Гісторыя і міфы
Шрифт:
А коли козаки запорозкие назад на Низ отселя выеждчали, тепер же великую силную шкоду по сёлах, по местах чинили: жонки, девки и хлопята з собою много брали. Также коней много з собою побрали. Один козак будет мети коней 8, 10, 12, а хлопят трое, четверо, жонки албо девки две албо три» [98].
Пра набегі крымскіх татараў падручнікі і манаграфіі па гісторыі БССР пісалі, а пра набегі казакаў — ніколі, бо гэта псавала б тую ролю, якую адводзілі савецкія беларускія гісторыкі гэтым казакам у класавай барацьбе.
Іншы прыклад прывяду з «Летапісу Панцырнага і Аверкі»:
«Году 1602. Казаки з Дубінам правадыром Віцебск высеклі
А вось як гэты эпізод апісваецца ў «Истории Белорусской ССР», выдання 1954 года (Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР):
«Так, в 1601 г. крестьяне присоединились к отряду под предводительством Дубины и с оружием в руках выступали против своих угнетателей в районе Витебска и Полоцка. Этим отрядом в 1602 г. был взят Витебск. Вскоре панам и шляхте удалось подавить выступление народных масс. Дубина и его ближайшие сподвижники были взяты в плен и посажены на кол» [100].
Каментар, як мне здаецца, залішні.
З крычаўскага руху 1740–1744 гадоў пад кіраўніцтвам адных збіральнікаў падаткаў супраць другіх збіральнікаў падаткаў зрабілі ледзь не беларускую пугачоўшчыну.
З зусім легальнага пратэсту жыхароў Магілева на пачатку XVII стагоддзя супраць парушэння іхных правоў зрабілі паўстанне тыпу Салянога ці Меднага бунтаў у Маскоўшчыне. Адзін з удзельнікаў пратэсту Стахор Мітковіч упамінаецца ў пачатковых дакументах па гэтых падзеях, а ў канчатковых — перадусім у прыгаворы аб пакаранні ўдзельнікаў пратэсту — нават не прыгадваецца (гэта значыцца, не быў значнай персонай ці адышоў ад акцыі пратэсту). А з яго зрабілі правадыром паўстання. Словам, герояў рабілі як хацелі.
З Дзяніса Мурашкі, які ў сярэдзіне XVIII стагоддзя пачынаў сваю дзейнасць з таго, што як атаман аддзела рабаваў навакольныя маёнткі шляхты, а скончыў палкоўнікам вялікакняскага войска, зрабілі беларускага Мюнцара ці Разіна. Бо ведалі пра яго па адной крыніцы, дзённіку Цэдроўскага, але «не дайшлі» да чытання мемуараў Яна Хрызастома Пасэка, які, напрыклад, пісаў пра сваю збройную сутычку з палкоўнікам Мурашкам, калі той паводле сваёй старой звычкі спрабаваў абрабаваць чарговы шляхоцкі маёнтак [101].
Нездарма адзін віленскі рэцэнзент смяяўся пры канцы 30-х гадоў з «так званага акадэміка АН БССР» В. Шчарбакова (як ён назваў гэтага аўтара), бо той у сваёй кнізе «Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізму» (Менск, 1935) кожны рабунак на вялікім шляху, што прыгадваўся ў судовых актах XVI–XVIII стагоддзяў залічваў у праяву антыфеадальнай класавай барацьбы.
Зразумела, што найвышэйшаю праяваю класавай барацьбы і найвышэйшым яе дасягненнем лічыліся кастрычніцкія падзеі 1917 года ў Петраградзе (самі бальшавікі да канца 20-х гадоў называлі гэтыя падзеі не рэвалюцыяй, і, зразумела, не «Вялікай» рэвалюцыяй, а ўсяго толькі пераваротам).
Такім жа актам гвалту — расстрэлам мірнай дэманстрацыі ў падтрымку Ўстаноўчага Сходу 5 студзеня 1918 года і разгонам матросамі самога Сходу бальшавікі і апалагеты іхных дзеянняў нават ганарыліся. Але старшыня Сходу Віктар Чарноў тады ж напісаў на адрас Леніна, што ў таго дзве брудныя справы на сумленні: расстрэл дэмакратыі 5 студзеня і разгон Устаноўчага Сходу.
А яшчэ бальшавікі ўхвалялі бесперапыннае знішчэнне сапраўдных і ўяўных ворагаў савецкай улады
У перыяды дэстабілізацыі, грамадскіх узбурэнняў актывізуюцца архаічныя інстынкты ды архаічныя перакручаныя паняцці, у дадзеным выпадку — вобраз «ворага», чужынца, злавеснага прыбыльца. Іншая справа, што гэты вобраз узмоцнена насаджвалі ў савецкі перыяд. Таму ён ляжыць на паверхні масавай свядомасці. Але ягоная моц — гэта сіла архетыпу, гэта значыць «калектыўнага пазасвядомага». Вобраз ворага — гэта цяжкая хвароба дэмаралізаваных, азвярэлых масаў.
М. Бярдзяеў пісаў, што нішто так не руйнуе душы, як маніякальная ідэя. Абстракцыі, ідэалагічныя схемы, псеўданавуковыя законы грамадска-гістарычнага развіцця пакалечылі шмат каго з нас. Нашая збяднелая краіна — гэта толькі адлюстраванне цяжка хворых людскіх душаў, што страцілі галоўнае — Бога вернікаў і маральны закон атэістаў.
Зараз зноў ажывае стэрэатып вобраза «ворага». Варта запытацца: каму гэта карысна? Знаходзіцца сама верны адказ: «Сілам ліха, д'яблу». Гэта ён — найдаўнейшы вораг людскога роду і найпершы экстрэміст [102].
Здаецца, сёння пара пазбавіць гістарычную сведамасць і гістарычную адукацыю ад догмы прыпісваць рэвалюцыі рысы неабходнасці, гэта значыць надаваць ёй яўна метафізічны сэнс.
МЕСІЯНІЗМ РАСЕІ
Судьбою павшей Византии
мы научиться не хотим,
И всё твердят льстецы России:
Ты — третий Рим, ты — третий Рим.
Смирится в трепете и страхе,
Кто мог завет любви забыть…
Третий Рим лежит во прахе,
А уж четвертому не быть.
Вл. Соловьёв
Асноўны міф, пра неабходнасць класавай барацьбы, добра дапаўняўся другім стрыжнявым міфам пра выключна месіянскую, гэта значыць выратавальную ў дачыненні да ўсіх іншых этнасаў, ролю расейскага этнасу і дзяржавы. Гэтым можна растлумачыць усе папярэднія прыгаданыя міфы.
Расейская месіяністычная дактрына «Масква — трэці Рым» з часам развілася ў прэтэнзіі разглядаць расейскі этнас як на выключны. Можа, гэта была кампенсацыя за пачуццё прыгнёту, пад якім людзі знаходзіліся ў Маскоўскім гаспадарстве стагоддзямі, за адчуванне лепшага роўню жыцця, які расейскія дваране і жаўнеры бачылі ў Заходняй Эўропе пад час ваяжаў першых і паходаў другіх?
З часам ідэя «трэцяга Рыма» пераўтварылася ў ідэю Трэцяга Інтэрнацыяналу, Крамля як маяка ўсяго чалавецтва. Праўда, гэтая ідэя канчаткова збанкрутавалася з распадам СССР. Але і на час так званай перабудовы прыпаў новы месіяністычны ўсплеск Гарбачова тыпу «новага мыслення», што нібыта йдзе з Масквы. Ці спроба, што йдзе адтуль жа, пабудаваць «агульны эўрапейскі дом».
Расейскі пісьменнік Андрэй Сіняўскі лічыў, што перадпасылкі вялікадзяржаўнага шавінізму і ксенафобіі (нелюбові да «чужых»), якія цесна пераплеценыя з расейскай месіяністычнай ідэяй і вярнуліся ў СССР на змену інтэрнацыяналізму, карэняцца ў закрытым характары савецкай дзяржавы. Яна стала закрытай яшчэ пад сцягам Інтэрнацыяналу.