Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Шрифт:
Вільня не была вартая сваіх прарокаў, і яны, завабленыя туды падманам, неўзабаве пачалі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да каго б ні было места, і кідаліся прэчкі... Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства)...
Забыцца, як мага хутчэй забыцца на гэтага “гораду чароўныя прынады”, пакінуць Вільню для сантыментаў, экскурсіяў, эміграцыі, архіву няспраўджаных праектаў, дзе найвялікшы з няспраўджаных – яна сама.
Няма Мінска акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасці цэнтра этнанацыянальнага дыскурсу мог яшчэ падацца за выпадковасць хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэнні спрабавалі здзейсніцца іншыя месты (Смаленск, тая ж Вільня), але сёння ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах
Нарэшце этнаграфічная прастора намацала і зацвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасць раней нічым не збалансаванага змесціва, якое адсюль даволі хутка пачало набываць форму з плёну крышталізацыі структуры, абумоўленай сістэмнымі ўзаемадачыненнямі цэнтра і перыферыі.
Беларусь, як цэльнае культурнае, сацыяльнае, палітычнае і метафізічнае ўтварэнне, немагчымая без фармулюючага гэтае ўтварэнне Мінска. Але тут адразу ўзнікае пытанне: а ці магчымы Мінск (скажам, як Вільня) без Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у наканаваным яму месцы і наканаванні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцвінаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер мянуем словам Беларусь?
Калі я пачынаю так думаць, дык пакрысе ніцуецца здагадка, што Мінск не мог стацца Мінскам, пакуль пашкамутаная і шмат дзе прагнілая прастора бытавання этнічных папярэднікаў беларусаў не згарнулася ў нешта цэлае згодна новай таясамасці, якая ўжо і заклікала гэтае месца абазнацца ў значэнні яе цэнтра. З апошняга вынікае, што я, можа, дарэмна містыкаваў абыякавасць Мінска да свайго кону ў папярэднія эпохі, як, магчыма, не зусім карэктна ўшчуваў іншыя месты ў іхніх вымогах хапацца не за сваю ношку.
Усяму свая пара. Дамо веры гэтаму адвечнаму мудраслоўю і ў згодзе з ім заўважым, што нягледзячы на кагадзе ўжытае слова “таясамасць”, пару нашага існавання верагодна было б слушна падзяліць на дзьве эры, і другую, якая пачалася пасля татальнага мораку ХYII – ХYIII стст., чытаць не толькі як новую гісторыю адной тойсамай нагоды, але і як гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы – гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, русінаў, ліцвінаў... узятых, як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь нешта зусім адрознае ад усяго, што табарылася раней на гэтых абшарах.
Мінск – сталіца Беларусі.
Паспрабуем паставіць у прапанаванай сінтаксічнай фігуры на месца Мінска што заўгодна: Полацк, Гродна, Магілёў, Смаленск, Вільню...
Да прыкладу:
Гродна – сталіца Беларусі.
“Няпраўда”, -- першае, што прыйдзе да галавы і выгукнецца сэрцам. –“Няпраўда. Так быць не можа, бо так не можа быць”. Мы гэта, як звяры бяду, адчуваем нутром. Занадта шмат на гэтай прасторы ладзілася канструктыўных хімераў, якія асыпаліся, здавалася б, без дай прычыны, калі гэткай не лічыць адсутнасць повязяў з поклічам сакруму.
Мінск – падстава як легалізацыі, так і гарманізацыі этнанацыянальнай прасторы. У гэтай якасці ён застанецца і будзе – да таго часу, пакуль нацыя і дзяржава будуць хоць нешта значыць для чалавека. А як толькі гэтае значэнне страціць сваю актуальнасць, Мінск зноў перакінецца ў Менск, змарнее, сцішыцца, атухне ў марудзе штодзённых турботаў... Зрэшты, гэтую сумную перспектыву цяпер нават марна выглядаць – залішне яна адцягненая і паэтычная. Лепей абернемся да яшчэ блізкай мінуўшчыны і звернем увагу на міграцыю 50-70-х гадоў, калі ў насцеж расчыненыя брамы места пацягнулася беларуская вёска і яе коштам Мінск упершыню за апошнія колькі там стагоддзяў стаўся горадам, дзе жывуць пераважна
Мы перабіраліся ў Мінск з вёсак і мястэчак зусім не дзеля таго, каб тут гуртаваць сваімі лёсамі трансцэндэнтную ідэю ўскрыленай Беларусі. Мы ехалі сюды, каб мацаваць свае лёсы моцай вялікага горада, і нам не да галавы было нешта абстрактнае, што хавалася у “шолаху моўкнасці” гэтай прасторы...
Мы патроху асвойтвалі геаграфію вулак і пляцаў, абвыкаліся сярод гжэчных словаў і фацэтных завядзёнак, прыстасоўвалі сваю хаду і думкі да стылізаваных пад спех рытмаў, каб неяк аднойчы заўважыць: Мінск робіцца ўсё болей падобны да нас саміх, да ўсёй астатняй Беларусі і, па сутнасці, няма тут нічога такога, чаго б не было ў Свіслачы, Докшыцах, Коўзунах... Бадай што менавіта з гэтай заўвагі спакваля паўстала запатрабаванае логікай пытанне: калі ў Мінску няма нічога такога, чаго б не было там, дзе мы былі раней, то што гэта такое – Мінск?
У пошуках тлумачэння не магла не з’явіцца думка: а можа Мінска як Мінска няма, можа, ёсць толькі нейкая прастора, адслоненая ад усяго топаса Беларусі межамі кальцавой дарогі, заасфальтаваная паверхня, і мы на гэтай паверхні, як адзіная рэальнасць горада, якая была пакліканай сюды, каб вымкнуць з кантынуўма ідэальнага трансцэндэнтную задуму і абазначыць яе збегам нашых лёсаў на покрыве штодзённасці?
Зрэшты, значна раней, на самым пачатку рэфлексавання, з эмбрыёну “Мы” мусіла паўстаць самотнае “Я” ў якасці апазіцыі ідэальнай універсаліі і адначасна гораду, што некалі будзе...
Мінск – места адзінотных самотнікаў. Адставіўшы каўняры, яны паволі блукаюць па зблытаных туманом вулках і абыякава думаюць, што ў Мінску, пэўна, болей чым дзе самагубцаў, якіх ніхто ніколі не шукае, бо тут кожны іншы побач – усяго толькі прыкрая недарэчнасць, на якую пажадана хутчэй забыцца, каб нішто не замінала пільнаваць вярэду адной, усё той самай, думкі: навошта я сам сабе патрэбны?
Няма чаго спадзявацца, каб з гэтага вярэдзіва адзіноты выбрыняў нейкі ўцямны адказ, але разам з тым можна быць упэўненым, што менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані мітаў, прывіды ідэалагемаў, сляды слядоў... Цені трансцэндэнтнага будуць гуснуць, цяжэць, усё больш шчыльна класціся на покрыва каардынатаў, і пустэльня, выпаленае ляда пакрысе ажыве, напоўніцца сэнсамі, што некалі задзіночацца ў таго другога, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялог, каб такім чынам няспешна, спакваля, але ўрэшце рэшт зрабіцца горадам, які ёсць.
На палітычнай мапе Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, выдзелена не толькі дзяржаўнай мяжой, але яшчэ і нейкім апрычоным колерам. Аднастайная фарба на мапе не супярэчыць дзяржаўнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Аднак калі б нехта, увішны і дасведчаны, паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя месцы, дзе Беларусь насамрэч беларуская, гэта значыць тыя месцы, дзе актыўна ці хаця б заўважна прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да Беларусі, як да непазбежна тваёй Бацькаўшчыны, то мы мелі б зусім іншы малюнак. Тады мы ўбачылі б нешта накшталт Архіпелагу – унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданыя астравы і астраўкі беларушчыны, а між імі неабсяжнае мора расейшчыны: расейскай культуры, расейскай свядомасці, расейскай мовы… І хаця гэтая расейшчына наўсцяж скажоная намі, спрэс дэфармаваная і ад таго трохі фарсавая, але тым не менш менавіта яна пануе на Беларусі, калі не ў сэнсе якасці, дык у значэнні колькасці.