Дзве душы
Шрифт:
Ён і Абдзіраловіч пачалі апранацца.
— А ці не будзе па дарожцы і мне з таварышамі, — звярнуўся больш да Абдзіраловіча Гарэлік і падняўся з застолля на свае дыбатыя ногі. У голасе меў цынічную, Абдзіраловічу зразумелую, спакойнасць, выглядаў невінавата-спакойны, быццам нічога не разумеў, дзеля таго яму ўсё тое, што хоча Васіль, прыстаець, як да сцяны гарох.
— Іван Карпавіч! Будзьце ж ласкавы, памажыце, — з прыкрай прыніжонасцю, але вялікай стараннасцю прасіў Абдзіраловіч, выхадзіўшы, — памажыце вызваліць іх з вастрога, бо хоць прысягну вам, што арыштаваны яны хіба па абмылцы, ні ў чым проціў савецкай уласці невінаваты… Будзьце ж ласкавы, не забудзьцеся…
— Добра,
На вуліцы Гарэлік яшчэ ля ганка спытаўся ў Абдзіраловіча, у каторы яму бок.
— У гэты? О, то й я з вамі якраз, таварыш, — сказаў ён. — Што? А вы туды? — крыкнуў ён з праступаючай насмешкаю Васілю, каторы паспеў ужо крыху аддаліцца ад іх. — А мы сюды… Бывайце, бывайце!! — старанна крыкнуў ён не столькі за сябе, сколькі за Абдзіраловіча і як слова не заўважыў, што той не прыстоіў, каб падаць ім руку на развітанне.
Калі стукат яго ног па тратуары заціх у воддалі, Гарэшка азірнуўся ў розныя бакі спячай, пустой вуліцы пад сонным бліскам месяца ў трэцяй квадры, безмалімонна падхапіў Абдзіраловіча пад пашку і ціха загаманіў у свежым, ядраным паветры рана-восеннай пары.
— Ну, пане мой, каб ведаў, што ўвіджусь тут я з вамі, разумеецца, прывёз бы паклоны й прывітанні ад Аляксандры Мікалаеўны і князя…
Абдзіраловіч пачуў у гэтых словах цверазеючага капітана, сказаных так зняцейку, спробу пашчупаць грунт, але была ў іх зусім відная насмешка, а таксама паказанне сілы дужэйшага над слабейшым. Ён подаўга думаў, як адказаць, і выйшла так, што зусім змоўчаў. Тады капітан пачаў казаць далей.
— Ці ж вас, пане мой, не цікавіць, як маецца ваша даўная знаёмая Алечка?.. Па-даўнейшаму — Алечка, а цяпер то, праўда, княгіня Аляксандра Мікалаеўна Гальшанская… Жывое, богам створанае хараство, казаў той… што?
— А вы адкуль ведаеце? — спытаўся неўспадзеўкі для сябё Абдзіраловіч, хоць пачынаў надта крыўдзіцца і намерыўся асадзіць нахальнага капітана.
— А я, пане мой, не дужа даўно з Каўказа. Ну, што ж вам цікаўнага сказаць? Мікола Мартынавіч, хоць я і з ім знаём мала, болей са слоў князя, выехаў з сямейкай у Румынію. Усе выехалі, апрача, праўда Алечкі, дзеля таго, што князь такі з ёю пабраўся. І гімназіі не скончыла. Ну, разумеецца, гэтакі завірушны час. Вас мы з ёю ўспаміналі. Так… Казала, што вы чалавек добры і ёй чалавек любы, але мяккасць ваша не да спадобы ёй. Князь мяне пазнаёміў з ёю. Цяпер яны абое выехалі адтуль… туды, куды камандзіравалі князя. Ну, а вы, квіт за квіт, раскажыце, пане мой, аб сваіх прыгодах з той пары?
— Я працую на савецкай службе, так, як і вы, таварыш Гарэлік, толькі вы, здаецца, на вайсковай, а я — на цывільнай.
— Так… Разумеецца, так… Што? Вы па гэтай вуліцы? Добра, добра… Дык вас, кажаце, не дзівіць, як гэта з кульгавым сябрую? Што?
— Я нічога не кажу, але мне, калі не тое, праўда, што наўздзіў вашы гэны… маскарад, ці як ляпей сказаць, не ведаю.
— Так… наўздзіў, кажаце… Ну, але ж, пане мой, дасцё чэснае слова, што нікому нічога не скажаце, так?
Абдзіраловіч нічога не адказаў. Яны падышлі пад самы дом, дзе ён жыў. Месяц ліў сваё соннае святло, а нейдзе на другой вуліцы, за рагом, вартаўнік затрашчэў кляшчоткаю. Гарэшка ўзяў Абдзіраловіча за борт пальта, схіліўся і з націсканнем слоў прамовіў яму ў самыя вочы:
— Чэснае слова, пане мой, дасцё вы мне, што язык свой не распусціце; але не такое, калі памятаеце, як далі ў Маскве, што?
— Я не лічу патрэбным даваць вам нейкае слова… І ніякага слова не дам… І будзьце ласкавы
— А-а-а… То так! Ну, добра.
Гарэшка пастаяў нейкі час моўчкі, задумаўшысь.
— Калі вас можна бачыць на кватэры? — спытаўся потым ён.
— Абы-калі, як вярнусь са службы. Толькі не ўноччы.
— Добра. Дабранач.
— Бывайце.
Яны разышлісь, не даўшы рук. Абдзіраловіч пазваніў ля дзверцаў, чакаў, пакуль адчыняць, і чуў, як патроху заціхлі гукі ад шыбкай і шырокай хадні Гарэшкі. А сонны месячык схіляўсь віжэй на свяжэючым небе.
XXI
На ўсходнім фронце чырвоная армія дужа пабіла белую армію. З гэтай прычыны ў месце N. бальшавікі назначылі свята на суботу. Бедная Іра Сакавічанка не магла ў гэты дзень пабачыцца ў вастрозе з сваімі сябрамі, бо ўсё ўсюдых было па-святочнаму зачынена. Трэба было чакаць яшчэ цэлых сем дзён… Парадзіўшысь з Абдзіраловічам, пастанавіла яна за гэты час з'ездзіць у сяло, гдзе быў Канцавы вучыцелем, і дастаць паперу ад сельскага камбеда, што арыштаваны не ёсць пэўны шкоднік для бальшавіцкай уласці, што камбед бярэць яго на свой адказ да самага суда. Спадзявалася таксама дастаць нейкую паперу і Сухавею ў Горках.
Вярнуўшыся з Зарэчча, кудой хадзіла дагаварыць сабе падводчыка-балагола, Іра сустрэла на лесвіцы ў гатэлі Абдзіраловіча. На вуліцы ўжо хадзілі з песнямі, з музыкай, насілі штандары, і куламеса з розных адарваных гукаў ляцела аж сюды на лесвіцу, і дзяўчына хацела шыбчэй забегчы ў свой пакой і схавацца ад усяго. Гэтая няўважнасць дзяўчыны пры спатканні чапнула прыкрасцю і так ужо, як самому здавалася, зчэрваваны яго настрой. Ён ішоў за ёю без той радасці, якой жадаў і на якую спадзяваўся. Думаў, што яна маўкліва вінаваціць яго ў тым, што нічога не памог ёй у вызваленні арыштаваных, і дзеля таго і з ім такая. І сам пачынаў вінаваціць яе за гэткую дзявочую легкадумнасць, з якой яна дарма так на яго думае і абніжае рознымі справамі прыемную любасць асабістых яго з ёю адносін.
— А божухна! Як замарылася за гэты дні і як зусім дарма, ні для чога, ох! — сказала-прастагнала Іра, кінуўшысь на крэсла й абшчапіўшы галаву рукамі.
— Як дарма? — з малай ахвотай перабіў ён. — Што маглі, зрабілі.
Абое подаўга маўчалі. У пакой даляталі глухаватыя гукі з вуліцы, там іграў аркестр, а шарэнгі людзей прахадзілі і пяялі. Даляталі гукі «Інтэрнацыянала». Абдзіраловіч прыслухаўся і хацеў бы пайсці на вуліцу. Яна ж зморана схілілася і паглядзелася ў люстра; і паціху адсунулась; схудзела і неяк зблажэла за гэтыя дні беганіны і непакою ў незвычайнай сфэры. Дзівавала сабе, што згубіла і не мае сваёй паўсёднай жыццярадаснасці, што выбілася з духу. Хацела б войстра а войстра адчуць усё тое, што было ў яе, калі тужыла цэлы дзень у гамаку. Няма таго. Во сядзіць той перад ёю, а яшчэ далейшы і чужэйшы, чым тады. О божухна! Гэта ж мінулася жыццё, гэта ж сіл ужо няма, зморанасць апанавала.
Яму падабаўся матыў «Інтэрнацыянала», падабалася пяянне, пабуджаў той клум, што быў на вуліцы, пабуджаў у ім сілы і некуды клікаў, і ён з прыкметнай жывейшасцю сказаў дзяўчыне:
— Што б там ні было, а мне надта падабаецца музыка «Інтэрнацыянала».
Пачуў, як паволі наплывае нез'яснёны сорам за словы «што б там ні было», і дадаў:
— Прыгожая музыка, праўда?
— Ага, прыгожая…
Яна не ведала напэўна, як разумець словы «што б там ні было», але палічыла іх за яго супярэчнасць з бальшавіцкімі крывавымі ўчынкамі і наўмысля сказала, падумаўшы: