Дубянецкі
Шрифт:
– Ну, тады я патэлефаную Паліне Сяргееўне, што затрымліваюся. Адкуль можна пазваніць?
Я сказаў адкуль і расказаў, як гэта зрабіць, бо тэлефон капрызьлівы. Хутка з мяне зьнялі кропельніцу і я ўстаў, хоць пасьля гэтага рэкамендуецца хвілінаў дзесяць паляжаць. Прывёў сябе ў больш-менш прыстойны выгляд – надзеў новы шарсьцяны спартыўны касьцюм, нядаўна куплены ў Нясьвіжы, паправіў прычоску – усё-такі прымаць буду жанчыну. І тым больш, што яна мне падабаецца, хоць зрэшты мне ўсе выдавецкія жанчыны падабаюцца – хто як жанчына, хто як таленавітая супрацоўніца, хто як чалавек. Усе заслугоўваюць павагі і ўвагі, і дай бог ім шчасьця! А Клара, апрача ўсяго іншага, каштоўная яшчэ і сваёй мэтанакіраванасьцю. Маючы сям’ю – мужа і дваіх дзяцей,
Я падпісаў Кларын чэк і не адзін. Яна ня ўпэўненая была, што той рукою, у якой “нешта тырчала”, можна паставіць “правільны” подпіс, папрасіла падпісаць два-тры празапас. Я выканаў гэтую незаконную просьбу, улічваючы цяперашнія абставіны ў выдавецтве. Аддаючы чэкавую кніжку сказаў:
– А ўсё-такі, Кларачка, напэўна, пройдзе першы чэк, а тыя наўрад ці прымуць.
– Чаму?
– Таму, што надта стараўся. Падпісваў імгненна, а пасьпяваў сачыць за кожным кручком. А гэта гарантыя адступленьня ад подпісу-ўзору.
– Ну, хоць адзін, можа, прапусьцяць. На сёньня больш і ня трэба.
Так мы разьвіталіся, абмяняўшыся нейкімі “рытуальнымі” фразамі.
Папрасіў Марыю, каб да мяне сёньня не прыходзіла. Вядома, мне прыемна было б яе бачыць, маю верную спадарожніцу, адзіна магчымую маці маіх таленавітых дзяцей. Параіў, каб лепш схадзіла ў гэты час на сустрэчу з Краснадарскімі знаёмымі. Ды трэба ж падрыхтаваць у дарогу нашу Галю. А ў яе не абы якая дарога. Гэта ж першы яе працоўны адпачынак! Першая самастойная турыстычная паездка! Ды якая ж доўгая і далёкая – на цэлых дваццаць дзён і аж у Закаўказьзе, на турыстычную базу “Планерскае”. Я сказаў пра гэта ў маёй палаце, дык Віктар кажа, што ён ведае “Планерскае”. Пару гадоў таму назад езьдзіла туды яго дачка-дзесяцікласьніца. З ёю чалавек дваццаць. Працавалі там у саўгасе – на полі ці на саўгасных заводах.
– Дык вось, – кажа, Віктар, – цэлыя канікулы юнакі і дзяўчаты працавалі. За гэта ім налічвалі нейкія грошы. А дайшла справа да разьліку – амаль усё налічанае ўтрымалі на аплату харчоў ды розных штрафаў. Ледзь-ледзь хапіла на зваротны білет. А ў дарозе ж трэба есьці!..
Вечарам па тэлефоне я цёпла разьвітваўся са сваёй юнай турысткаю.
Была адзінаццатая гадзіна вечара, а Галечка яшчэ не рыхтавалася ў дарогу. Як высьветлілася, яна ледзь ня цэлы дзень займалася сваімі вершамі – вычытвала пасьля машынапіснай перадрукоўкі, адбірала разам з Лёнем (тут і далей – Дранько-Майсюком – рэд.) для альманаху “Дзень паэзіі – 86”. У альманах трэба адзін-два, а Лёня “выбраў” цэлы дзясятак. “А цяпер, сказаў, будзем выбіраць з гэтага. Ёсьць жа яшчэ ўкладальнік зборніку, ёсьць загадчык рэдакцыі. Але ім нялёгка будзе, бо з добрага выбраць лепшае ня так лёгка.
Лёня, як рэдактар, рабіў, вядома, свае заўвагі,
Гэта Галіны арыгінальныя вершы. Свае вершы яна ўсё яшчэ баіцца публікаваць. Я і ня ведаю, як яна адважылася на абнародаваньне сваіх перакладаў з Р. Бёрнса. А цудоўная атрымалася нізка!
11 верасьня 1985 году. Серада. 10 гадзінаў раніцы. Да сьнеданьня пасьпеў прыняць дзьве нітрагліцэрыначкі і вось цяпер укінуў трэцюю. Ранішнюю дозу лекаў прыняў. А ўрачэбнага абходу чамусьці яшчэ не было. Затое Ірына Аляксандраўна мяне на калідоры папярэдзіла, каб далёка не адыходзіў ад палаты. “Хачу паказаць вас прафесару”, – вымавіла. А якому не сказала.
Нашая палата часта нагадвае чытальню. Зацята чытаюць усе яе насельнікі.
Перада мною цяпер ляжыць часопіс “Беларусь”, разгорнуты на нарысе Леаніда Левановіча “Глыбокія карані”. Ня ведаю, каму пішуць і каму друкуюць такія матэрыялы. Я іх ніколі не чытаю! Хіба што зацікавіць імя аўтара ці ягоны аб’ект. Праштудзірую часопіс, пасьля закажу з дому якую-небудзь кнігу.
Пётр Іванавіч ледзь ня дзень і ноч вельмі зацікаўлена чытае“Шчыт і меч” Вадзіма Кажэўнікава. Прытым другую ўжо кнігу. І перад гэтым шмат чаго, кажа, тут прачытаў. Робіць гэта ён ня ў ложку, як шмат хто любіць, і ня ў крэсьле, што пасавала б да яго ўзросту і рангу. На палату ёсьць адна нізенькая табурэтка – калі трапіцца цяжка хворы, т. зв. ляжачы, тады на ёй стаіць начное начыньне. Табурэтачка гэтая некалі апынулася каля ложку Пятра Іванавіча. Ён яе прыгледзеў і знайшоў ёй прымяненьне: бярэ кнігу і, кладзе яе на ложак, а сам садзіцца на гэты “трон” і чытае. Чытае запар гадзіну-дзьве. Мясьціны, што ўразілі нечым яго, перачытвае па некалькі разоў, чытае іх і нам голасна. Абмяркоўвае іх зьмест. Карацей, жыве імі ўвесь.
Таксама любіць чціва пра шпіёнаў Віктар. Калі я паступіў у палату, ён дачытваў таўшчэзную кнігу Яўгена Вараб’ёва “Зямля да запатрабаваньня” – пра славутага савецкага шпіёна беларуска-яўрэйскага паходжаньня Льва Маневіча. Цяпер пераключыўся на “Лязо брытвы” Яфрэмава.
Калі Пётр Іванавіч зачытвае ўсім нам уголас нешта страшнае ці экстравагантнае пра фашысцкіх правадыроў, дык маладзейшы намнога Віктар з задавальненьнем зьвяртае нашую ўвагу на вычытаныя ім пікантныя сексуальныя штучкі. Нават часта зьвяртаецца да Пятра Іванавіча (!) з “нявінным” пытаньнем, скажам, як той паступіў бы ў такіх сексуальных сітуацыях, альбо ці ўхваляе ён такую і такую тэхніку палавых зносінаў.
Мушу зазначыць, што я, можа, упершыню ўбачыў тут людзей, якія ня толькі чытаюць кнігі, але і дачытваюць іх да канца. Звычайна ж бачыш у гарадскім транспарце, у парках і скверах, у паяздах і самалётах людзей з адгарнутымі на першых старонках кнігамі. Гэта не заўсёды азначае, што пасьля паездкі ці прагулкі кніга будзе забыта. Зусім не. Я таксама не бяру з сабою ў дарогу – вялікую ці малую – тую кнігу, якую ў гэты момант чытаю. А бяру нешта яшчэ нечытанае, альбо тое, што трэба зноў пагартаць. Значыць, і мяне таксама заўсёды па-за домам бачаць з кнігай, разгорнутай на першых старонках.
Прыгадаліся кнігі. І дарэчы. Учора ж у Маскве адкрыўся пяты ММКВК. Сёньня надрукавалі ў асноўных газетах прывітаньне Савету Міністраў СССР “удзельнікам і гасьцям” яго. Там ёсьць словы, што “савецкая кніга нясе праўду пра нашую Радзіму ва ўсе куткі планеты – праўду грамадскага прагрэсу і гуманізму”.
Якую праўду?! Які прагрэс?! Які гуманізм?! За праўду – кара. А яна ў СССР зайздросна разнастайная – ад зьняцьця з чаргі на кватэру да інфаркту і канцлагеру, а яшчэ нядаўна мог быць і расстрэл. Усе полчышчы тыпу “АТ”, “БФ” і інш. нахабна ўпісваюць у нашыя кнігі сваю “праўду”, патрэбную рэжыму, замест аўтарскай праўды, аўтарскай думкі, аўтарскай душы, замест нашай праўды.