлi дзве амфiбii,
– Што iм трэба?
– цiха, як бы ў самога сябе, спытаў Радаслаў Буслейка. Меў ён на ўвазе, вядома, не галасiстых птушак, а шышкагаловых ружоваскурых людзей, пехацiнцаў Старой Цывiлiзацыi, якiя з боку Сокала наблiжалiся да вадасховiшча. Iх было сотнi дзве. Вогненны вал, дыяметрам каля метра, пагрозлiва рухаўся следам за iмi. Гарэлi лугавыя хмызнякi i трава.
– Напалеон неяк сказаў: "Ва ўсяго ёсць мяжа, нават у нянавiсцi". Але дзе мяжа тут? I з кiм мы маем гонар скрыжаваць шпагi?
Гэтыя словы глыбакадумна прамовiў Карл Гакенхольц. Ён трымаўся поруч з Радаславам i ўжо з няспешлiвай нямецкай грунтоўнасцю дзёўб сапёрнай рыдлёўкай зямлю - капаў акоп.
– Вадасховiшча iм не фарсiраваць!
– закрычаў капiтан Хвалiбог.
– У вадзе гэтыя яшчаркi адразу ж, пускаючы бурбалкi, пойдуць на дно! Усiм акапвацца!
Заскрыгаталi рыдлёўкi, уразаючыся ў зямлю. Кожны стараўся зрабiць сабе сховiшча як мага хутчэй. А шышкагаловiкi (такая мянушка адразу прыклеiлася да салдат СЦ) тым часам былi ўжо каля самай вады. Спынiлiся, i вогненны вал спынiўся разам з iмi i нават паменшаў, нiбы збiраўся патухнуць.
– Што я казаў?
– весела засмяяўся капiтан Хвалiбог.
У гэты час нешта свiснула i ў правую руку яму, якраз у далонь, якую ён хацеў сцiснуць у кулак, каб пагразiць шышкагаловiкам, упiлася невялiкая чаратовая страла з касцяным наканечнiкам. Капiтан разгублена пазiраў на яе.
– Дык гэта ж дзiкуны, госцi з каменнага веку, - сказаў ён нарэшце, дастаючы стралу.
– Бачыце, чым ваююць?
– Iдуць!
– закрычалi раптам адразу некалькi чалавек.
– Шышкагаловiкi пайшлi па вадзе!
Радаслаў Буслейка, якi, цяжка дыхаючы i пацеючы, старанна вышкробваў з акопа жаўтапёс, адкiнуў убок рыдлёўку, уталопiўся позiркам у процiлеглы бераг. Вiдовiшча ўражвала. Салдаты СЦ, насуперак бадзёраму прагнозу капiтана Хвалiбога, пачалi фарсiраваць вадасховiшча. Прытым не на лодках i не на пантонах. Яны проста iшлi па люстраной хвалiстай паверхнi, быццам па цвёрдай зямлi. Здавалася, нечаканыя моцныя маразы ўкавалi ваду i на ёй лёг лёд. Але ж хвалi жвава беглi на жоўты ўзбярэжны пясок i да зiмы было дужа далёка.
– Нейкая д'ябальшчына атрымлiваецца, капiтан, - сказаў Буслейка Хвалiбогу, якi акапаўся праваруч. Толькi гаваркi капiтан чамусьцi маўчаў. Калi ж Буслейка павярнуўся да яго, то ўбачыў, што хвацкi ваяка ўткнуўся носам у пясок i... спiць, ды так мiрна, так лагодна, як маленькае хлапчанё ў мацi на руках. "Страла была са снатворным або атрутай", - здагадаўся Радаслаў i крыкнуў гвардзейцам: - Цягнiце свайго шэфа ў амфiбiю!
А шышкагаловiкi тым часам наблiжалiся. Праўда, вогненны вал спынiўся перад самай вадой.