Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Сыч спыняе запененага каня. За iм спыняецца Васiль. Пад'яжджае рэшта.
У Замак варочаюцца, не сьпяшаючыся. Васiль страшэнна ўзбуджаны, пот струменьчыкамi сьцякае яму на бараду, вочы - iскрацца.
– Шкада... Не здагналi, Ваша Сьветласьць!
– вiнавата выгуквае ён пад насьмешлiвы гоман Сычанятаў.
– Конi ў iх лепшыя...
– А цi ведаеш, каго ты гнаў?
– усьмiхнуўся Ваявода, употай зiрнуўшы на пахмурага ад няўдачы Сыча.
– Не, ня ведаю. А хто гэта?
– Скажы яму ты, Сыч.
– Па йменю ня ведаю й я...
– Дык ведайце абодва: Станiслаў -
– Як?
– аж падскочыў Сыч.
– Ваявода з Крэва? Значыць, гэты душагуб Ваяводай у Лiтве? Ён паляк?
– Так, радавiты паляк, але Вялiкiм Князем Альгердам у Крэве пасаджаны.
– Падлюка! Так ён адплачвае за нашы хлеб...
– Во, во! Якраз падлюка, - пагадзiўся Ваявода Фёдар.
– Гэта той, што ў сваiм Крэве задушыў Вялiкага Князя Кейстута! Што трымаў у вязьнiцы самаго Гаспадара Вялiкага Князя Вiтаўта!...
– I той, што злачынна ўкiнуў у лёхi Вашу Сьветласьць!
– дакончыў Сыч. Прабач, Ваявода, ня меў я права лавiць яго. Вялiкаму Князю й табе належыць ягоная скура... Хаця й мне ён нарабiў бяды вялiкае...
– Ты абяцаў разпавесьцi.
– I разпавяду! Загадай, каб нас самiх пакiнулi. Не люблю я перад людзьмi свае раны выстаўляць... а табе, Ваявода, разкажу. Паабяцаў з гарачкi... Але слова датрымаю!
Па загаду Фёдара iх пакiнулi ўдваiх, i Сыч прыцiшаным голасам пачаў разказваць. Зь першых-жа словаў, Фёдар аж адступiў на крок у тыл, а калi Сыч скончыў, то абняў яго й тройчы пацалаваў.
– Калi станеш на Суд Гаспадарскi, я сьведчыць за цябе буду! А хто супраць скажа, на ўтаптаную зямлю клiкну!...
Адведаўшы яшчэ Францiшка, Ваявода загадаў перанесьцi яго й рэшту параненых у пакоi Прышынскага. Выслаў ганца ў Берасьце, бо перад ад'ездам трэба было паклапацiцца пра залогу Замку, i пайшоў адпачываць.
Вечарэла. Шэры змрок ахутваў гаротную Краiну, напоўненую злыднямi й забойцамi - чужымi й сваiмi... Працягла завыў у лесе воўк. Пахла вясной i гарэлым.
Ранiцай Ваявода адчуў сябе зусiм добра. Прылiў сiлы й бадзёрасьцi даў яму здольнасьць напрануць панцыр.
Выйшаўшы на падворак, убачыў Васiля, перадаючага Берасьцейскаму Сотнiку варту над Замкам. Над брамай палошчыўся ў сьвежым ветрыку Берасьцейскi Сьцяг чырвоны з шэрай Пагоняй.
Усюды мiтусiлiся навапрыбылыя воi.
Абодва Сотнiкi адсалютавалi мячамi й падыйшлi к Фёдару.
– Ваша Сьветласьць, Пасаднiк Берасьцейскi загадалi перадаць, што ад усёй душы цешацца Вашаму вызваленьню, ды жадаюць Вам шчасьлiвага й прыемнага падарожжа. Яго Сьветласьць моцна шкадуюць, што ня могуць прыехаць прывiтаць i, адначасна, вылаяць Вашу Сьветласьць, - берасьцеец усьмiхнуўся, - за Вашую ўпартасьць. Яшчэ Яго Сьветласьць, Пасаднiк Берасьцейскi, загадалi мне служыць, i выконваць загады Вашмосьцi, як i яго собскiя. Чакаю загадаў! Мае рукi й меч да паслуг Вашае Сьветласьцi!
Фёдар шчыра цешыўся, углядаючыся ў малады й прыгожы твар Сотнiка.
– Як тваё ймя?
– Тамаш зь Лiпкаў, Ваша Сьветласьць.
– Са шляхты?
– Не, Ваша Сьветласьць! З панцырных баяр.
– Не пасаваны?
– Яшчэ не, Ваша Сьветласьць, - як-бы засаромiўся
– Але спадзяюся, што хутка вайна, можа тады...
– Памагай Бог! I я чым магу дапамагу.
– Дзякую, Ваша Сьветласьць!
– А зараз слухай, Тамашэ!
– зьмянiў гутарку Ваявода.
– Першае: параненых апрышак, што ў Замку застануцца, ня крыўдзi. Пакiнь iх там, дзе яны зараз - у пакоях Прышынскага, а як выдужаюць - адпусьцi на волю. Яны мяне зь няволi выратавалi. Даглядаць iх будзе Даша. Другое: зараз-жа пазьбiрай усё гарматнае зельле[37], якое толькi знойдзеш, i заладуй яго ў вязьнiцу! Перад ад'ездам я хачу пабачыць, як гэтая крынiца людзкой крыўды й бяды ўзьляцiць у паветра! i, павярнуўшыся да Васiля, загадаў: - А ты - зараз-жа пазьбiрай усе санi й вазы! Загадай запрагаць! Хутка едзем!
– Ваша Сьветласьць!
– пачуўся раптам голас Кандрата.
– Чаго?
– Запытацца хачу. З самых Трокаў карцiць... Цi мае кабета душу, цi не? Як зiрну на Дашу, цi Марылю прыгадаю, аж крыўдна робiцца, што Бог душы iм ня даў, а як зiрну на якую каргу, дык нiбы й не належыцца ёй душы?
– З чаго гэта ты раптам надумаў?
– Не надумаў... Як з паляваньня ў Трокi ехалi, дык Гаспадарскi чэляднiк казаў, ды стары вожчык пацьвердзiў, а я й падумаў, што найлепей будзе Вашу Сьветласьць запытацца.
– А сам хiба ня ведаеш?
– умяшаўся Васiль.
– Мала ня поўсьвету аб'ехаў, а такiя дурнiцы пляцеш.
– Аб'ехаць аб'ехаў, а вось кабечае душы ня бачыў, ды й ты, Васiль, напэўна не прыкмецiў. I ў кнiгах нiдзе не напiсана...
Васiль разгубiўся, а Ваявода, разьвесялiўшыся, прамовiў:
– Ну а ты як, Тамашэ? Што скажаш?
– А я, Ваша Сьветласьць, так мяркую: калi дазволена жанчынам у Царкву хадзiць - значыць, маюць яны душу. Нават iконы Прачыстае Дзевы Марыi ёсьць...
– Ну, Кандрат, задаволены?
– Не! Што ён ведае?... Я хачу, каб Ваша Сьветласьць сказалi!
– I я тае думкi, Кандраце, - пацьвердзiў Фёдар.
– Мае жанчына душу, такую самую, як i мы з табою. А часам i лепшую...
– Ага! Цяпер скажу таму чэляднiку, што ён дурань, а вожчык - пень гнiлы. Душы-ы-ы няма!
– перадражнiў Кандрат.
– Цьху!
25. БАЯРЫН I МIТРАПАЛIТ
Баярын Рацiшчэў гнеўна адкiнуўся ў крэсьле ды з дакорам прамовiў:
– Уладыка! Ваша Прэасьвяшчэнства ня дбае аб вялiччы сваёй Радзiмы. Колькi я ўжо казаньняў праслухаў, але нiдзе й нiколi ня чуў i паўслова аб Маскве, аб Гасудару Вялiкiм Князю Маскоўскiм, аб слаўным воiнстве Маскоўскiм, аб годным Баярстве... Толькi й чуваць: Лiтва, Лiтва, Лiтва...
– Не магу, сыне мой!
– жвава запярэчыў Мiтрапалiт Фоцiй.
– Гэты дзiкi конь Вiтаўт не пацерпiць. Галаву мне адразу скруцiць як кураняцi, калi толькi пiсну аб Маскве. I нiхто ў абарону ня стане - любяць Яго. Праўда, злосьцi вялiкае да Масквы ён ня мае, але ня любiць так-жа як i Польшчу цi Немцаў. З суседзямi мiрам жыць хоча, ня ўлазiць у iхныя справы, але й да сваiх не дапускае. А мне адразу сказаў, пры першай сустрэчы: Богава Богу, а Цэсарава - Цэсару! Не магу аб Маскве ўспамiнаць. Нiяк не магу... Чуткi ходзяць, што каранавацца зьбiраецца.