Гронкі гневу
Шрифт:
Нарэшце ўсё ўжо было зусім гатова да ад'езду. Заспаная, млявая бабка ўсё пыталася:
— Што тут у вас дзеецца? Чаго ўскочылі ў такую рань? — Але яна была апранутая і паводзіла сябе мірна.
Руці і Ўінфілд таксама прачнуліся, але былі вялыя і сонныя. Ранішняе святло імкліва разлівалася па зямлі. А людзі знерухомелі. Яны стаялі пасярод двара, і ніхто не адважваўся зрабіць рашучы крок. Цяпер, калі надышоў час пускацца ў дарогу, ім стала страшна, не менш страшна, чым дзеду. Яны бачылі, як паступова на фоне пасвятлелага неба выступаюць абрысы свірна, як блякнуць агеньчыкі ліхтароў і ўжо больш не адкідаюць на зямлю жоўтых кругоў святла. Адна за адной, з усходу на захад, тухлі зоркі ў небе. А людзі стаялі, здранцвелыя, як лунацікі, і вочы іх глядзелі ўдалячынь, не заўважаючы таго, што было блізка, і бачылі
Адзін толькі М'юлі неспакойна снаваў па двары, зазіраў праз шчыліны між бартавых планак у грузавік, стукаў кулаком па запасных шынах, прывязаных ззаду. Нарэшце ён падышоў да Тома.
— Пяройдзеш мяжу штата? — запытаўся ён. — Парушыш падпіску?
І Том строс з сябе здранцвенне.
— Бог ты мой, хутка ўжо сонца ўзыдзе! — сказаў ён гучна. — Час ехаць. — І ўсе таксама выйшлі з анямення і пакіравалі да грузавіка.
— Пайшлі панясём дзеда на грузавік, — сказаў Том.
Бацька, дзядзька Джон, Том і Эл увайшлі ў кухню, дзе, уткнуўшыся лбом у рукі, складзеныя на стале побач з лужынкай разлітай кавы, спаў дзед. Яны ўзялі яго пад локці і паставілі на ногі, а ён бурчаў і лаяўся хрыплым голасам, як п'яны. За дзвярамі паднялі яго на рукі і панеслі. Том з Элам залезлі на грузавік, перагнуліся цераз борт, падхапілі старога пад пахі і асцярожна пацягнулі наверх. Эл адвязаў адзін канец брызенту, накрыў ім дзеда і падставіў побач скрынку, каб на яго не ціснуў цяжкі брызент.
— Абавязкова пастаўлю жардзіну, — сказаў Эл. — Сёння ж вечарам, на першым прыпынку.
Дзед усё яшчэ нешта бурчаў, чапляючыся за сон, і ледзь толькі яго паклалі, зноў моцна заснуў.
Бацька сказаў:
— Ма, вы з бабкай сядзеце з Элам. Потым будзем мяняцца — не так стомімся ў дарозе, але пачнём з вас.
Маці з бабкай залезлі ў кабіну, астатнія — Коні і Ружа Сарона, бацька і дзядзька Джон, Руці і Ўінфілд, Том і прапаведнік — усе забраліся наверх. Ной стаяў унізе, глядзеў, як яны ўладкоўваюцца там, на высокай паклажы.
Эл абышоў вакол грузавіка, зазіраючы пад ніз, на рысоры.
— Госпадзі, рысоры зусім праселі, — сказаў ён. — Шчасце, што калодкі падставіў.
Ной запытаўся:
— А з сабакамі як, та?
— Я і забыўся пра іх, — адказаў бацька і пранізліва свіснуў. Але на свіст прыбег толькі адзін сабака. Ной злавіў яго і падкінуў на грузавік, і там сабака быццам здранцвеў, баючыся вышыні. — Астатніх двух давядзецца кінуць тут, — сказаў бацька і крыкнуў: — Гэй, М'юлі, ты, можа, прыгледзіш за імі? А то з голаду паздыхаюць.
— Добра, — сказаў М'юлі. — Ад сабак адмаўляцца не буду. Няхай сабе, бяру іх.
— Бяры і курэй, — сказаў бацька.
Эл сеў на сваё месца ў кабіне. Завішчаў, загуў стартэр, на міг уключылася запальванне, зноў закруціўся стартэр. І раптам усімі сваімі шасцю цыліндрамі завыў матор на халастых абаротах, ззаду машыны заклубіўся сіні дымок выхлапу.
— Пакуль, М'юлі! — крыкнуў Эл.
Усе астатнія члены сям'і крыкнулі хорам:
— Бывай, М'юлі!
Эл адпусціў ручны тормаз і ўключыў счапленне. Грузавік здрыгануўся і цяжка папоўз па двары. Уключылася другая скорасць. Машына паволі пачала падымацца на невысокі ўзгорак, і ўсіх завалакло чырвоным пылам.
— Ого як нагрузіліся! — сказаў Эл. — Рэкорда хуткасці не паставіш.
Маці хацела паглядзець назад, але паклажа не давала ёй бачыць. Тады яна падняла галаву і стала глядзець проста перад сабой на пыльную грунтавую дарогу. У вачах у яе была вялікая стома.
А тыя, што сядзелі на паклажы, пазіралі назад. Яны бачылі свіран, дом і лёгкі дымок, які ўсё яшчэ выбіваўся з коміна. Яны бачылі, як запунсавелі вокны, азораныя першымі промнямі сонца. Бачылі М'юлі — ён самотна стаяў пасярод двара, праводзячы іх вачамі. А потым усё знікла за грэбенем узгорка. Абапал дарогі цягнуліся палі бавоўніку. Грузавік марудна прабраўся скрозь пыл да шашы і пайшоў на Захад.
Раздзел адзінаццаты
Дамкі ў палях стаялі пустыя, а раз апусцелі хаціны, пуста было і на палях. Не пуставалі толькі трактарныя гаражы з рыфленага жалеза, якія адсвечвалі срэбрам; яны былі поўныя металу, пасудзін з бензінам і маслам,
Дзверы пустых дамоў былі парасчыняныя насцеж і рыпелі завесамі на ветры. Чароды хлапчукоў збягаліся з блізкіх гарадкоў, каб пакідаць камянямі ў шыбы, пакапацца ў смецці і ламаччы ў пошуках скарбаў. Вось нож з напалову адламаным лязом. Згадзіцца. А смурод! Напэўна недзе ляжыць здохлы пацук. Гэй, глянь, што Ўітні напісаў на сцяне! Ён і ў школьнай прыбіральні тое самае накрэмзаў, і настаўніца прымусіла яго змыць.
Таго дня, калі людзі паехалі, як толькі звечарэла, каты прыцягнуліся з ловаў у палях і з мяўканнем забраліся на ганак. Але ніхто з дому не выйшаў, і яны шмыгнулі праз адчыненыя дзверы і, мяўкаючы, пачалі снаваць па апусцелых пакоях. А потым вярнуліся ў палі і неўзабаве здзічэлі і карміліся суслікамі і палявымі мышамі, удзень спалі ў канавах. Калі апусцілася ноч, кажаны, якія раней не адважваліся сунуцца далей за дзверы, бо баяліся святла, цяпер уляцелі ў дамы і пачалі кружыцца па пустых пакоях, а праз некалькі дзён яны ўжо забіраліся на дзень у самыя цёмныя куты, складалі крылы і павісалі ўніз галавой на бэльках, і ў бязлюдных пакоях смярдзела іхнім памётам.
Мышы таксама панабіваліся ў дамы і нарабілі складаў зерня ў кутках, у скрынках, за шуфлядамі кухонных шафаў. За імі паявіліся ласкі — прыйшлі паляваць на мышэй, а совы то заляталі з вухканнем у вокны, то выляталі.
Прайшоў спорны дожджык. Перад ганкам, там, дзе раней яму расці не належала, зазелянела пустазелле, між дошак, скрозь шчыліны, прараслі былінкі. Хаціны былі пустыя, а пустыя жытлы развальваюцца хутка. Абшыўка пайшла трэшчынамі, пачынаючы з іржавых цвікоў. На падлозе густа ляжаў пыл, і на ім віднеліся толькі сляды мышэй, ласак і кошак.
Неяк ноччу вецер ададраў з даху гонту і шпурнуў яе на зямлю. Другі раз вецер прабраўся ў гэтую дзірку і сарваў яшчэ тры гонты, а потым адразу больш за дзесятак. Здзічэлыя каты падбіраліся да дома, але ўжо не мяўкалі каля ганка. Ледзь прыкметныя, як цені хмарак, што засцілі месяц, яны пракрадаліся ў пакоі, каб папаляваць на мышэй. Ветранымі начамі дзверы дамоў ляпалі і бразгалі, і ў вокнах з разбітымі шыбамі трапяталіся падраныя фіранкі.
Раздзел дванаццаты