Дзве душы
Шрифт:
Дальш за гэтыя дні падзеі раскаціліся шырокім клубком.
Глаўнай навіной для ўсяго N. была страшная і загадковая смерць камуніста Гаршка, каторага знайшлі на яго кватэры зарэзанага, а з запіскай, пісанай яго рукою, каб нікога не вінавацілі ў яго смерці.
У газетах нічога не было друкована, але пераказы штораз болей страшныя і фантастычныя аб смерці «кульгавага» плылі сярод людзей.
На другі дзень пасля тае смерці, увечары, Гарэшка прыйшоў да Абдзіраловіча, сеў проці яго за стол, закурыў цыгару і сказаў:
— Гэта я зарэзаў яго…
— Дык што вы ад мяне хочаце? — сказаў Абдзіраловіч, вытрашчыўшы вочы, і пачуў, як пасцюдзянелі яго пальцы.
— Хочу, каб вы паслухалі, што я кажу.
— Я слухаю…
— Я меў загад якім толькі мага спосабам вывезці з Бальшавізіі аднаго друзленькага, старэнькага
Капітан наліўся крывёю, дрыжачай рукой адарваў канец цыгаркі і казаў далей:
— Тут Гаршчок неўспадзеўкі для мяне самлеў, і я, замест таго, каб паліць яго, адліў вадою, потым вывалак нагару, у пакой, паклаў на пасцелю і брытвай, каб доўга не мучыўся, зарэзаў яго. Ён ляжаў у крыві — кароценькі, з падагнутаю кульгаваю нагой…
І Гарэшка і Абдзіраловіч маўчалі доўга. Аж у дзверы стукнулі. Капітан спакойна адчыніў іх і ўпусціў нейкага запыханага чырвонаармейца. Потым узяў шапку і сказаў, махнуўшы на таго, каб сказаў сваё после за яго:
— Ну, аставайцеся здаровы, таварыш Абдзіраловіч! Можа, яшчэ калі а калі сустрэнемся. Вы пачынаеце беларусіцца, а я, прызнацца, памагаю цяпер Гальшанскаму, а ён якраз працуе сярод беларусаў, там. Надта ж, надта вам дзякую, што ўважна слухалі, бо так мне палягчэла, быццам быў запэцканы ды й вымыўся ў чысценькай вадзіцы.
І ён пайшоў.
— Таварыш! — шыбка загаманіў новы госць. — Я прыйшоў сказаць, каб ратавалі і свайго і майго таварыша. Той гарэцкі студэнт заўчора ўцёк з вастрога, калі вартаваў мой таварыш з С-кай воласці, дык і яго цяпер заарыштавалі. А таго вашага, што застаўся, сянні ўноччы павядуць некуды, ёсць ужо прыказ… Ратуйце іх, я нічога не ўмею…
— Божа мой! Што ж я ўмею?! — мімаволі застагнаў узварушаны Абдзіраловіч і схапіўся за голаў.
…У гэты самы вечар Іра выпраўляла ў далёкую дарогу, за дэмарклінію, Сухавея, каторы з рызыкай забегся да дзяўчыны.
Вучань нязграбна й борзда хадзіў, бесперастанна, ад кута да парога, пакуль яна складала яму нешта ў хатылёк, круціў пачырванелымі, запалёнымі вачмі то на партрэт Янкі Купалы, то на вакно, за якім
— Што? Сяброўка думала, што я пакладуся на помач гэтага рэнегата? Яшчэ няведама, як ён паможа сябру Канцавому. Што? Ён казаў вам, што мае «дзве душы»?.. І вы яго бароніце? Дарма! Гэта не «дзве душы», а гэта… гэта… — хлапец круціў рукамі, — гэта расхрыстанасць, разлезласць, мяккацеласць… нешта для мяне гідкае, слізкае. Гэтыя вырадкі губяць бацькаўшчыну, як і ўсякія ворагі-чужынцы… Эт, дрэнь… Што? Ужо! Гатова?
Яна маўкліва падала яму хатылёк. Ён уздзеў яго на плечы, схапіў кіёк, памкнуўся некуды ўбок, потым ізноў да яе.
— Ну, аставайцеся здаровенькі, сяброўка! Не закідайце працы!
Ён нязручна неяк працягнуў руку, ды яна схапіла яго за плечы, прыцягнула да сябе, пацалавала раз і другі і задушаным ад слёз голасам шаптала:
— Не… не, браточку, не закіну…
— Не прапускайце, не выходзьце! — крыкнуў з парога. І яна глядзела ў вакно, як схаваўся за яблынкамі, на мяжы, сярод канапелек, у цямноце вечара зусім блізкай восені.
Села ў плеценае крэсла і плакала горка адна. У расчыненае вакно плыло свежае паветра, і пахла табака.
XXIII
Той жа начы капітан Гарэшка шчасна пакінуў N. і паехаў таксама ў бок дэмаркацыйнай лініі, згубіўшы пакуль што ўсякую надзею на вызваленне чарняцоў з «чразвычайкі».
А к чароднаму дню савет прызначыў урачыстыя хаўтуры няшчаснага рэзаніка. Усялякія заняткі ў установах забараняліся; савецкія служачыя мелі загад явіцца на хаўтурную працэсію. І дзень задаўся добры: сонечны і цёплы.
Абдзіраловіч прачнуўся вельмі позна, а ў радасным настроі. Не піўшы гарбаты, сеў ён, хацеў хутчэй напісаць Сакавічанцы пісьмо, з добрымі навінамі аб іх справе, і таксама бегчы туды. Не загаду баяўся, а самому карцела падзівіцца на гэтыя хаўтуры. Учора не трапілась пагаварыць з Васілём аб смерці Карпавіча, неяк не насмеліўся ён пачаць аб ёй гутарку, а хацелася ведаць, як той думае, дык цягнула да яго. Васіль быў учора смутны, але на гэта ў яго шмат прычын — не дзіва.
Абдзіраловіч жа прачнуўся во спакойны і навет трошку вясёлы. Сам сабе здзіваваў, што ўчора ніяк не мог абдумацца, уцяміць усё чыста, а сянні, як агледзеўся, дык і думаць няма чаго: усё добра… Праўда, яшчэ мітусіўся абраз налітага крывёю Гарэшкі, ды гэта здавалася нейкай няпраўдай, плыло як ува сне, як у тумане. Гэта не тое, што важна для яго. А для яго важна, што выпусцяць добрага, слаўнага Міколу, і ён зараз напішаць аб гэтым Сакавічанцы. Як глыбака адчуваецца радасць пасля гора! Як цяпер люба глядзець на сонечнае вяселле ваконных шыбаў і залаты стоўб пылінак, што йграе ад іх — да зямлі. А як было прыкра! Гэта ж яшчэ ўчора сядзеў тут і казаў такое нядобрае капітан. І ўчора бег ён сам з тым запыханым чырвонаармейцам шукаць ратунку ў Васіля. Знайшлі яго ля кватэры, на вуліцы. Стаяў Васіль пад дрэвам, прыхінуўшысь к загарадцы; схаваўсь у цямноту ад святла лампы з нечыйга вакна і ў нейкай задуме, у адзінокай засмучонасці глядзеў на неба, на зоркі. Але маладзец Васіль! Адразу пакінуў сваю засмучонасць і аж шыбчэй за іх пабег з імі ў вастрог. Нягледзячы на позны час, дабіўся да памочніка начальніка вастрога, таварыша Кірдзюшкі, і даведаўся праўды. Дай бог здароўя Васілю! Ён так насеў на гэтага Кірдзюшку, што той не ведаў, як адчапіцца, і супакоіў іх, што «арыштаваны Канцавы за чразвычайнаю камісіяй ужо не лічыцца, а перадалі яго N-му рэвалюцыйнаму трыбуналу — значыцца, справа яго не страшная, прынамсі да сценкі не паставяць». Ён сказаў яшчэ, што «вось дзеля таго, што гэты арыштант не важны, яго і пераводзяць у быўшы арэсны дом, а стуль і зусім пусцяць на волю да суда».
Абдзіраловіч дастаў скрыначку з пісьмамі, папераю і канвертамі, гдзе таксама ляжаў яго георгіеўскі крыж, фатаграфічныя картачкі знаёмых і яшчэ свежы барвісты кляновы лісцік, той, што яна падаравала. Узяў яго, паглядзеў, падумаў, адылі пацалаваў. Потым доўга разважаў (з прыкрасцю, што мала, як назло, часу), як звярнуцца да яе на пісьме. «Паважаная? Глыбокапаважаная?.. Ці ўзяць ды й проста чыркнуць: любая Іранька! Не, няможна, пакрыўдзіцца, бо адчуе фальш і палічыць за фамільярнасць». Аж тут пачуўся тупат у перадпакоі і ў дзверы нехта заляпаў. Абдзіраловіч спадзяваўся, што нясуць гарбату, дый памыліўся: то быў Васіль.