Гронкі гневу
Шрифт:
З вагона Джоўдаў яшчэ доўга даносіліся крыкі, і раптам яны сціхлі.
Бацька сказаў:
— Каб нарадзіла, мяне паклікалі б. — І хмурна зноў узяўся за рыдлёўку.
Вада каля насыпу клекатала і віравала. Раптам непадалёк, на рэчцы, крыху вышэй за лагер, пачуўся рыплівы трэск. Ліхтарык асвятліў магутную таполю, якая нізка схілілася над рэчкай. Усе кінулі працу і сталі пазіраць у той бок. Голле таполі апусцілася ў ваду і выцягнулася па плыні, а вада ўсё падмывала і падмывала яе кароткае карэнне. Таполю паступова выцягнула з зямлі, і яна паволі паплыла ўніз па цячэнні. Знясіленыя людзі сачылі за ёю, раскрыўшы раты. Дрэва плыло паволі.
Дзядзька Джон бачыў, як вада прарвала плаціну. У змроку ён разгледзеў гэта. Непасільны цяжар цела пацягнуў яго ўніз. Ён паваліўся на калені і апынуўся па грудзі ў бурлівай вадзе, якая напірала на яго.
Бацька ўбачыў, як ён упаў.
— Гэй, Джон! Што з табой? — Ён памог яму падняцца на ногі. — Галава закружылася? Хадзем, вагон высокі.
Да дзядзькі Джона вярнуліся сілы.
— Сам не ведаю, як гэта здарылася, — сказаў ён выбачлівым тонам. — Ногі падкасіліся. Падкасіліся, і ўсё. — Бацька павёў яго да вагонаў.
Калі плаціну змыла, Эл павярнуўся і пабег. Бегчы было цяжка. Калі ён дабраўся да грузавіка, вада даставала яму да лытак. Ён сарваў брызент з капота і ўскочыў у кабіну. Адразу націснуў на кнопку стартэра. Той закруціўся, але матор не падаў голасу. Эл націснуў да канца на газ. Акумулятар усё павальней і павальней круціў падмоклы стартэр, рухавік маўчаў. Яшчэ некалькі ўжо зусім павольных абаротаў стартэра. Эл паставіў запальванне на самае ранняе, намацаў рукой пад сядзеннем завадную ручку і выскачыў з кабіны. Вада ўжо залівала падножку. Эл падбег да носа машыны. Картэр матора быў пад вадой. Як ашалелы, Эл прыладзіў завадную ручку і некалькі разоў пакруціў ёю, і пры кожным павароце яго рука, апускаючыся, расплёсквала ваду, якая ўсё прыбывала. І нарэшце шаленства яго выдыхлася. Ён здаўся. Матор заліты вадой, акумулятарная батарэя выйшла са строю… Непадалёк, на крыху вышэйшай мясціне, запрацавалі маторы дзвюх машын, успыхнулі фары. Машыны буксавалі ў гразі, колы грузлі ўсё глыбей, і нарэшце вадзіцелі выключылі маторы і знерухомелі за рулём, пазіраючы на святло фар. А дождж белымі палоскамі рассякаў іх промні. Эл не спяшаючыся падышоў да кабіны, працягнуў руку і выключыў запальванне.
Калі бацька дабраўся да свайго вагона, ён убачыў, што ніжні канец сходак плавае ў вадзе. Ён наступіў на яго, утапіў пад ваду і ўтаптаў у гразь.
— Ну, Джон, ты сам падымешся? — запытаўся бацька.
— Падымуся. Ідзі першы.
Бацька асцярожна падняўся па мастку і праціснуўся ў вузкую шчыліну дзвярэй. Кноты ў ліхтары і лямпе былі нізка прыкручаныя. Маці сядзела на матрацы побач з Ружай Сарона і абмахвала яе кавалкам кардону. Місіс Уэйнрайт пхала ў печку сучча, і сыры дым выбіваўся з-пад канфорак і разносіў па вагоне пах гарэлай анучы. Калі бацька ўвайшоў, маці ўзняла на яго вочы і зараз жа апусціла.
— Ну… як яна? — запытаўся бацька.
Маці не падняла галавы.
— Як быццам нічога. Спіць.
Паветра ў вагоне было цяжкае, нечым непрыемна
— Так ні разу і не дыхнула, — ціха прамовіла місіс Уэйнрайт. — Нарадзілася мёртвае.
Дзядзька Джон павярнуўся і, цягнучы ад стомы ногі, пайшоў у цёмны кут вагона. Цяпер ужо дождж ціха лапатаў па даху, так ціха, што ўсе чулі стомленае сапенне дзядзькі Джона, якое даносілася з цемры.
Бацька паглядзеў на місіс Уэйнрайт, узяў ліхтар у яе з рук і паставіў на падлогу. Руці і Ўінфілд спалі на сваім матрацы, прыкрыўшы сагнутымі ў локцях рукамі вочы.
Бацька паволі падышоў да Ружы Сарона. Хацеў прысесці каля яе матраца на кукішкі, але стомленыя ногі не паслухаліся, і ён стаў на калені. А маці ўсё памахвала над дачкой кардонкай. Яна глядзела на бацьку, вочы ў яе былі вялікія, позірк нерухомы, як у лунаціка.
Бацька сказаў:
— Мы… усё зрабілі… што маглі.
— Я ведаю.
— Мы працавалі ўсю ноч. А дрэва разнесла нашу плаціну.
— Ведаю.
— Чуеш? Вада пад вагонам.
— Ведаю. Я ўсё чула.
— Думаеш, з ёю ўсё абыдзецца?
— Не ведаю.
— Можа… мы маглі… што-небудзь зрабіць?
Губы ў маці былі сухія, бяскроўныя.
— Не. У нас заставалася толькі адно… і мы гэта рабілі.
— Мы там працавалі, ледзь з ног не валіліся, і раптам дрэва… Цяпер дождж ужо аслабеў. — Маці глянула на столь і зноў апусціла галаву. Бацька працягваў гаварыць, быццам гэта быў яго абавязак. — Не ведаю, як высока падымецца. Можа і вагон заліць.
— Я ведаю.
— Ты ўсё ведаеш.
Яна прамаўчала, а кардонка ў яе ў руцэ паволі хадзіла ўзад і ўперад.
— Мы што-небудзь зрабілі не так? — шукаў сабе апраўдання бацька. — Маглі што-небудзь зрабіць інакш?
Маці неяк дзіўна паглядзела на яго. Яе пабялелыя губы расцягнуліся ў задумлівую, спагадлівую ўсмешку.
— Ты ні ў чым не вінаваты. Перастань. Усё будзе добра. Цяпер усё мяняецца… паўсюль.
— Можа, вада… Можа, трэба зараз жа ехаць адсюль.
— Прыйдзе час — паедзем. Што трэба будзе рабіць, тое і зробім. А цяпер памаўчы. А то разбудзіш яе.
Місіс Уэйнрайт ламала галінкі і падсоўвала іх у агонь, ад якога ішоў густы сыры дым.
Знадворку пачуўся злосны голас:
— Я сам пагавару з гэтым сукіным сынам.
І ўслед — голас Эла каля самых дзвярэй:
— Куды лезеш?
— Я дабяруся да гэтай сволачы Джоўда!
— Не пушчу. Што табе трэба?
— Каб не яго дурная плаціна, нас бы даўно ўжо тут не было. А цяпер машына стаіць, як мёртвая.
— А ты думаеш, наша дужа жывая?
— Прапусці.
Голас Эла прагучаў холадна:
— Паспрабуй прабіцца.
Бацька не спяшаючыся падняўся з каленяў і пайшоў да дзвярэй.
— Спакойна, Эл. Я іду. Спакойна. — Бацька спусціўся ўніз. Маці пачула, як ён сказаў: — У нас хворая. Пройдзем вунь туды.
Дождж лёгенька стукаў па даху, а вецер, які нядаўна ўзняўся, размятаў яго ў бакі. Місіс Уэйнрайт адступіла ад печкі і глянула на Ружу Сарона.
— Хутка заднее, мэм. Вы паспалі б. Я пасяджу каля яе.
— Не, — адказала маці. — Я зусім не стамілася.
— Так я вам і паверыла, — сказала місіс Уэйнрайт. — Кладзіцеся, адпачніце хоць крыху.