Гронкі гневу
Шрифт:
— А ты глянь на яго вочы, — сказала маці. — Быццам ласка боская на яго сышла. Словы яго проста ў душу даходзяць. Ён як богам блаславёны. Ходзіць, апусціўшы галаву, і ўсё пад ногі сабе пазірае. На ім нябеснае бласлаўленне. — Яна змоўкла, бо Кейсі падыходзіў ужо да дзвярэй.
— Сонечны ўдар схопіш — расхаджваеш па такой спёцы, — сказаў яму Том.
Кейсі адказаў:
— Ага… усё можа быць… — І раптам загаварыў, звяртаючыся да ўсіх разам, — да маці, да дзеда, да Тома. — Мне таксама трэба на Захад. Абавязкова трэба. Можа, вы возьмеце мяне з сабой? — Ён сам здзівіўся з сваіх слоў і застыў на месцы перад імі.
Маці пытальна паглядзела на Тома, бо адказваць павінен быў ён — мужчына, але Том маўчаў. Даўшы яму час скарыстаць сваё права, маці нарэшце сказала:
— Нам гэта вялікі гонар. Але цяпер, разумееце, я вам нічога абяцаць не магу. Бацька сказаў, сёння ўвечары мужчыны ўсё абгавораць і вырашаць, калі ехаць. Давайце лепш пачакаем, пакуль усе не збяруцца — і Джон, і бацька, і Ной, і Том, і дзед, і Эл з Коні. Усё і вырашаць,
Прапаведнік уздыхнуў.
— Усё роўна я пакірую туды, — сказаў ён. — Што тут робіцца! Я пахадзіў — дамы пустыя, зямля пустая, усё наваколле апусцела. Тут я не застануся. Пайду туды, куды ўсе ідуць. Буду ў полі працаваць і, можа, зарадуюся.
— А прапаведаваць будзеш? — запытаўся Том.
— Прапаведаваць не буду.
— І хрысціць не будзеш?
— І хрысціць не буду. Я ў полі працаваць буду, на зялёных палях, увесь час з людзьмі буду. Вучыць іх болей не стану. Сам лепш павучуся. Дазнаюся, чаму людзі ходзяць у густую траву, прыслухаюся, як яны гавораць, паслухаю іхнія песні. Пачую, як дзеці ядуць маісавую кашу. Як муж з жонкай таўкуць матрацы па начах. Буду есці з людзьмі, вучыцца ў іх. — Вочы яго былі вільготныя і блішчалі. — І сам паваляюся ў траве з той, што пажадае легчы са мной, — адкрыта, без хітрыкаў. І клясціся буду, і бажыцца, і ўслухоўвацца ў паэзію людской мовы. Усё гэта святое — раней я не разумеў. Гэта ўсё — даброты жыцця.
Маці сказала:
— А-мін.
Прапаведнік ціхмяна сеў на калоду каля дзвярэй.
— Не ведаю, што яшчэ рабіць адзінокаму чалавеку.
Том далікатна кашлянуў.
— Калі чалавек вырашыў больш не прапаведаваць… — пачаў быў ён.
— Ат, я проста занадта гаваркі, — сказаў Кейсі. — Ніяк ад гэтага не магу збавіцца. Але прапаведаваць не буду. Прапаведаваць — гэта значыць нешта тлумачыць людзям. А я задаю ім пытанні. Хіба гэтак прапаведуюць?
— А я ведаю? — адказаў Том. — Пропаведзь — гэта і тон голасу, і пэўны погляд на рэчы. Пропаведзь — справа добрая, калі толькі пасля яе не хочацца забіць прапаведніка. У мінулыя Каляды прыйшлі да нас у Макалестар з Арміі Выратавання. Тры гадзіны бітыя ігралі на карнетах, а мы сядзім і слухаем. Абыходзіліся з намі ласкава, а паспрабуй хто з нас падняцца і пайсці, адразу карцэр заробіш. Вось табе і пропаведзь! Улагоджвалі людзей нявольных, якія не могуць даць ім па карку за такую пропаведзь. Не, які ты прапаведнік! Глядзі толькі не ўздумай тут на карнеце іграць.
Маці падкінула голля ў агонь.
— Зараз вы перакусіце, вось толькі малавата ў мяне.
Дзед выцягнуў на двор сваю скрыню, сеў на яе і прыхінуўся да сцяны. Цень ад дзённага сонца падаў ужо на двор.
Грузавік вярнуўся пад вечар, падскокваючы і грукочучы ў клубах пылу. Пыл пластом ляжаў на насціле кузава, і капот быў увесь укрыты ім, а фары слаба свяціліся, нібы зацярушаныя чырвонай мукой. Сонца садзілася, і ў яго апошніх промнях зямля была чырвоная, як кроў. Эл сядзеў, прынікшы да руля, горды, сур'ёзны і дзелавіты, а бацька з дзядзькам Джонам займалі ганаровыя месцы побач з вадзіцелем. Стоячы ў кузаве і трымаючыся за планкі бартоў, ехалі астатнія: дванаццацігадовая Руці і дзесяцігадовы Ўінфілд — мурзатыя і дзікія, вочы стомленыя, але поўныя захаплення, пальцы і куткі рота чорныя і клейкія ад лакрычных ледзянцоў, якія яны выкленчылі ў бацькі ў горадзе. Руці, у доўгай, за калені, сукенцы з ружовага міткалю, трымалася, як паненка. Але Ўінфілд быў яшчэ дзіця — з тых, што бегаюць смаркатыя, падоўгу бавяцца недзе за свірнам, падбіраюць і кураць чужыя недакуркі. Тады як Руці ўжо разумела, якую годнасць ёй надаюць, якую адказнасць на яе накладаюць пачаўшыя ўжо прыкметна выдавацца грудзі, Уінфілд быў яшчэ гарэзлівы і дурненькі, як цялятка, хлапчук. Побач з імі, лёгка абапіраючыся на дошкі борта, стаяла Ружа Сарона. Стараючыся захаваць раўнавагу, яна пагойдвалася на насках, прымаючы штуршкі грузавіка каленямі і бёдрамі. Ружа Сарона была цяжарная і таму вельмі асцерагалася. Яе валасы, заплеценыя ў косы, ляжалі светла-попельнай каронай вакол галавы. На круглявым твары, такім пачуццёвым і прываблівым яшчэ толькі некалькі месяцаў назад, цяпер паявілася ўжо адчужанасць цяжарнасці, самазадаволеная ўсмешка, упэўнены і горды выраз, і яе поўнае цела — налітыя мяккія грудзі і жывот, крутыя клубы і ягадзіцы, якія раней так спакусліва пагойдваліся, нібы запрашаючы пляснуць па іх далонню ці пагладзіць, — усё яе цела набыло адбітак стрыманасці і самавітасці. Усе яе думкі былі скіраваныя ў сябе ўнутр, на дзіця, ва ўсіх яе рухах выяўляўся клопат пра яго. Дзеля яго яна цяпер старалася захаваць раўнавагу, стоячы на насках. Ёй здавалася, што ўвесь свет носіць у сваім лоне плод, і мысліла яна толькі з пункту гледжання прадаўжэння роду і мацярынства. Яе дзевятнаццацігадовы муж, Коні, які ўзяў за жонку пухленькае і палкае дзяўчо-гарэзу, спалохана і недаўменна прыглядаўся да перамены, якая адбылася з ёю, бо цяпер не было ўжо ні кашэчай валтузні ў пасцелі, ні кусання і драпання, ні прыглушаных смяшкоў і заключных слёз. Ён бачыў перад сабой стрыманую, абачлівую і мудрую істоту, якая сарамліва ўсміхалася яму, але не ўступала. Коні ганарыўся Ружай Сарона і баяўся яе. Як толькі выпадаў момант, ён дакранаўся да яе рукой, стаяў блізка, зусім блізка, каб адчуць целам яе бядро ці плячо, і гэта жывіла пачуццё блізкасці, якое магло зусім пакінуць яго. Коні быў
Калі б дзядзьку Джону не было пяцідзесяці і не быў бы ён па праву роднасці адным з важакоў сям'і, ён палічыў бы за лепшае адмовіцца ад пачэснага месца побач з вадзіцелем і з радасцю ўступіў бы яго Ружы Сарона. Але гэта выключалася, бо яна была яшчэ маладая, і да таго ж жанчына. Дзядзька Джон адчуваў сябе ніякавата, засяроджаныя, неспакойныя вочы яго глядзелі тужліва, і ў моцным хударлявым целе адчувалася напружанасць. Амаль усё жыццё адзінота адгароджвала яго ад людзей, ад натуральных чалавечых пачуццяў. Але пачуцці спелі, збіраліся ўсярэдзіне і нарэшце вырываліся вонкі. Тады ён прагна накідваўся на ежу і аб'ядаўся да рвоты, або глушыў самагон ці віскі, пакуль не ператвараўся ў бяссільнага паралітыка з чырвонымі слязістымі вачамі, альбо пажадліва распуснічаў з якой-небудзь шлюхай у Салісе. Пра яго расказвалі, што аднойчы ён дабраўся да самага Шоўні і паклаў адразу трох прастытутак у адну пасцель і цэлую гадзіну шумна валтузіўся з трыма абыякавымі жаночымі целамі. Але, чым-небудзь насыціўшыся, дзядзька Джон хадзіў сумны, прысаромлены і, як і раней, адзінокі. Хаваўся ад людзей і стараўся загладзіць сваю віну падарункамі. Крадком забіраўся ў дамы і засоўваў дзецям пад падушкі жавальныя гумкі, сек дровы і не браў за гэта грошай. Раздаваў другім усё, што ў яго было, — сядло, каня, пару новых чаравікаў. Тады нікому не ўдавалася пагаварыць з ім, бо ён уцякаў, а калі сутыкаўся з людзьмі твар у твар, ён сцінаўся і паглядаў на іх спалоханымі вачамі. Смерць жонкі і доўгія месяцы самоты, што настала пасля таго, далі свой плён — згрызоты сумлення і сорам, і адзіноту яго нішто не магло парушыць.
Але было і такое, чаго ён ніяк не мог пазбегнуць. І вось цяпер дзядзька Джон едзе побач з вадзіцелем, бо ён быў адным з галоў сям'і, а сям'ёй трэба кіраваць.
Тры чалавекі, што сядзелі ў кабіне, панура вярталіся дамоў па пыльнай дарозе. Эл, схіліўшыся над рулём, паглядаў то на дарогу, то на прыборны шчыток — сачыў за стрэлкай амперметра, якая падазрона падрыгвала, за індыкатарамі ўзроўню гаручага і нагрэву. І ён у думках адзначаў слабыя месцы ў паводзінах машыны. Прыслухоўваўся да падвывання — можа, у заднім мосце не хапае масла; чуйным вухам сачыў за работай клапанаў. Ён трымаў руку на рычагу пераключэння скорасцей, адчуваючы далонню работу механізма счаплення. Націскаў на педаль — правяраў тармазныя калодкі. Можа, Эл іншы раз і блудзіў, як казёл, але цяпер ён адчуваў сваю вялікую адказнасць — за грузавік, за яго ход, за яго стан. Калі што-небудзь разладзіцца, гэта будзе яго віна, і хоць ніхто не скажа яму і слова папроку, усе, і найперш сам Эл, будуць ведаць, што вінаваты ён. І Эл правяраў машыну, сачыў за ёю, прыслухоўваўся да яе. Твар яго быў сур'ёзны, поўны пачуцця адказнасці. І ўсе паважалі яго і тую адказнасць, з якой ён ставіўся да свайго абавязку. Нават бацька — галава сям'і — з ахвотай узяў бы гаечны ключ і выканаў бы распараджэнні Эла.
Усе на грузавіку былі змораныя. Руці і Ўінфілд стаміліся ад вулічнага тлуму, ад натоўпу, ад вымольвання ў бацькі лакрычных ледзянцоў; яны стаміліся ад таго захаплення, якое выклікаў у іх дзядзька Джон, калі ён употайкі соваў ім у кішэні жавальныя гумкі.
І людзі, што сядзелі побач з вадзіцелем, былі змораныя, узлаваныя і сумныя, бо ім удалося выручыць толькі васемнаццаць даляраў за ўсю рухомасць з фермы — за коней, за фургон, за інвентар і за ўсю мэблю. Васемнаццаць даляраў. Яны наваліліся на скупшчыка, спрачаліся з ім, але адступілі, калі інтарэс яго раптам звяў і ён заявіў, што яму нічога не трэба ні за якую цану. Тады яны зразумелі, што прайгралі, здаліся і атрымалі на два даляры менш, чым скупшчык прапанаваў ім спачатку. І цяпер яны ехалі стомленыя і запалоханыя, бо ім давялося сутыкнуцца з рэчаіснасцю, якую яны не разумелі, і рэчаіснасць гэтая перамагла. Яны ведалі, што запрэжка з фургонам каштуюць куды даражэй. Яны ведалі, што скупшчык выручыць за іх значна больш, але як зрабіць гэта самім, заставалася загадкай. Гандаль быў для іх таямніцай.
Пераводзячы вочы з дарогі на прыборны шчыток, Эл сказаў:
— Малойчык гэты не тутэйшы. Гаворка ў яго не мясцовая. І адзежа таксама нейкая не такая.
І бацька паясніў:
— Калі я заходзіў у скабяную краму, я гутарыў там са знаёмымі. І яны сказалі, што шмат такіх сюды наехала, скупляюць усё, што людзі вязуць на продаж перад ад'ездам. Заезджыя гэтыя парадкам нажываюцца на нас. А мы зрабіць не можам нічога. Можа, трэба было Томі з намі паехаць. Ён, магчыма, даражэй прадаў бы.
Джон сказаў:
— Але ж скупшчык і браць нічога не хацеў. Не назад жа цягнуць.
— Мае знаёмыя там, у краме, наконт гэтага мне гаварылі, — сказаў бацька. — Скупшчыкі заўсёды гэтак робяць. Запужваюць людзей. Мы проста не ведаем, як з імі справу весці трэба. Маці вельмі засмуціцца. Зазлуе і засмуціцца.
Эл сказаў:
— А калі ты, та, думаеш ехаць?
— Яшчэ не ведаю. Вечарам усё абмяркуем і вырашым. Я рады, што Том вярнуўся. З душы камень зваліўся. Том добры хлапец.
— Тут адзін казаў, што Том даў падпіску. І быццам бы праз гэта яму нельга адлучацца з нашага штата, а калі паедзе і пападзецца, дык яго на тры гады пасадзяць.