Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Шрифт:
Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі…
Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.
Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той -- з аргументам.
– - Куды гэта вы, хлопцы? – шкадуючы, пытаўся ён
Звычайна яму не адказвалі, толькі хіба найбольш стомлены бывае гняўліва буркатне:
– - А табе што за справа, абібок?!
І мы ішлі далей, хаця сёй-той (употайкі ад іншых) доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты з аргументам і сачыў за дымам над камінамі. І неаднойчы сяму-таму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім? Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх – гэта натуральна, але дзе вы чулі, каб ўсе пыталіся ў аднаго?
І мы крочылі далей і мелі шляхетны гонар ад упартай хады, сэнс якой быў у няспынным руху. І калі што нас палохала, дык гэта не стома, пабітыя ногі ці смага, а спакой. Раптам вецер сціхаў і мы спыняліся, як бы спатыкнуўшыся, бо без ветра не ведалі, куды нам цяпер праставаць?
Што ў тыя хвіліны рабілася – цяжка казаць, ды, дзякаваць Богу, усялякі раз вецер падымаўся зноў, а разам з ім падымаліся і мы, каб рушыць далей.
Так здарылася, гэтак аднойчы мусіла здарыцца, што вецер суняўся якраз тады, калі мы праміналі выспу, на якой сядзеў той, з аргументам. Упершыню мы не енчылі, не камячылі апратку, не кусалі сябе за локці. Упершыню наша змучаная сціжма затаіла уласны жах, бо на нас, шкадуючы, пазіраў ганарысты лайдак. Але гэтым разам, пэўна ад збянтжанасці, мы не вытрывалі і запыталі, які такі важкі аргумент ён мае пры сабе, што не баіцца сядзець на адным месцы, калі ўсе астатнія спыняюцца адно тады, як спыніцца вецер?
– - Колькі б вы не хадзілі, хлопцы, усюды у вас пад нагамі будзе зямля, над галавой – неба, а на карку – дармаед з пугай,-- гэтак адказаў ён. І наастачу яшчэ раз запэўніў:-- Усюды.
Толькі не многія з нас пачулі ягоныя словы, бо раптам далягляд абазваўся лагодным ветрыкам і мы ўсхапіліся…
Мы ўсхапіліся і з’едліва пазіраючы лайдаку ў твар, рушылі паўз выспу туды, куды праставаў вецер.
Не ведаю, як цяпер, але яшчэ за панамі наш кавалак пекла знаходзіўся якраз паміж польскім і расейскім. Аб гэтым распавёў мой сусед, кульгавы Яўхім, які трапіў туды не ў свой тэрмін і быў адпушчаны да хаты чакаць свайго часу.
З нашай вёскі шмат хто дзе бадзяўся, але калі мы сышліся ў Яўхіма, дык нават вядомы пляткар Здэнек зашпіліў свой язык на ўсе гузікі. Зрэшты, яно і зразумела. На гэтым свеце ты адно дзеля прыліку, а туды ідзеш каб назаўжды спраўдзіцца.
– - На нашай дзялянцы ціха.--так распачаў сваю казань Яўхім.--Я нават падумаў, што можа чаго наблытаў. Вакол усё гудзе, стогне, енчыць, а ў нас хіба што вокхне нехта – і зноў ані згадкі. Я тады наўзбоч азірнуўся і бачу, што непадалёк хударлявы панок на барвовай патэльні таньчыць. Ён мяне таксама заўважыў і кліча: ”Прошам пана, прошам пана”. Зразумеў я, што, здаецца, не туды мне трэба, але панок прычапіўся, нават скакаць перастаў. Куды, кажа, пан пойдзе, дзе лепшай долі знойдзе? І абслуга
– - А можа той далікатны панок мае рацыю,-- не вытрываў Здэнек.—Усё жыццё былі мужыкамі, з гною не вылазілі, дык хай хоць на тым свеце з панамі паскачам.
– - Пачакай,-- кажа Яўхім,-- раптам нехта з другога боку крычыць:
– - Ты куды, свінячае рыла?! Ці ж не бачыш, што там і аднаму месца не хапае. А ў мяне глядзі які прастор і глыбіня, што мора.
Азірнуўся я, а там у сажалцы з кіпенем голы чалавек у генеральскай фуражцы плавае. А як шпарка, не раўнуючы – шчупак…
Тут Яўхім змоўк і мы распачалі сварку. Лаянка, лямант – енк такі стаяў, што, пэўна, у пекле цішэй. Хто быў на патэльню пагаджаўся, хто на сажалку, маўляў, паколькі яна вялікая, дык па краёх мабыць не так пячэ…
Стаміўшыся ад сваркі, мы прычыпіліся да Яўхіма.
– - Халера яго, хлопцы, ведае!? Што ні кажы, да гною мы з маленства звыклыя, а як яно ў іншым месцы будзе – не паспытаўшы не скажаш.
Быццам і слушна разважыў сусед. Толькі няма ў мяне да Яўхіма даверу. Яго і за гаспадара ніхто ніколі не лічыў. Сноўдаўся ўсё жыццё па вёсцы, абы дзень да вечара. А як ухопіцца за якую кніжку, дык і скаціну не дагледзіць. Можа ён з кніжак і навыдумляў усё тое, што тут нам чоўп. Бо хто ж цябе пусціць у пекле швэндацца, быццам гэта кірмаш. Пэўна, і вокам міргануць не паспеў, як далі яму такога выспятка, што куляй назад вярнуўся…
Ат, чаго там шмат казаць, калі нават на той свет чалавек не справіўся ў свой тэрмін патрапіць.
Мы сеялі жыта, гадавалі дзяцей, слухаліся Бога і нам было добра.
Але неяк прывалокся да нас адзін разумнік і кажа:
– - Знайшлі каго слухацца!
– - Хіба ёсць хто разумнейшы за Бога?—здзівіліся мы навіне.
– - Я,-- кажа,-- разумнейшы.
Ну, нам дык што… Нам абы было каго слухацца. Пахавалі мы абразы ў куфэркі і пацягнуліся за разумнікам да пушчы. Прывалаклі адтуль кожны па бярвяну і пытаемся:
– - Куды скідваць?
– - Трымайце на плячах,-- адказвае.-- Цяпер мы з бярвеннямі і есці будзем, і спаць.
– - А ці не занадта? – пацікавіліся мы.
– - Не занадта,-- запэўніў ён.--Інакш яснай будучыні нам ніколі не дачакацца.
Ну што тут паробіш, калі чалавек усё наперад ведае… Занядбалі мы гаспадарку і як тыя буслы шпацыруем з бярвеннямі ад рання да ночы. Усё будучыню выглядваем.
Праўда, часам хто абурыцца:
– - На халеру яна нам здалася? Неяк раней без яе абыходзіліся – і нічога.
– - А дзе дзецям жыць, калі будучыні не дачакаемся?—дзівіцца
тады з нашай дурноты разумнік…
* * *
Год мяняўся годам, ужо бярвенні павысыхалі і зрабіліся лёгкімі, што тыя трэскі, як прывалокся да нас яшчэ адзін разумнік. Між іншым, таксама не з маўклівых.
– - Ну, добра,-- кажа,-- адорыце вы дзетак будучыняй, а самім куды падзецца, калі Бог да сябе не прыбярэ?
– - Дык што, нам зноў адчыняць куфэркі?--пытаемся.
– - І абразы на покуць вешаць,-- падказвае.