Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

— І што?

Агонь трапятаў на твары мніха. Аблічча ўсміхалася. Цені бегалі ў зморшчынах і трывала ляжалі ў вачніцах. Страшная маска нечым вабіла.

— Божа мой, — сказаў ён. — Столькі глухіх яроў!… Столькі сведкаў «узнясення»!

Месячнае ззянне ляжала на дрэвах. Снапы святла падалі з царкоўных акенцаў у сад, і ў гэтых снапах клубіўся лёгкі туман. А яны ўсё яшчэ ішлі некуды ў глыбіню гэтага вялікага саду, і цвіў глог, і кожная яго галіна была, як белы і зеленавата-ружовы — ад месяца — букет.

Галіны апускаліся за імі. Ён абняў яе за талію, і яны ішлі. Пасля спыніліся.

Закінуўшы

твар, яна глядзела яму ў вочы, як на святую статую, што раптам ажыла. І ён, нечакана хрыпла, спытаў:

— Як цябе зваць?

— Я — Анея, — сказала яна. — Анея… Мне здаецца, гэта сон… Гэта не сон?

А ён успомніў прынізлівыя галадоўкі і вандраванні.

— Сон, — сказаў ён. — І ў цябе, і ў мяне — сон. Ты — Анея… А я…

— Не трэба, — спяшаючыся, сказала яна. — Я ведаю, хто ты… Сёння ты высіўся над усімі, і сонца было за тваёю спіною. У мяне — падгіналіся калені… Дзе твае крылы?

«Пане Божа, — з болем падумаў ён, — спытала б яна лепей, дзе мае рогі».

Яму зрабілася пакутліва-балюча… Крылы… Ведала б яна, як яны здабывалі хлеб, як ён спалохаўся катавання, як вырашыў жыць, як усе, ваўком і махляром, падступным здрайцаю, бо іначай нельга. Ён будзе так жыць. А яна кажа аб крылах.

Ясна, што яна зусім не любіць яго, бадзягу і шалбера. Перад ёю — Бог. Волі ягонай — не пярэчаць. Ён можа ўзяць яе, і яна не скажа слова супраць. Ён можа прымусіць яе зрабіць усё: забіць сябе, нагаю прайсці па вуліцах, і вось гэта… Ён ледзь не плакаў ад страшнага прыніжэння і ад нясцерпнай цягі, ад кахання да яе. Ён адчуваў сябе падманшчыкам, здраднікам усяго святога, тым, хто топча давер'е дурненькага і добрага чалавека. Ён ведаў, што не даруе сабе, і пагарджаў сабою, і ненавідзеў сябе, і ненавідзеў Бога. І жылі ў яго сэрцы рэўнасць, нянавісць і гнеў.

— Ты кахаеш мяне? — з надзеяй спытаў ён.

— Я кахаю цябе, Божа наш.

— А я? — пакутліва вырвалася ў яго з грудзей. — А каб я быў іншы… Тады… дзеля мяне самога?…

— Але ты не іншы, — у вачах у яе жылі ўтрапенне і шалёны, самнамбулічны экстаз. — Ты не можаш быць іншы… Ты — Бог. У цябе залатыя валасы. Іскры ў іх.

Гэты шэпт прымушаў яго калаціцца. Што ж гэта за насланнё? Ён губляў галаву. А вакол былі нетры з кветак.

І ў гэтых нетрах яна ўпала перад ім на калені. Разгублены, ён паспрабаваў узняць яе, але сустрэў такое супраціўленне, што зразумеў: не здолее. Жанчыны ніколі не стаялі перад ім на каленях. Гэта было дзіка, і ён паспяшаўся таксама апусціцца на калені, пераступіўшы яшчэ адну прыступку да апошняга.

У месячным тумане гучалі здалёк спевы:

— «Анёл, увашэд да яе, сказаў: радуйся, благадатная! Пан Бог з табою; блаславёная ты паміж жонамі».

«Блаславілася, — думаў Хрыстос. — Усё адно як з першым — лепшым. Радуйся! Ёсць чаму радавацца».

Яна плакала, абдымаючы яго. Магчыма — ад шчасця.

— Я ведала… заўсёды… Я чакала кагосьці… Не купца, якому — грошы… Не смярдзючага воіна… Нехта з'явіцца да мяне калі-небудзь… Але я не думала, што так… Што ты… Ты з'явішся да мяне… Чаму так доўга не прылятаў?… Цэлых семнаццаць год?

— Нядаўна толькі навучылі, — сумна сказаў ён. — Калі вылецеў з калегіюма.

Ён глядзеў на яе. Яна была прыўкрасная.

І яна не кахала яго. Яна казала гэта іншаму. Ён захлынуўся ад рэўнасці і не мог больш маўчаць:

— Анея… Ты ж гэта не мне… Ты — іншаму… А я просты шкаляр, валацуга, шалбер.

Яна не чула. А можа, няздатная была чуць, і словы зараз дзеля яе былі пазбаўленымі сэнсу гукамі.

— Не трэба, — як глухая, сказала яна. — Я ведаю тваё смірэнне. Простая палатніна, пыл дарог, уздыхальня, дзе ты ніжэй за разбойніка. Але ж я ведаю, хто ты. І я кахаю цябе. Я нікога яшчэ так не кахала.

У абурэнні і крыўдзе ён адарваўся ад яе, хаця гэта і было вышэй за ягоныя сілы. Глухая крыўда рухала ім.

— Ты не хочаш слухаць. Я пайду.

Яна ўся сціснулася.

— Я ведаю, — ціха-ціха сказала яна. — Я ж ведаю, што я не варта цябе, што гэта неба падарыла мне незаслужаную літасць. Хочаш — ідзі. Усё ў тваёй святой волі… Няма цябе — няхай тады пекла… Нашто мне жыццё, калі мяне пакінуў мой Бог?

І ён зразумеў, што яна так і зробіць. Нельга было яе пераконваць. І нельга, смяротна-небяспечна было не зрабіць подласці, пакінуць яе і пайсці.

Самкнуўся круг. І ён, разрываючыся ад пагарды да сябе і несамавітай цягі да яе, здаўся, зразумеўшы, што нічога больш нельга, акрамя таго, што павінна адбыцца.

«І сказаў ёй анёл: не бойся…» — ляцелі здалёк, нібы з самага неба, спевы. Сакавік крочыў па зямлі. І яна заплюшчыла вочы і, дрыжучы, сказала:

— Пацалуй мяне, мне страшна. Але гэта, напэўна, так і трэба, калі прыходзіць Бог… Я веру табе.

«Верыць? Мне?» — паспеў ён яшчэ падумаць з непамерным здзіўленнем, але вусны ягоныя прыпалі ўжо да чагосьці, і гэтага ён чакаў усё жыццё, і паплылі бліжэй да ягонага аблічча травы і спыніліся, а пасля, праз незлічоныя стагоддзі, здрыганулася зямная цвердзь.

Ляцелі аднекуль галасы, чуліся за мурам крокі, смех і гукі лютні. У ззянні месяца заспявалі маладыя галасы:

Глог у цямноцці сініНа Замкавай цвіў старане,Калі на падвор'е дзяўчыныДзівосны прыйшоў ганец.Сказаў ён ёй: «Кахаю»,З любоўю сказаў і тугой.І заспявалі на небе:«Дзяўчына, Пан Бог з табой».

Ціхі голас казаў, што нехта любы, мілы і каханы. А над усім гэтым у месячным дыме распасціралася бяздоннае неба, і мігцела ў ім то белая, то сіняя, то вясёлкавая зорка.

Раніцаю ён пераскочыў цераз плот:

— Я прыйду вечарам і забяру цябе.

— Так… Так…

— Назаўсёды. Я толькі павінен падрыхтавацца.

— Я чакаю.

…Ён ішоў вуліцай, і ягоны твар быў як быццам адноўлены тым, што з ім адбылося. Магчыма, таму, што ў нахабных калісьці, круцельскіх вачах жыло ціхае і добрае ззянне.

Яшчэ дужа здалёк ён убачыў, што насустрач яму рухаюцца дванаццаць занепакоеных постацяў. Але раней, чым ён паспеў хаця трохі наблізіцца да іх, на яго выкруціўся з завулка п'яны з раніцы, доўгавалосы, страшны і зверападобны, у сваіх шкурах Іллюк Спасаіконапрэабражэнскі.

Поделиться:
Популярные книги

Возвышение Меркурия. Книга 7

Кронос Александр
7. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 7

Измена. Вторая жена мужа

Караева Алсу
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Вторая жена мужа

На границе империй. Том 8. Часть 2

INDIGO
13. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 8. Часть 2

Ритуал для призыва профессора

Лунёва Мария
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Ритуал для призыва профессора

Наследие Маозари 3

Панежин Евгений
3. Наследие Маозари
Фантастика:
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследие Маозари 3

Государь

Кулаков Алексей Иванович
3. Рюрикова кровь
Фантастика:
мистика
альтернативная история
историческое фэнтези
6.25
рейтинг книги
Государь

Экзо

Катлас Эдуард
2. Экзо
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
8.33
рейтинг книги
Экзо

Мастер Разума IV

Кронос Александр
4. Мастер Разума
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер Разума IV

Краш-тест для майора

Рам Янка
3. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
6.25
рейтинг книги
Краш-тест для майора

Архил...?

Кожевников Павел
1. Архил...?
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Архил...?

Царев врач, или Когда скальпель сильнее клинка

Сапаров Александр Юрьевич
1. Царев врач
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
8.77
рейтинг книги
Царев врач, или Когда скальпель сильнее клинка

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3

Идеальный мир для Лекаря 24

Сапфир Олег
24. Лекарь
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 24

Измена. (Не)любимая жена олигарха

Лаванда Марго
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. (Не)любимая жена олигарха