Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Вы маг, дзядзька.
— Я шмат такога ведаю… Дарэмна ты не прыязджаў. Простасць табе патрэбна чалавечая, хлопец… Звычайнае, шэрае, сваё… Хай неразумнае, парэпанае, але сваё… Як продкі жылі. Былі багатыя, а на мулкім спалі… Дый не чужы ты мне. Дзяцей у мяне няма… Усё вайнішча гэта. А нажніцы твае, пастыжныя, срэбныя, і дагэтуль на сценцы вісяць. Побач з лістом, з асабістай мне падзякай Ярмолава Аляксея Пятровіча. Мы тады, каптэнармус выпадковы, чатыры салдаты ды я, пяць дзён перавал супраць лезгінцаў трымалі. І назву ўжо таго перавалу забыў, а дагэтуль, як успомню — вішчаць ды галёкаюць,
— Вам колькі ж год, дзядзька!
— Не так ужо і многа. Нарадзіўся я цераз тры гады пасля смерці імператара Паўла. Значыцца-а… Вось, пяцьдзесят пяць мне… А туды я трапіў маладзён шаснаццаці год. Афіцэры, бывала, піць ды ў карты. А мне матуля многа прыслаць не магла, ды прагуляўся б я, а з салдацкай казны пазычаць — гэта бога забыць трэба. Дый нецікава гэта мне. То я ў перса куплю… па-нашаму не ведаю, як табе і растлумачыць, але вязкая такая, дрыжыць, як наша студзіна, але не з мяса, а з дыннага, здаецца, соку ды цукрам абсыпаныя… словам, "рахат-лукум"… ды сяджу, ды зубы ў мяне, бы ў смале, вязнуць, а сам гляджу на горы… І здаецца мне, нібы зусім яны не з каменя, а з блакітнага вэлюму і лёгкія, аж пустыя знутры, як шатры… Вось-вось палятуць.
Пасуровеў злёгку.
— Толькі спачатку яны такія і былі.
— Ну і як вы там?
— Сем год быў у асобным каўказскім корпусе пры Аляксею Пятровічу, доўгія яму гады. Жывы яшчэ. Пакрыўдзілі яго, а мужык які быў! Леў! Баяліся яго вярхі. Чуткі сярод салдат хадзілі — "абы закалат, а мы ўжо яго на штыках данясем да трона".
— Як на штыках?
— А так. Штыкi ў парусiну ды на плечы. А на парусiне генерал, каб вышэй. А вакол салдаты ды сцяганосец… Мяне ён помнiў, хоць i не дужа адзначаў. Не цярпеў ён гэтых дрындушак нi на сабе, нi на iншых. I правiльна. Ганарыцца тут няма чым. Прысяга, вядома, iначай кожнаму салдату праз дваццаць пяць год не чыстую, а галаву сячы б трэба… То Аляксей Пятровiч гэта разумеў. Не тое што Паскевiч. Той за Эрывань ды Арзурум мне таксама лiст ды зброю, кiнжал ды асабiстую шаблю, ды крыж. А я гэта ўсё ў скрынi трымаю.
Выбіў люльку, крэкнуў, нібы глынуўшы чарку.
— Пасля праваяваў я год лішнім з Паскевічам Іванам Фёдаравічам. Восем год было ўжо маёй службы. Адзначыў ён мяне, пасля таго як мы крэпасць бралі… Як бо яна?.. І гэта забыў! Але пакрыўдзіў ён мяне там моцна. "Шпуры, — кажа, — трэба весці ды ўзрываць". А я яму: "Дазвольце сказаць, не трэба гэтага. Прыдатная крэпасць. Нам спатрэбіцца. Войска многа, пакіньце яе ў абцугах ды — зморам яе. Шкада крыві". А ён: "Вы баіцёся, здаецца?" Графства дурное! За такія словы дурніла салдат, дзе і не трэба, на смерць ідзе.
Яроцкі казаў глуха і спакойна, нібы аб тым, як яны ўчора паабедалі.
— Я пайшоў ды, пакуль яны там валтузіліся з падкопам, самавольна тую крэпасць узяў. Давялося яму на свечку папляваць, а порах здаць у цэйхгауз, на рабунок… Зразумеў, што пакрыўдзіў мяне. Як наведвае наш полк, то не абміне, каб не спытаць: "Як жывеш, зямляк?" Ды і па імю, па бацьку.
Усміхнуўся:
— І вось хоць што кажы, хоць і наш, беларус, а не любіў я яго, нябожчыка. І тады, і цяпер. І не за палякаў, што ён з імі ўчыніў. Гэта — прысяга, і хто богу не вінаваты? А так проста. Слізкі быў чалавек.
Коні ступалі па падсыхаючай зямлі. Жаўрук, як на гумцы, торгаўся між небам і зямлёй.
— Тут матуля памерла. З'ездзіў сюды, абсадзіў магілку. Пуста, тужліва. І паловы водпуску не адбыў — назад… Тут трапіў я на лінію, па крэпасцях. Чачня. Дзевяць год на лініі. Быў я ўжо капітан… Трыццаць год мне было, і чатырнаццаць год я служыў, калі стаў над Дагестанам і Чачнёю Шаміль. Па-нашаму ці то цар, ці то мітрапаліт, па-іхняму — імам. "Імаць" нашых, значыцца, пастаўлены… Ну і тут пачалося… Бож-жа мой! Б'юцца людзі, паляць, рэжуць.
Сінія вочы Яроцкага пацямнелі. Хрыплаваты бас прыглухнуў.
— З генералам Галафеевым у Чачню хадзіў. Лік сутычкам згубіў. Крывішча лілася… У сорак дзевятым годзе было мне сорак пяць, а праслужыў я дваццаць дзевяць год; зранены ўвесь, як стары воўк — пайшоў я ўчыстую, з пенсіяй ды з чынам маёра. Хутка жылі людзі, хутка зношваліся. Дый я вырашыў: хопіць, трэба і пажыць… Выслужыць многа я больш не мог. Служылі з нашых адзінкі, сувязяў няма. Ведаў асаблівых таксама няма. Далей служыць не было сэнсу. А такіх армейцаў было там трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак.
— А смеласць?
— Не быў я смелы. Ніколі не быў. А нават каб і быў, то сярод нас, кіслай шэрсці, смялейшых за мяне было б — як да Тыфліса з Эрывані ракам ставіць… Ды я і ўзрадаваўся чыстай. Шчыра кажучы, непамысна мне на душы стала.
Дзядзька зноў закурыў.
— Залілі мы гэтыя сінія горы чалавечай крывёй… Горш за іх дзікуны ды свалота беспардонная. Воінаў што, джыгітаў што паклалі за гэтыя дваццаць дзевяць год! Дык яшчэ ж пасля мяне дзесяць год мінула, а ўсё ваюем, маленькіх не можам адолець. А шкада людзей. Дзікія яны і галаварэзы, але справядлівыя. І сябры верныя. Гляджу, лепей мне з імі ляпёшкі есці, чым… А, ды што там!
Піпчыў.
— Сорамна-с. "Азарство адно", як мой дзяншчык казаў. Мала таго што спаляць гэтыя іхнія саклі, дык яшчэ неадменна знойдзецца задніца ды ў вадаём іхні… А яны людзі грэблівыя, чыстыя людзі. Яны нават там абыходзяцца са збанам вады. Рукі і твар мыюць пяць разоў на дзень, не раўнуючы як мы. А я табе скажу, такіх чыстаплотных, як мы, — гэта яшчэ пашукаць. Немец не такі. Ангелец не такі… Ну вось і гэтыя такія. Я з імі мірыўся, яны мяне нават паважалі, мірныя. Кажу ім: "Баранаў адганіце, войска пойдзе". Ведаю, з імі па-добраму, каб не галелі, то і яны нямірным не скажуць. А ў мяне і сярод іх былі сябры. Ды якія! Сам граза Мехмет-хаджа. Чачэнец быў. Мамакай — абрэк… Муса — інгуш. Ахмед-бек.
Дзядзька ціхутка зацягнуў гартанную песню.
— Гэта па-іхняму… Азначае: "Мы нарадзіліся ў ноч, калі ваўчыха прывяла шчанюкоў. Мы атрымалі імя, калі рыкаў на ўсходзе сонца барс. А смелыя мы сталі ў гарах, дзе лавіны вісяць над галавою, як смерць… Праклён гэтым князям, яны калматыя і бурыя сабакі… Як дажывем да вясны — крывёю іх прымусім…"
Развёў рукамі:
— Ну вось… І скажы ты, нашто?! Скалы гэтыя бедныя спатрэбіліся. Сваёй зямлі мала?
У гэтых чысценькіх белых пакоях разам з Алесем жылі спакой і мір. Жылі ўжо восьмы дзень.