Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:
– Вера, пойдзем, - асцярожна крануў яе за плячо Клён.
Але яна несуцешна плакала.
– У пазамiнулым годзе я заняла чацвёртае месца на конкурсе "Спадарыня Навука", - праз горкiя iскрыстыя слёзы казала яна.
– Я выступала ў залацiстым купальнiку. Мае ногi...
Вера, як да чужых, з гiдлiвасцю i жахам дакранулася да сваiх ног, пагладзiла iх, i раптам яе рукi зрабiлiся такiмi ж - ружовымi, ашаламляльна-яркiмi. Гэта для жаночай душы было ўжо занадта. Вера неяк сутаргава ўсхлiпнула i страцiла прытомнасць.
– Пракляцце!
– гнеўна закрычаў, узняў угору кулакi Радаслаў Буслейка. Каму патрэбна такое?! Колькi можна
Ён быў у шаленстве - махаў кулакамi i тупаў нагамi, пляваўся. Клён з трывогай глядзеў то на Веру, то на Радаслава.
I ў гэты мiг у небе, якраз у iх над галовамi, з'явiлася чорная-чорная хмарка, падобная на шар, шумлiвая, уся ў зiхоткiх маланках. Загрымеў гром, падзьмуў парывiсты гарачы вецер. Стала цяжка дыхаць. Вера застагнала, пачала павольна расплюшчваць вочы.
Чорная хмарка з неймавернай хуткасцю наблiзiлася да зямлi. У суседнiх будынках нiбы самi сабой расчынiлiся ўсе вокны, зазвiнела, пасыпалася шкло. Дрэвы i дрэўцы, якiя раслi навокал, кветкi на клумбах разам зашалясцелi, нiзка нахiлiлiся, прычым кветкi адразу ж згарнулi ў пучок свае пялёсткi, быццам разумелi - iм немагчыма глядзець на тое, што зараз адбудзецца.
Хмарка села на зямлю пасярод двара, пачала шыпець, булькатаць, нечакана раскалолася на дзве палавiны, i з яе выкацiлася яркая зорка.
– Маленькi Пяцiног, - зачаравана i адначасова спалохана сказаў Клён.
Так, гэта быў Пяцiног, абсалютная копiя таго Пяцiнога, з планеты Вар, але разоў у дзесяць меншы. Ён пайшоў-пакацiўся проста на Радаслава Буслейку.
– Сыдзi з дарогi i аддай жанчыну!
– загрымеў над дваром, здавалася, над усiм Менскам уладны жалезны голас.
– Убiрайся прэч, - цвёрда сказаў стрэсаператар.
– Гэта жанчына i гэты юнак - мае сябры. Пакуль б'ецца ў грудзях сэрца, пакуль рука можа сцiскацца ў кулак, ты iх не возьмеш.
– Станавiся на каленi, iначай раздушу i спалю!
– грымеў жалезны голас.
– Убiрайся прэч, - упарта нахiлiў светлавалосую галаву Буслейка.
Клён i Вера не дыхаючы глядзелi на яго i на Пяцiнога. Яны пачыналi разумець, што менавiта ў гэтае iмгненне, на гэтым дымным няўтульным двары, дзе амаль да самай травы схiлiлiся тонкiя кволыя дрэўцы, дзе нетутэйшым крыклiвым святлом залiта дзiцячая пясочнiца, аўтамабiльчыкi, лялькi i рыдлёвачкi ў ёй, адбываецца сутыкненне дзвюх цывiлiзацый, дзвюх несумяшчальных суперсiстэм. Iмя iм - Зямля i Сiняя Зорка, Чалавек i Пяцiног, Душа i Ўсёсакрушальная Сiла...
Было вiдно, што Радаславу вельмi-вельмi цяжка. Твар збялеў, шчокi завастрылiся, плечы i рукi нервова трымцелi, быццам гнёў яго нечуваны страшэнны цяжар, ад якога, як гаворыцца ў народных казках, людскiя ногi па калена ўваходзяць у пясок. Было вiдно, што тая сiла, якая ляцiць, струменiцца з Пяцiнога, хоча, чаго б гэта нi каштавала, прымусiць стрэсаператара стаць на каленi, зламаць i патушыць ягоны ўпарты позiрк.
– На каленi!
– грымеў, накочваючыся на Буслейку, Пяцiног.
Радаслаў, сцяўшы зубы, маўчаў, адважна пазiраў на яго. Толькi густы пот, як халодная вечаровая раса, клаўся на лоб.
I тут прагучаў аглушальны выбух, высока ўзвiўся фантан агню. Клёна з Верай ударная хваля адкiнула на дзiцячую пясочнiцу. Яны ляжалi на ўтаптаным маленькiмi чаравiчкамi жоўтым пяску, працiралi вочы i нiкога не бачылi - нi Буслейкi, нi Пяцiнога. Пуста было наўкол.
– Радаслаў!
– з адчаем пазiраючы ў неба, закрычала што ёсць моцы Вера.
–
– закрычаў Клён.
I раптам як бы лопнулi нябачныя абручы, што да самай апошняй хвiлiны сцiскалi, скручвалi неба i зямлю, усё наваколле. Адразу пырснула з-за хмар сонца, развеяўся дым, весела заблiшчалi шыбы ў вокнах, выбеглi на вулiцу дзецi. Адразу ж па ўсiм Менску - на Серабранцы i Чыжоўцы, у Вяснянцы i Кунцаўшчыне - салдаты СЦ iмгненна спынiлi бой, селi, хто дзе знаходзiўся, на зямлю, на бетон, на рэйкi, абшчапiлi галовы рукамi i з неймавернай хуткасцю пачалi змяншацца ў аб'ёме, пакуль не знiклi. Так знiкаюць, так гiнуць медузы, выкiнутыя морам на гарачы пясок. Адразу ж робаты, разбiўшыся на атрады, памаршыравалi ў месцы ранейшай дыслакацыi. Паперадзе iх горда крочылi робаты-трубачы.
– Радаслаў Алесевiч ахвяраваў сабой, ахвяраваў дзеля спакою i мiру, i СЦ прыняла ахвяру, - цiха сказаў Клён.
Вера апусцiлася на каленi на тым самым месцы, дзе некалькi хвiлiн назад напаткала смерць Буслейку, i плакала.
А Менск налiваўся ўзрушанымi людскiмi галасамi, шумеў ва ўсёй сваёй велiчы. I ўжо выходзiлi дворнiкi падмятаць разбiтае шкло i раструшчаную цэглу. I самую першую порцыю марожанага не прадаў, а падарыў васьмiгадоваму русавалосаму хлопчыку з вулiцы Заслаўскай увiшны вясёлы аўтамат.
Над горадам плылi агромнiстыя бела-ружовыя, як квецень майскай яблынi, воблакi. На адным з iх, самым прасторным, успыхнулi словы: "Ахвяру прымаем. Вайна скончана".
XV
Для Клёна Дубровiча пачалiся самыя цяжкiя часiны. Са слязамi на вачах сустрэлi яго мацi i бацька, цалавалi, абдымалi. Мацi i хатнi робат Чарлi збiлiся з ног, носячы яму прысмакi, ды так закармiлi, хоць пад стол ад iх хавайся. Але схлынула радасць, пацяклi днi, тыднi, i Клён адчуў, што ў ягонай душы нешта незваротна зламалася, што амаль усё ў паводзiнах сяброў, суседзяў, нават бацькоў яму не падабаецца. Iхнiя ўсмешкi, бясконцыя роспыты пра Вар, iхнiя знакi ўвагi, паляпваннi па плячы ўсё болей здавалiся яму няшчырымi. "Фальшывая планета", - думаў ён i сам палохаўся такiх думак, бо Зямля i людзi ВЭП, як вучылi яго ў гiмназii, як пiсалi ў газетах i кнiгах, як верылi бацькi i зусiм нядаўна верыў ён, знаходзiлiся на вяршынi пiрамiды, iмя якой - чалавечая цывiлiзацыя. Усё, што было да ВЭП, да сённяшнiх дзён, было калi i заканамерным, дыялектычна апраўданым, усё роўна лiчылася нiжэйшым, не зусiм дасканалым. Такая ўпэўненасць не называлася эгаiстычнай, самарэкламнай, бо, як двойчы два заўсёды раўняецца чатыром, так i ВЭП заўсёды i ва ўсiм (прынамсi, так цвёрда верыла ўсё цi амаль усё чалавецтва) пераўзыходзiць мiнулыя эпохi. Пры гэтым усе цудоўна ведалi, што калiсьцi ў сiвой далечы тысячагоддзяў Рымская iмперыя ўжо аб'яўляла сябе Эталонам грамадскага раззiцця i прагрэсу, а потым - гiтлераўскi Рэйх, а потым камунiстычны СССР, ды горкае расчараванне чакала ўсю тройцу.
Каб неяк супакоiцца, Клён шмат чытаў, слухаў музыку, аддаючы перавагу забытым народным песням. Добра было пачуць вось такое:
Мой хвор мужычок,
Ды красен, як бурачок,
А я здарова,
Ды жоўтая, як маркова.
Аказваецца, задоўга да ВЭП у людзей было столькi гумару, здаровага смеху, людзi пасвойму былi шчаслiвыя. "Што са мною?
– думаў Клён.
– Чаму я ўвесь час адчуваю, што мне нечага не хапае? Ясна, што мне вельмi не хапае Радаслава Буслейкi. Але ён загiнуў, яго нiколi не будзе, i я гэта разумею. Дык чаго ж мне не хапае?"